Выбух камунікацыі Нараджэнне новай ідэалогіі Філіп Брэтон, Сэрж Пру

Выбух камунікацыі

Нараджэнне новай ідэалогіі
Філіп Брэтон, Сэрж Пру

Памер: 336с.
Мінск 1995
99.14 МБ
Наяўнасць побач у адным тэксце малюнкаў, якія трэба інтэрпрэтаваць у фігуратыўным сэнсе (малюнак ката, які абазначае ката) і малюнкаў, якія, наадварот, трэба ўспрымаць як эквіваленты вымаўляльных гукаў (“кот” — як першая частка слова “котлішча”), прывяла да ўтварэння асаблівай катэгорыі знакаў —’’дэтэрмінатываў”, якія ўказваюць, як трэба інтэрпрэтаваць знак, што яны суправаджаюць, і якія дазваляюць, напрыклад, вызначыць, ці павінен дадзены малюнак успрымацца ў срігуратыўным сэнсе, альбо ці перадае ён больш 20
абстрактную рэч. Дэтэрмінатыў, які ўжываўся з малюнкам, уяўляў сабой сапраўдную камунікацыю другой ступеяі, паколькі гэты знак прама ўказваў чытачу на кантэкст.
Такім чынам, уяўляецца, што пісьмо ў сваім развіцці паступова аддаляецца ад вобраза, ад прадстаўлення рэчаў на аснове аналогіі. Пад уздзеяннем сацыяльных змен і, у прыватнасці, павелічэння гандлёвага абмену, гэты рух да абстрактызацыі пісьма завяршыўся вынаходніцтвам алфавіта, што дазволіла цалкам адарвацца ад вобразатвору, стварыўшы пісьменнасць, заснаваную на спалучэнні невялікай колькасці абстрактных кадзіраваных знакаў, якая перадавала і прамаўляльныя гукі. Гэты паступовы адыход ад выкарыстання вобраза твору на аснове аналогіі, магчыма, можна звязаць, прынамсі, у дачыненні да асноўных семіцкіх моў, з адмаўленнем ад выяўлення вобраза Бога ў іудаізме і любой жывой істоты ў ісламе, а абедзве гэтыя рэлігіі прапаведуюцца з дапамогай алфавітнага пісьма.
Алфавіт (лацінскае alphabetum паходзіць ад назвы грэчаскіх літар альфа і бэта) вынайшлі фінікійцы, а, магчыма, яшчэ раней за іх семіты, якія жылі ў Сірыі, на рубяжы II і I тыс. да н.э. Але гэты першы алфавіт меў абмежаваныя магчымасці, паколькі ў ім не было галосных і гэта выклікала двухсэнсоўнасць пры чытанні (напісаны тэкст не перадаваў у поўнай меры гучанне слоў так, як яны вымаўляліся). Каб атрымаць добрую сістэму для перадачы гутарковай мовы, трэба было дачакацца стварэння ў Грэцыі ў перыяд паміж VIII і IV стст. да н.э. алфавіта, які ўключаў галосныя. Гэты алфавіт быў вынікам шматлікіх сацыяльных змен, што адбыліся ў Грэцыі, пачынаючы з 1100 г. да н.э., змен, якія прывялі да сучаснай формы арганізацыі гарадоў (полісаў) і ўсталявання каштоўнасцей афінскай дэмакратыі. Грэчаскі алфавіт у сваіх галоўных рысах стаў асновай для наступных вялікіх алфавітных сістэм пісьма, ажно да распаўсюджання на Захадзе лацінскага алфавіта.
Такім чынам, падобна на тое, што новыя спосабы пісьма былі выкліканы да жыцця, дзякуючы сацыяльнай стымуляцыі і, адначасова, прынцыпу ўнутранай 21
эканоміі, у адпаведнасці з якім адбываецца збліжэнне пісьмовай мовы з гутарковай. Сістэма грэчаскага алфавітнага пісьма дазволіла давесці чытанне да пэўнага аўтаматызму. Э. Хэўлак нагадвае, што пісьмо стала дзейнічаць як электрычны ток, які напрамую злучае ў мозгу гукі адпаведнай мовы; гэта значыць, што іх значэнне пачынае, калі так можна сказаць, гучаць у свядомасці чытача незалежна ад якіх бы там ні было асаблівасцей графікі.
