Выбух камунікацыі Нараджэнне новай ідэалогіі Філіп Брэтон, Сэрж Пру

Выбух камунікацыі

Нараджэнне новай ідэалогіі
Філіп Брэтон, Сэрж Пру

Памер: 336с.
Мінск 1995
99.14 МБ
Той факт, што з’яўленне гэтай ідэалогіі супала з адметнымі і драматычнымі гістарычнымі падзеямі, якімі характарызаваўся гэты перыяд, патрабаваў ад нас вялікай асцярожнасці, тым больш што, пачынаючы гэтую кнігу, мы не ставілі на мэце стварыць працу па гісторыі, а толькі хацелі падзяліцца з чытачом новым поглядам на камунікацыю.
Такім чынам, мы вырашылі спачатку лепш вызначыць абсяг нашай працы, а потым правесці гістарычнае даследаванне больш аддаленых часоў, каб убачыць, ці сапраўды можна казаць пра прарыў у сферы камунікацыі, які адбыўся ў наш час і на які мы, як нам здавалася, першыя звярнулі ўвагу.
Сфера камунікацыі, нават калі разглядаць яе з тэхнічнага пункту гледжання, магла ўявіцца сапраўды досыць шырокай. Таму трэба было звузіць яе да “сацыяльнай камунікацыі" і адкінуць, магчыма, толькі часова, з аднаго боку, камунікацыю як працэс, які адбываецца паміж асобамі, а з другога, камунікацыю як сістэму фізічных сродкаў. Гэты падзел можа выглядаць занадта простым, але, тым не менш, не з’яўляецца адвольным. Падзеі часта бываюць, несумненна, больш звязанымі паміж сабой, чым часам можна меркаваць пра іх, зыходзячы з абстрактных катэгорый.
Пасля ажыццяўлення падзелу, які даў магчымасць пазбавіцца нязручнасцей, звязаных з надта вялікім абагульненнем, перад намі засталося толькі “цвёрдае ядро”: сацыяльная камунікацыя, якая галоўным чынам ахоплівае паведамленні, што цыркулююць паміж групамі асоб або паміж асобай і групай.
Праведзеныя гістарычныя даследаванні пераканалі нас у тым, што сродкі сацыяльнай камунікацыі вельмі старажытныя, і першымі з іх пакінулі след у гісторыі пісьмо і рыторыка. Уважліва чытаючы аўтараў, якія закраналі гэтае пытанне — як правіла, ускосна, — мы здолелі выявіць істотны для працягу нашай працы момант: важнасць для з’яўлення і выкарыстання сродкаў камунікацыі сацыяльна-культурнага кантэксту.
Нас сапраўды шакіраваў “тэхнічны дэтэрмінізм”, які ўласцівы большасці сучасных прац па камунікацыі.
13
Вывучэнне ўмоў, пры якіх укараняліся ў нашым грамадстве сродкі камунікацыі з антычнасці да нашых дзён, паказала, наколькі дагэтуль недаацэньваліся сацыяльныя абставіны, што часта адыгрывалі вырашальную ролю адначасова і для ажыццяўлення новаўвядзення, і для закладкі наступных умоў яго выкарыстання, як было ў выпадку пісьма, кнігадрукавання нават першых электронных сродкаў.
Гэты моцны ўплыў сацыяльнага кантэксту вяртаў нас менавіта да нашага зыходнага пытання. Нам трэба было растлумачыць, чаму ў 40-я гг. сродкі камунікацыі атрымалі такі грандыёзны “штуршок”— настолькі моцны, што, пачынаючы з гэтага часу, з’явілася магчымасць гаварыць пра сапраўдны “выбух камунікацыі”. Паглыбленае вывучэнне асяродка вялікіх інжынераў, што працавалі ў галіне камунікацыі, як у сферы сродкаў тэлекамунікацыі, так і інфарматыкі, якая з’яўлялася на свет, дазволіла нам выявіць такі істотны факт: “ідэалогія камунікацыі” — гэта адкрытая і звязная канцэпцыя, засяроджаная на тэме камунікацыі, якая ўзнікла якраз у сярэдзіне стагоддзя ў якасці пэўнай пазітыўнай рэакцыі на тагачасную трагічную сітуацыю. На наш погляд, гэтая ідэалогія ўяўляла сабой сапраўдную альтэрнатыву палітычным ідэалогіям, якія ў той час і ў тых колах успрымаліся як няздольныя забяспечыць кіраванне людскімі справамі. Ідэалогія камунікацыі, вынайдзеная як “альтэрнатыва варварству” ў сітуацыі, калі класічны гуманізм разляцеўся ўшчэнт, пакінуўшы пасля сябе толькі філасофію абсурду, паўстала як ідэалогія “без ворагаў”, усталёўваючы, дзякуючы сродкам камунікацыі, нейкую ўзгодненую норму ў грамадскіх адносінах. Ідэалогія без ворагаў не была нечым непарушным, пазбаўленым барацьбы, бо цяпер Зло ўвасаблялася ў “энтрапіі”, “бязладдзі”, “дэзарганізацыі”, “шуме” (паводле тэорыі інфармацыі).
