Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
ПРЫЗЯМЛЕННЕ ТРЭЦЯЕ
Казакі ў Пінску. Абарона горада. Нават жанчыны змагаюцца. Бывай, непакорны Пінск!
Ад Нясвіжа мы скіроўваем свой кілім-самалёт на поўдзень. Разам з кіламетрамі мінаюць і дзесяцігоддзі.
Пад намі — балоцістая нізіна, кранутая фарбамі восені. Нізіну перасякаюць шматлікія рэчкі, якія віюцца сярод балот, лугоў, лясоў і пералескаў. Гэта ж тут жылі калісьці старажытныя дрыгавічы!
Вось і Піна, буйнейшы прыток Прыпяці. Ад Піны і ўзяў сваю назву горад, што раскінуўся на яе левым беразе.
Чым бліжэй да Пінска, тым усё болып войска бачым мы на пыльных дарогах. Тут і шматлікія коннікі, і пешыя жаўнеры, і цяжкія гарматы на непаваротлівых, рыпучых колах. Дужыя коні натужна цягнуць іх па выбітай дарозе.
I ўсё гэта рушыць у адным напрамку — туды, дзе ў восеньскай смузе віднеецца Пінск. Там даўно ўжо чуваць страляніна, грымяць гарматы. I да свежага ранішняга ветрыку, які дзьме з таго боку, выразна прымешваецца гаркаваты пах дыму.
Высокая гарадская сцяна падковаю ахапіла горад з трох бакоў, а канцы гэтай падковы ўпіраюцца ў Піну. Толькі тут, з боку ракі, Пінск не абложаны ворагамі. Многія дамы, і драўляныя, і мураваныя, ахоплены полымем. Сцены цэркваў з круглымі купаламі і касцёлаў са спічастымі вежамі званіц пашарпаны кулямі, пашчэрблены ядрамі. Цэнтр горада, плошча і рынак, што знаходзяцца на самым беразе, абязлюднелі.
Тут мы і зможам прызямліцца і агледзецца, разабрацца ў падзеях. Схаваўшы кілім-самалёт пад ніцай вярбой, мы ідзём па адной з вуліц, якія веерам разыходзяцца ад плошчы ля берага Піны.
Усё бліжэй і бліжэй чуваць гукі бою.
Мы бачым гараджан, узброеных самымі рознымі стрэльбамі, сякерамі і самаробнымі пікамі. Сярод іх няцяжка пазнаць па адзенні і сялян-паўстанцаў з навакольных вёсак. Некаторыя, не маючы добрай зброі, цягнуць камяні і бярвенні. Яны спяшаюцца да гарадскіх сцен, каб памагчы абаронцам адбіць чарговы наступ панскага войска.
Каля галоўнай гарадской брамы сабраўся вялікі атрад коннікаў у папахах, у яркім каляровым адзенні і шырокіх шараварах. Гэта — казакі, якія прыйшлі сюды з суседняй Украіны. Нямала спешаных казакоў і на сцяне. Разам з гараджанамі і сялянамі яны не даюць панскім салдатам уварвацца ў горад.
Вы цяпер і самі зразумелі, што трапілі мы ў Пінск у кастрычніку 1648 года. Казакоў прывёў сюды з Украіны па заданні гетмана Багдана Хмяльніцкага палкоўнік Антон Нябаба.
Жыхары Пінска самі пусцілі ў горад казакоў, да якіх далучыліся і мясцовыя сяляне. Вось ужо трэці дзень абараняюць яны горад ад войск князя Януша Радзівіла, які павінен быў, па загаду польскага караля, прайсці праз Беларусь на Украіну і ўдарыць у тыл арміі Хмяльніцкага.
Трэці дзень не спыняецца заўзяты бой. Князь Радзівіл пасылае пад сцены Пінска ўсё новыя і новыя сілы. А казакам і пінчанам няма адкуль чакаць дапамогі. На сценах застаецца ўсё менш і менш абаронцаў горада, але ніхто і не думае здавацца на літасць ворагу. На змену забітым ідуць жанчыны. Тут жа на вуліцах распальваюць яны вогнішчы і грэюць ваду і смалу. Потым усцягваюць катлы на сцены і выкульваюць іх на галовы панскіх салдат. Іншыя скачваюць уніз бярвенні, кідаюць вялікія камяні...
А горад гарыць ужо з усіх бакоў. I іушыць пажары няма каму. Гараць нават плывучыя млыны на Піне...
Раптам чуюцца страшэнны трэск і скрогат. Гарадская брама падалася націску варожых салдат і расчынілася. Панскае войска ўварвалася ў горад...