Абстрактнасць, звязаная з сістэмай удасканалення алфавіта, значна ўзмацніла натуральную тэндэнцыю пісьма да адноснай незалежнасці ад той мовы, для перадачы якой яно служыць. Сапраўды, адна і тая ж сістэма пісьмовага запісу можа абслугоўваць абсалютна розныя мовы. Напрыклад, яўрэйскі алфавіт служыць для перадачы як мовы ідыш, якая складаецца пераважна з лексікі германскага і славянскага паходжання, так і старажытнаяўрэйскай мовы і сучаснага іўрыту, які ад яе паходзіць. Арабскае пісьмо выкарыстоўваецца як для перадачы мовы фарсі (персідскай), якая належыць да індаеўрапейскай моўнай сям’і, гэтак жа як лацінская і французская, так і размоўнай арабскай мовы, якая адносіцца да семіцкіх моў.
Кемаль Атацюрк (Atatiirk), жадаючы перабудаваць сваю краіну на заходні лад, здолеў дэкрэтам 1928 г. адмяніць арабскі алфавіт, якім паслугоўвалася турэцкая мова, і замяніць яго на лацінскі, без істотнай змены гутарковай мовы. Сістэма, абраная для ажыццяўлення запісу, не аказала ніякага ўплыву на фундаментальную структуру мовы, бо выбар тыпу пісьма вельмі рэдка падпарадкоўваецца ўнутраным “тэхнічным” меркаванням, што ўласцівыя адпаведным мовам.
Сацыяльны аспект пісьма
Працэс вынаходніцтва пісьма, або хутчэй розныя хвалі ў развіцці пісьма, якія зведала чалавецтва, вызначаўся двума імператывамі: тэхнічным — клінапіс ці алфавітнае пісьмо з’яўляюцца вынаходніцтвам у чыста тэхнічным сэнсе гэтага слова — і сацыяльна-палітычным. 22
Уяўляецца, што з гэтага пункту гледжання развіццё пісьма, як і ўсіх іншых метадаў камунікацыі, якія з’явяцца ўслэд за ім, упісваецца ў такую паслядоўнасць, калі існуючы сацыяльна-палітычны кантэкст спачатку падрыхтоўвае для вынаходніцтва спрыяльную глебу, a затым вызначае абсяг і арыентацыю, якія яно неўзабаве набывае.
Якія ж умовы ўзнікнення пісьма, або, інакш кажучы, чаму быў вынайдзены пісьмовы знак? Першыя шумерскія піктаграмы былі цесна звязаны з лічбавымі сістэмамі, што ім папярэднічалі. Славутыя гліняныя таблічкі былі галоўнымі пісьмовымі дакументамі ў той перыяд, але найперш яны служылі для запісу лічбаў, якія адпавядалі колькасці тавараў. На першым этапе гэтыя лічбы пазначаліся каменьчыкамі. Яны былі розных памераў і клаліся ў пустыя ўнутры гліняныя шары. Паступова каменьчыкі замянялі запісамі, якія наносілі непасрэдна на паверхню гліны. Нарэшце, для зручнага карыстання гліняныя шары сталі замяняць крыху выпуклымі, а потым пляскатымі таблічкамі. Недзе каля 3200 г. да н.э. гэтыя лічбы сталі дапаўняць малюнкамі істот або рэчаў, колькасць якіх яны прадстаўлялі. Адсюль бярэ пачатак нараджэнне пісьма; яно яўна прызначалася для вядзення бухгалтарскага ўліку, як бы мы цяпер сказалі.
Дарэчы, першы інструмент, які выкарыстоўваўся для пісання, увасабляў гэтую дваістасць, таму што “кол”, прылада для пісання на сырой гліне, быў з аднаго боку закруглены, каб наносіць сімвалы лічбаў (больш-менш тонкія насечкі), а з другога — востры, каб маляваць піктаграмы. Пазней гэты завостраны канец набыў форму падоўжанага трохкутніка. Шумерскія пісары ўзялі за звычку рабіць запісы на таблічках так, каб на іх знешнім баку змяшчаліся піктаграмы і лічбы, а на адваротным — падрахункі па кожнай групе тавараў і тое, што магло б з’яўляцца подпісам ці пазначаць асобу.
Гэтая практыка, відавочна, была звязана з развіццём месапатамскай цывілізацыі, што адбывалася ў рэгіёне з урадлівай глебай і дзе ўжо існавала пэўная форма урбанізацыі. Уліковыя дакументы выкарыстоўваліся для 23
захавання і канцэнтрацыі каштоўнасцей, а таксама для развіцця гандлю. Такім чынам, першапачатковай задачай пісьма было захаванне інфармацыі. У гэтым сэнсе першыя пісьмовыя дакументы, безумоўна, былі тым сродкам, які дапамагаў абарачэнню тавараў. Аднак ці можна тут ужо казаць пра сапраўдны метад камунікацыі? Ці не з’яўляліся запісы ў дадзеным выпадку хутчэй інвентарным вопісам, чым інструментам для перадачы думак?
