Выбух камунікацыі
Нараджэнне новай ідэалогіі
Філіп Брэтон, Сэрж Пру
Памер: 336с.
Мінск 1995
У 1887 г. Рудольф Герц даследаваў гэтыя хвалі, якія з таго часу атрымалі яго імя. Але, хоць перадаваць хвалі Герца ўмелі, ні прыёмнікі, ні нават перадатчыкі яшчэ не былі досыць дасканалымі. Разам з тым Эдысон, спрабуючы выправіць некаторыя дэфекты сваёй
электрычнай лямпы напальвання, зрабіў цікавае адкрыццё: пры пэўных паказальніках вакууму і напружання вакол ніці напальвання назіралася выпраменьванне блакітнага святла. У хуткім часе было выяўлена, што гэта звязана з выдзяленнем электронаў (назву прыдумаў ірландскі фізік Джордж Джонстан Стоўні ў 1891 г.
Па праўдзе кажучы, гэтае свячэнне было выяўлена (і нават выкарыстоўвалася для салонных забаў) Яўгенам Гольдштэйнам з Патсдама. Д.Д.Томсан, дырэктар Кавендышскай лабараторыі ў Кембрыджы, паказаў у 1897 г., што яно якраз адпавядала праходжанню электронаў. Вынікі ўсіх гэтых даследаванняў былі вядомы Флемінгу, і ён вынайшаў у 1904 г. славуты “дыёд”, разлічаны ў перспектыве на выкарыстанне электронаў для камунікацыі без правадоў. Воблака электронаў, якія выпраменьваліся адмоўным полюсам ніці накалу электроннай лямпы, пры ўмове забеспячэння ў лямпе вакууму мела ўласцівасць ляцець па прамой лініі да ініпага полюса, які быў зараджаны станоўча. У залежнасці ад таго, ці быў гэты станоўчы зарад на полюсе, ці не, у лямпе адбывалася эмісія электронаў. Прыручэнне “слабога току” — у адрозненне ад звычайнай электрычнасці — пачалося.
Дасягнуты ў далейшым прагрэс меў вырашальнае значэнне як для радыё, так і для іншых сфер выкарыстання: у 1906 г. Лі Дэ Форэст, які імкнуўся сканструяваць добры прыёмнік радыёэлектронных сігналаў і, у прыватнасці, прыстасаванне, якое магло б узмацняць прыняты сігнал, вынайшаў трыёд. Яму прыйшла думка размясціць паміж полюсам, які выпраменьвае электроны, і полюсам, які іх прыцягвае, больш ці менш электрычна зараджаную сетку, што дазваляла б рэгуляваць паток электронаў і вар’іраваць яго ў залежнасці ад патрэбы. 3 гэтага моманту была створана аснова таго, што Бертран Жыль назваў “асноўным элементам сучаснай тэхнічнай сістэмы”, а А.Ф. Харлоў — “самым сапраўдным маленькім гігантам за ўсю гісторыю”.
Ад радыё праз тэлебачанне да камп’ютэра
Спачатку электроніка выкарыстоўвалася ў радыё, сэрцам якога была вакуумная трубка. Камерцыйны ўздым гэтага новага спосабу камунікацыі прыпаў на пачатак дваццатых гадоў і вельмі хутка перажыў ашаламляльнае развіццё. Тут трэба заўважыць, што вынаходніцтва радыё было вытворным ад трох непасрэдна звязаных з камунікацыяй з’яў, хоць іх і трэба ацэньваць на розных узроўнях. Перш за ўсё, як мы толькі што бачылі, стварэнне радыё стала тэхнічна магчымым дзякуючы дасягненню кантролю за рухам электронаў: эмісія, абмен, цыркуляцыя электронаў —камунікацыйная з’ява, якую ўдалося апанаваць на фізічным узроўні. Між іншым, менавіта ў сувязі з гэтым было вынайдзена паняцце зваротнай сувязі (feed-back), якое праз некалькі год пачало служыць камунікацыі ў цэлым. Потым, як настойліва падкрэслівае Дэйвід С. Ландэс (Landes), “радыё сведчыла пра існаванне свету ведаў, у якім чэрпалі з агульнай скарбонкі ідэй... свету, у якім, акрамя таго, удасканаленне сродкаў камунікацыі... у велізарнай ступені паскарала распаўсюджанне кожнай новай ідэі”. Радыё сапраўды было складаным тэхнічным аб’ектам, які ўключаў у сябе шматлікія новыя вынаходніцтвы. Інтэнсіўныя зносіны паміж навукоўцамі, інжынерамі і прамыслоўцамі дазволілі дабіцца росквіту новага сродку камунікацыі. Нарэшце, радыё не ведала ніякіх праблем з камерцыйным распаўсюджаннем. Яно рэкламавала само сябе. Радыё само эфектыўна спрыяла свайму распаўсюджанню, гэтак жа як і кніга ў эпоху Адраджэння, якая самім сваім зместам рабіла сабе рэкламу і дэманстравала сваю вартасць як сродку камунікацыі, чаго не было на працягу ўсяго сярэднявечча.
