Ад Чачота да Багушэвіча
Генадзь Кісялёў
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 397с.
Мінск 1993
Гаворачы ў кнізе «Пошукі імя» пра шматлікія нападкі Булгарына на Гогаля ў «Северной пчеле», мы адзначылі і такі факт: у жніўні 1854 г. стары пасквілянт люта раздраконіў у сваёй газеце кнігу П. Куліша «Спроба біяграфіі Гогаля», выхад якой быў выкарыстаны «ашалелым панам» (калі прытрымлівацца экспрэсіі «Тараса») для новых паклёпаў на памерлага пісьменніка. Фельетон Булгарына напоўнены бруднымі намёкамі ў адрас аўтара «Мёртвых душ» і «Рэвізора». Фельетаніст не прызнаваў вялікай эстэтычнай каштоўнасці твораў Гогаля, як, мабыць, і ўсёй рускай літаратуры. Ен не спыняецца нават перад такой нахабнай заявай: «Усе англійскія, французскія і нямецкія аўтары аповесцей, якіх чытае еўрапейская адукаваная публіка, вышэй за Гогаля, як сонца вышэй за праекцыйны ліхтар...»55 Якраз гэта выступленне Булгарына можна суаднесці з вядомымі радкамі паэмы: «Я вас аблаю на ўвесь свет, / Як Гогаля ў прошлым леце...»
54 Янушкевіч Я. «Ен першы сеяў зярняты...» // Дунш-Марцінкевіч В. Творы. Мн., 1984. С. 8.
55 Кісялёў Г. Пошукі імя. С. 95—96.
Можна правесці таксама паралель паміж нашай паэмай і вершам Ф. Цютчава «На смерць Жукоўскага» (пазнейшая назва «Памяці В. А. Жукоўскага»), упершыню апублікаваным у 1854 г.
У Цютчава:
Душа его возвыснлась до строю: Он стройно жнл, он стройно пел...
У нашай паэме:
I птушкі ёсць там, дужа стройна Пяюць, палепш за салаўя!
Перад намі — магчымы парадыйны водгук, а можа і несвядомая рэмінісцэнцыя з толькі што прачытанага Цютчава.
Словам, многія акалічнасці прымушаюць з даверам паставіцца да храналагічнай паметкі ў спісе Рыпінскага, прызнаць яе рэальнай датай напісання твора.
He супярэчыць гэтай даце, па сутнасці, і датаванне кракаўскага спіса, выяўленага ЯЯнушкевічам: 1854. 3 прыведзеных Янушкевічам матэрыялаў відаць, што тэкст паэмы ў даным выпадку ўзнаўляўся па памяці. Гэтаксама ж па памяці прастаўлена і дата «1854», увогуле даволі блізкая да даты Рыпінскага. Тут праявілася такая ж прыблізнасць памяці, як і ў выпадку з Антонам Адамовічам, які запомніў гэту дату трохі інакш: 1856. Абедзве даты — «1854» і «1856», хоць паходзяць яны з розных крыніц, з пункту погляду працэсу пазнання можна разглядаць як нейкую ўзаемазвязаную пару, набліжэнне з розных бакоў да даты сапраўднай 56.
Але калі спіс Рыпінскага падае рэальныя звесткі пра час і месца напісання твора, то і ўказанне на аўтара таксама адпавядае ісціне. Выходзіць, Вераніцын — аўтар нашай паэмы.
Дадатковае пацвярджэнне знаходзім у паэме «Два д’яулы», якая ў матэрыялах Рыпінскага прыпісваецца 1 таму ж Канстанціну Вераніцыну.
Гэта па-майстэрску напісаны твор, прысвечаны вельмі актуальнаму тады, як, зрэшты, і цяпер, пытанню — барацьбе за цвярозасць.
56 Кісялёў Г. Пытальнік —■ для скептыкаў // Літ. і мастацтва. 1990.
13 ліп.
Сюжэт паэмы нескладаны. Каб «самушчаць» добрых людцаў зялёным зміем і губіць такім чынам чалавечыя душы, сатана паслаў аднаго чорта ў Віцебск, другога ў Гародню. Праз некаторы час яны сустракаюцца. Гродзенскі чорт у поўнай маркоце і разгубленасці, бо непахісныя ў сваім імкненні пачаць цвярозае жыццё гродзенцы не прынялі ўсіх яго падступных захадаў і нават моцна пабілі. У яго віцебскага калегі справы, наадварот, выдатныя. Яму ўдалося дабіцца свайго — віцябчане без просыпу «мокнуць» у таннай гарэлцы, цану на якую спецыяльна — для прынады — знізілі карыслівыя адкупшчыкі. Заканчваецца тым, што чорт віцебскі злітаваўся над сваім няшчасным гродзенскім сабратам і ўзяў яго сабе ў памочнікі. Польскіх і рускіх дыялогаў у творы няма (тут памяць падвяла Антона Адамовіча), уся паэма напісана на чыстай, бездакорнай беларускай мове.
