Выбух камунікацыі
Нараджэнне новай ідэалогіі
Філіп Брэтон, Сэрж Пру
Памер: 336с.
Мінск 1995
Зважаючы на новы ўздым энтузіязму ў сувязі з гэтымі метадамі, П’ер Равен (Ravenne) выдаў у Венецыі ў 1491 г. падручнік, карысны для ўсякіх прафесій (адвакатаў, філосафаў, паслоў, тэолагаў і г.д.). Праца шмат разоў перавыдавалася, перакладалася на розныя мовы і, як сведчыць Франс Ят, перапісвалася захопленымі чытачамі з друкаваных выданняў. Вельмі падобна на тое, што П’ер Равен арганізаваў рэкламу сваіх уласных метадаў. У гэтай з’яве няма нічога дзіўнага, але яна добра 55
паказвае, як клопат пра эфектыўнасць прыёмаў запамінання натуральна пераходзіў у клопат пра эфектыўнасць іх распаўсюджання. У той час як сістэмы, што дасталіся ў спадчыну ад сярэднявечнай эпохі, упадалі ў эзатэрызм, новыя метады, дзякуючы распаўсюджанню праз гандлёвую сетку, перажывалі вялікі поспех. Але прыёмы, якія папулярызаваў Равен, яшчэ былі патрэбны, і яны прысутнічаюць у творах такіх славутых аўтараў XVI ст., як Ромберх і Раселіус, што папулярызавалі класічныя метады, у прыватнасці, “метады месцаў”.
Як падкрэслівае Франс Ят, друкаваная кніга зрабіла непатрэбнымі велізарныя разумовыя канструкцыі, што дазваляла размясціць факты ў памяці ў такім парадку, каб можна было лёгка іх успомніць. Звычка адразу ж запамінаць новы факт, асацыюючы яго з вобразам і размяшчаючы ў загадзя для гэтага адведзеным месцы, якую мелі многія пакаленні вучоных, павінна была знікнуць і змяніцца індывідуальным валоданнем кнігамі і бібліятэкамі. Але ці можна растлумачыць крах старой штучнай памяці толькі з’яўленнем друкаванай кнігі? Ці не нясуць у сабе гуманістычная культура і друкаваная кніга, што яе пашырае, нейкія сілы, варожыя самому тыпу запамінання, перанятаму ад старажытных? Эразм аддаваў перавагу новым вартасцям, звязаным з разумовай дзейнасцю, якімі былі вывучэнне, парадак і прымяненне, перад уласцівым для класічных сістэм выкарыстаннем вобразаў і адмысловых месцаў у памяці для запамінання пэўнай інфармацыі. Гаворка больш не ішла пра тое, каб запомніць усё адзін да аднаго і такім чынам зыходзіць у сваіх разважаннях з неабходнасці ўзнаўлення мінулага. Трэба было заахвочваць крытычнае мысленне, значна менш кансерватыўнае, а, значыць, менш схільнае да ўспамінаў. У часы Адраджэння розум больш не меў такой патрэбы ў запамінанні, ва ўсякім разе для таго, каб захаваць часовыя сляды пісьмовых твораў, мелася друкаваная кніга.
Гуманізм і камунікацыя
Лепшымі ператваральнікамі кнігі ў інструмент камунікацыі былі мысліцелі-гуманісты. Як мы толькі што бачылі ў сувязі з творамі П.Равена, прысвечанымі памяці, пачатак Адраджэння фактычна ўяўляў сабой хутчэй сітуацыю выбару паміж двума рознымі тыпамі мінулага — лацінскім і сярэднявечным, — чым нагоду для стварэння сапраўды новых ідэй, прынамсі, у першы час. Як правіла кніга, якая дагэтуль служыла пашырэнню сярэднявечнай культуры, рабілася галоўным інструментам новага адкрыцця антычнасці. Дзякуючы ёй “новыя інтэлектуалы” Адраджэння паклалі пачатак стылю інтэлектуальных зносін, які наклаў адбітак, магчыма, у першую чаргу на сферу сацыяльнай камунікацыі ў цэлым.
He зважаючы на першыя поспехі, гуманістычнае мысленне не адразу здабыло ўсеагульную ўхвалу. Яшчэ доўга адукацыю жорстка трымалі ў сваіх руках царкоўнікі, якія звярталіся да дамінуючых тэм сярэдневяковай культуры. Вымушаныя шукаць эфектыўныя спосабы выказвання па-за рамкамі традыцыйных інстытутаў, гуманісты самі распаўсюджвалі свае ідэі. Кнігі і бібліятэкі, гутаркі падчас шматлікіх паездак былі ў той час сапраўдным нефармальным універсітэтам, які не меў канкрэтнага месца знаходжання, яўнага цэнтра, які існаваў толькі дзякуючы эфектыўнаму распаўсюджанню ідэй і адначасова іх пастаяннаму ўзбагачэнню.
