Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Партрэт пісьменніка і чалавека
Адам Мальдзіс
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 208с.
Мінск 2010
У «Чорным замку Альшанскім» ёсць прадчуванне тых грамадскіх змен, што адбыліся ў нашай краіне за апошнія гады, пасля смерці пісьменніка. Яно — і ў імкненні Косміча заўсёды быць чалавекам, з годнасцю «распараджацца сабою». Яно — і ў разуменні непарыўнай повязі часоў. Памкненні герояў добрыя і чыстыя: «Людзям вельмі патрэбна чыстае паветра. Трэба, каб лёгка дыхаць. Вельмі трэба чыстае паветра. Вельмі чыстае паветра».
Аднак вернемся ў «год Караткевіча». Пачаўся ён для Валодзі «нефартунна» — новымі прыступамі. Спачатку хворы ляжаў дома, потым у лечкамісіі, у Аксакаўшчыне, казаў, што яму пагоршала, калі схадзіў у Саюз, каб дабіцца маральнай і матэрыяльнай падтрымкі для Вацлава Жыдліцкага, і сустрэўтам поўнае неразуменне. Скардзіўся, што мы ўсе рэдка яго наведваем («хаця б перакінуцца ў дурня»), А калі я аднойчы зайшоў да яго, каб расказаць, як яго ведаюць і любяць студэнты ўніверсітэта (на кніжным «аўкцыёне», які я там вёў, на пытанне, хто з герояў беларускай літаратуры найбольш падабаецца, многія адказалі: Алесь Загорскі), двойчы паўтарыў, што едзем мы ўжо не на вяселле, а з вяселля, што пара зарубіць на носе лацінскае «momento тогі» («памятай аб смерці»), На гэта я адказваў, што шлях з вяселля таксама можа быць доўгі, а на ім, напэўна ж, сустрэнуцца прыемныя і гасцінныя корчмы. Валодзя тут крыху ажывіўся:
— Раней, здаецца, корчмы былі кожныя пяць вёрст... Аднойчы мужыкі завялі спрэчку: колькі вёрст да неба? Адзін адказаў: менш пяці, бо інакш была б відаць і карчма.
Каб яшчэ больш падбадзёрыць яго, я дастаў з партфеля выразку з артыкулам Ганны Далінскай, надрукаваным у польскай «Політыцы». УХадзімір Караткевіч, Аляксей Кулакоўскі і Алесь Жук там былі названы песнярамі дабрыні і талеранцыі.
— Хочаш, і я табе нешта пачытаю, — сказаў ён нібы ў адказ. I выцягнуў з-пад стуса рукапісаў сваю своеасаблівую рэцэнзію на выказванні аб сітуацыі з беларускай мовай, сабраныя філосафам Алегам Бембелем. Зачытаў урыўкі з яе, а потым — з надрывам, на адным дыханні — і некаторыя выказванні.
— Вось бачыш, — закончыў, — і адзін чалавек многа можа... Кожны павінен з годнасцю несці свой крыж — ці то едучы на вяселле, ці то з онага... Вядома, ніхто цяпер усяго гэтага не надрукуе. Ды і сырое, сумбурна зроблена — рэдагаваць трэба. А так — карысную работу зрабіў хлопец...
Караткевіч яшчэ хварэў, калі на экраны выйшаў фільм «Дзікае паляванне караля Стаха». Тым, хто не чытаў аповесць, ён падабаўся. Ля білетных кас, ці не ўпершыню за гісторыю беларускага кіно, выстройваліся вялікія чэргі. Але гэта не пахіснула майго ранейшага крытычнага стаўлення. I я аднёс у «Літаратуру і мастацтва» рэцэнзію, якая пад назвай «Яшчэ адзін «добры сярэдні» ?» была надрукавана 23 мая 1980 года:
«На першы прагляд фільма «Дзікае паляванне караля Стаха» я ішоў з насцярожанасцю, пэўнай прадузятасцю. Асабліва трывожыла, ці знайшлі на кінастудыі «Беларусьфільм» адпаведны «экранны эквівалент» аднайменнай аповесці %.адзіміра Караткевіча, якая ўжо здабыла шырокую папулярнасць. Вядома, аповесць гэта юнацкая, небездакорная. Але, мабыць, якраз таму вельмі шчырая, з вострым, захапляючым сюжэтам. У аповесці страсна асуджаецца сацыяльны прымус, увасабленнем якога якраз і з’яўляецца «дзікае паляванне», што запалохвае людзей, распраўляецца з сялянамі. I адначасова гэта аповесць пра любоў да сваёй Айчыны і свайго народа, пра пошукі чалавекам месца ў жыцці, пра чыстае каханне. Твор Караткевіча гістарычна канкрэтны, падзеі яго адбываюцца ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. I ў той жа час аўтар вядзе чытача да філасофскіх абагульненняў, ставіць перад ім «вечныя» пытанні.
