Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Партрэт пісьменніка і чалавека
Адам Мальдзіс
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 208с.
Мінск 2010
марам, устанаўліваў прэмію («па капейцы») за кожнае дасціпнае слова іншых.
Так працягвалася амаль усю вясну і лета. Калі 16 мая я зайшоў да Караткевіча, каб аддаць яму экземпляр сваёй кнігі «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя», ён пахваліўся, што паставіў «апошнюю кропку» ў п’есе пра Крычаўскае паўстанне «Маці ўрагану», а цяпер узяўся за кнігу пра Мсціслаў і эсэ пра Кіеў. Чытаў якраз у «Літаратуры і мастацтве» дыскусійны артыкул пра пераклад і не пагаджаўся з асобнымі палажэннямі, не канкрэтызуючы іх:
— Абодва бакі ў чымсьці не маюць рацыі. Разумныя хлопцы, а пішуць абы-што... Пераклад, вядома, можа часам быць вышэй арыгінала — я гэта адчуваў сам, перакладаючы міцкевічаўскага «Мешку, князя навагрудскага», Цыпрыяна Норвіда... I чаму так ставіцца пытанне — або Пегас, або кляча? У Сярэдняй Азіі гэта можа быць і вярблюд з «крылцамі». А як вы перакладзіцё каня для бушменаў, якія каня ў жыцці ніколі і не бачылі, бо ён там не выжыве. Таму бушмены і ходзяць ад крыніцы да крыніцы пеша, абвешаўшыся страусавымі яйкамі.
Далей высветлілася, што гаспадар уважліва прачытаў і артыкул Генадзя Шупенькі, у якім разглядаўся раман Віктара Казько «Неруш», падзяляўяго асноўныя думкі:
— Пачатак у «Неруша» сапраўды выдатны. А далей — нямала неадгабляваных мейсцаў. Усё роўна як у таго майстра, што адточыць для крэсла філігранныя ножкі, а ў сядзенні пакіне стрэмкі.
Потым паказаў мне Чэцці-Мінеі на снежань месяц, прывезеныя з Арменіі (здаецца, атрымаў іх ад самога каталікоса), экзатычныя ракавінкі, прысланыя вядомым акеанолагам з Масквы («яна жыла ў стане дэпрэсіі, а ад «Чазеніі» «нібы нарадзілася на свет нанова»).
Усё гэта настройвала Караткевіча мажорна, творча.
— Напісаць бы барочную драму з шасцю інтэрмедыямі — нейкую такую містэрыю накшталт тагачасных фран-
цузскіх бурлескных фарсаў. Або апісаць нашых каларытных жабракоў...
У жніўні Караткевічы былі на нашым «стагоддзі» («пяцьдзесят плюс пяцьдзесят»). «Клясык» па-ранейшаму быў у добрым гуморы: гучна смяяўся з дасціпнай «насценгазеты», падрыхтаванай калегамі з інстытута, пацвельваў з маіх заняткаў англійскай мовай (восенню мелася адбыцца мая камандзіроўка ў Англію). Лёгка ўзнавіў кантакты з нашымі вясковымі сваякамі. Многа кепікаў і звычайных юбілейных гіпербал было і ў ягоным вершаваным тосце-віншаванні:
Табе з Марыляй сто гадоў, або На стогадовы юбілей Адама Мальдзіса Я ад пашаны аж зароў: «Будзь шчасны і бывай здароў!
Віват, старэйшы брат!
Бо (з жонкай) маеш сто гадоў, (I кніг жа маеш сто радоў), Я ж — толькі пяцьдзесят. Адаме, дуб наш векавы, 3 Марыляй трыста год жыві, I ўвагі не звяртай, I не тлумі ты галавы, Што век кароткі у травы, Што наш старэе гай. Ты з ласкі шчырае багоў Пражыў стагоддзе — ого-го! Расці ж, не падай ніц.
Бо трэ рукавы закасаць, I сто раманаў напісаць, I сто раманаў завязаць, Але пра гэта — цыц! А колькі ж можа, друг, за век Цыстэрнаў выпіць чалавек?! — Ты й гэта памятай.
Сумленне б толькі не прапіць, He мала піць, не многа піць, А так, каб свет, як рай. Каб сябра для сяброў усіх,
Каб вораг быў для ўсіх ліхіх, Каб чысты быў, як шкло. Каб добра ўсе з табой жылі, Цябе ніколі не клялі, Гарэлкі ў вокны падалі, Як гэта раз было.
Хай будзе плённае пяро Тваё, мой друг і брат... Табе сягоння — сто гадоў, Мне — толькі пяцьдзесят.
