Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
Далей, далей ад гэтага сумнага відовішча... Потым, праз колькі год, аўтар «Слова аб палку Ігаравым» скажа пра гэтыя падзеі: «На Нямізе снапы сцеляць галовамі, малоцяць цапамі булатнымі, жыццё кладуць на таку, душу веюць ад цела. Нямігі бо крывавыя берагі не дабром засеяны, засеяны касцямі сыноў рускіх».
У сувязі з бітвай на берагах Нямігі ўпершыню трапіў Мінск на старонкі гісторыі. Пад 1067 годам упершыню было ўпамянута яго імя ў летапісе.
Таму гэты год, такі няшчасны для маладога Мінска, год руйнавання, і лічыцца пачаткам яго гістарычнага жыцця.
Пад знакам вайны і разбурэння ўвайшоў наш горад у гісторыю, у літаратуру. 3 гэтага часу ён усё часцей упамінаецца ў гістарычных дакументах, і кожны раз зноў і зноў у сувязі з войнамі, бітвамі, пажарамі і няшчасцямі.
Такі быў яго лёс.
Такі быў лёс усёй нашай краіны. Яго вызначыла геаграфічнае становішча зямлі, якую потым пачалі называць беларускай — на скрыжаванні вялікіх дарог між Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем, у самым цэнтры Еўропы.
АДХІЛЕННЕ АД КУРСУ
3 тлумачэнняў экскурсавода. Белая значыць вольная. Нашчадкі Кіеускай Русі. У новай дзяржаве. Заваёўнікі з захаду.
Следам за аб’яднаным войскам. Рыцары бягуць
Мы ў наступным — дванаццатым — стагоддзі.
Многія гарады, якія нядаўна яшчэ былі не вельмі значныя, зрабіліся такія ж магутныя і людныя, як і Кіеў. I жывуць у іх такія ж багатыя купцы, такія ж умелыя рамеснікі, майстры на ўсе рукі, як і ў Кіеве. I ўзведзены ў гэтых гарадах такія ж моцныя замкі, і прыгожыя харомы і вялікія цэрквы. I не хочуць больш князі гэтых гарадоў падпарадкоўвацца ні адзін аднаму, ні нават самаму старэйшаму з іх — вялікаму князю кіеўскаму.
Кожны князь хоча, каб яго горад быў галоўны і адзіны цэнтр для ўсіх рускіх зямель, каб усе аб’ядноўваліся вакол яго.
Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, нішчаць людзей. Дзейнічаюць і сілай і хітрасцю. Абы нажыцца, абы разбагацець яшчэ больпі. Лёс дзяржавы, лёс народа іх мала турбуе.
Нам з вышыні свайго кіліма добра відаць, як па дарогах, а дзе і проста па палетках рухаюцца ў розных напрамках конныя і пешыя войскі. Коні б’юць капытамі недаспелае жыта, бясконцыя рады пешых воінаў топчуць пасевы.
Мінскі князь Глеб, сын Усяслава Чарадзея, паліць горад Слуцк. А ў 1119 годзе Уладзімір Манамах, вялікі князь кіеўскі, бярэ і разбурае Мінск, знішчае насельніцтва, а потым сам хваліцца, успамінаючы пра свае паходы: «Зруйнаваў горад Менск і не пакінуў у ім ні чалавека, ні жывёлы».
Паўтарылася тое, што адбылося ў 1067 годзе. Адноўлены горад зноў зруйнавалі ўшчэнт.
Князі руйнуюць краіну сваімі бясконцымі міжусобіцамі, а тым часам грозная небяспека навісла над усімі рускімі землямі. Нібы чорная навальнічная хмара, насоўваюцца з усходу незлічоныя полчышчы мангола-татарскіх заваёўнікаў. Яны прыйшлі з далёкіх краін Азіі, захапілі і зруйнавалі Кіеў і
большасць усходніх і паўднёвых рускіх гарадоў. Адно княства за другім трапляе паасобку пад ярмо заваёўнікаў.
Толькі заходнія княствы пазбеглі татарскай заваёвы. Дакаціліся і да іх магутныя хвалі навалы, але прайшлі і адхлынулі назад. Вольныя ад татарскага ярма засталіся землі сучаснай Беларусі.
Адсюль, можа, і пайшла назва, якая замацавалася за нашай краінай — Белая Русь. Гэта значыць — вольная Русь. У тыя часы слова «белы» мела той самы сэнс, што і слова «вольны».
Ляціць і ляціць наш кілім-самалёт... Хвіліна — стагоддзе. Яшчэ хвіліна — яшчэ адно стагоддзе.
