Выбух камунікацыі
Нараджэнне новай ідэалогіі
Філіп Брэтон, Сэрж Пру
Памер: 336с.
Мінск 1995
Асноўныя моманты сучаснай аргументацыі на карысць “грамадства камунікацыі” былі выкаваны ў нетрах кібернетыкі ў 40 — пачатку 50-х гг. Само слова “камунікацыя”, хоць і не набыло цалкам новага сэнсу пасля таго, як яго сталі ўжываць у кібернетыцы, тым не менш атрымала новую вагу і значэнне, якіх у яго не было да 1948 г., калі Вінэр пачаў яго папулярызаваць. Калі мы столькі гаворым сёння пра камунікацыю, то робім гэта дзякуючы (або з-за яе) кібернетыцы. Калі часам нам здаецца, што слова “камунікацыя” ахоплівае шэраг досыць разрозненых фактаў, то дзякаваць за гэта мы таксама павінны кібернетыку: пашырэнне новага паняцця “камунікацыя” адбывалася без дакладнага або недвухсэнсоўнага вызначэння яго сэнсу. Магчыма, для таго, каб дасягнуць такога ўсеагульнага поспеху, і патрэбна было нейкае эластычнае паняцце? Гэтая першапачатковая недакладнасць слова “камунікацыя” нагадвала той туман, які хутка агарнуў дакладныя межы кібернетыкі.
Прадукаванне ў вялізных маштабах ідэй і метадаў, выкліканае актыўным супрацоўніцтвам вучоных з вайсковымі інстытутамі ў часе вайны, сфармулявала арыгінальныя праблемы, якія сталі вынікам плённага кантактавання вучоных, што працавалі ў розных галінах. Без вайны і таго магутнага імпульсу, які яна надала прыкладным даследаванням, гэтага кантактавання, магчыма, ніколі б не адбылося.
Цэнтральным момантам асноўных пытанняў, якія абмяркоўваліся на ранніх этапах у колах першых кібернетыкаў, была аналогія, каторая, як здавалася, 92
існавала паміж пэўнымі аўтаматычнымі прыстасаваннямі, што былі створаны матэматыкамі і інжынерамі для вайсковых мэт, і эксплікатыўнымі мадэлямі некаторых тыпаў чалавечых паводзін, што пачалі выдзяляць на аснове сваіх назіранняў нейрафізіёлагі і медыкі. Здавалася, што магчымасць параўноўваць чалавека і машыну адкрывала новае поле для навуковых даследаванняў, якое было адначасова і загадкавым, і відавочна значна большым у параўнанні з тым, што навука стварыла дагэтуль. Для многіх навукоўцаў гэта ўяўлялася няйнакш як навуковай рэвалюцыяй.
Дзякуючы намаганням у галіне тэхнікі падчас вайны быў сапраўды дасягнуты вялікі прагрэс, у прыватнасці, у класе машын, якія апрацоўвалі інфармацыю або выкарыстоўвалі інфарматыўныя прыстасаванні. XVIII і XIX стст. былі, у сувязі з прамысловай рэвалюцыяй, вырашальным перыядам для развіцця энергетычнай магутнасці машын. Асноўны прагрэс у машыннай вытворчасці быў абумоўлены ўдасканаленнем рухавікоў, спачатку паравых, потым — унутранага згарання і, нарэшце, электрычных. Пры гэтым машыны выйгралі не толькі ў магутнасці, але і ў ступені аўтаномнасці і ў выніку гэтага ўзніклі асобныя віды дзейнасці, дзе чалавека замяніла машына, — як у цывільнай, так і ў вайсковай сферах.
Значнае ўзраетанне аўтаномнасці машын спарадзіла новыя праблемы, якія ў асноўным падзяляліся на два віды: як наладзіць зносіны з машынамі і, дадаткова, як арганізаваць зносіны паміж машынамі і як аснасціць машыны аўтаномнымі сродкамі кіравання і рэгулявання. Кожны крок прагрэсу машыннай вытворчасці ў напрамку да аўтаномнасці ўключаў распрацоўку новых сродкаў, якія б дазвалялі машыне на базе загадзя вызначаных паказчыкаў самой кантраляваць умовы свайго аптымальнага выкарыстання.
