• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Добрай Надзеі  Міхась Андрасюк

    Вуліца Добрай Надзеі

    Міхась Андрасюк

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 304с.
    Мінск 2010
    67.91 МБ
    Але Зося нат не глянула ў наш бок. Мабыць, усё, пра што яна зараз думала нябачанай, ананімнай, не запісанай у нашай памяці пракаўзнуцца ў паўзмрочнае нутро мястэчка.
    Ванітаваць хачу, пусцілася кулём у дзверы. А цераз хвіліну вярнулася, прыхапіла паліто, распятае на спінцы крэсла, і, не сказаўшы слова на развітанне, знікла.
    Чарговы раз я ўбачыў яе тры тыдні пасля Вялікадня. У белай шлюбнай сукенцы, у вэлюме. Нат фігура не паспела яшчэ прыпсавацца.
    Бацькам буду, бляха, на Вялікдзень, сказаў мне Болюсь. Старшы сват патрэбны. Папусь адмовіўся. Можа, ты?
    А маці хто? хацелася, няхай назаве тут абы-якое імя, самае дзіўнае або самае нечаканае, або няхай скажа, што ўсё гэта няпраўда, выдумка, жарт.
    Бываюць хвіліны, калі, насуперак фактам, чалавек загадвае вачам бачыць тое, што ўяўляецца ў душы. Так нараджаюцца цуды. Ды не штодзённа прыходзяць яны на свет. I зараз таксама не здарыўся цуд.
    Сам ведаеш, Зося, Болюсь сплюнуў на тратуар пакамячаную семку.
    А ў трэцюю нядзелю пасля Вялікадня трымаў я вяночак над галавою Болюся.
    „Абрашчаецца... раб... Божій... да... рабы Божай”, голас бацюшкі ўзлятаў да высокіх купалоў, вяртаўся ўніз і глухім басам забіваўся ў мае думкі, як у труну забіваюцца апошнія цвікі. А мне хацелася працягнуць левую руку, крануць белы вэлюм і адшукаць водар бялявых валасоў, запісаны ў памяці шматлікімі абразкамі.
    Адганяючы назойлівыя думкі, я ўцякаў зрокам на спіну Болюся. I стараўся пералічваць кропкі перхаці, што, асыпаючыся з ягоных валасоў, засеялі белым вяночкам каўнер смалістага, шлюбнага пінжака. Ды не пералічыў, зашмат было іх.
    А пасля царкоўнай цырымоніі, парваўшы ўсе законы, якімі абмяжованы старшы сват, я заснуў пад сталом.
    -	Ну і калегі ў нашага Болюся, пад раніцу хтосьці выштурхоўваў мяне на белы свет. Пралупіўшы вочы, пазнаў злоснае аблічча Зосінай маці. I прыдбаўшы якнебудзь вертыкальную пазіцыю, пайшоў на вакзал.
    Хацелася сесці на які-колечы аўтобус, нат не ведаючы яго маршрут, ды адправіцца ў самае далёкае месца на зямлі.
    Клёсы
    Часам ідзем да Клёса. Гэта наш добры сябра ад дзіцячых гадоў. Разам мы гулялі ў мяч, разам хадзілі ў школу. Разам збіраліся ў далёкі свет і нікуды не ад’ехалі.
    На прадмесці, між драўлянымі домікамі Клёс трымае маленькую краму. Адвёў для яе месца ў самым утульным куточку панадворка. Раней, калі яшчэ жыла маці, быў тут загончык з картоплямі, а побач з плотам зялёнай сцяной стаялі маліны. Цяпер бульбянішча аддалося ў палон высокай траве, прысеў там на кукішках пластмасавы столік, а над столікам чырвоным мухаморам красуецца вялікі парасон з надпісам дайліды. Маліны крыху адзічэлі, але трымаюцца някепска. Абняўшыся за плечы з прыімшэлымі штыкецінамі, малайцавата заступаюцца за інтымнасць прыватнай уласнасці, аддзяляюць яе ад калектыўнай бязглуздзіцы тратуара. Ціха тут і ўтульна. Хочаш глядзі на дахі маленькіх дамкоў, або, павярнуўшыся спінай на захад сонца, назірай, як пушча ўрастае ў вечаровае неба.
    Часам можна было б таксама схадзіць у цэнтр мястэчка, да Нью-Ёрка. У яго сапраўдны рэстаран, плён дзвюхгадовай пабыўкі за акіянам у самы лепшы час, калі адзін амерыканскі долар з аднаго боку быў іконай, што абнадзейвае на жыццё вечнае і бестурботнае, а другі бок выяўляўся зялёным сатанінскім люстэркам, у якім праглядаецца цэлы свет: распусныя зоркі кіно, бяздушныя банкіры, драпежныя сенатары, апантаныя азартам паклоннікі Лас-Вегаса.