Арыгінальнасць адной з цэнтральных фігур гуманізму эпохі Адраджэння — філосафа Эразма Ратэрдамскага — вынікала з таго, што ён быў чалавекам камунікацыі ў сучасным сэнсе гэтага слова і, з гэтага пункту гледжання, першым. Ён патрабаваў сабе статуса “грамадзяніна свету” (civis mundi) і пастаянна пераязджаў з Галандыі ў Італію, з Германіі ў Францыю не столькі дзеля ўласна вандравання, колькі дзеля магчымасці параўноўваць свае ідэі з ідэямі людзей свайго ўзроўню. Ягоная перапіска займала столькі часу, што, як заўважае Рабэр Мандру (Mandrou), гэта перашкаджала яго творчасці. Ягоныя лісты сталі
сацыяльнай з’явай, бо, з яго згоды ці без яе, яны рэгулярна публікаваліся асобнымі кнігамі, якія шырока разыходзіліся. Сам Эразм апублікаваў у 1522 г. кнігу, прысвечаную правілам эпісталярнага жанру,— першы падручнік па практычнай камунікацыі ў гэтай сферы.
Эразм быў прататыпам інтэлектуала, які распаўсюджвае свае ідэі і ўзбагачае іх дзякуючы патрабавальнаму супастаўленню з ідэямі іншых. Гэтую асаблівасць асяроддзя гуманістаў, якая палягала ва ўтварэнні sodalitates (таварыстваў), нефармальнай сеткі сяброўскіх інтэлектуаль ных сувязяў, якія, па выразу Рабэра Мандру, дазвалялі атрымліваць “інфармацыю, заснаваную на даверы” ў маштабе ўсёй Еўропы, адлюстроўваюць правілы “Рэспублікі пісьменства”, якія ў той жа самы час былі апісаны Томасам Морам у яго “Утопіі”. Імпліцытныя правілы камунікацыі паміж членамі гэтых згуртаванняў, несумненна, былі матрыцай для сучасных канцэпцый камунікацыі.
Бібліяграфія: F. Braudel. 1979; М. Fabre, 1963; В. Gilles, 1965; A. Labarre, 1970; R. Mandrou. 1973; Martin, 1963; J. Needham, 1969; F. Yates, 1975.
4. Да цывілізацыі паведамлення
Паміж Адраджэннем і Другой сусветнай вайной пяць стагоддзяў — перыяд, на працягу якога народзіцца ў яўнай форме сучасны праект “грамадства камунікацыі”. Большасць важных падзей, што адбудуцца за гэты час, зробяць свой уклад у тое, каб паступова вывесці сродкі камунікацыі на першы план сацыяльнай сцэны.
Асноўныя моманты сацыяльнай спрэчкі
Рэфармацыя, а потым Контррэфармацыя сталі нагодай для беспрэцэдэнтнага развіцця ўсіх сродкаў сацыяльнай камунікацыі. Лютэр памясціў Святое Пісанне, а, значыць, кнігу, у цэнтр хрысціянскага адраджэння. Тэхнічнае вынаходніцтва Гутэнберга стымулявалася духоўным абавязкам кожнага хрысціяніна непасрэдна вывучаць свяшчэнны тэкст. Такім чынам, пісьменнасць становіцца неабходным элементам індывідуальнага выратавання. Контррэфармацыя таксама не стане супраціўляцца гэтай тэндэнцыі, і каталіцкая царква будзе праяўляць такую ж зацікаўленасць у перакананні праз адукацыю і рэлігійную прапаганду, як і ў фізічным падаўленні ерэтыкоў.
У гэты перыяд рэлігійных канфліктаў паралельна з узрастаннем ролі кнігі назіралася развіццё ўсякага роду казанняў, якія, з аднаго боку, былі адзіным сродкам з’яднання непісьменных, што па-ранейшаму складалі пераважную большасць нават у горадзе, і, з другога боку, дазвалялі настаўляць і непасрэдна пераконваць вернікаў. У сувязі з процістаяннем католікаў і пратэстантаў назіралася новая з’ява: удзел у сацыяльнай і інтэлектуальнай спрэчцы тых, хто да гэтага быў з яе выключаны. Кожны лагер імкнуўся пераканаць людзей і ахрысціць іх у сваю веру. Улічваючы індывідуальную прыроду рэлігійнага пачуцця, патэнцыяльным адрасатам аргументацыі з’яўляўся любы вернік, нават калі ён быў апошнім жабраком. Такім чынам, яе трэба было будаваць 59
так, каб яе змест і выкарыстаныя сродкі аргументацыі дасягнулі кожнага індывідуума.
