Выбух камунікацыі Нараджэнне новай ідэалогіі Філіп Брэтон, Сэрж Пру

Выбух камунікацыі

Нараджэнне новай ідэалогіі
Філіп Брэтон, Сэрж Пру

Памер: 336с.
Мінск 1995
99.14 МБ
Усе гэтыя канцэпцыі, не зважаючы на часам істотныя адрозненні, што іх падзяляюць, сыходзяцца ў адным — прызнанні дамінуючай пазіцыі, якую быццам бы займае новая ідэалогія, каторай, па словах Сфэза, “удаецца хавацца, дамагацца, каб вакол яе прысутнасці не вялося дыскусій”. Элюль параўноўвае новую ролю інфармацыі ў грамадстве з сітуацыяй, калі “сярэдні чалавек не мае ніякага яснага ўяўлення, <...> не ведае, пра што ідзе гаворка, <...> не здольны зразумець перамен, якія адбываюцца, але адчувае, што знаходзіцца на парозе вялікай таямніцы”.
Дык ці з’яўляецца гэтая ідэалогія дамінуючай, як сцвярджаюць некаторыя аўтары? Паміж ідэалогіямі існуе сур’ёзная канкурэнцыя і ідэалогія камунікацыі не можа прэтэндаваць на тое, каб пастаянна займаць усю сцэну. З’явіўшыся як рэакцыя на палітычныя ідэалогіі, якія ўспрымаліся ў канцы Другой сусветнай вайны як адміраючыя, і як альтэрнатыва ім, яна не прывяла да іх знікнення.
Для праверкі. такіх гіпотэз было б цікава глыбей вывучыць тое, як недэмакратычныя палітычныя сістэмы выкарыстоўваюць метады камунікацыі і выказванні пра іх. Напрыклад, Дэніс Фрэд Сайман, адзначыўшы, што кітайцы зрабілі свой першы камп’ютэр на лямпах у 1958 г., а камп’ютэры на транзістарах — у сярэдзіне 60-х гг., заўважае, што “культурная рэвалюцыя сур’ёзна перашкодзіла вытворчасці камп’ютэраў, у той час як на Захадзе гэты сектар імкліва развіваўся”. У дадзеным выпадку пашырэнне жорсткай палітычнай ідэалогіі затармазіла новаўвядзенні ў сферы метадаў камунікацыі.
Чаму, напрыклад, былы Савецкі Саюз і былыя сацыялістычныя краіны так адставалі ў развіцці тэхнічных сродкаў камунікацыі, у прыватнасці, у галіне сродкаў масавай інфармацыі, таксама як і ва ўсіх галінах, у аснове каторых ляжыць выкарыстанне электронікі? Ці не тлумачыцца гэта тым, што такім праектам там бракавала галоўным чынам легітымнасці?
Паняцце адкрытасці — аснова заходняга ўяўлення пра камунікацыю, — доўгі час не займала ніякага месца ў палітычнай і эканамічнай аргументацыі савецкага 301
рэжыму. I, без сумнення, невыпадкова галоснасць (якую можна прыблізна перакласці менавіта як “адкрытасць”) Гарбачова адыграла значную ролю ў пераходзе да грамадства іншага тыпу.
Калі прыняць нашу канцэпцыю камунікацыі як “ідэалогіі без ахвяр”, то магчымасць інтэлектуальнага ўзрушэння ў гэтай сферы звязана са зменай “ворага”. Паняцце адкрытасці сапраўды мае на ўвазе барацьбу супраць бязладдзя (у сэнсе недахопу арганізацыі), няяснасці і перашкод свабоднаму пашырэнню інфармацыі; як казаў Вінэр, выпадковасць — вось вораг, “д’ябал”, які пагражае сучаснаму грамадству (і мы бачылі, што гэтая на першы погляд не стасавальная для вучонага спасылка на д’ябла зусім не выпадковая). Паварот былога Савецкага Саюза, а цяпер Расіі, да палітыкі развіцця сродкаў сацыяльнай камунікацыі, відавочна, падразумявае перш за ўсё вызначэнне такога абстрактнага і сімвалічнага “ўнутранага ворага” і адмову разглядаць у гэтай якасці пэўны клас або сацыяльную групу, як гэта было раней, а таксама — адмаўленне ад самога міфа пра ўнутраных ворагаў. Аднак адраджэнне ў краінах Усходняй Еўропы старых дэманаў нацыяналізму і расісцкіх спакусаў выразна сведчаць, што з гэтага пункту гледжання сітуацыя яшчэ не выспела. Нацыяналізм як ідэалогія застаецца сур’ёзным канкурэнтам утапічнаму ідэалу грамадства камунікацыі.
