Зямля пад белымі крыламі
Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
Зямля пад белымі крыламі
Зборнік твораў
Мінск «Мастацкая літаратура» 2016
УДК 821.161.3-4
ББК 84(4Бен)-44
3-99
Серыя заснавана ў 1965 годзе
Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
ISBN 978-985-02-1733-2
© Афармленне. УП «Мастацкая літаратура», 2016
Віталь Вольскі
Падарожжа па краіне беларусаў
Палёт скрозь стагоддзі
ПАВЕТРАНЫЯ ЛАЙНЕРЫ I...
КІЛІМ-САМАЛЁТ
Які сёння прыгожы дзень!
Неба высокае, блакітнае. Сонца ззяе на ўсю сілу, і асобныя белыя воблачкі ніколькі яму не замінаюць. Яркія праменні зіхацяць на металічнай паверхні помніка, што стаіць каля Мінскага аэрапорта, нагадваючы крыло самалёта. Палымнеюць чырвоныя кветкі на газонах. Ля ўвахода на ўзлётнае поле цясніцца стракаты, маляўнічы натоўп. Пасажыры развітваюцца з блізкімі, знаёмымі. Апошнія абдымкі, пацалункі, пажаданні, усмешкі. А ўводдалі, на шэрым цэментаваным полі аэрадрома, чакаюць адпраўкі ў палёт магутныя пасажырскія лайнеры. «АН-10» нагадваюць вялікіх, крыху нязграбных стракоз з чырвонай паласой уздоўж светлага тулава, «ТУ-124» больш падобныя на стралу, якая чакае таго моманту, калі туга напятая цеціва дасць ёй штуршок для імклівага ўзлёту. Побач з гэтымі асілкамі паветранага флоту «ІЛы-14» выглядаюць зусім маленькімі, а «АН-2» здаюцца падобнымі на тыя самалёцікі, што стаяць на паліцах дзіцячых магазінаў разам з іншымі цікавымі цацкамі.
Пачалася пасадка ў самалёт на Сімферопаль. Праз дзве гадзіны і дарослыя курортнікі, і піянеры-артэкаўцы з Мінска апынуцца на крымскай зямлі. Вось ужо і апошні пасажыр паднімаецца па трапе і знікае ў чэраве паветранага карабля... Дзверы шчыльна зачынены, трап ад’ехаў, і аўтамашына, якая здаецца мурашкай у параўнанні з лайнерам, вядзе «АН-10» на буксіры да ўзлётнай паласы.
Тым часам прызямліўся другі лайнер. Ен прывёз замежных турыстаў, а праз паўгадзіны зноў узнімецца ў паветра, каб узяць курс на Маскву. Пакуль госці знаёмяцца з Мінскім аэрапортам, аўтамашына-цыстэрна запраўляе самалёт гаручым.
Адны самалёты ўзнімаюцца, другія садзяцца. Нязмоўчна гудуць магутныя маторы і турбіны...
I мне ўспамінаецца, з якім захапленнем глядзелі мы на адзін з першых, недасканалых яшчэ самалётаў. Тады самалёт называўся аэрапланам. Ен выглядаў як этажэрка, змайстраваная з жэрдак, фанеры і парусіны. Слабенькі матор быў адкрыты. Лётчык, якога называлі ў той час авіятарам, ледзь трымаўся на сваім няпэўным, таксама адкрытым сядзенні. На адважнага рызыканта моўчкі і недаверліва паглядаў нешматлікі натоўп.
I раптам адбыўся цуд.
Матор жудасна затарахцеў, недарэчнае збудаванне страсянулася, пакацілася на невялікіх колах, падскочыла і... апынулася ў паветры. Аэраплан узняўся над дрэвам, пераляцеў цераз двухпавярховы дом і зрабіў над нашымі галовамі круг. Мы, хлапчукі, беглі за ім і крычалі: «Ура!..»
Гэта было платнае відовішча. Каб паглядзець, як лятае аэраплан над іпадромам, дзе раней адбываліся толькі конскія скачкі, трэба было купіць білет. I каштаваў ён вялікія па тым часе грошы — пятнаццаць капеек...
Задуманы як цыркавы атракцыён, той публічны палёт аэраплана ператварыўся на нашых вачах у вялікі трыумф, у сапраўдны цуд навукі і тэхнікі. Падумайце, чалавек здолеў адарвацца ад зямлі і лятае ў паветры, не маючы ад прыроды крылаў. Усе прысутныя былі ўзрушаны.
