Выбух камунікацыі
Нараджэнне новай ідэалогіі
Філіп Брэтон, Сэрж Пру
Памер: 336с.
Мінск 1995
Гэтае простае: разрозненне паміж формай і сэнсам інфармацыі, на якім настойваюць некаторыя спецыялісты ў галіне інфарматыкі, як, напрыклад, Жак Арсак у Францыі або Джозэф Вайцэнбаўм у ЗША, прыводзіць да пастаноўкі пытання, якое мае істотнае значэнне: “Ці можна перадаваць і апрацоўваць якасную інфармацыю, надаючы ёй матэрыяльную форму лічбавай інфармацыі, не скажаючы пры гэтым яе сэнс?” Гэтае пытанне мае яшчэ большае значэнне ў сувязі з тым, што сёння лічбавая парадыгма — фактар уніфікацыі і трансфармацыі ўсяго комплексу сродкаў камунікацыі.
Мужчыны і жанчыны ў сферы камунікацыі
Антрапалагічны погляд на гэтыя тры вобласці: сродкі масавай камунікацыі, тэлекамунікацыю і інфарматыку, — паказвае нам, што іх насяляюць персанажы, якія даволі значна адрозніваюцца адзін ад аднаго, і якія ад самага пачатку не належалі да адной культуры.
Мужчыны і жанчыны, што працуюць у сродках масавай інфармацыі, — журналісты, прадзюсеры, аўтары, палітычныя каментатары, спецыялісты па рэкламе, — як сацыяльв:ая група радыкальна адрозніваюцца ад людзей, што заняты ў сферы тэлекамунікацыі. Адны выхаваны на гуманітарных навуках і практычных правілах аргументацыі, а “чалавечы ўчынак” з’яўляецца галоўнай крыніцай, што сілкуе іх дзейнасць. Ключавыя асобы ў сродках масавай інфармацыі, напрыклад, прадзюсеры, па сваіх жыццёвых каштоўнасцях і вобразу жыцця блізкія да свету творцаў і артыстаў. Мужчыны і жанчыны, што працуюць у сродках масавай інфармацыі, уліваюцца ў плынь гуманістычнай традыцыі, у якой інфармацыя паўстае аб’ектам пастаяннай творчасці. Вывучэнне праграм навучання новым прафесіям у сферы камунікацыі ясна паказвае перавагу гэтага асноўнага параметра аргументацыі.
Тэхніка ў свеце сродкаў масавай інфармацыі, калі толькі яе сімвалічна не адкідваюць куды далей, мае статус адно толькі інструмента, а ў канкрэтных і штодзённых сацыяльных адносінах традыцыйна лічылася, прынамсі, да нядаўняга часу, што тэхнікі не маюць дачынення да акту творчасці. Зрэшты, тэхнічны персанал — інжынеры па гуку, аператары і г. д., — арганізаваны ў стабільныя і магутныя прафесійныя карпарацыі, што клапоцяцца пра забеспячэнне канкрэтных умоў працы людзей гэтых прафесій і ў вялікай меры спрыяюць творчаму працэсу, хоць і не прымаюць у ім непасрэднага ўдзелу.
Па кантрасце з імі мужчыны і жанчыны, якія працуюць у сферы тэлекамунікацыі, ад самага пачатку
з’яўляліся інжынерамі, пры гэтым адны з іх мелі большае дачыненне да прыкладных матэматычных дысцыплін, другія — да такіх перадавых галін тэхнікі, як электрычнасць альбо электроніка. У хуткім часе пэўная частка гэтых інжынераў была вымушана задумацца над прыродай паведамленняў, перадачы якіх яны садзейнічалі. Славутая “тэорыя інфармацыі” Шэнана —непасрэдны вынік пошукаў магчымасцей аптымізацыі перадачы паведамленняў, што была дасягнута, дзякуючы адэкватнаму кадзіраванню, якое дазваляла, напрыклад, зменшыць устойлівасць фонавага шуму ў каналах перадачы. Падыход гэтых інжынераў да інфармацыі, паведамлення быў вытрыманы ў духу навуковай культуры. Яны — мадулятары працэсу спалучэння сімвала, сігналу і шуму, пры тым, што кожны з гэтых тэрмінаў бярэцца ў асаблівым кантэксце. Такім чынам, у іх вызначэнні інфармацыі дамінуе дух квантыфікацыі, той самы, што дазваляе ім дасягнуць эфектыўных вынікаў пры рабоце з паведамленнямі і лініямі перадач. Інжынеры-тэлефаністы сталі натхняльнікамі стварэння сістэмы камунікацыі, якая ўключала б такія элементы, як перадатчык, прыёмнік, канал і паведамленне.