Прыклад краін Усходняй Еўропы, што быў прыведзены дзеля кантрасту, паказвае маштабы культурнай рэвалюцыі, якую ажыццявіў Захад, не заўсёды ўсведамляючы гэта, у пасляваенны перыяд і якая датычыць уяўленняў, што існавалі ў яго аб самім сабе, а таксама — у якой ступені гэтая трансфармацыя з’явілася вырашальным фактарам лібералізацыі і абнаўлення сферы метадаў камунікацыі.
Лібералізм і камунікацыя
Няма ніякага сумнення, што сёння дамінуючай па ўсіх паказчыках ідэалогіяй — дамінуючай настолькі, што 302
часам апалагеты называюць яе “апошняй ідэалогіяй”, — з’яўляецца лібералізм як палітычная і эканамічная дактрына, што канкрэтызуецца ў шматлікіх больш-менш “ліберальных” альбо больш-менш “сацыял-дэмакратычных” варыянтах. I цяпер асноўным пытаннем, якое стаіць перад даследчыкам феноменаў камунікацыі, — пытанне адносін лібералізму і камунікацыі.
Вывучэнне ідэй Вінэра, а таксама ўсіх канцэпцый, стварэнне якіх яны непасрэдна або апасродкавана спарадзілі ў далейшым, выразна паказвае, што мадэль грамадства, пра якое ён, Вінэр, разважае пасля прызнання цэнтральнай ролі камунікацыі, не мае нічога агульнага з ліберальнай мадэллю. Больш таго, Вінэр дэманструе моцную варожасць да гэтай ідэалогіі. Яго сацыяльная утопія бліжэй да мадэлі дэмілітарызаванага, самакіравальнага, самарэгулявальнага — у прыватнасці, дзякуючы “машынам для камунікацыі”, — грамадства. У пэўным сэнсе камунікацыйная утопія — гэта утопія анархічнага грамадства, дзе ажыццяўленне “ўлады”, якая ў гэтым кантэксце ўспрымаецца як адзін з найбольш ірацыянальных тыпаў паводзін, замяняецца правядзеннем у жыццё прынцыпаў здаровага сэнсу.
Інфармацыя, паводле Вінэра, павінна цалкам адрознівацца ад тавару, бо інакш яе функцыя змагання супраць “сацыяльнай энтрапіі” цалкам атрафіруецца. На яго думку, сродкі масавай інфармацыі ў руках гандляроў — сінонім пасрэднасці і непрадуктыўнасці. Такім чынам, ён лічыць, што ўсякае грамадства камунікацыі павінна быць свабодным ад панавання грошай над самімі асновамі грамадскага жыцця, а менавіта над каналамі камунікацыі.
Выклад гэтых палажэнняў робіць відавочным моцны антаганізм, які раздзяляе ў ідэйным плане лібералізм і канцэпцыю “грамадства камунікацыі”. Некаторыя сучасныя супярэчнасці нашага грамадства цалкам магчыма прааналізаваць як непасрэдны вынік антаганізму. Гэта можна паказаць на двух прыкладах. Першы прыклад — моцная супярэчнасць паміж выказваннямі пра незалежнасць, што робяцца знутры прафесіяналамі сродкаў масавай інфармацыі, і грубай рэальнасцю падпарад303
кавання гэтых сродкаў масавай інфармацыі строгай логіцы рынку. I другі прыклад, які прыводзіўся ў папярэднім раздзеле і тычыўся “дысфункцый”, з пункту гледжання патрабаванняў рынкавай эканомікі, пры выкарыстанні камп’ютэрнай тэхнікі, што было выклікана прыняццем прафесіяналамі, якія працуюць у гэтай сферы, сістэмы каштоўнасцей, каторая ў вялікай ступені была вызначана ідэалогіяй камунікацыі. Адзін з сімптомаў апошняга антаганізму — “камп’ютэрнае пірацтва”, мэта каторага — “вызваленне сусветнай камунікацыі” праз руйнаванне незаконнымі спосабамі “абароны”, якая перашкаджае доступу да ўсіх выхадаў вялікіх камп’ютэрных сетак.
Хоць новая камунікацыйная утопія і не стала дамінуючай, тым не менш, яна аказвае ўплыў на пэўныя тыпы паводзін і спараджае шматлікія “непрадбачаныя эфекты”, апісаныя раней. У гэтым сэнсе існуе “культура камунікацыі”, на якую робіцца двайны ўплыў: з аднаго боку, сістэматычным выкарыстаннем сродкаў сучаснай камунікацыі, з другога — разважаннямі, якія іх суправаджаюць і якія маюць моцную ідэалагічную афарбоўку. Даследчыкі, што займаліся вывучэннем выкарыстання гэтых тэхнічных сродкаў, адзначалі, наколькі яно не нейтральнае і ў якой ступені гэтыя сродкі могуць выступаць у якасці носьбітаў каштоўнасцей. Нават злоўжыванні ў карыстанні ў тым выглядзе, як іх апісвае Жак Перыёль (Perriault), часткова могуць інтэрпрэтавацца як падрыў каштоўнасцей, што прапануюць тэхнічныя сродкі.