Падчас вайны Вінэр узяўся за стварэнне прыстасавання такога тыпу. Павелічэнне хуткасці самалётаў зрабіла неэфектыўнымі традыцыйныя сістэмы проціпаветранай абароны. Цяпер ужо не было і гаворкі пра тое, каб весці агонь прамой наводкай, бо хуткасць рэакцыі 93
наводчыка ўжо была абсалютна недастатковай. Гэта знешне другасная тэхнічная праблема была адной з ключавых у вайне, якую вялі саюзнікі супраць Германіі. Вінэр паспрабаваў у рамках кантракта паміж Масачусецкім тэхналагічным інстытутам, дзе ён быў прафесарам прыкладной матэматыкі, і Нацыянальным камітэтам даследаванняў у галіне абароны вырашыць праблему стварэння машыны, здольнай не толькі дзейнічаць гэтак жа хутка, як і самалёт, але і прадбачыць яго гіпатэтычную пазіцыю з улікам таго, што пілот ведае пра тое, што яго пераследуюць. Такім чынам, матэматык прыдумаў завершаную сістэму проціпаветранай абароны, якая ўключала радар і вылічальнае прыстасаванне. Упершыню машына прагназавала рэакцыю людзей, што была выклікана яе дзеяннямі. Таксама ўпершыню паміж машынай і чалавекам усталёўваліся цесныя ўзаемаадносіны, у якіх кожны імкнуўся прадбачыць дзеянні другога і, як вынік, карэктаваць у адпаведнасці з імі свае ўласныя дзеянні. Нарадзілася ідэя “feed-back” (зваротнай сувязі) у яе сучаснай форме. Яна служыла для апісання любой чыста інфарматыўнай прылады, што здольна рэгуляваць свае дзеянні ў адпаведнасці з вынікамі іх аналізу. Зыходзячы з гэтага, Вінэр інтуітыўна прадчуваў, што механізм зваротнай сувязі, з аднаго боку, быў крыніцай усякіх разумных дзеянняў, а з другога — здабыткам машын, якія ў сваім развіцці дасягнулі ўзроўню жывых істот.
Ад пэеюдзін да камунікацыі
Са з’яўленнем зваротнай сувязі можна было нарэшце кантраляваць (прынамсі, так лічыў Вінэр) лакалізацыю і магчымасць фармалізацыі з’яў, звязаных з “прыняццем рашэння”, што ўяўляе сабой стрыжань усякай разумнай і арганізаванай дзейнасці. Ствараючы машыны, дастаткова аўтаномныя для ўспрыняцця і аналізу інфармацыі, што прыходзіла са знешняга свету, і пастаяннага прыняцця рашэнняў у залежнасці ад пачатковай мэты, спецыялісты выйшлі на той узровень рэчаіснасці, які стасаваўся не толькі да машын, але і да паводзін усякай 94
істоты, што абменьваецца інфармацыяй са сваім асяроддзем і на аснове гэтага прымае рашэнні. Шырокая праграма даследаванняў, якая тады разгарнулася, тычылася не толькі распрацоўшчыкаў машын, але і ўсіх тых, перад кім так ці інакш стаяла задача тлумачэння чалавечых паводзін як з фізіялагічнага, так і псіхалагічнага, і сацыяльнага пунктаў гледжання.
Тады Вінэр прапанаваў у апублікаванай у 1942 г. працы, напісанай у сааўтарстве са сваімі калегамі медыкам Мак-Колакам і логікам Пітсам, класіфікацыю паводзін, якая б не залежала ад фізічнай або біялагічнай асновы, але затое б улічвала характар абменаў, што адбываюцца са знешнім асяроддзем. Такім чынам, усё “існае” магло класіфікавацца паводле характару абмену інфармацыяй, які яно вяло з асяроддзем. У 1942 г. Вінэр яшчэ гаварыў пра “паводзіны” ў сэнсе “паводзіны пры абмене інфармацыяй”. “Паводзіны” былі ўжо ўстарэлым паняццем, якое з пачатку стагоддзя распрацоўвалася біхевіярысцкай школай псіхалогіі, крэда каторай палягала ў адмаўленні ад усякай ідэі “ўнутранага свету” чалавека на карысць навуковага даследавання таго, “што паддаецца назіранню”, г.зн. навукі, якая вывучала паводзіны чалавека, зыходзячы з дзеянняў і рэакцый.