Разам з апошнімі абаронцамі, нікім не заўважаныя, адыходзім мы да плошчы ля ракі. Казакі і пінчане змагаюцца да апошняй магчымасці. Прарвацца яны не могуць, адступаць няма куды.
Некаторыя з абаронцаў горада спрабуюць пераплысці на той бераг, але кулі насцігаюць іх і ў вадзе.
I тым, хто застаўся ў горадзе, таксама няма ратунку. Лютуюць панскія салдаты. Яны хапаюць людзей, сякуць іх шаблямі, кідаюць у полымя. He шкадуюць ні малых, ні старых, ні жанчын, ні хворых.
Са смуткам глядзім мы на зруйнаваны і спалены Пінск. Зноў, і ў каторы ўжо раз, прыходзіцца нам шкадаваць, што не можам мы ні змяніць, ні спыніць ход падзей, якія адбыліся ў мінулым.
Як добра было б, калі б мы змаглі ўзяць з сабой на кілімсамалёт хаця б вунь таго мужнага казака ў чорнай папасе з чырвоным верхам, які з дзясяткам коннікаў прабіўся скрозь рады ворагаў... Гэта ж сам Антон Нябаба!
Вось імчыцца ён на кані, з шабляй у руцэ па зялёным лузе за горадам. Але луг пераходзіць неўзабаве ў балота. Коні грузнуць у дрыгве. I атаман паварочвае свайго каня проста насустрач ворагам...
Дорага аддаў сваё жыццё Антон Нябаба. На тры дні затрымалі яго атрады панскае войска. Так і не ўдасца князю Янушу Радзівілу прарвацца знянацку на Украіну. Яго войскам давядзецца яшчэ змагацца на Беларусі і з атрадамі паўстанцаў Гаркушы, Хвеські, Крывашапкі...
Хутка ўжо Украіна аб’яднаецца з Масквой, і на дапамогу паўстанцам выступіць рускае войска. Потым цар падпіша мірны дагавор з Польшчай, па якім польскі кароль аддасць Маскве смаленскую зямлю і Украіну з Кіевам. Але беларускія землі застануцца яшчэ пад уладаю польскіх паноў.
Я расказаў вам пра гэта таму, што мы не можам затрымлівацца болып у сямнаццатым стагоддзі. Бывай, спалены і зруйнаваны, але непакорны Пінск!
Кілім-самалёт імчыць нас насустрач новым часам і новым падзеям.
ТРЫ КРУГІ НАД МІНСКАМ
Ці той гэта горад? Козы на княжым дзядзінцы. Конная хеўра. Шлагбаум, будка і коміны. Новыя вуліцы. За Доўгім Бродам. Крумкач крумкачу вока не выдзеўбе. Французы на Саборнай плошчы. Пераправа ля Студзёнкі
А Мінск?
Што зрабілася з ім за гэтыя некалькі стагоддзяў?
Мы падлятаем да знаёмых мясцін.
Робім круг, зніжаемся...
Вось і Свіслач... Якая яна стала вузкая, мелкая. А Няміга зусім знікла. Вуліца ёсць, а рэчкі не відаць. Толькі каля самай Свіслачы невялікім ручаём выбягае яна з-пад драўлянага насцілу.
Апускаемся яшчэ ніжэй...
Вось яна, знаёмая Замкавая гара. Але выгляд у яе зусім не той. Hi замкавай сцяны, ні брамы, ні княжых харомаў.
Вал абваліўся. Схілы гары паасыпаліся, і яна выглядае цяпер не такой высокай. Сярод счарнелых бярвенняў былога дзядзінца пасвяцца козы, свінні, гусі.
Стары драўляны мост, перакінуты цераз раку ад замчышча да супрацьлеглай гары, якая называецца Траецкай, стогне і рыпіць. З’езджаныя дошкі насцілу хістаюцца, трашчаць і грукаюць пад коламі рэдкіх павозак. Ціха і непрыкметна плыве сонная, звілістая Свіслач сярод балоцістых лугавін і пустак з кучамі смецця.
Пад гарой жанчыны мыюць у рацэ бялізну. Крыху далей ходзіць па зялёнай лугавінцы бусел.
Ціха вакол, спакойна. Адразу відаць, што месца гэтае абязлюднела, страціла сваё былое абароннае і эканамічнае значэнне.
I сам горад з выгляду бадай ужо і не горад, а глухі закутак, занядбанае мястэчка. Калі б мы з вамі паспрабавалі падлічыць колькасць дамоў у Мінску канца XVIII стагоддзя, а мы знаходзімся над ім якраз у гэты час, то налічылі б не болып за тысячу. I амаль усе яны, як бачыце, драўляныя. Гэта хутчэй хаціны, а не дамы. Толькі некалькі дзясяткаў будынкаў мураваныя.
