Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
Можа, ад гэтага і пайшла назва горада, які ў тыя часы называўся не Мінск, як цяпер, а Менеск, ці Менск, як сказана ў летапісах. Ёсць меркаванне, што назва гэтая паходзіць ад слова «мена». Менск — гэта значыць месца, дзе мяняюць тавары.
Да замкавай брамы спакойна і паважна ідзе багата апранутая жанчына. На ёй доўгае адзенне, падпяразанае шарсцяным вышытым поясам з бронзавай спражкай. На нагах мяккія скураныя пантофлі, упрыгожаныя вышыўкай. Валасы заплецены ў дзве касы, укладзеныя вакол галавы. На лбе шырокая стужка, да якой падвешаны розныя ўпрыгожанні. На шыі — шкляныя пацеркі, на руках бранзалеты. Такія бранзалеты чорнага, сіняга і блакітнага колеру мы бачым на руках у многіх жанчын, якія сустракаюцца нам на вуліцах горада.
Дзяўчына, апранутая па-вясковаму, нясе за багатай жанчынай кошык, сплецены з лазовых дубцоў. Абедзве, гаспадыня і служанка, выходзяць за браму. Яны ідуць, мабыць, на рынак.
Пойдзем і мы за імі.
На плошчы перад брамай, на Нізкім рынку, а таксама і на суседнім узвышшы недалёка ад замка і берага ракі ідзе ажыўлены гандаль. Тут і прадаюць, і мяняюць розныя рэчы.
Каля самага замка выстаўлены найболып дарагія і рэдкія тавары. Мы бачым тут і адзенне з заморскай парчы, і саф’янавыя боты з тонкай і мяккай чырвонай, зялёнай, жоўтай скуры, упрыгожаныя мудрагелістымі ўзорамі. Вісяць рознакаляровыя кашулі з шоўку. Немалы шлях прайшоў гэты шоўк, пакуль трапіў на плошчу перад мінскім замкам. 3 Сярэдняй Азіі, а можа, і з яшчэ болып далёкіх краін.
А вось і здабыча адважных і спрытных паляўнічых. Мядзведжыя і воўчыя шкуры навалены кучай, адна на адну, а над імі — вязкі шкурак баброў, куніц, лісіц, вавёрак.
Недалёка ад брамы стаіць стары манах з сівой барадой. У яго даволі бойка ідзе гандаль жоўтымі васковымі свечкамі і
крыжыкамі — сярэбранымі і меднымі. Сівому манаху памагае малады, з рэдкай русай бародкай. За свой дробны тавар, які ляжыць перад імі на зямлі на даматканай пасцілцы, манахі бяруць у пакупнікоў і лён, і воўну, і яйкі, і сала, і розныя іншыя прадукты. Абодва манахі ў белых палатняных падрасніках і ў чорных шапках-скуфейках. Яны паўтараюць нараспеў завучаныя набожныя сказы.
Жанчына, за якой мы ідзём, не звяртае ўвагі ні на свечкі, ні на крыжыкі, хоць манахі і кланяюцца ёй нізка. Шпарка праходзіць яна міма.
Багатую мінчанку зацікавіла нешта іншае. Бачыце, як заблішчэлі яе вочы, калі яна спынілася перад паветкай ювеліра?
На цёмным абрусе стаяць перад ёю сярэбраныя каўшы, кубкі і чаркі, ляжаць залатыя пярсцёнкі з каштоўнымі каменьчыкамі, завушніцы, каралі і пацеркі, бісерныя павязкі.
Тавар дарагі, але, відаць, такі прывабны, што нават і служанка не можа адвесці ад яго вачэй, як і яе гаспадыня. Неахвотна адыходзяць яны ад спакусы.
Цяпер жанчыны накіроўваюцца да рыбнага рада. Зялёным і светла-жоўтым колерам зіхацяць перад імі вялікія, нядаўна выцягнутыя з вады шчупакі. Серабрацца луской ліні і язі. Свежую рыбу прынёс сюды рыбак, што жыве на беразе, недалёка ад замка. Да яго і падышла жанчына са служанкай.
Пакінем іх выбіраць рыбу, узважваць яе на руцэ, правяраць чырвоную свежасць шчэлепаў.
Пойдзем лепш па дарозе ўгару, на суседняе ўзвышша, куды паскакалі, абганяючы вазы на рыпучых колах, два коннікі, узброеныя мячамі.
Следам за імі паднімаемся на ўзгорак і мы. Перад намі шырокая паляна з вытаптанай травой, акаймаваная цёмназялёнай сцяною лесу.
