Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
Які ж гэта горад?
Давайце зірнем на карту. Мы ж яе ўзялі з сабой.
Э, ды гэта ж Мінск! Старажытны Мінск!
Шырэйшая рака — Свіслач, а вузкая — Няміга.
Так, гэта Мінск.
Але як цяжка яго пазнаць! Як непадобны ён на сучасную сталіцу Беларусі, вялікую і прыгожую!
Пакуль гэта яшчэ зусім невялікі гарадок нават і для тых часоў. Адзін з многіх прыгарадаў Полацка, ён не мае яшчэ самастойнага значэння, служыць умацаваннем на самай мяжы зямлі крывічоў з дрыгавічамі, Полацкага княства з Тураўскім. Гарадок не большы, калі не меншы, за Ізяслаўль і Лагойск, такія ж умацаваныя суседнія гарады, якія ўзніклі раней.
Населены старажытны Мінск патомкамі дрыгавічоў, але з’яўляецца фарпостам Полацка на паўднёвай граніцы яго ўладанняў.
Ці не пахадзіць нам па вуліцах старажытнага Мінска? Для гэтага трэба прызямліцца. Вось і зручная лясная палянка. Якая тут свежая, ярка-зялёная трава! Цяпер трэба наш кілім скруціць і схаваць у кустах.
Вось і ўсё. Мы ідзём у горад.
А што рабіць з адзеннем? Нельга ж хадзіць па горадзе адзінаццатага стагоддзя ў сучаснай вопратцы.
Але для нас гэта вельмі проста.
Мы ж дамовіліся з вамі яшчэ раней, што будзем дзейнічаць, як у казцы, будзем карыстацца ў сваім падарожжы казачнымі сродкамі. Вось цяпер і надышоў выпадак, калі мы можам звярнуцца да аднаго з тых казачных прыёмаў, якіх у нас так многа ў запасе. Варта нам толькі павярнуць шапкі спераду назад, і ніхто з людзей мінулага не зможа нас убачыць. Мы зробімся невідзімкамі, будзем смела хадзіць сярод іх і спакойна разглядаць усё, што захочам, без ніякіх непаразуменняў.
Няроўная, зрэзаная глыбокімі каляінамі дарога, па якой мы ідзём, прыводзіць нас з лесу да гарадской брамы. Мы падышлі да горада з поўдня. 3 поўначы дарогі няма. Праз некаторы час горад будзе мець некалькі ўваходаў, і гэты, паўднёвы, перад якім мы стаім, зробіцца галоўным з іх, a пакуль што, у адзінаццатым стагоддзі, ён з’яўляецца адзіным.
Сюды, да Замкавай брамы, сыходзяцца з усіх бакоў лясныя дарогі. Потым яны ператворацца ў асноўныя вуліцы
Мінска, забудаваныя за межамі першапачатковай, умацаванай часткі горада.
На плошчы перад Замкавай брамай — шумны і людны рынак. Цяпер гэта — плошча 8 Сакавіка, а ў тыя часы яна называлася проста Нізкі рынак. Сюды выходзіць і адна з самых старых вуліц Мінска — Гандлёвая, якая захавала сваю назву да нашых дзён. Раней яна называлася Зыбіцкай, можа, таму, што глеба, па якой яна праходзіла, была зыбкая, балоцістая. У назвах вуліц адлюстраваліся асаблівасці гістарычнага жыцця горада.
А вось і Няміга, пакуль яшчэ не вуліца, а рэчка, абодва берагі якой забудаваны ў межах горада дамамі.
Некаторыя з прасёлачных дарог ужо і цяпер лічацца вуліцамі. Ад Нямігі ўзбягае на пагорак вуліца, якая цяпер называецца вуліцай Астроўскага. Далей яна збочвае на поўнач і ператвараецца ў дарогу, што вядзе ў Ракаў. Таму яна і называлася раней Ракаўскай вуліцай. Каля самага горада дамы на гэтай вуліцы пабудаваны шчыльна, а далей мы бачым толькі асобныя хаты, раскіданыя сярод агародаў, палёў і пералескаў.
Вуліцы ў гэтай частцы горада незабрукаваныя, пыльныя. Тут жывуць кавалі, бондары, ганчары, гарбары, рэзчыкі па косці, дрэваапрацоўшчыкі, ювеліры. 3 крыкам гойсаюць у вулічным пыле босыя дзеці ў адных зрэбных кашулях.