Аднак, апроч гэтага, інжынеры ў сферы тэлекамунікацыі ад самага пачатку былі зарыентаваны на сеткавы падыход: праблемы, якія ім трэба было вырашаць, з самага пачатку былі праблемамі руху, сувязі, усяго таго, што так ці інакш звязвае адно з другім. Такім чынам, іх канцэпцыя паведамлення — дынамічная: для іх паведамленне — гэта пэўная колькасць прыведзенай у рух інфармацыі, калі адбываецца яе распаўсюджанне, абмен, а потым знікненне. Той, хто кажа “сетка” (тэлеграфная. — Рэд.), кажа “тэрыторыя”, на гэты раз у сэнсе “палітычнай і сацыяльнай геаграфіі”. 3 часоў Шапа людзі, якія працуюць з камунікацыйнымі сеткамі, ведалі, што значыць тэрмін “палітыка”. Ён непасрэдна спрыяе абгрунтаванню іх знешне самых што ні ёсць тэхнічных праектаў. Калі ідэалам мужчын і жанчын, якія працуюць у сродках масавай інфармацыі, з’яўляецца поўная незалежнасць у іх дзейнасці ад палітычнай улады — яны нават успрымаюць сябе ў якасці “чацвёртай улады”, —
то мужчынам i жанчынам, якія працуюць у сферы тэлекамунікацыі, цяжка заставацца ў пазіцыі паміж палітычнай уладай, што дзейнічае ў рамках дзяржавы, эканамічнай улады, ва ўмовах, напрыклад, дэрэгламентацыі, і самімі сабой.
Мужчыны і жанчыны, што працуюць у тэлекамунікацыі, як і ўсе, хто мае дачыненне да “вялікіх тэхнічных сетак”, здаецца, з таго моманту, як узніклі іх прафесіі, у сацыяльным плане адрозніваліся ад іншага тэхнічнага персаналу. Як адзначае, услед за Ж. Рьібэйем (Ribeill), Шанталь дэ Гурно (Gournay), прадастаўленне гэтаму персаналу на ўсіх іерархічных узроўнях сацыяльных пераваг, службовых кватэр, пенсійных фондаў і да таго ж стабільнай занятасці вельмі хутка ператварылася ў “тэарэтычны гарант эксплуатацыі тэхнічных сродкаў”. Гэтая асаблівасць, аднак, не спрыяла нацыяналізацыі вялікіх камунікацыйных сетак (тэлефонная, электрычныя сеткі і г.д.).
Спецыялісты ў галіне інфарматыкі — таксама інжынеры, але яны карэнным чынам адрозніваюцца ад сваіх калег, што працуюць у сферы тэлекамунікацыі. Хоць часам цяжка адшукаць нейкія адмысловыя характарыстыкі для прадстаўнікоў прафесіі, якія ад самага пачатку аказаліся падзеленымі на спецыялістаў па тэхнічных сродках (hardware) і спецыялістаў па праграмным забеспячэнні (software), у тых, хто займаецца інфарматыкай, тым не менш, агульныя клопаты і характарыстыкі.
Як мы бачылі, першыя спецыялісты па інфарматыцы накіравалі сваю дзейнасць на стварэнне машыны, якая была б здольнай выконваць пэўныя функцыі чалавечага мозгу, перш за ўсё вылічэнні, але таксама і апрацоўваць інфармацыю і прымаць рашэнні, што разглядалася як асобная разнавіднасць вылічэнняў. Вельмі хутка пытанне, каторае паставілі спецыялісты па інфарматыцы, стане пытаннем ведання, як ператварыць камп’ютэр у актыўнага партнёра па камунікацыі. Культура інфарматыкі, заснаваная на традыцыі, што ідзе ад Дэкарта і Лейбніца да Вітгенштэйна і Цьюрынга, у вялікай мерьі пазначана пошукам рацыянальнай відавочнасці, доказу і лагічнай
дэдукцыі, а таксама універсальнай мовы. У гэтым сэнсе інфарматыка непасрэдным чынам цікавіцца працэсамі, што тлумачаць інтэлектуальную творчасць і кіруюць ёю. Фанаты інфарматыкі ўтвараюць сапраўднае “племя”, адмысловую сацыяльную групу, дзе ў адной структуры аб’ядноўваюцца прафесіяналы і аматары, клопаты якіх больш датычаць інструмента, а не канкрэтных спосабаў яго выкарыстання. Натуральным памкненнем гэтай новай культуры было стварэнне штучнага інтэлекту.