3 гэтай нагоды была вынайдзена “прапаганда” — такую назву мела створаная ў 1572 г. папам Рыгорам XIII для барацьбы з Рэфармацыяй кангрэгацыя (“De propaganda fide”). Абвяшчэнне неабходнасці “распаўсюджання” хрысціянскай дактрыны добра паказвае вастрыню спрэчкі як у плане метаду пашырэння ў грамадстве комплексу пэўных каштоўнасцей, так і ў плане веры, як індывідуальнай асаблівасці сувязі з Богам.
Наступны вялікі гістарычны этап — Французская рэвалюцыя — з пункту гледжання сродкаў камунікацыі павінен быў развівацца ў тым жа напрамку. У цэнтры новых каштоўнасцей, якія прапагандаваліся рэвалюцыянерамі, было абвяшчэнне суверэнітэту народа. Ён дазволіў, з аднаго боку, зрабіць “нацыю” агульнапрынятым аб’ектам новага культу, а з другога, вызначыць месца чалавечай асобы як суверэннай і адказнай істоты. Гэтае новае тэрытарыяльнае вызначэнне і раздзяленне прыватнай і грамадскай прасторы зрабіла сацыяльную камунікацыю неабходнай у якасці адзінага сродку, які дазваляў злучаць прыватныя прасторы асоб. Такое глыбокае ўзрушэнне сістэмы каштоўнасцей, услед за якім пасля рэвалюцыі з’явіліся ліберальныя дактрыны, што заваявалі англасаксонскі свет, мела для камунікацыі і яе сродкаў непрадказальныя наступствы.
Паколькі цяпер сацыяльная камунікацыя разглядалася як мост, што злучае прыватных асоб то яна павінна была мець і такую ж ступень свабоды, як і прыватная асоба. Адмена цэнзуры на пісьмовыя творы, свабода прэсы і думкі азначалі, што тое, што злучала людзей паміж сабой, надалей павінна было быць свабодным ад усякіх абмежаванняў, як і самі людзі. Да сацыяльнай камунікацыі прымянялася тое ж правіла, што і пры вызначэнні межаў прыватнай прасторы, і якое ў сціслай форме перадаецца славутым лозунгам рэвалюцыянераў: “Свабода індывідуума канчаецца там, дзе пачынаецца свабода іншых”.
Новая свабода індывідуума-грамадзяніна мела на ўвазе выбар, і ім была інфармацыя. Такім чынам, доступ 60
да сацыяльнай камунікацыі стаў асноватворнай неабходнасцю для новай дэмакратыі. Атрыманне інфармацыі перастала быць проста правам, за якое змагаліся народы, а ператварылася ў рэвалюцыйны абавязак, ухіляцца ад якога ў пэўныя перыяды было нядобра. Напрыклад, палітычная неадукаванасць у перыяд Тэрору хутка ператварала асобу ў аб’ектыўнага саюзніка Рэакцыі.
Рэвалюцыйнаму перыяду адпавядае беспрэцэндэнтная мабілізацыя ўсіх сродкаў камунікацыі, хоць сапраўдных тэхнічных навінак у гэтай галіне не з’явілася. Роля, якую адыгрывалі ў рэвалюцыйным працэсе брашуры, кнігі і газеты, вядомая, але трэба падкрэсліць уплыў, які мелі аратары і прамовы, калі трэба было мабілізаваць і заахвоціць людзей. У гэтых умовах не былі выпадковымі пастаянныя спасылкі пры стварэнні рэспубліканскай міфалогіі на Рым і яго каштоўнасці. На малюнках таго часу часта паказаны рэвалюцыянеры, якія прамаўляюць перад натоўпам, і гэтыя сцэны паўсталі ў свядомасці народа трывалымі сімваламі дэмакратыі.
Ніякіх тэхнічных новаўвядзенняў у галіне камунікацыі не з’явілася, але былі ператвораны ў сродкі камунікацыі для выкарыстання ў рэспубліканскім духу традыцыйныя спосабы выразу. Пэльрэн заснаваў у 1790 г. фабрыку ў Эпіналі, якая выпускала гравюры, што выклікалі антыклерыкальныя настроі і ўслаўлялі адданасць нацыі і ўсе рэвалюцыйныя каштоўнасці. Справе рэвалюцыі служылі таксама прэса і тэатр. Нават вопратку выкарыстоўвалі ў якасці простага і непасрэднага сродку для таго, каб выказаць сваю думку і разам з тым паспрабаваць дабіцца яе прыняцця, напрыклад: фрыгійскі каўпак, кукарда, рэвалюцыйная уніформа і сістэматычнае выкарыстанне трох колераў сталі звычайнымі формамі сацыяльнай камунікацыі.