Няма ўжо Кіеўскай Русі. Але ёсць яе нашчадкі.
Беларускія землі цяпер уваходзяць у склад Вялікага Княства Літоўскага. Культура Кіеўскай Русі, якая захавалася на Беларусі, была вышэй за культуру літоўскіх плямён, якія яшчэ толькі пераходзілі ад родавага ладу да ранняга феадалізму. Таму літоўцы даволі хутка перанялі гэтую культуру. Тая мова, якая пазней будзе называцца беларускай, зрабілася ў Вялікім Княстве Літоўскім мовай дзяржаўнай. На ёй гавораць пры двары літоўскіх князёў, на ёй пішуцца кнігі і летапісы, выдаюцца законы, складаюцца дзяржаўныя дакументы.
Жывучы ў адной дзяржаве, літоўцы і беларусы разам бароняцца і ад татарскіх заваёўнікаў, якія нападаюць з усходу і поўдня, і ад нямецкіх рыцараў-крыжаносцаў, якія насоўваюцца з захаду.
Мы пралятаем цяпер над нашымі землямі ў самым пачатку пятнаццатага стагоддзя. Сталіца дзяржавы, якая раней была ў Навагрудку, перанесена ў Вільню.
Ужо галіцкі князь Данііл перамог крыжаносцаў у бітве каля Драгічына, спыніўшы іх прасоўванне на поўдзень. Ужо ноўгарадскі князь Аляксандр Неўскі разбіў нямецкіх рыцараў на Чудскім возеры, спыніўшы іх прасоўванне на паўночны ўсход. Ужо вызваліўся ад крыжаносцаў часова захоплены імі Полацк. Але рыцарскі ордэн усё яшчэ захоўвае сваю драпежную ваяўнічую сілу.
Крыжаносцы падступаюць пад Вільню, Гродна, Ліду. Яны паляць вёскі і сёлы, рабуюць і разбураюць гарады, забіваюць мірных жыхароў. Яны імкнуцца заваяваць і заняволіць беларускія, літоўскія, украінскія, рускія землі.
I вось, прыгледзьцеся ўважлівей! Рушыць на захад па дарогах Беларусі вялікае войска. Ідуць не толькі добра ўзброеныя воіны. У войску нямала і сялян, і рамеснікаў з косамі, сякерамі, нажамі, доўбнямі і рагацінамі. Да войска далучаюцца ўсё новыя і новыя палкі. Яны ідуць з усіх канцоў Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы. Яны аб’ядноўваюцца ў адзінае вялікае войска. Ім усім пагражае адна агульная небяспека. Ім усім ненавісны агульны люты вораг — хітрыя і вераломныя рыцары-крыжаносцы.
Варта і нам паляцець за гэтым войскам.
Хоць далейшыя падзеі адбудуцца не на беларускай зямлі, але будуць мець для яе немалое гістарычнае значэнне.
I вось мы ляцім за бясконцымі злучэннямі воінаў.
Пыл клубіцца па дарогах ад дзясяткаў тысяч ног. Зіхацяць на сонцы бліскучыя шаломы, шчыты і кальчугі. Іржуць коні, трубяць трубы. Развяваюцца каляровыя сцягі.
Войска сапраўды вялікае — дзевяноста адна харугва выступіла ў паход. I дваццаць з іх — беларускія. Нам вядомы іх назвы — Брэсцкая, Ваўкавыская, Віцебская, Гродзенская, Драгічынская, Лідская, Мінская, Мсціслаўская, Навагрудская, Пінская, Полацкая, Тураўская і іншыя. 3 Украіны прыйшлі харугвы Кіеўская, Галіцкая, Львоўская, Крамянецкая і тры Падольскія. Тры харугвы прыслаў Смаленск.
Крыжаносцы таксама добра падрыхтаваліся да рашучай бітвы. Яны запрасілі да сябе рыцараў-добраахвотнікаў і наёмнікаў з Францыі, Англіі, Даніі, Нідэрландаў.
Мы ляцім на сваім кіліме над далінай каля прускіх вёсак Грунвальд і Таненберг, куды прыйшло саюзнае войска.
Паглядзіце на крыжаносцаў! Яны ўзброены вялікімі цяжкімі мячамі і коп’ямі. I самі рыцары пад сваімі доўгімі белымі плашчамі з чорным крыжам і іх рослыя дужыя коні закуты ў браню.
