Выбух камунікацыі
Нараджэнне новай ідэалогіі
Філіп Брэтон, Сэрж Пру
Памер: 336с.
Мінск 1995
Пачынаючы, галоўным чынам, з XIX ст., арганізацыя сацыяльнай камунікацыі ажыццяўлялася вакол паведамлення і яго распаўсюджання. Ва ўсякім разе, усе тэхнічныя вынаходніцтвы ў сферы камунікацыі скіраваны ў гэтым напрамку. Адны з іх нададуць большую вагу, але і большую мабільнасць пісьмовым сродкам; іншыя — забяспечаць вуснаму паведамленню такую фізічную дасягальнасць, якую б не наважыўся ўявіць сабе ніводзін аратар старажытных часоў. 3 гэтага часу на паведамленне пачалі рабіцца ўсе стаўкі, але разам з тым яно стала прадметам клопатаў. Адным з найбольш канкрэтных увасабленняў таго новага значэння, якое набыло паведамленне, стала развіццё газеты як галоўнага сродку інфармацыі, каштоўнасць якой залежала ад магчымасці яе распаўсюджання.
Развіццё прэсы і нараджэнне грамадскай думкі
Газета як рэгулярная крыніца інфармацыі з’явілася на пачатку XVII ст. У тэхнічным плане яе развіццё стала магчымым дзякуючы спалучэнню трох фактараў: развіццю друкарскай справы, якое пачалося яшчэ ў XV ст., паляпшэнню стану транспартных сродкаў і шляхоў зносін, якія забяспечвалі пэўную бяспеку і разам з тым большую хуткасць дастаўкі, а таксама развіццю паштовай службы, якая прадставіла прэсе ідэальную інфраструктуру для стабільнага распаўсюджання. Тым не менш, гэтыя тэхнічныя прычыны не маюць сэнсу, калі не суаднесці іх з тым, што Ж. Элюль называе фарма-
ваннем “думкі”, якая спарадзіла больш трывалыя кантакты паміж рознымі сацыяльнымі групамі, што складаюць нацыю.
Першыя газеты былі вуснымі: іх змест складалі апавяданні аратараў, што збіраліся ў Цюільры. Нават калі на змену ім прыйшоў аркуш з тэкстам, яго адразу ж пачалі абмяркоўваць публічна. Газету чыталі і каментавалі ў кабарэ і салонах і вакол прачытанага часта ўзнікалі дыскусіі. Непісьменнасць яшчэ была вельмі пашыранай — яна перастала быць масавай толькі ў сярэдзіне XIX ст.,— аднак гэта зусім не перашкаджала ўдзельнічаць у палітычных дыскусіях.
Першай значнай рэгулярнай газетай (друкаваныя бюлетэні ўжо сям-там існавалі) была “La Gazette” Тэафраста Рэнадо, першы нумар якой датуецца 30 мая 1631 г. Яна выходзіла на 12 старонках штотыднёва накладам у 1200 асобнікаў. Першая штодзённая газета стала выходзіць у Францыі праз паўтара стагоддзя — “Le Journal de Paris” з’явілася 1 студзеня 1777 г. 3-за кантролю з боку ўрада прэса не была месцам праяўлення плюралізму і выказвання новых ідэй, якімі быў насычаны той час. Пісьмовую частку палітычных дыскусій, што вяліся, забяспечвалі пасквілі, памфлеты і кнігі, якія ў сваёй большасці былі перыядычнымі напаўлегальнымі выданнямі. Ва ўсіх краінах, пра якія ідзе гаворка, у аснове стылю прэсы ляжала інфармацыя, якую падбіралі такім чынам, каб яна была спрыяльнай для ўрада, без каментавання і ідэалагічных тлумачэнняў.
Палітычныя ўзрушэнні, якія перажыло XVIII ст., вядома, аказалі непасрэдны ўплыў на прэсу. У Францыі ў 1789 і 1790 гг. з’явілася некалькі соцень газет, якія сталі адным з галоўных сродкаў вядзення палітычных дэбатаў. У Злучаных Штатах прэса вельмі хутка выкарыстала спрыяльныя палітычныя ўмовы. Адна з паправак да канстытуцыі Злучаных Штатаў гарантуе “свабоду распаўсюджання думак і меркаванняў” у якасці “аднаго з найбольш каштоўных правоў чалавека”. 3 таго часу гэта ўвайшло ў звычай і ўсякае практычнае аслабленне гэтага прынцыпу ўспрымалася як цэнзура, у тым ліку і з боку тых, хто гэта рабіў у інтарэсах пэўнай справы. 68
Таквіль выказаў сутнасць праблемы ў некалькіх словах, заявіўшы, што калі гаворка ідзе пра прэсу, то “несумненнане існуе сярэдзіны паміж рабствам і поўнай свабодай”. Прэса або свабодная, або не. У наступным часе прапаганда будзе прыкладаць шмат намаганняў, каб пераканаць, што паміж гэтымі дзвюма альтэрнатывамі існуе нейкі прамежкавы стан.
