Зямля пад белымі крыламі
Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
Новыя гарадскія вуліцы ўзбеглі на бліжэйшыя пагоркі. Адна з іх, самая доўгая, пралегла якраз там, дзе потым вырасце наш цудоўны Ленінскі праспект. 3 нашага пункту погляду, яна яшчэ даволі вузкая, але шырэйшая і раўнейшая за ўсе іншыя. Канец гэтай новай вуліцы ўпіраецца ў гарадскую заставу з паласатым шлагбаумам і такой жа паласатай будкай, ля якой стаіць вартавы. На ім чорны лакіраваны ківер1, зялёны мундзір і белыя штаны. Такія вартавыя, іх называлі будачнікамі, стаяць ва ўсіх гарадах Расійскай імперыі. Стаяць яны цяпер і ў Мінску.
Месцамі новая вуліца забудавана яшчэ не поўнасцю. Тут цягнуцца ўчасткі густога лесу, а недалёка ад заставы, якраз там, дзе цяпер узнімае свае магутныя зялёныя кроны цэнтральны сквер, знаходзіцца... гарадская звалка. 3 усяго горада звозяць сюды смецце і розныя адкіды. Затрымлівацца над гэтым месцам не вельмі прыемна...
Адразу за шлагбаумам ідзе круты зялёны спуск уніз, да Свіслачы. На тым беразе ракі раскінуўся гарадскі парк з маладзенькімі лісцвянымі дрэўцамі. Ен з’явіўся тут зусім нядаўна. Потым, больш як праз сто трыццаць гадоў, гэты парк будзе называцца паркам імя Максіма Горкага.
1 К і в е р — вайсковы галаўны ўбор з цвёрдай лакіраванай скуры.
За маладым паркам пачынаецца топкае балота, перасечанае дарогай, якую мясцовыя жыхары называюць Доўгім Бродам.
Цяпер зірніце сюды. Крыху далей, на паўночным усходзе, віднеюцца хаціны невялікага мястэчка. Гэта — Камароўка. Яна пачынаецца адразу за балотам, якое ператворыцца потым у плошчу Якуба Коласа. А пакуль што Камароўка знаходзіцца ў трох вярстах ад горада. 3 гэтага мястэчка, жыхарам якога ўлетку надта дакучаюць камары, разыходзяцца дзве дарогі. Адна вядзе да Лагойска, а другая — да Барысава і далей аж да самай Масквы.
Другі канец новай вуліцы ў супрацьлеглым баку горада пераходзіць таксама ў дарогу, якая называецца Койданаўскай. Яна вядзе да Брэста і далей да Варшавы.
I на Маскоўскім, і на Лагойскім, і на Койданаўскім трактах даволі ажыўлена. Бачыце, як, вязнучы ў пяску, паўзуць па іх то асобныя фурманкі, то цэлыя абозы з купецкімі таварамі...
А вось імчыць, абганяючы абоз, памешчыцкая карэта з параю белых сытых коней. Фурман на высокіх козлах зухавата пакрыквае, памахваючы ў паветры доўгім гнуткім бізуном...
I на вуліцах горада даволі людна. Усюды крамы, і маленькія, і вялікія. На шматлікіх базарах поўна людзей. Ніхто ўжо, відаць, не баіцца, што наляціць раптам аднекуль конная хеўра панскіх свавольнікаў і наробіць гвалту.
Мінск, нядаўна яшчэ заняпалы, абудзіўся да жыцця. A між тым часу пасля таго, як мы зрабілі свой папярэдні круг над Мінскам, прайшло зусім мала. Усяго якіх дваццаць — дваццаць пяць гадоў!.. Чвэрць стагоддзя!.. Для гісторыі, як і для нас — уладальнікаў кіліма-самалёта, гэта ўсё роўна што адно імгненне. Але здараюцца ў жыцці народаў і краін такія падзеі, якія адразу змяняюць іх далейшы лёс.
Што здарылася з Мінскам за гэты невялікі час? Што адбылося на Беларусі? Зірнём у наш каляндар...
Ну, вядома! У 1795 годзе Беларусь уз’ядналася з Расіяй. Гэта і вывела яе з разрухі і заняпаду. А Мінск апынуўся на адным з асноўных шляхоў гандлю паміж Масквой і Заходняй Еўропай.
Мы бачым першыя вынікі ўз’яднання, бо кружым над горадам у пачатку XIX стагоддзя.
А што гэта за будынкі на ўскраінах горада, незвычайныя для нядаўняга Мінска? Над некаторымі з іх узнімаюцца высокія жалезныя коміны. Гэта ўжо нешта зусім новае. Гэта падобна на фабрыкі...