А сёння нікога не здзіўляе, што за некалькі гадзін можна апынуцца на другім кантыненце. Крылаты лайнер даставіць
вас у любую краіну зямнога шара з найвялікшым камфортам і ўсімі выгодамі, як дэкляруюць агенцтвы Аэрафлоту. Магчыма, што ў недалёкім часе падарожжа на суседнія планеты будзе такім жа звычайным, як сёння паездка з Мінска ў Маскву. А куды ж мы паляцім?
Для таго незвычайнага падарожжа, у якое я хачу вас запрасіць, лётных рэйсаў, на жаль, няма. I ўся сучасная, высокаразвітая тэхніка не можа нам дапамагчы апынуцца ў мінулым...
Машыны часу, прыдуманай Уэлсам, у нас з вамі няма. Людзі яе пакуль што не вынайшлі. А нам так хочацца паглядзець, як жылі калісьці нашы продкі, далёкія і блізкія.
На чым жа ляцець у мінулае? Як туды трапіць?.. Ці не звярнуцца нам да старога, выпрабаванага спосабу цудоўных падарожжаў — да кіліма-самалёта? Нашы продкі вельмі любілі лятаць на ім у сваіх казках. Нават і само слова «самалёт» мы ўзялі з такіх казак, каб назваць сучасныя паветраныя машыны. А падарожжа ў мінулае вельмі ж падобна на казку. I тэхніка такога палёту зусім не складаная. Замест гаручага — крыху фантазіі. Вось і ўсё!.. Дапусцім, што ў нас ёсць кілімсамалёт.
Што ж, паляцім?
Паляцім!
Білеты і пасадачныя талоны нас зусім не турбуюць. I багаж таксама. Нашто гэта нам? 3 сабою мы возьмем толькі геаграфічную карту і гістарычны каляндар, каб не заблытацца ў прасторах часу. У календары адзначаны па датах усе падзеі, якія могуць нас цікавіць. Я буду вашым экскурсаводам. Я вам усё растлумачу. Раскажу і пра тое, што вы не зможаце ўбачыць самі.
Кілім-самалёт пададзены. I дыктар абвяшчае па ўсяму аэрадрому:
— Грамадзяне, якія ляцяць у мінулае! Спяшайцеся! Праз хвіліну адпраўленне!
I вось мы ўжо ляцім.
Ляцім... насустрач мінуламу. Вецер свішча ў вушах. Зоркі над намі і зоркі пад намі.
Гады пралятаюць як мінуты.
Што, занадта хутка?
Але ж нам трэба перш за ўсё дабрацца да найболып далёкай ад сучасных дзён эпохі. Падарожжа наша вялікае — на тысячы год.
I ляцець павольна, і спыняцца ў кожным стагоддзі мы не зможам.
Хай будуць асноўнымі нашымі прыпынкамі толькі найбольш важныя і цікавыя падзеі ў гісторыі нашага краю.
КРУГ НАД СТАРАЖЫТНЫМІ ЛЯСАМІ
Дзіўны пейзаж. Добрыя знаёмыя. Маманты купаюу,у,а ў Бярэзіне. Што ўстрывожыла мамантаў? Хаціна з мамантавых костак
Кілім-самалёт ідзе на зніжэнне.
Ранішні туман развеяўся, і ўнізе ўсё добра відаць.
Што гэта?
Глядзіце, які дзіўны, незвычайны пейзаж!
Няўжо мы на Беларусі?
Так, гэта Беларусь. Але такая, якой яна была дзясяткі тысяч год назад. I характар мясцовасці пад намі мала нагадвае прывычныя абрысы, знаёмыя нам па сучасных картах.
Але прыгледзьцеся добра.
Далёка ўнізе працягнуліся светлымі стужкамі рэкі.
Вы пазнаяце іх?
Вось Дняпро і Прыпяць, Бярэзіна і Сож. А вось і Нёман, і Заходняя Дзвіна. Яны цякуць у тых жа напрамках, што і цяпер. Дняпро нясе свае воды ў Чорнае мора, Нёман і Дзвіна — у Балтыйскае. У параўнанні з Дняпром і Прыпяццю гэта яшчэ зусім маладыя рэкі. Але ўсе яны, і старыя, і маладыя, выглядаюць значна шырэй і магутней за цяперашнія.
Рэкі, гэтыя шырокія, блакітныя дарогі, стануць у далейшым асноўнымі сродкамі зносін паміж рознымі плямёнамі і народамі. На берагах гэтых рэк адбудуцца потым вялікія гістарычныя падзеі. Рэкі будуць абвеяны славаю гэтых падзей. Пра іх будуць складаць паданні, спяваць песні. На гэтых берагах вырастуць вялікія і шумныя гарады з заводамі і
фабрыкамі, з высокімі мастамі, з бясконцымі лініямі чыгунак і асфальтавых дарог.