Восенню 1982 года, у сувязі з маімі паездкамі ў Полыпчу і Англію і хваробай Валянціны Браніславаўны, мы сустракаліся рэдка і паспешліва. На дзень нараджэння паслаў яму з Лондана віншавальную паштоўку з каляровым партрэтам каралевы: маўляў, разам з уладальніцай брытанскай кароны жадаю табе... Потым спахапіўся: мабыць, не дойдзе, бо ў Англіі з усяго можна смяяцца, але не з каралевы. Але, на маё здзіўленне, віншаванне дайшло. I неўзабаве я атрымаў адказ на двайной паштоўцы з «Санатай мора» М. Чурлёніса, любімым творам самога пісьменніка.
«Здароў, місцер Сміт з Бобкін-стрыт!
Атрымаў тваю паштоўку. Дзякуй! Хаця ты і парсюк, мог бы хаця перадаць прывітанне Вальцы, тым больш што яна кладзецца на аперацыю. Ну добра. Затое я перадаю прывітанне ўсім знаным і нязнаным тваім сябрам, усім, хто табе дапамагае ў працы. Ты ж глядзі, горад і іншае аглядай толькі вечарамі, не марнуй часу, яго ў цябе мала, і прывязі з Альбіёна такую кучу цікавых адкрыццяў, каб нам за цябе не было сорамна.
Галоўнае, многа-многа зрабі, нельга занядбаць такі шчаслівы выпадак, які ў цябе здарыўся.
Моцна цісну руку.
Твой Уладзімір».
Новая аперацыя не выратавала Валянціну Браніславаўну, і з кожным днём ёй, а з ёй і Валодзю, рабілася ўсё горш.
Памерла яна ў самы апошні дзень лютага 1983 года — адначасна з Валодзевай цёткай, у якой ён жыў у Кіеве, і Міколам Прашковічам, з якім ён сябраваў у шасцідзясятыя гады. На пахаванне прыйшлі Барадулін, Брыль, Быкаў, Гілевіч, Зуёнак, Кісялёў, Някляеў, Рагойшы, супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства на чале з дырэктарам. Усіх здзівіла выступленне на могілках аднаго археолага, які ў свой час многа нашкодзіў Валянціне Браніславаўне. Але мне сказалі, што перад смерцю нябожчыца змяніла да яго адносіны і нават прасіла начальства, каб яго зрабілі старшым.
Валодзя трымаўся даволі мужна. Толькі паўтараў, што без Валі не ўяўляе сабе далейшага жыцця. Хацеў кудысьці з’ехаць з хаты, каб хоць крышку «адтаяць душой».
— Хто хацеў бы мяне прыняць, у таго малыя хаты, — жаліўся. — А ў каго вялікія, той не мае такога жадання.
3 дапамогай аддзела культуры ЦК КПБ Караткевіч атрымаў тады пуцёўку ў прэстыжны санаторый на Нарачы. Але чужыя людзі, казённая атмасфера, халоднае надвор’е не садзейнічалі «адтайванню», і з «Соснаў» ён вярнуўся датэрмінова. 3 таго часу апеку над ім, хатнія клопаты ўзяла на сябе сястра, Наталля Сямёнаўна.
Калі 6 красавіка я прыйшоў на «саракавіны» па Валянціне Браніславаўне, то ледзь пазнаў Валодзю — так ён апух. Да таго вельмі балелі зламаныя раней рэбры. Усіх, хто прыходзіў, Валодзя сустракаў вельмі песімістычна, гаварыў, што ён ужо адпісаў і адбыў сваё. Таму Васіль Быкаў, устаўшы зажалобным сталом, згадаў словы Хемінгуэя: пакуль ты жывы, мы будзем жыць абодва... Дзеля памяці пра Валянціну Браніславаўну, дзеля літаратуры Валодзя павінен узяць сябе ў рукі і жыць, каб жыла памяць. Прыкладна такім жа быў сэнс і слова Рыгора Барадуліна, іншых сяброў. Усё гэта не падабалася Караткевічу: бачыў тут нейкі дыктат над сваёй асобай, ці што.
Выйшаўшы з-за стала, усе мужчыны сабраліся ў Валодзевым кабінеце. Седзячы на тахце, ён пачаў скардзіцца, што вось і сон у яго змясціўся: засынае ў пяць і ўстае ў дванаццаць.
— Трэба, Валодзя, праявіць сілу волі і вярнуць усё на сваё месца, — прапанаваў Быкаў.
Гэтыя словы вывелі з раўнавагі Караткевіча. Нервова зацягваючыся папяросай, ён адрэзаў — ды так, каб было несправядліва і балюча (хоць Васіль Быкаў у апошнія гады быў яму вельмі блізкі):
— I ніякі ты не ваенны пісьменнік. Асабліва пасля Льва Талстога... Любіш ставіць людзей у экстрэмальныя сітуацыі і глядзець, што з імі будзе.
