Выбух камунікацыі
Нараджэнне новай ідэалогіі
Філіп Брэтон, Сэрж Пру
Памер: 336с.
Мінск 1995
Рымская цывілізацыя: культура камунікацыі
Умовы, у якіх была стварана Імперыя, нават пры тым, што, канешне, заваяванне не абышлося без актаў гвалту, вельмі паспрыялі распаўсюджанню лацінскай культуры і яе універсальнасці, як у прасторы, так і ў часе. Гэтая універсальнасць, далёкая ад культурнага імперыялізму, набыла больш камунікатыўную форму пошуку прымірэння, што таксама было тыповым для рымскага менталітэту і знаходзіла сімвалічны адпаведнік у кульце багіні Канкордыі, якая сімвалізавала грамадзянскае адзінства. Улічваючы юрыдычныя і палітычныя асновы Імперыі, лацінская культура была ў першую чаргу культурай асіміляцыі і традыцыі, пра што сведчыць уключэнне ў арыгінальны ансамбль па чарзе грэчаскай культуры, усходніх уплываў і, нарэшце, хрысціянства.
Для лацінскай мовы была ўласціва моцная прагматычная афарбоўка, а пэўны недавер да абстракцыі і надта агульных выразаў прывёў да стварэння лацінскімі пісьменнікамі яснага і дакладнага стылю, які нічога не пакідаў у цяні. Грымаль адзначаў, што ў Рыме латынь была “далікатным механізмам”, і што гэтая мова з’яўляецца праяўленнем намагання недвухсэнсоўна 38
перадаць дакладнае значэнне таго, што сцвярджаецца. Было недастаткова, піша ён, каб мова паведамляла нейкі факт, трэба было, каб яна таксама магла паказаць адносіны таго, хто гаворыць, да гэтага паведамлення: ці хацеў ён быць цалкам бесстароннім, ці, наадварот, ён выступае рупарам чужой думкі, ці проста абмяжоўваецца паказам магчымасці. Грымаль таксама заўважае, і гэта важна, што галоўныя выпрацаваныя грэкамі паняцці, якія вызначаюцца пошукам абстрактнай універсальнасці, пры перакладзе на латынь набылі іншы сэнс, больш матэрыяльны і ў большай ступені арыентаваны на грамадскае жыццё горада. Гэты прагматызм спарадзіў ідэю інфармацыі, г.зн. ведаў, якія можна выпрацаваць, падмацаваць і, што асабліва важна, ведаў, якія можна перадаць, у прыватнасці, пры дапамозе адукацыі.
Нараджэнне паняцця інфармацыі
Тыповай рымскай рысай было жаданне павучаць, інфармаваць, і гэта вынікала з саміх характарыстык мовы, якая была цалкам арыентавана на матэрыяльную камунікацыю. Лацінскае слова informatio, ад якога паходзіць сучасны тэрмін “інфармацыя”, адсылае нас да дзвюх груп значэнняў. 3 аднаго боку, яно абазначае вельмі матэрыяльнае дзеянне, звязанае з апрацоўкай, наданнем формы. 3 другога боку, у залежнасці ад кантэксту, яно абазначае навучанне, адукацыю або ідэю, паняцце, уяўленне.
Суіснаванне гэтых дзвюх груп значэнняў, адна з якіх адносіцца да сферы матэрыяльнага ўвасаблення, а другая да сферы ведаў і адукацыі, выглядае тыповым для рымскай вынаходлівасці. Яно паказвае, што ў адрозненне ад грэчаскай культуры рымская культура не аддзяляла сферу тэхнікі ад сферы ведаў. У Грэцыі сацыяльныя адрозненні рабілі даволі непранікальнымі свет рамеснікаў і практычных спецыялістаў, якія часта былі рабамі, і свет свабодных людзей, грамадзян, якія аддаваліся інтэлектуальным гульням. Такім чынам, пагарду грэчаскіх інтэлектуалаў да рыторыкі трэба таксама 39
разумець і як пагарду да спецыялістаў-практыкаў. У параўнанні з Грэцыяй рымскае грамадства выглядае менш закамплексаваным у тым, што датычыцца ператварэння ведаў у аб’ект, які ствараецца і якому надаецца нейкая форма.