Старажытны Мінск — горад рамеснікаў. Але ёсць сярод яго жыхароў і нямала земляробаў, рыбакоў. Амаль усе мінчане гадуюць свіней, кароў і коз. Кожны дом — асобная невялікая сядзіба з садам і агародам.
Уся тэрыторыя горада падзелена на асобныя ўчасткі з такімі сядзібамі. Кожная мае некалькі жылых і гаспадарчых будынкаў. Кожная аддзелена ад суседняй сядзібы і ад вуліцы высокім частаколам з варотамі.
Адразу відаць, хто ў якім доме жыве.
Заглянем хаця б вось у гэтую, бліжэйшую да нас сядзібу.
У заднім кутку двара, каля агарода, працуе ў кузні гаспадар сядзібы — каваль. Тут стаіць пад паветкай кавадла і вялікі цэбар з вадой. Левай рукою каваль трымае доўгімі абцугамі распалены дабяла кавалак жалеза і паварочвае яго то адным, то другім бокам, спрытна падстаўляючы пад удары
цяжкага молата. Памочнік каваля, малады хлопец з доўгімі бялявымі валасамі, відаць, яго сын, узнімае молат і праз роўныя прамежкі часу абрушвае на кавадла. А майстар паспявае паміж рытмічнымі ўдарамі вялікага молата зрабіць некалькі дробных удараў маленькім малатком, які трымае ў правай руцэ.
Паслухайце, як зладжана і раўнамерна ідзе ў іх праца:
— Бум!.. так... так... так!.. Бум!.. так... так!..
Кавалак жалеза спачатку выцягваецца ў даўжыню, сплюскваецца з аднаго боку, набываючы пэўную форму, патрэбную для каваля.
Цяжка сказаць, што атрымаецца з гэтага кавалка, якая карысная рэч выйдзе з-пад умелых рук майстра, бо каваль кідае жалеза ў халодную ваду. Як зашыпела вада ў цэбры! Воблачка пары ўзнялося ў паветра. Работа яшчэ далёка не скончана. I хлопец мяхамі з казінай шкуры ўзяўся раздзімаць агонь у горне.
Ляцяць іскры, успыхваюць чырвона-сінімі агеньчыкамі вугалі і асвятляюць твар юнака, цёмны ад дыму і сажы.
На абодвух кавалях скураныя фартухі. Ільняныя прадымленыя кашулі расшпілены, рукавы закасаны. Валасы на галаве перацягнуты вузкімі раменьчыкамі, каб не падалі на вочы.
Праца каваля не лёгкая, але вясёлы і лагодны выраз не пакідае загарэлага твару старога майстра з шырокай цёмнай барадой і высокім ілбом, на якім блішчаць дробныя кропелькі поту.
Па блакітным небе павольна плывуць над Мінскам белыя воблачкі. Свеціць сонца. У садзе за хатай каваля спяваюць берасцянкі, свішчуць шпакі. Каля маленькіх дзвярэй ляжыць кудлаты сабака.
Дзверы адчынены, і мы можам зазірнуць у дом. Толькі адзін невялікі пакой мае гэтая хата пад саламянай страхой, як і амаль усе хаты простых людзей у горадзе. Па выглядзе яны нічым не адрозніваюцца ад сялянскіх хат у тагачаснай вёсцы.
Падлога ў хаце каваля драўляная, добра вышараваная, але не фарбаваная. 3 правага боку — печ. Акенцы зусім маленькія, а замест шкла ўстаўлена тоўстая, напалову празрыстая слюда.
Гэты гарадскі каваль, відаць, добры майстар, які ведае сваю справу. 3 вёскі прывозяць яму ў горад жалеза, здабытае з балотнай і лугавой руды, а ён вырабляе з гэтага жалеза не толькі зброю — мячы, наканечнікі коп’яў і стрэл — і розныя сельскагаспадарчыя прылады, але і такія дробныя рэчы хатняга ўжытку, як іголкі, шылы, шпількі, гузікі і засцежкі для адзення.
Каля майстра стаяць два чалавекі і з пашанай паглядаюць на яго работу. Гэта, мабыць, заказчыкі ці пакупнікі. Яны цярпліва чакаюць, калі гаспадар скончыць сваю працу.
Абодва — гарадскія жыхары.
На абодвух кароткія льняныя кашулі, падпяразаныя поясам. На поясе вісяць нож, крэсіва, ключы. На адным кашуля зашпілена меднымі гузікамі, круглымі, як шар. На другім — драўлянымі. У аднаго штаны запраўлены ў шарсцяныя шкарпэткі, у другога абмотаны ўнізе льнянымі анучамі і абвязаны тонкімі скуранымі раменьчыкамі. На нагах у абодвух скураныя лапці. Гэта — адзенне простага мінчаніна тых часоў.