    У Нью-Ёрка столікі абведзены мармурам, а сцены люстрамі. Адвячоркам, калі змякчаецца дзень і настрой, прыгасаюць верхнія лямпы, а адзінае святло выплывае тады з адлітых у патынавыя бронзы кінкетаў. Яны хітра прыхоўвюцца між люстрамі, і ў срэбным шкле бачыш толькі шэрыя абрысы твараў свой, Жэніка, Сярожы, Толіка.
    Дзіўна глядзець у твар, калі раней скальпель паўсвятла вымыў яго з маршчын і эмоцыяў. Няма ў тваім абліччы гневу, радасці, болю. Можна падумаць існуеш адно на вырванай з пашпарта фатаграфіі: без адраса, прозвішча, даты нараджэння. I адчуваеш сябе нахабнікам, што, уводзячы ў зман пагранічныя службы чужой краіны, урываецца на забароненую тэрыторыю.
    I таму часцей ступаем да Клёса. Ідзем туды, бы ў свой дом. Прысаджваемся пад чырвоны брызент з надпісам “дайліды”. Выпіваем піва, нагбом, з бутэлькі, заводзім гутарку абы пра што, вось, скажам аб джынсавай майцы Сярожы Сахарука. У яе доўгая, на чвэрць стагоддзя гісторыя, а за познім Герэкам каштавала маёнтак.
    -	Зараз не вырабляюць такія майкі, кажа Сярожа і цаля за цаляй, гаспадарскім вокам абмацвае пакручастыя сцежкі швоў.
    Сярожа мае рацыю. Дваццаць пяць гадоў шмат часу, усё змянілася, праваліліся старыя імперыі, узніклі новыя, а баваўняныя ніткі надалей някепска выстойваюць пазіцыі і толькі ў пунктах неўралгічных пры кішэнях і на локцях адступілі.
    -	Зараз ніхто нічым не займаецца і ўсё як трэба зроблена, кажа Федзік.
    Федзік праўду кажа. Спатрэбіўся б які занятак. Няхай ужо не самы прыбытковы, няхай і не прэстыжны. Але яго няма.
    I таму ідзем да Клёса.
    Часам размаўляем аб нашых знаёмых якую важную фігуру хто ведае, якую персону. Сама лепш, калі 98
    асоба вядомая з тэлевізійнага экрана, або калі яе здымак запаўняе першую старонку газеты.
    Але між нашымі знаёмымі дарма шукаць такіх асобаў. I тады наогул называем імёны дваюрадных швагроў, стрыечных братоў, сваякоў, ніколі не бачаных, што пасяліліся ў Беластоку, Варшаве або яшчэ за царскім часам з’ехалі ў Канады-Амерыкі. He распавядае аб іх ні радыё, ні тэлевізар, ды не мае гэта вялікага значэння зарабляюць там грошы значнейшыя за нашага бургамістра, a хто ведае можа нават і з падляшскім ваяводам выстаялі б фінансавую канфрантацыю?
    Вось і клічам нашых кроўных пад чырвоны парасон з надпісам “дойліды”. А яны прыходзяць і апранаюць нас у шаты вялікага свету. I ўжо не джынсовая майка, а пінжак Джульюс Ланг агортвае плечы Сярожы Сахарука, і пад спартыўным фасонам калекцыі Нью Джоркер схаваўся абшастаны свіцер Толіка, а грудзі Жэніка напінаюцца кашуляй фірмы П'ер Кардэн.
    А потым сваякі адыходзяць за сваімі справамі, а мы астаемся над парожнімі бутэлькамі з-пад піва і пералічваем, хто каго бачыў у апошні час ці ўвогуле, за ўсё жыццё. Такія гутаркі струменяцца самі з сябе, выдаўжаюцца, аплятаюць лабірынты нашых сцежак вінаградавай лазой. Можна там сноўдаць з раніцы да вечара, не ступаючы на ранейшыя сляды. Бо што ні скажаш і чалавека наведваюць, і ён там-сям быў у арміі, або за лепшым часам у пуцёўцы.
    А я на базары Цімашэвіча ўчора бачыў, кажа Сярожа. Ён купляў бананы, і я падумаў: “А няхай там! Два злоты было не было. Куплю таксама”. I купіў. Уяўляеце? На адным ларку.
    3 словам “уяўляеце” на Сярожавых вуснах выцвітае кветка каляровая, экзатычная, разгартае пялёсткі на шчокі, на вочы. I Сярожа ўсміхаецца. Так усміхаюцца людзі ў водгук аднаразоваму, неспадзяванаму шчасцю вось, скажам, калі насуперак агульным меркаванням пашанцуе ім набраць поўны кошык грыбоў.