Такім чынам, хірургічныя метады лячэння грамадства, якімі вызначаліся палітычныя ідэалогіі XX стагоддзя, замяняліся утапічным праектам “грамадства камунікацыі”, у якім людзі і машыны, дзякуючы новаму “штучнаму інтэлекту”, працавалі б у гармоніі і (чаму і 14
не?) на роўных. Нам давялося канстатаваць, што гэта стала магчымым толькі дзякуючы новаму “антрапалагічнаму” вызначэнню такіх паняццяў, як чалавечая асоба і, асабліва, машына, якая цяпер размяшчалася ў той жа плоскасці, што і чалавек. He разглядаючы ў якасці ворага нікога з людзей асобна, ці не прадугледжвала гэтая новая ідэалогія ажыццяўленне малапрымальнай для іх усіх з этычнага пункту гледжання рэформы?
Гэтае даследаванне — захапляльнае, бо, праводзячы яго, мы адразу ж праніклі ў той горан, адкуль выйшлі ўсе цяперашнія канцэпцыі камунікацыі; яно дазволіла нам вынесці новы погляд на сродкі камунікацыі і сучасныя праблемы, якія ставіць іх выкарыстанне.
3 некаторага часу спецыялісты абмяркоўваюць шэраг пытанняў, звязаных з гэтай тэмай, такіх, напрыклад, як рэальная або мяркуемая ўлада сродкаў камунікацыі над індывідуумамі, або магчымасці маніпулявання ў рэкламнай камунікацыі. Шматлікія пытанні заставаліся таксама адносна да канвергенцыі сродкаў камунікацыі і іх інтэграцыі, у прыватнасці, праз выкарыстанне электронікі.
Імкнучыся падзяліцца з чытачом не толькі вынікамі вывучэння ўмоў, у якіх паўстала тэма камунікацыі, але і паглыбленым знаёмствам з дыскусіямі наконт выкарыстання розных сродкаў камунікацыі, мы прыйшлі да ідэі прапанаваць як мага больш поўньі агляд падыходаў лепшых спецыялістаў да аналізу пытання адносін сродкаў камунікацыі і ўлады. Каб аблегчыць працу, а таксама крыху сістэматызаваць падыход, у кнізе павінны былі быць прадстаўлены асноўныя рысы розных “тэрыторый камунікацыі”, што дазволіла б наглядна паказаць канвергенцыю, якая здавалася нам менш верагоднай, чым прынята лічыць, і адрозненні — не толькі на ўзроўні сродкаў, але і на ўзроўні людзей і “культур”, з якімі яны звязаны.
Мы таксама імкнуліся ясней зразумець, асабліва з эканамічнага пункту гледжання, тую аргументацыю, якая звычайна суправаджае развіццё сродкаў камунікацыі. 3 гэтага гледзішча добра раскрывае сітуацыю ў цэлым месца і роля сродкаў камунікацыі ў краінах трэцяга свету.
15
Магчыма, новым элементам і без таго насычанай дыскусіі па пытанні “дэрэгламентацыі” з’яўляецца значэнне ідэалогіі пры выкарыстанні сродкаў камунікацыі. Размовы пра “выбух камунікацыі” наводзяць таксама на роздум пра сучасны працэс расчлянення і рэструктуравання сродкаў камунікацыі і іх выкарыстання.
Усе новыя факты і з’явы, якія зваліліся на нас сёння, не павінны былі прымусіць нас забыцца і на тое, што гэтую галіну перасякае вельмі даўняя расколіна, якую мы разглядаем ва ўсіх раздзелах гэтай кнігі. Гэтая расколіна ў свеце камунікацыі, а калі браць больш глабальна — у свеце выяўлення і чалавечай творчасці — аддзяляе “культуру, заснаваную на аргументацыі” ад “культуры відавочнага”. Там, дзе першая аддае перавагу чалавеку ў яго вербальнай дзейнасці і жыцці ў грамадстве, другая ставіць на першае месца ісціну, нагляднасць і сувязь са светам, свабодным ад натуральных абмежаванняў. Па сутнасці, між радкоў гэтай кнігі прасочваецца адна ідэя — ідэя раўнавагі ўнутры сферы камунікацыі, або, дзякуючы ёй, паміж дзвюма гэтымі культурамі.
