Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Партрэт пісьменніка і чалавека
Адам Мальдзіс
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 208с.
Мінск 2010
— Калі б я пабыў у кожнай хаце, дзе мне рады, хаця б з паўгадзіны, — з натуральнай годнасцю сказаў ён, — то гэта заняло б пару месяцаў.
— I ў мяне ў Падняпроўі набралася б не меней, — парыраваў з пэўнай зайздрасцю Валодзя.
У навагрудскім фарным касцёле, дзе хрысцілі Міцкевіча, ён уважліва прыслухоўваўся да таго, што ксёндз Новак расказваў пра барэльефную «табліцу» ў гонар беларускіх братоў Рудамінаў, якія ўдзельнічалі ў вайне з туркамі пад Хоцінам, амаль усе там загінулі.
— Гэта ж гатовы сюжэт! — усклікнуў.
На развітальным абедзе ў гонар польскіх гасцей ў мінскім рэстаране «Юбілейны» Мацей Юзаф Канановіч прапанаваў стоячы «споўніць» здароўе «начальніка і грамадзяніна Касцюшкі». Адказваючы яму, Караткевіч выдаў цудоўны тост за Польшчу, за лепшыя старонкі супольнай гісторыі («у ёй было, панове, усё: і веліч, і ганьба») і тутжа з усёй непасрэднасцю запрасіўся дамоў.
— Гэта сапраўдны Галчыньскі! — правёў Канановіч паралель паміж Караткевічам і вядомым польскім паэтам, маючы на ўвазе і іх талент, і спосаб быцця.
У сярэдзіне сямідзясятых гадоў, калі сакратаром ЦК КПБ па ідэалагічных пытаннях стаў Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін, афіцыйныя адносіны да Уладзіміра Караткевіча
ды і да іншых пісьменнікаў прыкметна змяніліся да лепшага. Застойны перыяд у краіне працягваўся, але ў Беларусі паменшала вульгарна-абвінаваўчых выступленняў у друку і з трыбун, наклейвання нацыяналістычных, абстрактнагуманістычных, пацыфісцкіх і ўсялякіх іншых ярлыкоў. Караткевіча ўпершыню выбралі ў праўленне СП БССР, сталі запрашаць у высокія інстанцыі, каб параіцца па розных пытаннях нацыянальнай культуры. У маі 1976 года ён быў у ЦК КПБ, дзе выказаў свае меркаванні аб тым, якім яму бачыцца музей пад адкрытым небам, якія помнікі архітэктуры рэстаўраваць у першую чаргу. 18 ліпеня 1977 года сустракаўся з П. М. Машэравым і разам з ім ездзіў, каб выбраць месца для таго ж музея. Некалькі разоў аўтарытэтна ўзнімаў свой голас у абарону Верхняга горада ў Мінску. Караткевіч вельмі высока адгукаўся пра П. М. Машэрава (асабліва пра яго клопаты, каб беларуская мова лепш гучала на тэлебачанні і радыё) і A. Т. Кузьміна, ганарыўся іх даручэннямі і ахвотна іх выконваў. Так пасля размовы з A. Т. Кузьміным паехаў у Мсціслаў і напісаў пра гэты старадаўні горад кнігу (на жаль, сапсаваную пасля смерці аўтара недарэчнымі скарачэннямі і некваліфікаваным перакладам рускай часткі). Памятаецца, у сувязі з гэтымі сустрэчамі Караткевіч стаў больш аптымістычна глядзець на беларускую нацыянальную перспектыву.
— Некуды ж гісторыя прыйдзе, — паўтараў ён словы УХадзіміра Дамашэвіча.
У 1974 годзе нарэшце пабачыла святло рампы першая п’еса Уладзіміра Караткевіча; тэатр імя Якуба Коласа паставіў да тысячагадовага юбілею горада яго «Званы Віцебска» (ранейшыя спадзяванні на купалаўцаў не апраўдаліся — яны толькі паказалі ў 1972 годзе яго пераклад гістарычнай драмы М. Карыма «У ноч зацьмення месяца»). 27 лістапада, на другі дзень пасля дня нараджэння аўтара, коласаўцы прывезлі спектакль у Мінск, і ўсе мы, ягоныя сябры, дружна адправіліся паглядзець яго. Пастаноўка спадабалася: добрае веданне гісторыі, моцныя і трагічныя характары, цікавая рэжысёрская работа Валерыя Мазынскага, зладжа-
ны акцёрскі калектыў. Наша неўразуменне выклікала толькі адсутнасць на сцэне папы рымскага і польскага караля Сігізмунда, выразна абазначаных у праграме.