Падчас праўлення Напалеона была ўведзена папярэдняя цэнзура, але ў апошні перыяд існавання Імперыі прэса паступова зноў набыла сваю ролю інструмента вядзення палітычных дэбатаў. Рабочая прэса ўтварылася са з’яўленнем такіх якасных газет, як “L’Atelier”, што выйшла ў 1840 г. Як пра гэта сведчыць пашырэнне гурткоў для чытання, мітынгаў, рабочых асветніцкіх таварыстваў, газета была заўсёды ўплецена ў сацыяльную тканіну, пакідаючы значнае месца вуснай культуры. 3 пункту гледжання сацыяльнай камунікацыі пераадоленне непісьменнасці аказала дабратворны ўплыў не толькі на пісьмовую культуру.
У XIX — на пачатку XX ст. газета перажыла эвалюцыю, для якой былі характэрны адначасова тэхнічны прагрэс і поўная інтэграванасць прэсы ў камерцыйную сістэму, часткова дзякуючы рэкламе. Спалучэнне палітычнага лібералізму, які гарантаваў свабоду прэсы як адну са сваіх галоўных асноў, і эканамічнага лібералізму, заснаванага на свабодзе прадпрымальніцтва, утварыла, у прыватнасці, у Злучаных Штатах, урадлівую глебу для развіцця прэсы, якая такім чынам атрымала двайную абароненасць ад палітычнай улады. Рэклама, якая хутка развівалася паралельна з уздымам эканомікі, адыграла вялікую ролю ў камерцыялізацыі прэсы: на пачатку XIX ст. “аб’явы” займалі палову плошчы газет. Тыражы, пачынаючы з таго часу, трэба было толькі павялічваць, што і рабілася. У 1891 г. у Францыі налічвалася 400 штодзённых газет. У той жа час у ЗША іх налічвалася 1662 з агульным тыражом каля 9 мільёнаў экземпляраў. Праз дваццаць гадоў, у 1910 г., тыраж амерыканскіх штодзённых газет складаў 24 мільёны экземпляраў супраць 6 мільёнаў у Францыі.
Прагрэс у дастаўцы паведамленняў
Тэхніка развівалася следам за гэтым уздымам і спрыяла яму. У 1867 г. Іпаліт Марыноні вынайшаў ратацыйную машыну, якая працавала ў дваццаць пяць разоў хутчэй, чым дазвалялі ўсе спосабы, якія існавалі на той час. Вынаходніцтва лінатыпа ў 1886 г. дазволіла дасягнуць значна большай прадуктыўнасці пры наборы. Але вялікі прагрэс, што ператварыў прэсу ў сродак сацыяльнай камунікацыі з вялікім радыусам дзеяння, быў дасягнуты не толькі ў тэхніцы друкавання, але і ў сумежных, тым не менш, меўшых вырашальнае значэнне абласцях: сродках дастаўкі інфармацыі, якімі былі тэлеграф, а потым і тэлефон.
Першым варыянтам тэлеграфа быў “паветраны тэлеграф” Клода Шапа. Як і ў выпадку з першымі газетамі, тут мела месца прыватная ініцыятыва, першыя крокі па рэалізацыі якой ператварылі яго ў інструмент камунікацыі, што непасрэдна выкарыстоўваўся дзяржавай. Паветраны тэлеграф нарадзіўся ў разгар рэвалюцыйнай буры, у той момант калі Рэспубліка была з усіх бакоў акружана ворагамі. Уладу тады ажыццяўляў калектыўны орган — Камітэт грамадскага паратунку, члены якога не маглі лёгка выязджаць у памежныя раёны, паколькі гэта быў 1793 г. Пільная патрэба хутка звязвацца з кіраўнікамі рэвалюцыі стварыла ідэальныя ўмовы, пры якіх тэхнічны праект, каторы Шап беспаспяхова спрабаваў ажыццявіць на працягу некалькіх гадоў, змог бліскуча рэалізавацца.
Шап пабудаваў дзяўжаўную лінію Парыж — Ліль, якая стала прататыпам тэлеграфнай сеткі, пабудаванай у выглядзе зоркі, усе промні якой сыходзіліся ў Парыжы. Створаная Шапам лінія мела агульную працягласць 5000 кіламетраў, 556 станцый і штат звыш тысячы чалавек, функцыянавала да 1855 г. He зважаючы на прапанові Шапа дазволіць карыстацца тэлеграфам усім, а па першым часе прамыслоўцам і камерсантам, паветраны тэлеграф доўгі час, пакуль ім дазвалялі карыстацца толькі біржам і гандлёвым палатам, заставаўся сродкам камунікацыі, які быў цалкам манапалізаваны цэнтралізаванай 70
уладай, з’яўляючыся ў той час яе сімвалам: у 1830 г. паўстанцы Бардо ў адзіным парыве кідалі ў Гарону мэблю прэфекта і часткі разабранага імі пры такой нагодзе паветранага тэлеграфа.