Над шчыльнымі радамі крыжаносцаў лунаюць шматлікія сцягі і штандары з малюнкамі злавесных чорных арлоў,
ваўкоў, мядзведзяў, з крыжамі, мячамі і рознымі рыцарскімі эмблемамі. Шаломы рыцараў упрыгожаны пер’ем паўлінаў, рагамі зуброў і тураў. На шчытах намаляваны рыцарскія гербы. Усё разлічана на тое, каб застрашыць, запалохаць, прыгнесці праціўніка, стварыць уражанне сілы, магутнасці, непераможнасці.
Раніца 15 ліпеня 1410 года...
Затрубілі трубы... Пачынаецца бітва...
3 гучнымі баявымі крыкамі і шматгалосым спевам кінуліся воіны на ворага. Рады сутыкнуліся. Ламаюцца коп’і, грымяць даспехі. Бразгат мячоў выразна даносіцца і да нас.
Што?.. Далучыцца і нам да саюзнага войска? На жаль, мы не можам. He забывайце, іпто мы — з другой, пазнейшай эпохі. Мы можам толькі назіраць за ходам падзей...
Амаль усе коп’і пераламаны. Баявыя рады так самкнуліся, што воінам немагчыма ні змяніць месца, ні прасунуцца хаця б на крок, ні размахнуцца як след рукой.
Забітыя не падаюць на зямлю. Сціснутыя з усіх бакоў, яны рухаюцца разам з жывымі. Людзей падмінаюць і топчуць коні.
Вось ужо гадзіна прайшла, а ні той, ні другі бок не адступае і не можа перамагчы праціўніка.
Сонца пачало хіліцца да захаду.
I тут аб’яднаныя войскі зламалі нарэшце супраціўленне крыжаносцаў.
Бягуць рыцары, ратуючыся ад пагібелі.
А самы галоўны іх кіраўнік, вялікі магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген, застаўся ляжаць на полі бою. Тысячы рыцараў забіты, тысячы ўзяты ў палон.
Так скончылася бітва пры Грунвальдзе, якая паклала KaHeu, заваёўніцкім планам нямецкіх рыцараў. Марна імкнуліся крыжаносцы заняволіць пароды паўночна-ўсходняй Расіі, Літвы, Беларусі, Украіны, Польшчы...
КРУГ НАД НЯСВІЖАМ I ПРЫЗЯМЛЕННЕ ДРУГОЕ
Пад уладаю польскіх паноў. Замак на востраве.
Песня над пожняй. Да родных братоў, на вольныя землі.
За гарадской брамай. Чаму ў гэтым доме не спяць ?
А наш кілім-самалёт усё ляціць і ляціць...
Цяпер мы трапілі ў эпоху, не такую ўжо далёкую. Шмат чаго адбылося на нашай зямлі за гэтыя гады. Мінулі, адышлі ў нябыт на Вялікай Русі змрочныя часы татара-мангольскага ярма. Паўночна-ўсходнія рускія княствы, аб’яднаныя вакол новай сталіцы — Масквы, ператварыліся ў моцную і незалежную дзяржаву. Князі маскоўскія пачалі называцца царамі.
А Белая Русь?
Разам з Літвой яна ўваходзіць цяпер у склад польскай дзяржавы. Пад уладу польскіх магнатаў трапіла і большасць зямель Малой Русі — Украіны. Усё горш, усё цяжэй жывецца простым людзям — рамеснікам і сялянам. Усё бязлітасней прыгнятаюць народ паны. Адзін за адным пераходзяць мясцовыя памешчыкі ў каталіцкую веру, пераймаюць мову і звычаі польскіх паноў, выракаюцца свайго народа, лічаць простых людзей быдлам.
Чаму ж яны церпяць, простыя людзі? Іх жа больш за паноў. Але на баку прыгнятальнікаў узброеная сіла, наёмнае войска, а царква і касцёл вучаць цярпець, падпарадкавацца пану. Дый не знайшліся яшчэ пакуль сярод сялян і рамеснікаў людзі, якія маглі б згуртаваць усіх прыгнечаных і павесці на барацьбу з заклятым ворагам. Праўда, то ў адным горадзе, то ў другім успыхваюць мяцяжы, узнікаюць хваляванні. Здараецца, што і сяляне пускаюць часам «чырвонага пеўня» — паляць панскія маёнткі. Жорстка распраўляюцца паны з тымі, хто асмеліўся паўстаць супраць іх улады.
Мы пралятаем над невялікім гарадком на беразе возера. На востраве, ад якога ідзе да гарадка шырокая грэбля з вербамі па баках, высіцца замак. Ен акружаны высокай сцяной з чатырма вежамі і безліччу байніц. Тым, хто асмеліўся б падступіцца пад сцены замка, давялося б пераадолець і роў