— А чаму ж не паглядзець, як будуць паводзіць сябе два павукі ў банцы або муха з мурашкай... — не то пагаджаўся, не то іранізаваў Быкаў, добра разумеючы стан і прычыны такой абвостранай рэакцыі Караткевіча.
Тут уключыўся Генадзь Кісялёў і стаў пераконваць Валодзю, што трэба болып рухацца, больш бываць на свежым паветры, больш быць гаспадаром свайго слова. Але гэта канчаткова расстроіла Караткевіча — нібы яму жадалі што благое.
Летам Караткевічу крыху палепшала. Ен зноў стаў хвалявацца за лёс помнікаў архітэктуры, розных «апальных» асоб. Некалькі разоў пазваніў з гэтай прычыны A. Т. Кузьміну, які, наколькі магу меркаваць з дзвюх тагачасных размоў, вельмі хваляваўся за здароўе пісьменніка і рабіў канкрэтныя захады, каб яго ўратаваць. Спробы, часам нават адчайныя, уратаваць Валодзю ад дэпрэсіі, рабілі і мы, ягоныя сябры. Але вынікі былі толькі часовыя. I тут Наталля Сямёнаўна рашыла, што яму трэба змяніць асяроддзе, паехаць у Оршу, дзе жыла яго пляменніца Аяля і яе муж Юра. На радзіме, здавалася, хворы павінен акрыяць.
29 кастрычніка разам з Нінай У\адзіміраўнай Адамчык, Галінай Львоўнай Кісялёвай, лекаркай з бальніцы і дачкой Наталлі Сямёнаўны Надзяй я наведаў Валодзю ў Оршы. Ён адчуваў сябе, як сам казаў, «пяцьдзесят на пяцьдзесят», лепш стаў есці, чытаў кнігі, апекаваўся катамі. Узрадаваўся нашаму прыезду. Шкадаваў толькі, што пільныя справы перашкодзілі прыехаць Быкаву і Кісялёву («Кісялю»). Паказаў нам хату, у якой жыў (па вуліцы Касманаўтаў, 10) —
яна была пабудавана адразу ж пасля вайны з бярвення, перавезенага з вёскі (месца ж знаходжання бацькоўскай хаты акрэсліў вельмі прыблізна: там усё змянілася). Разам мы выйшлі на бераг Дняпра, прыбранага ў асеннюю пазалоту дрэў. Але спусціцца па стромкім адхоне да самой ракі Валодзя ўжо не рашыўся — адмаўлялі слухацца ногі.
Назаўтра пазваніў Васіль Быкаў, распытваў пра стан здароўя Караткевіча. Казаў, што і сам з’ездзіць да яго пасля Кастрычніцкіх свят, калі крыху вызваліцца.
У снежні, на зіму, Уладзімір Караткевіч вярнуўся ў Мінск. 3 кватэры амаль не выходзіў, з выдавецтвамі кантактаваўся па тэлефоне. Я некалькі разоў заходзіў да яго, каб угаварыць на курс лячэння, прапанаваны літоўскім медыкам Валдасам Банайцісам, але Валодзя адказваў неакрэслена:
— Можа, летам, калі пацяплее.
— Час бяжыць, Валодзечка...
— Што вы ўсе мяне хаваеце, — узарваўся Валодзя. — Вунь і Зайцаў прыходзіў, заклікаў хадзіць у царкву, прычашчацца перад... перад смерцю.
— I што ты яму адказаў?
— Сказаў: Вячаслаў Кандратавіч, нашто? Лепш я памалюся дубу. Ці каменю. Ці яснаму сонейку.
У лютым 1984 года, пасля смерці Ю. А. Андропава, калі яшчэ было невядома, куды пойдзе далейшае развіццё краіны, па Беларусі пракацілася, як вызначыў Валодзя, «непамысная хваля высакоснага года». Выступаючы на семінары ў Гродне, работнік Галоўліта БССР В. Пепяляеў ахарактарызаваў Караткевіча, Адамовіча, мяне, а заадно чамусьці і Думбадзе ледзь не як ворагаў народа. Рашыўшы, што настаў яго зорны час, адзін з пісьменнікаў стаў пісаць у высокія інстанцыі палітычныя даносы. Усё гэта вельмі расстроіла Караткевіча. Пасля званка з Гродна пра тое, што гаварылася на тым семінары, ён рашыў (казаў пра гэта мне ў бальніцы), што зноў вяртаецца «сталіншчына». Пачалася вострая дэпрэсія. 3 цяжкім прыступам «хуткая» забрала Валодзю ў лечкамісію, дзе ён праляжаў у рэанімацыі некалькі дзён без асаблівай надзеі.