Вынаходніцтва, а потым хуткае ўвядзенне ў карыстанне электрычнага тэлеграфа прывялі да поўнага прыпынення карыстання паветраным тэлеграс])ам. Першы ў Францыі вопыт выкарыстання электрычнага тэлеграс^а меў месца 18 мая 1845 г. на вакзале Сэн-Жэрмэн. Дзякуючы мадэрнісцкаму духу Другой імперыі ў перыяд з 1850 па 1870 гг. была створана гіганцкая тэлеграфная сетка. Пад напорам дэпутатаў, розных груп патэнцыяльных карыстальнікаў і грамадскай думкі дзяржаўная манаполія на карыстанне тэлеграфам была хутка ліквідавана. Спачатку ўлады забаранілі перадачу палітычных паведамленняў (акрамя афіцыйных). 3 адкрыццём тэлеграфа для шырокай публікі гэтая мера страціла сілу. Быў пройдзены велізарны шлях: у 1894 г. сталі прымаць ананімныя і кадзіраваныя тэлеграмы, што было немагчыма ўявіць за некалькі гадоў да таго.
Буйныя прэс-агенцтвы Хаваз, Рэйтэр, Асашыэйтэд Прэс, якія ўтварыліся ў працэсе развіцця прэсы, у сувязі са з’яўленнем тэлеграфа змянілі свой стыль работы. У выніку гэтага ўзнікла новая вартасць: хуткасць, з якой інфармацыя даходзіць да публікі. Несумненна, гэтае змяненне мела для прыроды сацыяльнай камунікацыі вынікі больш важныя, чым тое магло падацца: паступова ліквідавалася, прынамсі, ва ўспрыманні зацікаўленых асоб, паняцце сацыяльнай дыстанцыі, што асацыюецца з ідэяй пэўнага інтэлектуальнага адкату. Хуткасць набыла такі сацыяльны статус, які ў яе ні ў якай меры не будзе аспрэчвацца. Тэлефон умацаваў гэтую тэндэнцыю, дадаўшы пры гэтым да яе паступова характарыстыкі, якія сталі ўласцівымі для эры сучасных сродкаў камунікацыі. XIX ст. было стагоддзем друкаванай прэсы, XX ст. мелася стаць стагоддзем усіх відаў камунікацыі.
Бібліяграфія: R. Barthes, 1970; С. Bertho. 1981; J. Cohen, 1968; R. Descartes, ed. 1970; J. Ellul, 1967; R. Escarpit, 1976; A. Labarre, 1970; D. S. Landes, 1975; C. Perelman et Olbrechts-Tyteca, 1970; F. Yates, 1975.
II
ВЫБУХ СРОДКАЎ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ I
НОВЫХ МЕТАДАЎ
5. Першыя электронныя сродкі на службе камунікацыі
Напачатку нішто не абяцала таго, што слабы ток, які нясе электронны імпульс, стане магутным інструментам сацыяльных перамен. Сапраўдным сацыяльным узмацняльнікам адкрыццяў, што былі зроблены ў канцы XIX ст. у галіне электрамагнетызму і электронікі, стала радыё (бесправадны тэлефон), потым, праз некалькі дзесяцігоддзяў, з’явіліся тэлебачанне, радар і, нарэшце, камп’ютэр. У выніку электроніка ператварылася ў свет сродкаў камунікацыі.
Першыя крокі электронікі
“Рабочае выкарыстанне электронаў” пачалося, па сутнасці, з ідэі Амброза Флемінга, які быў навуковым кансультантам Марконі. Гаворка ішла пра сувязь без провада, як тады казалі, г.зн. пра сродак для імгненнай перадачы паведамленняў непасрэдна па паветры. Прагрэс у фізіцы, які быў дасягнуты, пачынаючы з 1832 г., дзякуючы даследаванням Фарадэя, а потым Максвэла, дазволіў прадбачыць тэарэтычную магчымасць перадачы электрамагнітных хваль, што маглі несці паведамленні. Такім чынам, з канцэптуальнага пункту гледжання вялікай рэвалюцыі тут не адбылося: там, дзе электрычнасць выкарыстоўвалася для перадачы па правадах тэлеграм, хвалі, якія распаўсюджваліся ў прасторы, маглі таксама служыць для перадачы інфармацыі. Марконі, зрэшты, паспрабаваў перадаваць гэтым спосабам з Англіі на Ньюфаўндленд сігналы Морзэ, і ніхто адразу не мог сабе ўявіць, што з дапамогай электрамагнітных хваль можна перадаваць чалавечы голас або музыку.