— ІТТто б гэта значыла? — спыталі мы ў Валодзі, калі пасля спектакля ён, узбуджаны і задаволены, прыйшоў на кватэру да Лапцэвічаў (Валянціна Браніславаўна якраз прыхварэла, і таму сабраліся «на нейтральнай тэрыторыі»).
— А тое, што і папу, і караля яны ўставілі самі, без маёй згоды, — Караткевіч у той вечар гаварыў многа і ахвотна, a я, седзячы на ўзбоччы, меў мажлівасць непрыкметна занатаваць яго словы. — Ясна, мусіў запратэставаць. Аднойчы Мазынскага нават у хату сваю не пусціў. Толькі праз дзверы сказаў: выкінь, я не хачу ўзбуджаць ранейшыя сваркі паміж народамі. Мусілі, сардэшныя, у самы апошні момант папу і караля скараціць, хоць і адзенне для іх знайшлося пашытае... He з Ватыканам, не з папам рымскім ваюю я ў п’есе, a з нецярпімасцю людской. Лухта, нібы я напісаў пра падзеі трохсотпяцідзесяцігадовай даўнасці. Усё гэта — аб нецярпімасці сённяшняй. Кунцэвіча я імкнуўся зрабіць асобай моцнай і трагічнай: забілі яго, калі стаў нешта разумець, мог дамовіцца з людзьмі... Шкада, што з п есы выкінуты добрыя сцэны, у тым ліку пакаранне вяроўкамі крамольнага звана.
Неўзабаве, у сакавіку 1978 года, адбылася прэм’ера оперы «Сівая легенда», лібрэта якой напісаў Уладзімір Караткевіч, а музыку — Дзмітрый Смольскі. Аўтары разам сядзелі некалькі тыдняў і «падганялі» кожную фразу — прытым Валодзя праяўляў тонкае веданне музыкі. Опера падабалася: у ёй было нямала арыгінальных, вельмі народных і вельмі сучасных, мелодый — арый, дуэтаў, хораў. Засмучала толькі дыкцыя: большая палова беларускіх слоў не даходзіла да залы.
— He быў бы то арыстакрат па паходжанні і духу, — пацвельвалі мы з лібрэтыста. — Чатыры разы паставіў народ на калені і двойчы прымусіў хрысціцца...
— А хіба мала народ наш ставілі на калені?! — успыхнуў Валодзя, не зразумеўшы жарту. — Ды і тое, што ён хрысціў-
ся, з гісторыі не выкінеш. У ёй было ўсё: і бунт, і пакуты, і цярпенне, і вера.
У тагачасным жыцці Уладзіміра Караткевіча таксама было ўсё: творчыя ўзлёты і глыбокія дэпрэсіі, радасці ад сустрэч з удзячнымі чытачамі (яны нярэдка прыходзілі дамоў) і пакуты, выкліканыя хваробай маці, уласнай хваробай. У канцы лістапада 1977 года Надзея Васільеўна, звычайна бадзёрая і ўраўнаважаная, нечакана злегла: дактары з лечкамісіі падазравалі, што быў інсульт. Але калі мы з Грынчыкам зайшлі, каб яе наведаць, яшчэ ахвотна гаварыла з намі. Валодзя яшчэ гнаў ад сябе ўсялякія дрэнныя думкі і ўтой вечар гаварыў пра Пушкіна, Талстога, Буніна. У Яснай Паляне, згадваў, быў ён з нейкім паўночна-каўказскім крытыкам. Калі сказаў: «Вось гэта чалавек!», той запярэчыў: «Он нэ чэловек». Абураны Караткевіч схапіўяго за грудкі. Адпусціў, аднак, калі той выгукнуў: «Он Бог!» Лепшым творам усіх часоў і народаў Валодзя тады назваў «Чысты панядзелак» Івана Буніна. Мы са скрухай прызналіся, што не чыталі яго. Тады гаспадар прынёс адпаведны том, пачаў зачытваць урыўкі. Потым з задавальненнем перачытваў уголас бунінскія вершы.
16 снежня Надзеі Васільеўны не стала. Калі мы з Кісялёвымі і Рагойшамі зайшлі вечарам, Валодзя выглядаў стомлены ад недаспаных начэй.
— Вось і запалілася каля маці свечка, што раней стаяла перад Каліноўскім, — неяк вінавата павітаў ён нас.