Уся сістэма мыслення Вінэра будавалася вакол ідэі, паводле якой верагодная прырода ўсякай істоты, за якой можна назіраць, незалежна ад таго, належыць яна да жывых істот, машын ці да нежывой прыроды, цалкам заключана ў яе сувязях, г.зн. у абмене інфармацыяй, які няспынна адбываецца паміж ёй і іншымі існасцямі, што насяляюць яе асяроддзе. Для Вінэра на гэтым палягаў адпраўны пункт сапраўднай інтэлектуальнай і навуковай рэвалюцыі. Там, дзе класічную навуку цікавіў унутраны змест з’яў, якія яна вывучала, кібернетыка прапаноўвала новае разуменне, што грунтавалася на вывучэнні сувязей паміж гэтымі з’явамі. Вінэр вельмі хутка перастаў ужываць слова “паводзіны”. Магчыма, таму, што гэты тэрмін сапраўды быў яшчэ занадта звязаны з ідэяй індывідуальнасці з’яў, у той час як Вінэр, наадварот, хацеў падкрэсліць вырашальнае значэнне ўсяго таго, што адбываецца паміж істотамі. Нарадзілася новае паняцце 95
—’’камунікацыя”. Той, хто яго вынайшаў, выкарыстоўваў яго толькі для апісання нейкага звычайнага ўзроўню рэальнасці, як, напрыклад, геалогія апісвае фармаванне зямной кары, медыцына займаецца чалавечым целам і яго здароўем і г.д. Камунікацыя не з’яўлялася аб’ектам даследавання асобнай навукі, яна была агульнай рысай усіх навук, паколькі дазваляла выхапіць у кожнай з’яве самае істотнае, тое, што складае яе глыбінную прыроду.
Вінэр прапанаваў класіфікацыю паводзін усіх істот, якія сустракаюцца ў прыродзе, паводле сувязей, каторыя яны мелі са сваім асяроддзем. На ніжняй прыступцы лесвіцы знаходзяцца істоты, што атрымліваюць інфармацыю і так ці інакш механічна рэагуюць на яе; потым ідуць больш складаныя істоты, што маюць “пастаўленую задачу”, канчатковую мэту, нават простую, як у выпадку фотатрапіі (харчаванне з выкарыстаннем сонечнага святла. — Рэд.) прасцейшых жывых арга-нізмаў; далей істоты, якія самаарганізуюцца ў залежнасці ад таго, якой мэты трэба дасягнуць; і нарэшце тыя, што распрацоўваюць свае дзеянні ў залежнасці ад вынікаў аналізу наступстваў іх паводзін. Гэты “паводзінны метад даследавання” рэчаіснасці ў хуткім часе прывёў да таго, што Вінэр пачаў аддаваць перавагу паняццю “камунікацыя”, якое, пачынаючы з 1947 г., знаходзіцца ў цэнтры яго творчасці, і стварыў на базе грэчаскага кораня слова кібернетыка.
Нараджэнне кібернетыкі
Пасля пяці гадоў станаўлення — пачынаючы з 1942 г., калі быў створаны паводзінны метад даследавання, — Вінэр адчуў патрэбу акрэсліць межы новай вобласці ведаў, у стварэнне якой ён унёс вялікі ўклад. Дзеля гэтага трэба было знайсці нейкае слова, якое б магло аб’яднаць асноўныя паняцці, што ўжо выйшлі з эмбрыянальнага стану, галоўнае, каб яно магло стаць сцягам, пад якім аб’ядналіся б усе, хто прызнаваў гэтыя новыя ідэі. Увага даследчыкаў была засяроджана на вывучэнні агульных, з пункту гледжання камунікацыі, з’яў паміж машынамі і жывымі істотамі. Вывучэнне прыродных з’яў часова 96
было пакінута ўбаку. Вінэр заўважыў, што на ўсю існуючую тэрміналогію занадта наклалі адбітак або слоўнік інжынераў — ва ўсім, што датычыла машын, — або слоўнік біёлагаў •— у тым, што датычыла чалавека. Ён зрабіў слушную на той час заўвагу, што не існуе агульнай для гэтых дзвюх сфер тэрміналогіі. Слова “кібернетыка” было першай спробай стварыць такую тэрміналогію, першым мастом, перакінутым паміж гэтымі дзвюма дысцыплінамі.
Вінэр адзначаў, што тэрмін “кібернетыка” паходзіў ад грэчаскага слова, якое азначала “лоцман”, а вытворнае ад яго слова ў лацінскай мове азначала “руль”. Можна было б таксама дадаць, што ад гэтай групы каранёў пайшло і “праўленне”, як “форма арганізацыі грамадства”. Выбар тэрміна “кібернетыка”, прынамсі, дазволіў ясней вызначыць новую сферу даследаванняў, тым больш што Вінэр папулярызаваў яго ў працы, якую апублікаваў у 1948 г. у Парыжы, але, як ні дзіўна, па-англійску, у выдавецтве Эрмана. Гэтая кніга, хоць яе мала чыталі, калі не лічыць спецыялістаў, мела вялікі поспех у публікі. што пазнаёмілася з ёй праз навукова-папулярныя часопісы, каторыя з гэтага часу вельмі ўважліва ставіліся да ўсіх публікацый па кібернетыцы. Французскія чытачы газеты “Le Monde” мелі магчымасць падрабязна пазнаёміцца з яе зместам на цэлай паласе нумара ад 28 верасня 1948 г.