Так, мы не памыліліся.
Гэта і ёсць фабрыкі, хоць пакуль яшчэ і вельмі малепькія.
Першыя фабрыкі, якія выраслі з асобных малых майстэрняў.
У Мінску растуць не толькі склады гандлёвых тавараў, але і суконныя, гарбарныя, ганчарныя, мылаварныя майстэрні, лесапільныя і цагельныя заводы. Пашырылася яго тэрыторыя, расце колькасць жыхароў. Развіваецца лёгкая і харчовая прамысловасць. Цяпер Мінск — губернскі горад Расійскай імперыі.
Вы ўсміхаецеся?
Зразумела, той, хто ведае сучасны Мінск, не можа не ўсміхнуцца, калі мы называем саматужныя майстэрні і невялікія заводзікі прамысловасцю. Але для таго часу, у якім мы апынуліся, дзякуючы нашаму кіліму, гэта ўжо немалое дасягненне. Асабліва калі мы ўспомнім тое, што бачылі ў Мінску зусім нядаўна, у канцы XVIII стагоддзя.
Дарэчы, хто гэты чалавек, што выйшаў з невялікага цаглянага будынка? Ці не падобны ён на таго гарбара, якога мы бачылі ў час нашага першага круга над Мінскам? Помніце?
Так, гэта, бясспрэчна, ён. Толькі пасівеў, пастарэў, небарака. А будынак, перад якім ён стаіць, нічым не нагадвае тую пахілую брудную хаціну, у якой ён тады працаваў. Гэта не саматужная гарбарня, а невялікі скураны завод. I працуе на ім не менш двух дзясяткаў чалавек. Выгляд у гарбара стомлены. Нялёгка, напэўна, жывецца старому. Відаць, давялося яму, як і многім іншым дробным саматужнікам, кінуць сваю прымітыўную майстэрню і наняцца працаваць да больш спрытнага і заможнага гаспадара.
Гарбар падышоў да чалавека ў сялянскай світцы, павітаўся. Пра нешта яны гавораць.
Мы нават пачулі некалькі сказаў.
— Вось,— кажа гарбар,— чакалі мы ад новай улады палёгкі...
— Ат, братка,— адказвае селянін,— каму новая ўлада, a нам — усё тая ж. Як быў над намі наш пан, так і застаўся.
— Крумкач крумкачу вока не выдзеўбе,— змрочна згаджаецца гарбар.
Мы ўжо адляцелі і далейшай размовы не чуем. Але чаму — крумкач крумкачу?.. Што мелі на ўвазе гарбар і селянін?
Здагадацца не цяжка.
На чале Расійскай дзяржавы стаяць цар і памешчыкі. Царская ўлада зусім не збіраецца крыўдзіць магнатаў.
Па-ранейшаму забаронена беларуская мова. Па-ранейшаму сяляне застаюцца прыгоннымі. Па-ранейшаму працоўным жывецца вельмі цяжка...
А новыя дамы, што выраслі ў Мінску? Яны належаць царкве, памешчыкам, многія з якіх перабіраюцца на зіму ў горад, купцам, уладальнікам фабрык і заводаў, буйнейшых майстэрняў...
Вось і скончыўся другі наш круг над Мінскам. Пачынаецца трэці...
Але як усхадзіўся раптам вецер. А снегу, снегу... Яілчэ толькі восень па календары — і такая завіруха... Нічога не відаць...
Што ж, паспрабуем апусціцца ніжэй...
Нарэшце замільгалі крыжы на званіцах. Паказалася вежа гарадской ратушы. Мы над Саборнай плошчай — так пачалі называць пасля ўз’яднання з Расіяй былое Высокае месца. Вось і прыгожы двухпавярховы губернатарскі дом, пабудаваны нядаўна каля ратушы і касцёла.
Але чаму на плошчы столькі людзей у вайсковай форме? I форма на іх нейкая незнаёмая! Мільгаюць дзе-нідзе чырвоныя даламаны1 і цёмныя шапкі гусараў, бліскучыя каскі кірасіраў, упрыгожаныя чорнымі конскімі хвастамі, зялёныя мундзіры, шэрыя плашчы і чорныя чатырохвуголкі пехацінцаў. Хто
1 Даламан — куртка.
гэтыя людзі? Адкуль яны ўзяліся? Усюды гучыць французская мова.
Усё зразумела, гэта — салдаты французскага імператара Напалеона. На гэты раз мы апынуліся над Мінскам восенню 1812 года.