Дык як жа ўсё гэта ўвасоблена ў фільме? I ці не напаткаў яго лёс папярэдняй экранізацыі караткевічаўскага твора — рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», адкуль была выкінута філасофія, роздум аб сэнсе гісторыі і жыцця, а засталася адна голая прыгодніцкая канва?
I вось на экране — першыя кадры. Беспрасветная цемра. Грыміць гром. Пад праліўным дажджом брыдзе галоўны герой Андрэй Беларэцкі (артыст Б. Плотнікаў). Бліскі маланкі высвечваюць яго твар, вялікія вочы. Вочы народнага заступніка, пакутніка, вочы Хрыста. I такога Беларэцкага адразу прымаеш. Менавіта так павінен быў выглядаць га-
лоўны герой. Толькі чаму ён ідзе? Член прывілеяванага Рускага геаграфічнага таварыства, аўтар некалькіх кніжак, чалавек з адносным дастаткам — і раптам ідзе. Праз незнаёмыя балотныя мясціны, ноччу. Адкуль і куды ? У аповесці ж сказана канкрэтна: «Я ехаў з губернскага горада М. у самы глухі куток губерні на наёмным вазку...» Здаецца, дробязь, а ў глыбіні душы адразу заварушылася сумненне: навошта такая неадпаведнасць, непраўдападобнасць? Каб просталінейна падкрэсліць «дэмакратызм» героя?
3 напружаннем чакаю наступнай сустрэчы — з васямнаццацігадовай гаспадыняй Балотных Ялін, апошняй прадстаўніцай старадаўняга шляхецкага роду Надзеяй Яноўскай. Вось яна запрашае Беларэцкага на вячэру. Полымя свечкі выхоплівае з паўзмроку яе твар. Васковы, хваравіты, сапраўды «вымарачны». Праўда, адразу заўважаеш яўную неадпаведнасць паміж узростам актрысы і яе гераіні. Але, паколькі А. Дзімітрава іграе Яноўскую шчыра, тэмпераментна (хоць часам і меладраматычна), хутка неяк перастаеш на гэта звяртаць увагу.
3 першых жа кадраў фільма яго аўтарам (сцэнарый У Караткевіча і В. Рубінчыка, рэжысёр-пастаноўшчык В. Рубінчык) удаецца ўзбудзіць у гледача трывожны настрой. Крывавая легенда пра даўняе забойства караля Стаха. Яе працяг праз стагоддзі. Таямнічы паўзмрок вялізных пакояў запусцелага палаца-замка (майстар па святле С. Лук’янчык). Несамавітая, вельмі кантрастная музыка (кампазітар Я. Глебаў). Незразумелыя шолахі, галасы, шэпты. Узрастаючы грукат капыт... Адразу адчуваеш, што ў гэтай атмасферы павінна адбыцца нешта выключнае па сваёй жудаснасці. Андрэй Беларэцкі спачатку даволі скептычна адносіцца да ўсіх паданняў, не верыць у існаванне ні « дзікага палявання », ні Малога Чалавека, ні Блакітнай Жанчыны. Але паступова і ён пераконваецца, што ў палацы і наваколлі дзейнічаюць нейкія злыя сілы. Відаць, не звышнатуральныя, а зусім зямныя, рэальныя. I ў Беларэцкага з’яўляецца імкненне высветліць усю гісторыю да канца. Імкненне супрацьстаяць гэтым сілам, дзейнічаць.
А пакуль тое дзеянне, Беларэцкі, пачуўшы таямнічыя шэпты, спускаецца ў падзямелле, дзе над аголенай Яноўскай чыніць замову ахмістрыня. Сцэна гэта, як і большасць сцэн фільма, знята выразна, прафесійна (аператар-пастаноўшчык Т Логінава). Старэчыя рукі ахмістрыні эфектна закопваюць васковае цела дзяўчыны ў белае пер’е... Але тут зноў жа з’яўляецца сумненне: чаму — у пер’е? У Беларусі ж замовы чынілі толькі ў збожжы, жыце. Зноў недакладнасць, на гэты раз этнаграфічная.