Сацыяльныя абавязкі спецыяліста па інфарматыцы — у сэнсе “служэння грамадству” — значна меншыя, чым у яго калег, якія працуюць у сферы масавай інфармацыі і тэлекамунікацыі. Да таго ж па ўмовах аплаты яго прафесія бліжэй да прамысловай вытворчасці. Згодна з ягоным ідэалам нейтральнасці, які адначасова з’яўляецца яго крэда і шырокаўжывальным штампам, камп’ютэр — гэта ўсяго толькі “інструмент”, які служыць любой мэце. Гэта не перашкаджае ні таму, каб інфарматыка займала асаблівае месца ў сацыяльным абшары, ні таму, каб некаторыя асобы называлі яе рухальнай сілай сапраўднай “рэвалюцыі” або цэнтрам новай “тэхнічнай культуры”.
Новая лічбавая парадыгма
Адной з вялікіх перамен, магчыма, найбольш значных з часоў антычнасці, якая аказала ўздзеянне на сродкі камунікацыі знутры, з’яўляецца ўплыў лічбавай парадыгмы, у тым выглядзе, які стаў магчымы, дзякуючы сучаснай ідэалогіі камунікацыі. Гэтым паняццем пазначаюць аб’яднаныя ў адным аднародным ансамблі чатыры вымярэнні: базавую тэхніку, электроніку, асаблівую метадалогію аўтаматычнай і лагічнай апрацоўкі інфармацыі, звязную і універсальную сістэму прадстаўлення свету і, нарэшце, стратэгічную і эканамічную мэты. Магутнасць лічбавай парадыгмы звязана, несумненна, з сінэргіяй, якой яна дасягнула паміж гэтымі чатырма вымярэннямі, што дагэтуль існавалі ўпаасобку ў свеце тэхнікі, палітыкі, эканомік.і або філасофіі.
Імклівы прагрэс электронікі вядомы: мы апісалі яго гістарычны пачатак. Такое развіццё тлумачыцца адкрыццём феноменаў перадачы хваль, што пераносяць сігналы і распаўсюджваюцца ў атмасферы і ў космасе, a потым — выкарыстаннем слабога току (у адрозненне ад электрычнай крыніцы сілкавання) пры кантролі за ўсё большай колькасцю энергетычных працэсаў. Электроніка дазваляе адначасова перадаваць сігнал, кіраваць ім, кантраляваць яго, узмацняць і рэгуляваць.
У гэтых спосабах выкарыстання электронікі можна выдзеліць пасіўную функцыю перадачы сігналу, напрыклад, у радыёхвалях, і актыўную функцыю, калі электроніка служыць для ажыццяўлення кантролю над іншымі працэсамі, напрыклад, у мікрапрацэсары, які кіруе аўтаадказчыкам тэлефона. Электроніка выклікае вялікі інтарэс таму, што з’яўляецца адначасова і абсалютна дакладнай і пунктуальнай тэхнікай (дарэчы, цяпер яна ляжыць у аснове вымярэння часу), і інструментам, якім можна авалодаць у поўнай меры. Аднойчы завушчаны ў працу электрон — раб, якога выкарыстоўваюць у розных мэтах, дакладны, пунктуальны, верны і цалкам паслухмяны, што выконвае важную кіруючую функцыю ў большасці іншых галін тэхнікі. Велізарны прагрэс, які быў дасягнуты ў гэтай сферы з моманту з’яўлення вакуумнай трубкі і да сённяшніх інтэгральных схем, несумненна, у такой жа ступені абумоўлены як вынаходлівасцю вучоных і фінансавай падтрымкай, якую яны мелі, так і незвычайнай прыроднай падатлівасцю электрона. Тут можна назіраць вынік даволі незвычайнага ўзаемадзеяння чалавечай вынаходлівасці з гнуткай і падатлівай сферай прыроды.
Прыблізна ў сярэдзіне стагоддзя адбылося аб’яднанне электронікі з такімі метадалогіямі лагічнага вылічэння, як алгебра Буля і спроба Цьюрынга раскласці вылічэнне на алгарытмы. Гэтыя метадалогіі былі створаны незалежна ад электронікі і, зрэшты, могуць абысціся без яе, але, дзякуючы яе пасрэдніцтву, вельмі моцна пашырылі сваё практычнае выкарыстанне. Электроніка перш за ўсё паспрыяла шырокамаштабнай матэрыяльнай рэалізацыі патэнцыяльных магчымасцей, якія давалі новыя метада113