Гэтая пазіцыя выдатна ілюструецца стаўленнем рымлян да паўсядзённага прыватнага жыцця, якое са з’яўленнем “Сатырыкона” Петронія ўпершыню ў антычнай літаратуры становіцца прадметам аповеду, тады як раней немагчыма было ўявіць, каб вёўся аповед пра прыгоды персанажаў, якія не з’яўляюцца легендарнымі або гістарычнымі асобамі.
Усе сітуацыі, у тым ліку драмы і святы прыватнага жыцця, урэшце сталі прадстаўляцца перад публікай, напрыклад, у камедыях, аўтары якіх не спыняліся ні перад вольнасцямі, ні перад непрыстойнасцямі. Авідзій, чый поспех ніколі не выклікаў сумненняў, вынайшаў новы жанр — настаўленне па любоўных адносінах, антычную версію таго, што б мы назвалі цяпер “рэцэптам паводзін”. “Мастацтва кахаць” сапраўды з’яўляецца падручнікам, які на надзвычай вялікай колькасці прыкладаў дакладна паказвае, дзе і як сустракацца з партнёрам, як знайсці да яго падыход, спакусіць і, урэшце, утрымаць. Такім чынам, рыторыка была непасрэдна пастаўлена на службу паўсядзённаму жыццю.
Развіццё навучання рыторыцы
Разам з прафесіяналізацыяй рыторыкі ў шматлікіх школах, якія пачалі адчыняцца ў II ст., навучанне вялося па падручніках. Найбольш вядомымі трактатамі былі “Рыторыка Херэнхіуса” — плён разважанняў невядомага аўтара, які будзе перапісвацца на працягу ўсяго сярэднявечча, “De oratore” Цыцэрона, твор, які быў вядомы і меў прызнанне да XIX ст., і “De institutione oratoria” Квінціліяна, які ўяўляў сабой завершаны план педагагічнага выхавання і які вельмі высока ацэньвалі Лютэр, Эразм, Лафантэн і Расін. Цыцэрон раманізаваў Арыстоцеля, дэзінтэлектуалізуючы яго, але разам з тым 40
змагаючыся і супраць спецыялізацыі школ, каб садзейнічаць павышэнню агульнай культуры.
Асновай агульнай культуры была адукацыя. Пад кіраўніцтвам настаўніка, які паказваў прыклад і дзейнічаў па свайму меркаванню, вучань павінен быў выконваць два тыпы практыкаванняў: апавяданне (кароткі пераказ і аналіз гістарычных або сучасных падзей у адпаведнасці з нейкім зададзеным планам або адвольна) і дэкламацыю (прамаўленне з нейкай гіпатэтычнай нагоды). Такім чынам, вучань, атрымліваючы далёка не абстрактныя веды, вучыўся камунікацыі. Яго культурай была культура камунікацыі, і яна рыхтавала яго да выканання будучых абавязкаў грамадзяніна. У гэтым сэнсе “інфармаваць” вучня азначала даць яму адукацыю, а таксама навучыць яго карыстацца ёю.
Пераважнае навучанне рыторыцы не перашкодзіла, аднак, развіццю пісьмовага тэксту, не зважаючы на яшчэ прымітыўную тэхнічную базу стварэння кнігі. Стыкоўку рыторыкі з пісьменствам ажыццявіў Квінціліян (у 30— 90 гг.), які стварыў тэорыю мастацтва пісаць. Гэты вялікі рытар, апошні рытар антычнасці, раіў тым, хто хацеў дабіцца поспеху ў пісьменстве, прытрымлівацца шэрагу правілаў: шмат чытаць і пісаць, наследаваць узоры, выпраўляць свае тэксты пасля таго, як яны “адпачнуць”.