Прыклад абнаўленчага працэсу, які спарадзіў мікракамп’ютэр, паказвае адначасова, як каштоўнасці ўвасабляюцца ў тэхніцы, і тое, якую стаўку робяць на тэхніку ў канкурэнцыі ідэалогій. Пасля пачатковага перыяду, калі назіралася пэўнае дамінаванне вінэраўскіх тэм, мікраінфарматыка вельмі хутка падпарадкавалася рыначнай логіцы.
Мікракамп’ютэр нарадзіўся на заходнім узбярэжжы ЗША ва ўмовах незадаволенасці палітыкай сакрэтнасці і іерархічнай і цэнтралізаванай формай, каторыя былі на той час уласцівы для вялікіх камп’ютэрных сістэм, што выкарыстоўваліся пераважна вайскова-навуковым істэблішментам і служылі амерыканскай арміі, каторая вяла 304
вайну ў В’етнаме і Камбоджы. Мікракамп’ютэр прадстаўляецца як сімвал міру і камунікацыі; гэта тэхнічны сродак, які накіруе сілу інфарматыкі на службу звычайным людзям: Computer Power to the People. Хакеры i маладыя радыкалы ўявілі сабе, што камп’ютэр стане адмысловым інструментам для камунікацыі і аб’яднання, для асабістага развіцця і для дэмакратызацыі ведаў. Пры гэтым у падтрымку сваёй пазіцыі яны цытуюць тэзісы Норберта Вінэра пра неабходнасць камунікацыі і адкрытасці. У такім кантэксце адбываецца станаўленне новай праблематыкі “камп’ютэрнай культуры”.
З’яўленне мікракамп’ютэра ў ідэалагічным плане спарадзіла імкненне атрымаць доступ да сакрэтаў і магчымасцей інфарматыкі, а праз гэта — да стратэгічнай інфармацыі і рашэнняў, якія закранаюць паўсядзённае жыццё кожнага. Каб атрымаць доступ да інфарматыкі, безумоўна, патрэбна мець у сваім распараджэнні камп’ютэр, але разам з тым гэта патрв.буе і новых кагнітыўных умельстваў, новых ноў-хаў, якія дазволяць авалодаць тэхнікай і праграмамі на мінімальна неабходным узроўні. Тут і паўстае пытанне камп’ютэрнай культуры, для праблематыкі якой уласціва двухсэнсоўнасць, абумоўленая тым, што яна адначасова ахоплівае і жаданні тых дзеячаў, якія прапаведуюць сапраўдную дэмакратызацыю, і квазірэкламныя разважанні тых, хто прадае тэхніку і праграмнае забеспячэнне і глядзіць на гэты папулярны рух з пазіцыі стварэння новых патэнцыяльных рынкаў. Разам з тым прафесіяналы ў галіне інфарматыкі надзяляюцца ў адпаведнасці з гэтымі разважаннямі новай роллю: у той момант, калі некаторыя спосабы выкарыстання вялікіх камп’ютэрных сістэм аказаліся пастаўленымі пад сумненне, у іх з’явілася зручная магчымасць змяніць статус “тэхнакратаў-цэнтралізатараў” на статус “праваднікоў новай культуры”... ва ўмовах, калі па-ранейшаму захоўваюцца вялікія цэнтралізаваныя сістэмы і калі спецыялісты па інфарматыцы застаюцца ў асноўных сектарах эканомікі недасягальнымі экспертамі!
Але, не зважаючы на ідэалагічны аспект гэтых разважанняў, якія прапаведуюць дэмакратызацыю 11 Выбух камунікацыі
камп’ютэрнай культуры, нельга ігнараваць таго, што гэты праект — толькі часовае вырашэнне праблемы, выкліканай інтэграцыяй камп’ютэрнага вобразу мыслення ў паўсядзённае жыццё. Цяпер існуе тэхнічная, матэрыяльная культура, якая фармуецца пры штодзённых кантактах індывідуумаў з тэхнічнымі аб’ектамі і машынамі. 3 гэтага часу тэхніка заняла цэнтральнае месца ў сучаснай культуры. Яна ў вялікай ступені спрыяе стварэнню “тэхнічных макрасістэм”, якія апісвае Алэн Грас (Gras)-