Пазналі, дзе мы знаходзімся?
He?
Зразумела, цяжка пазнаць.
Нічым не нагадвае гэта паляна за горадам плошчу Свабоды ў сучасным Мінску, якую мы з вамі так добра ведаем.
Паглядзіце навокал.
Адсюль добра відаць і ўвесь горад унізе, каля Замкавай гары, і лукавіна ракі. Мінчане старажытных часоў называлі гэтую паляну Высокім месцам. Потым, праз некалькі стагоддзяў, узвышша насупраць замка забудуецца і ўвойдзе ў межы горада, а яшчэ пазней нават стане яго новым цэнтрам.
Але колькі тут народу! Глядзіце, што тут робіцца! Тавары на паляне прасцейшыя за тыя, што каля замкавай брамы. Пераважаюць вырабы тутэйшых майстроў, мясцовыя багацці, дары мінскай зямлі, але народу на ўзвышшы болып, чым унізе, каля замка.
Вось мёд у драўляных кадушках і воск. Скруткі даматканага палатна і сукна. Драўлянае начынне — бочкі, кадкі, цабэркі, балеі. Мяхі са збожжам, мукой і крупамі. Сушаныя грыбы. Сала і каўбасы. Вэнджаныя ў дыме ядлоўцу кумпякі хатніх свіней і лясных дзікоў.
Простых людзей цікавяць сярпы, сякеры і косы, нажы, наканечнікі стрэл і коп’яў, медныя конаўкі, розныя гаспадарчыя прылады. Вабіць іх салёная і сушаная рыба.
Перш чым набыць патрэбную рэч, пакупнікі доўга вагаюцца ў нерашучасці, усебакова абмяркоўваюць, радзяцца між сабой, настойліва таргуюцца з прадаўцом.
Тут, у гэтым тлуме, трэба нам ісці асцярожна. Хоць нас ніхто не бачыць, але штурхацца ці дакранацца да людзей не варта. Гэта можа выклікаць зусім непажаданыя для нас нечаканасці і ўскладнешіі. Ці мала піто можа здацца старажытнаму чалавеку, калі ён пачуе, як датыкнулася да яго нешта жывое, але нябачнае?
Асабліва людна каля ганчара, які расставіў на траве свае разнастайныя гліняныя вырабы.
Тут многа жанчын. Яны перабіраюць збаны, гаршкі і міскі, паварочваюць іх на ўсе бакі, стукаюць па іх пальцамі, прыслухоўваючыся, ці добра звініць, перастаўляюць з месца на месца. To яны прыглядаюцца да збаноў і місак з адлегласці, то зблізу.
Пажылы ганчар у белай кашулі, з валасамі і вусамі светлымі і мяккімі, як лён, цярпліва тлумачыць пакупнікам усе выгоды і добрыя якасці свайго тавару. Яму памагае жонка. Яна паказвае прысутным усё новыя і новыя збаны і міскі. Гучны голас ганчарыхі не змаўкае ні на хвіліну.
Каля ганчара круціцца вёрткая чародка дзяцей у доўгіх зрэбных кашульках. Яны шчабечуць, як птушкі, з захапленнем паглядаючы на гліняныя цацкі-свісцёлкі. To адзін, то другі хлапчук вытыркаецца наперад, але дакрануцца да цацкі рукамі ніхто не адважваецца. Як добра свішчуць глазураваныя пеўнікі і качкі, зробленыя ўмелаю рукою добрага майстра...
Усюды рух, мітусня, гоман, крыкі, жвавая гаворка. Раптам пачуліся над шумным рынкам гукі нейкага велічнага і сумнага спеву. Панура брыдуць сляпцы. Чарадою, адзін за адным. Першы з іх, высока ўзняўшы галаву, намацвае дарогу вялікім кіем. Ветрык варушыць сівыя валасы на непакрытай галаве. Песня, якую спяваюць сляпцы, поўная тугі і нейкай вялікай унутранай сілы, робіць моцнае ўражанне. Моўчкі расступаецца перад імі натоўп.
Цікава глядзець на жыццё старажытнага Мінска, але нам нельга затрымлівацца надоўга.
Паглядзім яшчэ толькі, што сталася з Мінскам праз некалькі гадоў.
Хутчэй на лясную палянку за горадам, дзе чакае нас слаўны і верны, надзейна схаваны ў кустах кілім-самалёт!
I вось мы зноў над Мінскам, які належыць цяпер полацкаму князю Усяславу Чарадзею.