    Ну і дзіва бачыў, Федзік бесцырымонна згартае ўсмешку з вуснаў і вачэй Сярожы. Кожны адзін бачыў. А мне во, ён сам гэту руку сціскаў. Гэ-ту-ю, раскірэчаныя пальцы па чарзе пад’язджаюць пад нашыя насы. I што? I хрэн. Сціснуў і далей пайшоў. А я дзе стаяў, там і астаўся.
    У апошні час Федзік скептычна глядзіць на свет. Развалілася фабрыка, злуе жонка, і яе злосць накапляецца, кандэнсуецца ў чорную хмару. Была б тая хмара сапраўдная, атмасферная, пайшоў бы дождж, паказаўся б які грыб у лесе....
    А як быў фестываль, я бачыў прем’ер-міністра, кажа Толік.
    Толік не першы раз вышпарваецца наперад абы якім словам. Залішне. Бачылі ўсе. Калі не аблічча, не фігуру, тады прынамсі ўрадавы верталёт бачылі. Разганяючы на ўсе бакі галубоў, кружыў ён над купаламі царквы.
    Моўчкі глядзім на Толіка, Жэнік напышліва надзімае губы, перажоўвае нейкія словы. Мабыць, скажа зараз пра свайго сына студэнт ён, у Варшаве, і нават на адным курсе з дзяўчынай, якую штотыдзень можна глядзець на тэлебачані, у тэлесерыяле.
    Але Жэніку не хочацца якраз пра сына. Гаварыў жа, не адзін раз.
    А гэты прэм’ер-міністр такі невялічкі ростам чалавечак. Малы і адначасова вялікі, здзіўляецца Жэнік.
    Бо чалавека павышае крэсла або добрае аўто, адзываецца Сцёпка. Пасадзі мяне на які мерседэс, адразу буду о-го-го. О, сяджу тут пазаўчора, пад’язджае машына. Доўгая, бы аўтобус, а матор працуе ціха, нават не чуеш. Адкрываюцца дзверы, і высаджваецца якісьці немяшка. “Бэлавэза. Бэлавэза”, шваргоча. Хіба ж аб дарозе пытае? Тады і кажу калясі метраў сто наўпрост, павяртай у Варшаўскую, затым у Пілсудскага, а далей людзі скажуць. Язык да Кіева давядзе. Зразумеў, не зразумеў сам не ведаю. Падумаць звычайны чала-
    век, гэты немец не абрыты, зусім як я. Ды дзе ён звычайны, на такой машыне!
    Часам размаўляем, а другім разам сядзіцца моўчкі.
    А часам хацелася б пагутарыць, а няма якраз з кім. Можна ў такіх выпадках перакінуцца словам з Брунерам. Брунер спалучэнне пудзеля з таксай, на ягонай кудлатай, доўгай спіне чатырнаццаць гадоў і неабмежаваная пашана да кліента. Шмат за сваё сабачае жыццё бачыў, дык і другіх умее слухаць.
    -	Апорт, Брунер! Клёс ззувае тапачку, швыргае яе на крокаў дзесяць. Кудлатая служальчасць нырае ў траву, разгартае яе носам, вяртаецца з тапачкай назад.
    А мы глядзім і пляшчам у далоні.
    У слове “апорт” завяршаюцца ўсе нашы помсты: за разбураную Варшаву, і за той мячык, што Герд Мюлер забіў у нашы вароты ў семдзесят чацвёртым, і за ўсе бліскучыя машыны, што паўзуць у пушчу, разгартаючы нас у адкос магутнымі буферамі. I яшчэ за зоркі, што ў дзіцячыя гады прыселі на пагонах і ніколі не ўзышлі на небасхіл даросласці.
    А між намі ёсць і Клёсы, і Штырліцы, і Чапаевы, і адзін з чатырох танкістаў самы мужны, Густлік. Ёсць адзін Пушкін і адзін безыменны Прафесар. I кожная мянушка прыжылася не дарма і не выпадкова. Пушкін складаў у маладосці вершы, Прафесар закончыў вечаровы агульнаадукацыйны ліцэй, а вось, скажам, Федзік часам па прывычцы клічам яго Гагарыным у школьныя гады быццам якая касмічная ракета быў Федзік. Сто метраў, і дзвесце, і чатырыста хучэй за ўсіх збегаў у мястэчку і ваяводстве. Яшчэ і цяпер на самай важнай сцяне Федзікавай кватэры, побач з іконамі стаяць зжоўклыя дыпломы і медалі кружкі тэктуры загорнутыя ў бліскучую, залатую паперу з-пад шакаладу.