Перыяд з II па IV стст., перыяд міру і камерцыі, дазволіў рыторыцы ахапіць усю агульную культуру, стаць агульнай культурай і такім чынам пранікнуць у пісьменства. Кніга пачала выконваць функцыю сродку камунікацыі, якім яна ў поўнай меры стане толькі ў часы Адраджэння. Побач з казаннямі філосафаў, дэкламацыямі рытараў і іх вучняў існавалі яшчэ і публічныя чытанні (recitationes). Пісьменнікі, часам нават імператары, пачынаючы з Аўгуста, чыталі свае творы перад публікай. Пры гэтым развіццё кнігі адбывалася пад моцным уплывам аратарскай практыкі. Пры напісанні твораў аўтары зыходзілі з таго, што яны, творы, будуць чытацца перад публікай і намагаліся дасягнуць прамоўніцкіх эфектаў, напрыклад, заканчваючы выкладанне кожнай сваёй думкі сентэнцыяй, яскравай фармулёўкай, якая абуджала ўвагу слухачоў і рэзюмавала тое, аб чым 41
гаварылася. Гэта цалкам адпавядала аратарскай традыцыі. Часам публічныя чытанні арганізоўвалі прадпрымальныя гандляры кніг, якія праз гэта рэкламавалі навінкі або “паўторныя выданні”. Грымаль піша: “У Рыме кнігарні і залы для дэкламацыі былі месцам сустрэчы знаўцаў, якія абмяркоўвалі літаратурныя праблемы: моладзь слухала, старыя кліенты разважалі, стоячы сярод скруткаў кніг, якія радамі ляжалі на паліцах. Дзверы кнігарні пакрывалі надпісы, на якіх паведамлялася аб наяўнасці ў продажы твораў; часта змяшчалі першыя радкі вершаў пад бюстам іх аўтара. Рэклама размяшчалася і на суседніх слупах. Гэтыя кнігарні знаходзіліся, натуральна, непадалёку ад форума”.
3 цягам часу рымляне развілі ўсе спосабы камунікацыі, якія атрымалі ў спадчыну ад розных народаў Імперыі. Напрыклад, афіша была вядома даўно. Грэкі карысталіся ёю для апублікавання законаў, якія вырэзваліся на драўляных дошках або каменных плітах. Рымляне прыдумалі “альбом” — пабеленыя вапнай і расчэрчаныя на прамавугольнікі сцены, на якіх рабіліся надпісы. Старажытныя культуры былі, вядома, знаёмыя і з дастаўкай паведамленняў (прыклад чаго — гісторыя воіна, які прынёс у Афіны паведамленне пра перамогу пры Марафоне і памёр ад знясілення), і з перадачай паведамленняў на адлегласць (грэчаскае тэле азначае “далёка”). Тэзей, каб паведаміць пра сваю перамогу над Мінатаўрам і што сам ён жывы і здаровы, павінен быў замяніць на сваім караблі чорныя ветразі на белыя. Ягоная няпамятлівасць сталася прычынай самагубства Эгея. Як заўжды, больш прагматычныя рымляне выкарысталі гэты метад для стварэння ўздоўж сваіх вайсковых дарог сеткі аптычнага тэлеграфа. Клапоцячыся пра павышэнне эфектыўнасці, яны прыдумалі таксама прынцып сігналізацыі з дапамогай рухаў сцяга аб кожным манеўры легіёна, што дазволіла перадаваць загады камандзіраў кожнаму салдату. Яны ўдасканалілі таксама сістэму пароляў для начной варты, функцыянаванне якой было вельмі рэгламентаваным. Як бачым, рымская эфектыўнасць часткова дасягалася дзякуючы ўсведамленню значэння інфармацыі.
Усведамляючы ў большай ступені, чым іншыя народы, ролю інфармацыі ў грамадскім жыцці, рымляне вынайшлі і першую сапраўдную газету “Acta diurna”, у якой па загаду Цэзара даваліся справаздачы пра работу сената, а таксама паведамлялася пра святы і розныя падзеі.
3 IV ст. да н.э. іанічны алфавіт паступова замяніў мясцовыя грэчаскія алфавіты. Вялікае распаўсюджанне гэтага алфавіта ў Міжземнамор’і і па-за яго межамі працягнецца да эпохі рымлян. У I ст. да н.э., у часы Цыцэрона, алфавіт стабілізаваўся, і яму не ставала толькі адной літары, каб набыць сучасную форму. Гэты лацінскі алфавіт стане агульнай асновай пісьма для ўсяго Захаду. Паралельна з лацінскімі рукапісамі, якія былі скапіраваны ў перыяд сярэднявечча і якія павінна было нанова адкрыць Адраджэнне, праз стагоддзі, дзякуючы сваёй інтэграванасці ў каталіцызм, праз творы Арыстоцеля, Цыцэрона і Квінціліяна дайшла вялікая дактрына рыторыкі. На працягу антычнасці судовая мова засталася нязменнай, мова, якая выкарыстоўвалася для абмеркавання розных пытанняў на сходах, у апошні перыяд існавання Рэспублікі была перанесена ў імператарскія двары і прадстаўніцтвы, а эпідыктычная мова перажыла новы расквіт у хрысціянскіх прароцтвах.