Парадку сярод вайскоўцаў нешта не відаць. На плошчы перамяшаліся салдаты і афіцэры розных родаў войск. I апрануты многія з іх больш чым дзіўна. На плячах у некаторых мы бачым паверх вайсковай формы конскія папоны, цёплыя жаночыя кофты і хусткі, купецкія футры, сялянскія кажушкі, а вунь той хударлявы чарнавусы артылерыст нацягнуў на сябе нават папоўскую расу і грэе рукі ў шырокіх рукавах, a сам калоціцца ад холаду.
Салдаты ўсхваляваны. Змрочныя дайшлі да іх чуткі. Кожны імкнецца праціснуцца наперад. Кожны хоча на ўласныя вушы пачуць, што скажа начальства.
Ці праўда, што Напалеон пакінуў спаленую Маскву і Вялікая армія адступае ў непарадку? Ці праўда, што рускія наблізіліся да Мінска з захаду, адкуль іх ніхто не чакаў? I што атрад, высланы ім насустрач, разбіты пад Койданавам? Што рабіць, каб не трапіць у акружэнне, не апынуцца ў палоне?
Але на балкон губернатарскага дома ніхто не выходзіць. Французскі губернатар, прызначаны Напалеонам, уцёк з усёй сваёй світай...
Неба цямнее. Дзьме халодны вецер. Мокры снег пачынае ісці мацней. На плошчы расце паніка.
Ці не час спыніць нам свой трэці круг над Мінскам? Паглядзім цяпер. што робіцца на дарогах з Масквы на захад.
Вецер суняўся, завея скончылася. У цёмным небе з’явіўся месяц, засвяціліся зоркі. Мы чуем, як патрэскваюць ад марозу дрэвы. Але нам з вамі ніякі мароз не страшны. На сваім кіліме-самалёце мы не адчуваем ні холаду, ні спякоты, ні вільгаці, ні ветру. Такая ў кіліма асаблівасць. На ім і вакол яго трымаецца заўсёды ўстойлівая, нармальная для нас тэмпература, нібы ў кабіне касмічнага карабля.
А ўнізе што робіцца?
Яшчэ лістапад, а дарогі занесены снегам. Толькі бярозы ў шэрані паказваюць, дзе праходзіць так званы Кацярынінскі
шлях, пракладзены ад Масквы да Варшавы рукамі прыгонных сялян адразу пасля ўз’яднання Беларусі з Расіяй.
I Бярэзіна недалёка ад Барысава нібы заснула пад покрывам пушыстага снегу.
Паглядзіце ўважлівей на гэтую мясцовасць. Што? Нічога асаблівага? Так, пазнаць яе цяпер нялёгка. А між тым мы з вамі былі ўжо тут раней. Гэта тое самае месца, дзе некалькі дзясяткаў тысячагоддзяў назад мы бачылі статак мамантаў і паселішча нашых вельмі далёкіх продкаў...
А гэта што? Проста з-пад снегу тырчаць печы і коміны. Іх даволі многа. Дзе-нідзе снег не паспеў яшчэ прыцерушыць рэшткі дамоў, хлявоў, пуняў...
Яшчэ нядаўна тут было сяло... Вось яно — на карце... Гэта Студзёнка... Ну, цяпер усё зразумела. Усе хаты ў сяле разабраны французскімі сапёрамі па загаду Напалеона. Бярвенне і дошкі пайшлі на пабудову двух мастоў, каб адступаючая армія магла пераправіцца цераз Бярэзіну.
Вось і сапёры. Адны з іх скончылі сваю працу і грэюць цяпер здубянелыя рукі і ногі. Астатнія, як мурашкі, мітусяцца на другім, не дабудаваным яшчэ мосце.
А на гэтым баку ракі, на Кацярынінскім шляху, цягнецца нейкая бясконцая цёмная стужка.
Гэта брыдуць французскія салдаты. Яны адступаюць ад спаленай Масквы, ад разбуранага Смаленска. Адно ў іх жаданне, адно імкненне — хутчэй пакінуць Расію, хутчэй дабрацца да Францыі. Яшчэ нядаўна, у чэрвені, прайшлі яны праз гэтыя мясціны на ўсход як гордыя і непераможныя заваёўнікі свету, а цяпер брыдуць назад няшчасныя, знясіленыя. Брыдуць па спустошанай імі ж краіне, і цяпер самім няма чаго есці. Яны падаюць ад стомы, пакутуюць ад непрывычнага холаду, ад якога не ратуюць ні коўдры, ні шалі, ні жаночыя хусткі.