Каб растлумачыць вельмі хуткае масавае распаўсюджанне радыё, Ландэс падкрэслівае той факт, што гаворка ідзе пра прадукт, карысць якога мяняецца ў адваротнай залежнасці ад прыбытку. Калі для прывілеяваных слаёў грамадства радыё было адной з многіх
забаў, то для найбольш знядоленых — адзінай забавай у вольны час, без якой нельга было абысціся. Несумненна, трэба было б падкрэсліць эфект трэнінгу і аўтатрэнінгу гэтага новага сродку сацыяльнай камунікацыі.
Першая сусветная вайна паспрыяла развіццю і папулярызацыі сродкаў камунікацыі ва ўсіх сферах, у тым ліку і радыёфаніі. Крызіс 1929 г. і наступная дэпрэсія, уздым таталітарызму сталі ідэальнай глебай для развіцця патрэбы ў камунікацыі. Еўрапейская статыстыка выдачы дазволаў, якія тады былі неабходнымі для атрымання права набыцця радыёпрыёмніка, паказвае, наколькі крывая росту была болып крутой у Германіі, чым у Англіі ці Францыі. У 1933 г. у Германіі налічвалася 5 053 000 выдадзеных дазволаў пры 6 000 000 у Англіі і 1 308 000 у Францыі. Праз некалькі гадоў, у 1939 г. гэтыя лічбы складалі адпаведна 13 711 000, 8 900 000 і 4 992 000.
Паралельна з развіццём радыё нараджаўся новы сродак інфармацыі: тэлебачанне. 3 улікам складанасці гэтага метаду, а таксама патрабаванняў, якія прад’яўляліся да прамысловасці гэтым новым сродкам перадачы інфармацыі, давялося чакаць практычна саракавых гадоў, каб тэлебачанне стала сапраўдным сродкам масавай камунікацыі. Аднак першыя прататыпы, у якіх выкарыстоўваліся два канкурэнтныя прынцыпы — механічны і электронны — з’явіліся ў дваццатыя гады. Як заўважае ў сваім аналізе Патрыс Флішы (Flichy), спатрэбіўся пэўны час, каб “электронная парадыгма” перамагла ў гэтай галіне. Першыя эксперыментальныя перадачы пачаліся ў верасні 1929 г. Праз сем гадоў Бі-Бі-Сі стварае ў Англіі пастаянную тэлевізійную службу. Працэс набіраў абароты досыць марудна. На пачатку саракавых гадоў у Англіі налічвалася каля 20 000 тэлепрыёмнікаў, у Злучаных Штатах Амерыкі — 10 000, а ў Францыі ледзь набіралася 200. Тады электроніка канчаткова выцесніла механічны спосаб, што дазволіла тэлебачанню разгарнуцца на ўсю сілу.
Наступным этапам гэтых прыгод электронікі, якія толькі пачыналіся, быў радар (Radio Detection and Ranging) i адразу ж за ім камп’ютэр, галоўны кампанент сродкаў камунікацыі XX ст.
Уражваюць паралелі паміж нараджэннем пісьма на Сярэднім Усходзе пяць тысяч год таму і інфарматыкі ў сярэдзіне XX ст. У абодвух выпадках новы спосаб камунікацыі ўзнік у сувязі з вылічэннямі, з якіх ён паступова вылучыўся; у абодвух выпадках спачатку гэты спосаб праходзіць фазу, звязаную выключна з запамінаннем дадзеных і пасіўнай апрацоўкай інфармацыі; у абодвух выпадках гэты спосаб паслужыць матэрыяльным сродкам для інтэнсіўнага распаўсюджання ідэй і інфармацыі сярод людзей; у абодвух выпадках пасля вынаходніцтва базавага метаду форма новых інструментаў камунікацыі ў значнай ступені вызначалася ўмовамі, у якіх адбывалася эвалюцыя грамадства.