Мы з вамі ідзём далей, але доўга яшчэ чуем грукат цяжкага молата аб кавадла...
Ходзім мы па вуліцах пасада, той часткі горада, якая знаходзіцца па-за сценамі замка. Называюць яго яшчэ і Вакольным горадам. Ен акружаны Пасадскім валам, які прымыкае да Замкавага.
Паглядзім цяпер на драўляны замак, да якога мы падышлі. Потым, праз многа стагоддзяў, гэтае месца будзе вядома пад назвай Замчышча.
Над валам са светлага жвіру ўзвышаюцца магутныя сцены з дубовых бярвенняў. Перад намі высокая драўляная брама з дзвюма вежамі па баках.
Ад брамы дзядзінец перасякае вуліца, якая пазней будзе вядома пад назвай Стара-Мясніцкая. На захад ідзе Замкавая вуліца — самая доўгая і галоўная вуліца дзядзінца. Яна пакрыта насцілам з дубовых бярвенняў, як і ўсе вуліцы ў цэнтры старажытнага Мінска.
Большасць прахожых апранута вельмі проста, нават бедна. Некаторыя ходзяць у лахманах, але нож вісіць на поясе ў кожнага гарадскога жыхара.
Адкуль жа ўзяліся ўсе гэтыя людзі?
3 навакольных вёсак прыходзяць у пасад сяляне, наймаюцца на работу, авалодваюць рамёствамі, будуюцца і застаюцца ў горадзе назаўсёды. Адны з іх становяцца самастойнымі майстрамі-рамеснікамі, другія — гандлярамі, трэція працуюць да канца жыцця чаляднікамі, слугамі і работнікамі ў заможных гараджан.
Усё шырэй і шырэй рассоўваюцца межы пасада. 3 году ў год расце і шырыцца старажытны Мінск. Усё даўжэй і даўжэй робяцца гарадскія вуліцы, паглынаючы навакольныя дарогі.
Мы праходзім пад брамай па драўляным насціле. Здалёку відаць высокі двухпавярховы дом у самым цэнтры ўмацаванага горада. Ён драўляны, як і ўсе дамы ў Мінску, але як адрозніваецца сваім выглядам і памерам ад усіх астатніх, маленькіх, нічым не прыкметных хатак гарадскіх жыхароў. Паглядзіце, з якіх бярвенняў ён складзены! Дубовыя, тоўстыя, адно ў адно. I ўпрыгожаны дом асабліва маляўніча. На дзвярах, на аканіцах, на высокім ганку — усюды майстэрская разьба, пафарбаваная ў розныя колеры.
У гэтым вялікім і прыгожым гмаху жыве князь.
Насупраць харомаў князя, пасярод прасторнага двара з зялёнай травой, стаіць недабудаваная царква. Гэта — першы мураваны будынак, які ўзводзіцца ў драўляным Мінску адзінаццатага стагоддзя.
Так гэтая замкавая царква і засталася недабудаваная. Чаму? Нам гэта невядома. Пазней у падмурку недабудаванай царквы пачнуць хаваць памёршых членаў княжай сям’і.
Каля харомаў размешчаны ў розных канцах двара гаспадарчыя будынкі і хаты, у якіх жывуць княжыя людзі — non з сям’ёй, дружыннікі, цівуны і слугі. На вежах замка, які пануе са свайго ўзвышша над ваколіцамі, і ўдзень і ўночы стаяць воіны ў бліскучых шаломах і кальчугах, узброеныя лукамі і стрэламі. Пільна паглядаюць яны ўдалечыню. Ці не плыве па рацэ судна з таварамі?
Па сігнале з вежы княжыя людзі адразу прымусяць такое судна спыніцца і спагоняць з купцоў выкуп ці падатак за права праезду. Ніводнага не прапусцяць.
Плывуць па шырокай і паўнаводнай Свіслачы плыты, чаўны і судны з заморскімі таварамі, а таксама з хлебам, мё-
дам, воскам, скурай і футрамі. Купцы спыняюцца ў пэўныя, загадзя вызначаныя дні каля мінскага замка. Князю яны плацяць і за права гандлю на гэтым месцы. Да купцоў прыходзяць на рынак ля гарадскіх сцен людзі з навакольных, часам даволі далёкіх селішчаў.