Гаварылі пра тое, што нікому — нягледзячы на гады — не хочацца паміраць. Рагойша папракнуў Валодзю, што ён так і не запісаў голас маці, яе ўспаміны:
— Калектыўная памяць народа вымяраецца тым, колькі напісана або запісана мемуараў. Пра культуру чалавека сведчыць яго жаданне пакінуць пасля сябе расказ аб перажытым.
Валодзевы думкі на нейкі момант пераключыліся ў іншым кірунку, і ён пачаў хваліць Паўліну Мядзёлку, што вось яна добра зрабіла, напісаўшы свае ўспаміны. Большую па-
лову апублікавала, а астатняе далаяму на захаванне. Праўда, потым нечага спалохалася і ўзяла назад. Дзе яно цяпер знаходзіцца — невядома. А вось цёці Ухадзі, удаве Янкі Купалы, таксама было што ўспомніць, аднак жа не знайшлося каго, каб запісаць. I многае з біяграфіі народнага песняра назаўсёды застанецца загадкай.
На наступны дзень Надзею Васільеўну пахавалі на Паўночных могілках. Над труной Валодзя вымавіў толькі тры фразы: «Адхадзілі твае ножанькі», «Адрабілі твае ручанькі» і яшчэ нешта, цішэй, пра вочы. Потым стаяў над магілай з закрытымі вачыма і нешта шаптаў — ці то малітву, ці то сваё.
За жалобным сталом Валодзя стаў крыўдаваць на сакратароў Саюза пісьменнікаў — «з маладых, ды ранніх». Званіў да іх з просьбай, каб далі машыну прывезці труну, але адмовілі. I на пахаванне ніхто не прыйшоў, не выказаў спачуванне нават па тэлефоне.
— Яны былі б рады, калі б Караткевіч сам памёр, — з болем казаў Вячаслаў Адамчык, таксама нейкі ўчарнелы.
На саракавіны па Надзеі Васільеўне прыйшоў Ніл Гілевіч. Нейкі час, пасля позняй вечарынкі, спраўленай Караткевічам у гонар прыезду пана Рышарда Брыкоўскага, адносіны паміж імі былі напятыя. Аднак смерць прымірае людзей, прымушае іх забыць часовае, дробязнае. Валодзя быў удзячны суседу за разважлівае слова, рады, што наступіла згода.
У 1978 годзе Караткевіч упершыню сур’ёзна захварэў сам. Ляжаў у лечкамісіі, у дзявятай бальніцы, дома. Калі мы наведвалі яго, скардзіўся, што ў страўніку «нібы волава наліта». Але бадзёрыўся, збіраўся паехаць у Самарканд і Бухару, а затым у Планерскае ці Гагры. Настойліва частаваў то мінеральнай вадой, то соленым міндалём, то сушанымі грушамі («упадзе такая — застанецца мокрае месца і крыху семечак»). Рытарычна прапаноўваў нам «для ўзняцця настрою» чарачку («сам я ні-ні»). Абураўся частымі візітамі «розных непатрэбных людзей», тэлефоннымі званкамі.
Каб уратавацца ад усяго такога, ён — ці то сур’ёзна, ці то жартам — прасіў аднаго добрага знаёмага з гарадской міліцыі, каб яго на некалькі месяцаў пасадзілі ў турму, — толькі каб камера была асобная, параша чыстая («а то ў мяне грэблівасць») і на стале ляжаў стус чыстай паперы. Пытаў нават, што для гэтага трэба («вокны ў суседнім будынку пабіць?»). Але знаёмы збянтэжана аднекваўся: наўрад ці гэта рэальна...
На пачатку лета 1978 года Караткевіч (здаецца, адзін) паехаў у Планерскае, спрабаваў па старой звычцы ўзысці на Карадаг, але ўпаў, аступіўшыся (нешта стала падводзіць абвараная кіпетнем нага), збіў галаву. Нейкі час ляжаў у Сімферопалі ў бальніцы, куды па яго вылятала Валянціна Браніславаўна. Калі ў ліпені мы з Кісялёвым зайшлі да яго, каб пераставіць кніжныя паліцы, сядзеў сумны на тахце, пад драўляным партрэтам Багдановіча, зробленым у турме і прынесеным пасля выхаду на волю нейкім чытачом, які, дзякуючы яго творам, адчуў сябе «чалавекам і беларусам». Валодзю нервавала, што мы можам выпадкам пакалечыцца, як і ён. Даваў нам нейкія парады. Расказваў, што ў сімферопальскай бальніцы давялося «ваяваць» з маракамі, якія ляжалі ў адной з ім палаце і адмыслова лаяліся. Прыціхлі і запаважалі яго, калі і ён успомніў урокі «боцманскай школы» (ці не далёкаўсходняй?).