Паплывуць па рачных хвалях спачатку толькі чаўны і плыты, потым судны на вёслах і ветразях, з людзьмі і таварамі, a пазней — параходы і цеплаходы. Усё гэта будзе праз тысячы год. А пакуль — спакойна цякуць паўнаводныя рэкі, безыменныя і невядомыя, цякуць між дзікіх і бязлюдных берагоў у нязведаную даль.
Калісьці, да ледавіка, клімат тут быў вельмі цёплы. Прыблізна такі, як цяпер у Афрыцы. Побач з соснамі, ялінамі, бярозамі, дубамі і клёнамі раслі пальмы і фікусы, лаўры і ліяны, нібы ў афрыканскіх джунглях.
Калі клімат змяніўся, трапічныя расліны не вытрымалі пахаладання і паступова зніклі. Ім не хапала цяпла, а сучасныя нашы дрэвы здолелі прыстасавацца да новых, суровых умоў існавання. Яны сталі характэрнымі для прыроды Беларусі. Без іх, таксама як і без хвалістага рэльефу мясцовасці, без лясістых узгоркаў і нізін з палямі і лугамі, шматлікімі рэчкамі, азёрамі і балотамі, немагчыма ўявіць сабе беларускі краявід.
Клімат і расліннасць, якія ўласцівы Беларусі ў сучасныя дні, устанавіліся тут каля дваццаці тысяч год назад.
А што гэта за белыя гурбы дзе-нідзе ў нізінах сярод зялёных узгоркаў? Зямля не так даўно вызвалілася з-пад апошняга ледавіка, які пакрываў яе тоўстым пластом. Відаць, яшчэ не ўвесь лёд сышоў. Рэшткі яго засталіся асобнымі астраўкамі, як сумёты пасля суровай снежнай зімы. Але і гэтыя асобныя астраўкі з кожным годам змяншаюцца.
У нізінах — неабсяжныя прасторы балот. Святлеюць шматлікія люстры азёр. He відаць ні дарог, ні гарадоў, ні вёсак, ні статкаў хатняй жывёлы на лугах. Толькі дзікія звяры, ідучы на вадапой, пакінулі сляды на вільготнай зямлі.
Чакайце, а гэта хіба не статак?
Вунь на той палянцы сярод лесу пасуцца нейкія буйныя жывёліны.
Зірніце ўважлівей!
Здаецца, яны крыху падобны на кароў? Толькі ж нейкія калматыя. I колер у іх аднолькавы. Усе цёмна-бурыя, каштанавыя.
Спусцімся крыху ніжэй. Трэба ж іх разгледзець як след.
Э, ды гэта ж нашы добрыя знаёмыя! На палянцы пасуцца зубры.
Пазнаяце?
Тут і дарослыя, і маладыя зубры, і падлеткі, і зубрыцы з малымі зубранятамі.
Зусім як у Белавежскай пушчы.
Цяпер вы самі бачыце, што зубры тых далёкіх часоў нічым не адрозніваюцца ад сучасных. Знешні выгляд іх ніколькі не змяніўся за некалькі дзясяткаў тысяч год.
Толькі тут зубры не абмежаваны пэўнай тэрыторыяй. У нашы дні яны жывуць пад наглядам чалавека, у запаведніку, куды прыязджаюць паглядзець на іх, як на гістарычную рэдкасць, шматлікія экскурсанты з розных гарадоў і краін...
А ў пасляледавіковы перыяд зуброў усюды вельмі многа. Незлічонымі статкамі блукаюць яны не толькі па Беларусі, але і па ўсёй Еўропе, ад Атлантычнага акіяна і аж да Уральскага хрыбта.
Жывецца ім тут няблага. Раслінны свет багаты. Корму хапае і ў дзікіх першабытных лясах, якімі пакрыта зямля, і на лугах з высокімі травамі. Таму і выглядаюць зубры так добра. Бачыце, якія яны вялізныя, магутныя, сытыя?!
Вось адзін з зуброў ударыў раптам рагамі ў ствол бярозы.
3 вяршаліны дрэва з шумам сарваўся спалоханы глушэц і, лопаючы крыламі, праляцеў над статкам. А малады зубргарэзнік адступіў для разгону і зноў ударыў, на гэты раз яшчэ імклівей і мацней. Бяроза нібы жаласна застагнала, затрапятала лісцем і пахіснулася.
Астатнія зубры не звяртаюць ніякай увагі на практыкаванні бейбуса. Шумна дыхаючы, яны скубуць траву пад нагамі і павольна пасоўваюцца ў лясны гушчар.