У адрозненне ад аповесці, дзе падзеі разгортваюцца запаволена, у фільме яны развіваюцца імкліва, дынамічна. Аўтары берагуць экранны час. Ужо на другі дзень (такі перанос падзей здаецца ўвогуле апраўданым) Беларэцкі прысутнічае на балі, які даецца ў Балотных Ялінах з выпадку паўналецця Надзеі Яноўскай, знаёміцца там з Дубатоўкам, Варонай, Свеціловічам, іншымі дзейнымі асобамі. Асабліва трэба вылучыць Грыня Дубатоўка: Р. Філіпаў — ідэальны выканаўца гэтай складанай ролі. Вось яго герой імкліва ўрываецца ў залу, грамавым голасам загадвае ўнесці падарункі — мядзведжую шкуру, старасвецкую сукенку (ах, як шкада, што, у адрозненне ад аповесці, Яноўская не апранае яе і не танцуе ў ёй), партрэт караля Стаха. Вось ён пяшчотна кажа кампліменты імянінніцы, дасціпна сыпле жартамі, прадухіляе сварку, запрашае да сябе Беларэцкага. Але за ўсёй гэтай гойнасцю і добразычлівасцю праглядваецца нешта крывадушнае, сквапнае, жорсткае. Праглядваецца адзін з кіраўнікоў «дзікага палявання».
Акцёрскай удачай здаецца таксама Свеціловіч у выкананні А. Харытонава. Былы студэнт Кіеўскага ўніверсітэта натура тонкая, хваравітая, але адначасова гераічная, гатовая «ісці на плаху», Свеціловіч нясе і ў аповесці і ў фільме, так сказаць, асноўную ідэйную нагрузку. Гэта нарадалюбец, непрымірымы вораг сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, перакананы рэвалюцыйны дэмакрат, які вучыўся стойкасці ў Каліноўскага, Грынявіцкага, Пяроўскай. На жаль, у адрозненне ад аповесці, у фільме Свеціловіч гіне занадта рана, не паспеўшы сказаць і паловы таго істотнага, што ўкладва-
лася ў яго вусны аўтарам. Заўчасна знікае з экрана той, хто найбольш паслядоўна і дзейсна супрацьстаяў «поскудзі», « дзікаму паляванню ». Хто істотна ўплываў на Беларэцкага, дапамагаючы яму «шукаць народ». У выніку значна слабее сацыяльнае гучанне фільма.
Увогуле трэба сказаць, што ў другой серыі карціны, пасля забойства Свеціловіча, фільм губляе ранейшую цэласнасць і напружанасць, усё часцей распадаецца на шэраг сцэн, не звязаных паміж сабой мастацкай логікай. Героі ўсё радзей мысляць, дзеянне пераважае над думкай. Востры сацыяльны твор усё больш ператвараецца ў звычайны дэтэктыў.
Так, прыходзіцца канстатаваць, што сацыяльны змест аповесці ў фільме прыглушаны. У аповесці апрача дваранства і чыноўнікаў яшчэ жывуць і дзейнічаюць сяляне. Беларэцкі сустракаецца з імі, бачыць «апошнюю бульбу ў місе, чорны, як зямля, хлеб», запісвае ад сялян легенды. Нічога гэтага няма ў фільме. Эпізадычным стаў нават фурман Рыгор. Праўда, каля дарогі часам з’яўляюцца неверагодна апранутыя вясковыя дзеці, якія выпрошваюць капеечку. Але іх скупыя жальбы ніяк не замяняюць паўнакроўных карцін народнага жыцця. Яны ёсць у аповесці, павінны былі б быць і ў фільме. Нават для таго, каб вытлумачыць гледачу, а чым жа ўвесь гэты доўгі час (паміж «громам» і Новым годам) займаўся Беларэцкі.
Выклікае пярэчанне і фінал фільма. У аповесці сяляне ўступаюць разам з Беларэцкім у бойку з «дзікім паляваннем» і перамагаюць яго. Гэта бойка апісана ў Караткевіча каларытна, «кінагенічна», і яна значна ажывіла б даволі вялае дзеянне ў другой серыі. Дык не! Замест канкрэтнага сутыкнення дзвюх варожых сіл мы бачым абстрактнае «супрацьстаянне» на заснежаным полісялян і «дзікага палявання». «Супрацьстаянне» знята з падкрэсленай сімвалічнасцю — узнікае нават асацыяцыя, нібы гэта пачатак бітвы на Чудскім возеры... Але раптам аказваецца, што перад сялянамі — пераважна чучалы, пасаджаныя на коней. Коні ж ішлі за сваім важаком, на якім сядзеў Варона. Канкрэтны