Вядома, каб стаць сапраўдным спосабам камунікацыі, пісьмовасці спатрэбілася значна болей часу, чым інфарматыцы, але калі прыгледзецца, дык можна ўбачыць, што рух інфарматыкі да выкарыстання ў якасці сродку камунікацыі не быў простым. Нават сёння гэта яшчэ далёка не гарантавана і, магчыма, тая рэвалюцыя, якую многія чакаюць ад інфарматыкі, далёка наперадзе. Падзеі, раўназначныя тым, што прывялі да Адраджэння (з пункту гледжання кнігі), у дачыненш да інфарматыкі, магчыма, яшчэ толькі павінны адбыцца.
Як бы там ні было, інструмент ёсць, і мы можам прасачыць асноўныя этапы яго вынаходніцтва, першыя выпадкі яго выкарыстання і яго першыя крокі. Як і пісьмо, інфарматыка ўзнікла з вылічэнняў і жадання рацыянальнай апрацоўкі пэўнай колькасці сацыяльнай інфармацыі. Пачынаючы з XIX ст., дзвюма тэхнічнымі асновамі інфарматыкі былі развіццё дзейнасці, звязанай з разлікамі, у прыватнасці, у свеце тэхнікі, і прагрэс механаграфіі, метаду, які выкарыстоўваўся пры вывучэнні сацыяльнай і эканамічнай сітуацыі. Потым, у сярэдзіне дваццатага стагоддзя, прыблізна ў 1945 г., з’явіліся першыя камп’ютэры, якія вельмі рана былі пазначаны спакусай камунікацыі. Першыя вылічальныя сеткі, якія паставілі камп’ютэры на службу камунікацыі, убачылі свет практычна ў той жа час.
Развіццё вылічэнняў
Інжынеры Адраджэння, якіх усё цікавіла і якія шукалі ў матэматыцы сродак, каб перайсці “ад рэцэптаў да довадаў”, стаялі ля вытокаў аднаго з найбольшых узрушэнняў, якія перажыла тэхніка. Выкарыстанне прыкладной матэматыкі глыбока змяніла звычайную практыку там, дзе на працягу тысячагоддзяў правілам быў эмпірызм, у прыватнасці, у будаўніцтве.
Адным з галоўных зыходных пунктаў выкарыстання матэматыкі ў тэхнічных мэтах было яе прымяненне ў вайсковай справе. Адзін з першых вядомых прыкладаў адносіцца да канца XV ст., калі артылерысты Карла VIII размясцілі на пляжы паблізу Неапаля кавалкі палатна на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго, каб замераць адлегласць палёту ядраў у залежнасці ад вугла ўзвышэння рулі пры стрэле. Цікава, што вырашальны прагрэс, які прывядзе праз пяць стагоддзяў да вынаходніцтва камп’ютэра, таксама будзе дасягнуты ў сувязі з распрацоўкай новых метадаў вылічэнняў — пры стварэнні для патрэб амерыканскай дзеючай арміі табліц для стральбы.
Паступова рамеснікі пры ажыццяўленні вялікіх архітэктурных праектаў былі заменены інжынерамі — людзьмі, якія кіраваліся разлікамі і прадбачаннем. Гэтая змена ў метадах, несумненна, стала прычынай яшчэ больш вырашальнага змянення ў тым, што датычыць спосабаў перадачы тэхнічных прыёмаў. У той час як эмпірычныя веды рамесніка маглі быць перададзены толькі праз непасрэдны вопыт і навучанне на прыкладзе, фармальныя веды інжынера маглі часткова перадавацца і завочна. Друкаваны тэкст і тэхнічны малюнак з’яўляліся ідэальнымі носьбітамі новых ведаў, і тэхніка пачала ператварацца ў аб’ект сапраўднай сацыяльнай камунікацыі.
Развіццё прамысловасці ў XIX ст. зрабіла канец гэтага стагоддзя і пачатак наступнага залатым векам вылічэнняў, якія выкарыстоўваліся ў тэхніцы. Пачалі вырастаць вялікія архітэктурныя збудаванні. Масты, тунелі, вежы і высотныя дамы былі непасрэдным прадуктам “імперыі дыферэнцыяльнага ўраўнення”,
сфера ўжытку якога ахоплівае ўсе рэчы, на якія ўздзейнічае пэўная сіла. Цяпер самая малая апора ў мосце, самая малая бэлька ў будынку, які меў хоць нейкае значэнне, пачыналі існаваць найперш у выглядзе спецыяльных разлікаў, якія загадзя і надзейна гарантавалі магчымасць іх узвядзення і трываласць.