Вялікай славай карыстаецца гэты князь сярод сваіх сучаснікаў. Жыццё Усяслава, поўнае прыгод і подзвігаў, натхняе паэтаў. Розум, энергія і знаходлівасць, з якой ён абараняе сваё княства, яго ўменне знайсці выхад з самых цяжкіх і складаных абставін здзіўляюць людзей, робяць моцнае ўражанне нават на ворагаў. Поспехі Усяслава, яго спрытнасць і рашучасць, людзі лічаць чараўніцтвам. У народзе ходзяць чуткі, быццам князь Усяслаў умее абярнуцца ў рысь ці ваўка і блукае ўначы па дарогах. Кажуць, быццам ён можа ператварыцца ў туман і знікнуць у адным месцы, каб апынуцца непрыкметна ў другім, дзе яго зусім не чакаюць.
Гэта пра Усяслава вобразна гаворыць невядомы аўтар «Слова аб палку Ігаравым»: «Ен на кані памчаў да горада Кіева і дакрануўся кап’ём да залатога пасада Кіеўскага. Сжочыў ад іх
лютым зверам1. Апоўначы з Белгарада ахінуўся сіняй імглой, а на раніцу, узняўшыся, адчыніў браму ў Ноўгарадзе, разбіў славу Яраслава і скочыў воўкам да Нямігі з Дудутак... Усяслаў князь людзям суд судзіў, князям гарады дзяліў, а сам уначы воўкам блукаў. 3 Кіева да пеўняў дасягаў Тмутаракані... Яму ў Полацку рана званы пазванілі ў Сафіі святой, а ён у Кіеве звон чуе».
Часта даводзіцца Усяславу трапляць у цяжкае і як быццам бязвыхаднае становішча. Вось і сёння бязрадасны дзень для Чарадзея. Халодны сакавіцкі дзень 1067 года. Усяляк намагаецца Усяслаў захаваць незалежнасць Полацкай зямлі ад вялікіх князёў Кіеўскіх, але сілы няроўныя. Вялікі князь кіеўскі Ізяслаў рушыў з двума братамі на Полацкую зямлю і падступіў да Мінска.
Мінчане замкнуліся ў горадзе. Яны ўпарта супраціўляліся спачатку на вале і сценах, потым у вузкіх вуліцах пасада. Але кіеўскія воіны ўзялі Мінск.
Бушуе агонь над хатамі рамеснікаў. Гараць і княжыя харомы, а на берагах Нямігі ўсё яшчэ ідзе жорсткі бой кіеўскага войска з полацкім. Змагаюцца яшчэ і на плошчы пасярод дзядзінца, у кожным доме.
На вуліцах, асветленых пажарам, воіны Ізяслава рабуюць і забіваюць жыхароў. Мінчане абараняюцца хто чым можа — каламі, нажамі, сякерамі, але нялёгка ім супрацьстаяць добра ўзброеным воінам кіеўскага князя.
Гарыць і хата знаёмага нам каваля. Вунь і сам ён ляжыць на спіне пасярод свайго двара. Шырока раскінуты дужыя рукі, з грудзей тырчыць варожая страла. Побач з кавалём ляжыць яго верны молат. Ім каваль працаваў, ім і абараняўся ў гэты апошні дзень свайго жыцця.
Па ўсім двары раскіданы дробныя рэчы. Яны, відаць, не спатрэбіліся рабаўнікам.
Усюды крыкі, лямант, стогны і плач, просьбы аб літасці. Усюды ляжаць трупы.
Па агародах, па загуменні прабіраюцца тыя нямногія жыхары, якія здолелі выратавацца ад лютай разні. Абарваніяя
1 Лютым зверам называлі ў тыя часы рысь.
і знясіленыя, счарнелыя ад дыму, шукаюць яны прытулку ад бязлітасных стрэл, ад мячоў і коп'яў ворагаў у навакольных лясах, якія абступілі Мінск з усіх бакоў.
Глядзіце, хто гэта брыдзе, кульгаючы, сярод няшчасных людзей?
Гэта ж сын каваля!
Мы адразу яго пазналі, хоць ён і вырас прыкметна, узмужнеў за гэты час. Адна рука яго вісіць бездапаможна. За другую чапляецца пажылая, змарнелая ад раптоўнага гора жанчына. Гэта, мабыць, яго маці.
На брудным расшпіленым кажушку хлапца сляды крыві. На твары — таксама, але яго не пакідае выраз гневу, смутку і рашучасці. Юнак часта аглядаецца назад, на горад, які палае нібы адно вялізнае вогнішча.
Як высока шугае полымя!
Рушацца з трэскам будынкі. А зверху, з шэрага, пахмурнага неба густа падае мокры снег.