Вырашальнае значэнне, якое набываў сацыяльны кантэкст пры розных хвалях удасканаленняў, што спазнала пісьмо, можна таксама добра праілюстраваць на прыкладзе ўмоў, пры якіх быў зроблены выбар на карысць іанічнага алфавіта, што ў рэшце рэшт быў прыняты ў Грэцыі. Пачынаючы з VIII ст. да н.э., было зроблена некалькі спроб запісаць усе гукі гутарковай мовы з дапамогай алфавіта, які ўключаў галосныя. Былі распрацаваны шматлікія мясцовыя алфавіты і выдзеліліся дзве вялікія сістэмы: усходняя і заходняя, якія суіснавалі да таго часу, пакуль для запісу атычных дыялектаў не абралі ўсходнюю, так званую іанічную, што было непазбежным вынікам моцы Афінаў.
Выбар гэтага алфавіта, які далёка не адпавядаў моўнай неабходнасці, быў, фактычна, вызначаны раскладкай палітычных сіл, Афінамі, якія навязалі свой падыход. Такая ж з’ява паўтарылася ў Рыме, палітычнае дамінаванне якога суправаджалася (у якасці чынніка уніфікацыі) экспансіяй лацінскага алфавіта, што дало трывалыя вынікі, вядомыя нам, бо лацініцай дагэтуль карыстаецца большая частка заходняга свету.
Сацыяльнае значэнне пісьма ў антычны перыяд
Дакладную сацыяльную ролю пісьма, прынамсі, у перыяд, які цягнецца з часаў яго вынаходніцтва і да канца заходняга сярэднявечча, вызначыць нялёгка. Ці не паддаёмся мы спакусе перабольшваць значэнне пісьмовага тэксту ў гэты перыяд гісторыі? Ці з’яўляецца такой ужо бясспрэчнай вельмі пашыраная ідэя, згодна з якой з’яўленне пісьма, і асабліва алфавітнага пісьма, само 24
па сабе азначае пачатак значных сацыяльных і культурных змен? Ва ўсякім разе, яна ўтрымлівае два далёка не даказаныя пункты гледжання: з аднаго боку, быццам бы пісьмо адразу ж стала выкарыстоўвацца ў якасці сродку камунікацыі і ўжо адным гэтым фактам глыбока змяніла формы распаўсюджання ідэй і інфармацыі, а з другога боку, нібыта манаполія на пісьменнасць стала крыніцай улады для тых, хто ёю валодаў, і быццам бы змяніла ўмовы ажыццяўлення ўлады і парушыла раўнавагу ў грамадстве.
Трэба адразу ж заўважыць, што два гэтыя аргументы супярэчаць адзін аднаму. Мяркуемае развіццё пісьма як спосабу камунікацыі, што апанаваў усе асноўныя шляхі пашырэння ідэй у грамадстве, прама супярэчыць манаполіі, якой валодаюць пісары, бо яны ўтвараюць новы сацыяльны слой, які імкнецца ўсталяваць сваю ўладу; сапраўды, гэтая манаполія мае на ўвазе якраз абмежаванне і звужэнне гэтых самых шляхоў камунікацыі. Каб дакладна адказаць на пытанні, што паўстаюць у гэтай сферы, трэба бачыць істотную для антычнага свету розніцу паміж унутраным прагрэсам спосабаў пісьма, які быў вельмі хуткім (у прыватнасці, з вынаходніцтвам грэчаскага алфавіта), і выкарыстаннем пісьма ў жыцці грамадства, што, наадварот, распаўсюджвалася вельмі марудна і заўсёды заставалася другасным у грамадстве, у якім дамінавала вусная мова.
Абагульняючы, можна сказаць, што ў антычны перыяд сітуацыю характарызавалі такія асаблівасці, як абмежаваная колькасць пісьмовых тэкстаў, брак чытачоў, яшчэ большы брак аўтараў. Абмежаваная распаўсюджанасць пісьменнасці без усякага сумнення была звязана з дэфіцытам і дарагім коштам матэрыялаў, на якіх тады пісалі: пергаменту і папірусу. Гэтую праблему добра ілюструе практыка, калі стары тэкст сціралі і на ягоным месцы пісалі новы. Лёгкасць і хуткасць чытання таксама заставаліся ідэалам, да таго ж было вельмі цяжка яго дасягнуць, нават у Грэцыі і крыху пазней у Рыме. Э. Хэўлак нагадвае нам, што колькасць тэкстаў, на якіх пісьменныя афіняне маглі практыкавацца, заставалася вельмі абмежаванай.