На плошчы драўляныя столікі з паветкамі сведчаць аб тым, што тут у рыначныя дні ідзе такі-сякі дробны гандаль. Вуліцы не брукаваныя. На некаторых нават расце трава. Нізенькія шэрыя домікі хаваюцца за шэрымі платамі сярод садоў і агародаў.
Вас цікавіць, чым займаюцца жыхары Мінска ў канцы XVIII стагоддзя? Болыпасць з іх — непісьменныя земляробы. Яны амаль нічым не адрозніваюцца ад сялян. Рамёствы ў горадзе амаль забыты. Насельніцтва збяднела. Некалькі кузняў і чатыры млыны — вось і ўся прамысловасць. Некалькі невялікіх крам — вось і ўвесь гандаль...
Гэта вынік бясконцых войнаў і панскай бязладзіцы. Адна толькі Паўночная вайна, якую вёў рускі цар Пётр Першы з каралём Швецыі Карлам XII, цягнулася з 1700-га па 1721 год. А яна ж захапіла тэрыторыю Беларусі. Можаце сабе ўявіць, якія вялізныя страты і разбурэнні прынесла
Паўночная вайна беларускаму народу за гэтыя цяжкія дваццаць гадоў!
Але глядзіце ўніз!.. Пакуль мы з вамі гаворым, там нешта здарылася.
Цішыню соннага горада парушае конскі тупат, брэх сабак, п’янае галёканне. 3 канца ў канец вуліцы імчыцца конная хеўра. Прыгледзьцеся да коннікаў. Рознакаляровыя шляхецкія кунтушы... Зухавата закручаныя вусы... Наперадзе — вяльможны пан з аголенай шабляй. У яго і конь лепшы, і адзенне багацейшае. Астатнія — дробная шляхта, якая залежыць ад пана, і гайдукі.
Рэдкія прахожыя кідаюцца ў бакі, хаваюцца за агароджамі, каб не трапіць на вочы раз’юшаным коннікам.
Толькі шыракаплечы гарбар выйшаў з пізкіх дзвярэй сваёй майстэрні. Выцершы дужыя рукі аб скураны фартух, ён з нядобрай усмешкай глядзіць услед панскай хеўры, нібы хоча сказаць: «Пачакайце! Даскачацеся, панкі!..»
Куды ж гэта выправіўся пан са сваімі прыхлёбнікамі? Я магу вам сказаць беспамылкова — у «наезд». Наляціць такая хеўра на суседні маёнтак, абрабуе, спаліць, а зямлю далучыць да ўладанняў свайго пана. Забярэ пан сабе і прыгонных сялян, што застануцца жывыя пасля «наезду».
А тым часам другі пан, яшчэ болын вяльможны і магутны, можа напасці на гэтага...
Краіна даведзена да агульнага заняпаду, а паны ні аб чым не дбаюць, ні аб чым не хочуць задумвацца. Няма мяжы іх самавольству і самаўпраўству.
Калі б мы наведалі зараз іншыя гарады Беларусі, то ўбачылі б тое ж самае. Большасць гарадоў ператварылася ў вёскі.
Акрамя Мінска, толькі сем гарадоў — Брэст, Гродна, Пінск, Мазыр, Ліда, Навагрудак і Ваўкавыск — захавалі права называцца гарадамі. Можа, паглядзець і на іх? Паляцець туды? Але ці варта затрымлівацца доўга ў адным стагоддзі? Нам трэба яшчэ столькі ўсяго паглядзець. I вось наш кілім робіць другі круг над Мінскам...
Ну і кілім-самалёт!..
Нездарма мы яго запазычылі ў казках.
Гэта ж падумаць трэба! Толькі што мы бачылі Мінск у поўным заняпадзе, а цяпер... Зусім як у кіно, дзе кадры, знятыя ў розныя часы, змяняюцца на экране ў некалькі хвілін.
Пад намі як быццам той самы, добра знаёмы краявід. Замкавая гара з рэшткамі драўляных абарончых збудаванняў. Нізінка ля Свіслачы, дзе знаходзіўся калісьці старажытны гарадскі цэнтр са старым рынкам... Але глядзіце, як вырас горад. Як змяніўся яго выгляд. Колькі новых дамоў. I не такія, як раней. Многія ў два паверхі. Першы — мураваны, а другі — драўляны. Ёсць нават і дамы ў тры паверхі. Гэтыя ўжо цалкам мураваныя. I новыя драўляныя дамы — вялікія, не падобныя на вясковыя хаты.