I
СПОСАБЫ I СРОДКІ КАМУНІКАЦЫІ HA ПРАЦЯГУ ГІСТОРЫІ
1.	Першыя крокі пісьма
У сацыяльнай камунікацыі мова адыгрывае фундаментальную ролю. Яна з’яўляецца зыходным пунктам, найстаражытнейшым археалагічным пластом з усіх сродкаў выказвання, бо яны —вытворныя ад яе: у прыватнасці, пісьмо, а потым (крыху пазней) рыторыка, як сістэма правілаў вуснага выказвання. Аргументацыйная функцыя мовы — гэта гістарычная дадзенасць, якая існавала задоўга да таго, як вынайшлі рыторыку. Аргументаванне і пераконванне як дзейнасць, характэрная для чалавека, адрознівае яго ад жывёлы гэтак жа выразна, як і яго тэхнічная дзейнасць. У гэтым плане, магчыма, можна казаць, што чалавецтва вядзе свой пачатак ад узнікнення аргументацыйнай дзейнасці і з’яўлення тэхнічных прылад.
Лінгвісты налічваюць сёння тры тысячы жывых моў (яшчэ чатыры тысячы зніклі) і, па сутнасці, толькі каля ста з іх перадаюцца з дапамогай пісьма (ідэаграфічнага або алфавітнага). Аднак, як падкрэслівае Э.Хэўлак (Have­lock), усякая канцэпцыя, якая б звязвала багацце і складанасць культуры з пэўным узроўнем развіцця выкарыстання пісьма, павінна быць рашуча адкінута.
Культура, так ці інакш, можа будавацца на вуснай камунікацыі і тым не менш заставацца культурай у поўным сэнсе гэтага слова, цалкам валодаючы функцыяй аргументавання.
Такім чынам, вынаходніцтва гэтых двух асобных спосабаў камунікацыі — пісьма і рыторыкі — безумоўна, павінна разглядацца ў гістарычным кантэксце, які толькі і можа нам растлумачыць неабходнасць іх узнікнення і ролю. Узнікненне камунікацыйных сродкаў у гэтай сферы сапраўды было абумоўлена не біялагічнай неабходнасцю, а хутчэй збегам абставін, якія склаліся ў грамадстве.
Нараджэнне пісьма
У гісторыі вынаходніцтва пісьма як спосабу перадачы гутарковай мовы назіраліся дзве паслядоўныя хвалі, якія адпавядаюць двум матэрыяльна розным спосабам пісьма: ідэаграфічнае пісьмо (гэта значыць альбо чыста фігуратыўнае, калі яно прызначана адлюстраваць сэнс, альбо фігуратыўнае, прыстасаванае для перадачы гукаў) і алфавітнае пісьмо. Ідэаграфічнае пісьмо з’явілася ў Месапатаміі, верагодна, недзе ў IV тыс. да н.э. Напачатку, наколькі мы гэта ведаем, яно было чыста піктаграфічным, гэта значыць, што фігуратыўны малюнак прадстаўляў пэўны прадмет або істоту (малюнак дрэва — дрэва, галава асла — асла і г.д.). Потым, недзе каля 3000 г. да н.э., піктаграма стала больш абстрактнай і, што асабліва важна, спалучэнне малюнкаў магло фанетычна суадносіцца са словам, якое не мела прамой фігуратыўнай сувязі з адпаведнымі малюнкамі (цікава, як бы выглядала, напрыклад, слова “валакно”, калі б яго перадавалі з дапамогай малюнкаў вала, землянога насыпу і акна?).
Егіпцяне таксама карысталіся пісьмом такога тыпу, але іх іерогліфы, больш багатыя і разнастайныя, дазвалялі перадаваць на пісьме значна больш, чым “клінападобнае” пісычо шумераў Месапатаміі (назва звязана з тым, што малюнкі выглядалі як камбінацыя цвікоў з плешкамі, якія мелі клінападобную форму, што тлумачыцца канструкцыяй прылады для пісання, канец якой быў заточаны ў форме вельмі выцягнутага трохкутніка, каб выціскаць знакі на гліне).