Як суадносіцца новая гумарыстычна-сатырычная паэма з паэмай «Тарас на Парнасе»? Спецыяліст у галіне лінгваматэматыкі А. Дземчанка зрабіў параўнаўчы статыстычны аналіз тэкстаў «Тараса» і «Двух д’яўлаў» і прыйшоў да заключэння, што абедзве паэмы напісаны адным чалавекам 57. Але і без дапамогі матэматычных метадаў, як кажуць, «няўзброеным вокам» відаць, што гэта так. Нават сам падыход да мастацкага вырашэння тэмы, да пабудовы сюжэта адзін і той жа: у абодвух выпадках вынаходлівая фантастыка спалучаецца з досыць глыбокай псіхалагічнай дакладнасцю, трапнымі рэалістычнымі малюнкамі, часам нават з натуралізмам. Перад намі — тая ж мова, экспрэсія, артыстызм і завершанасць, тое ж усеразуменне, мудрая і добрая ўсмешка. I там і тут — несумненная сувязь аўтара з рускай культурай верша. Паэт па-майстэрску валодае ў адным выпадку («Тарас на Парнасе») пушкінскім ямбам, у другім («Два д’яўлы») — дасканалым харэем, у якім адчуваюцца някрасаўскія інтанацыі.
Тапаграфічна паэма «Два д’яўлы» звязана з Віцебскам — у ёй згадваецца вядомы толькі віцябчанам Задунаўскі мост, пад якім хаваюцца абодва чарты. На гэта звярнуў увагу яшчэ Рыпінскі, ён адзначыў у сваіх каментарыях: «Аўтар гэтай прытчы мусіў у такім выпадку некалі жыць у Віцебску, паколькі ведае гэтую акалічнасць і назву
57 Крапівін С. Як прадзеды «змея» выправаджвалі // Настаўніцкая г?з. 1987. 24 студз.
месца». Паводле біяграфічных звестак, Вераніцын якраз і жыў у Віцебску, вучыўся там у гімназіі.
He супярэчыць біяграфіі Вераніцына і тапаграфічнахраналагічная паметка пад тэкстам паэмы «Два д’яўлы»: «Масква, 7 красавіка 1860 г.» Вераніцын скончыў у 1859 г. Горы-Горацкі інстытут і ў пошуках службы мог нейкі час знаходзіцца ў Маскве, не парываючы адначасова сувязей з Віцебскам, бо паэма «Два д’яўлы» адрасавалася, вядома ж, найперш землякам.
Словам, распрацоўка пытання аб аўтарстве паэмы «Тарас на Парнасе» сёння ўступіла ў якасна новы этап, уся праблема набыла новыя абрысы.
Многае будзе яшчэ, зразумела, удакладняцца, ёсць вялікая патрэба ў новых дадатковых матэрыялах, але і цяпер ужо ясна, што ніколі мы не былі настолькі блізкія да разгадкі аўтарства «Тараса на Парнасе». Усё гаворыць за тое, што Канстанцін Вераніцын — сапраўдны аўтар славутай паэмы, адзін з пачынальнікаў новай нацыянальнай літаратуры.
Гэта версія знаходзіць усё большае прызнанне ў беларускай навуцы. Вельмі цікава, са своеасаблівай, вельмі пераканаўчай логікай, піша ў сувязі з гэтым А. Яскевіч: «Хаця пра Канстанціна Вераніцына як пра творчую асобу наша навука мае ў сваім распараджэнні пакуль самыя мізэрныя звесткі, аднак мы маем дванаццаць прамых фактаў, якія пры супастаўленні не пакідаюць магчымасці сумнявацца ў яго аўтарстве. Так, дзякуючы архіву А. Рыпінскага сёння мы маем не адзін, а два творы, стылістычнае адзінства якіх не выклікае рознагалоссяў сярод вучоных. I пад кожным з іх паасобку падпісана імя і прозвішча аднаго і таго ж аўтара. Гэта настолькі прамыя і самадастатковыя сведчанні (дзве пары сведчанняў) на карысць аўтарства Канстанціна Вераніцына, што паставіць пад сумненне іх маглі б адно толькі такога ж характару даныя, прадстаўленыя на карысць якога-небудзь іншага аўтара. 1 асаблівую каштоўнасць для ўстанаўлення атрыбуцыі тэксту і, такім чынам, верагоднасці звестак, што паведамляюцца А. Рыпінскім, уяўляюць чатыры пары іншых фактаў, якія ўказваюць на дакладны час і месца стварэння той і другой паэмы (год, месяц, нават чысло і месца напісання)» 58.
58 Яскевнч A. С. Становленне белорусской художественной траднцнн. Мн., 1987. С. 159.
«Даволі пераканаўчымі» лічыць меркаванні на карысць аўтарства К. Вераніцына выдатны знаўца нашай літаратуры XIX ст. У. Казбярук 59.
Імя Канстанціна Вераніцына як магчымага аўтара славутай паэмы пачынае па праву ўваходзіць у школьны ўжытак б0.
У кантэкст вяршынных з’яў нацыянальнай культуры уводзіць гэтае імя М. Тычына: «Калі ж прыгадаць, як мэтанакіравана выхоўвалі ў сабе імкненне да вяршынь чалавечага духу Купала, Багдановіч, Гарэцкі, Чорны, то нельга не заўважыць, што нам нестае гэтага імпэту ў пастаноўцы высокіх задач. Нездарма ж К. Вераніцын, аўтар паэмы «Тарас на Парнасе», выправіў свайго героя ў захапляючае падарожжа на свяшчэнную гару, выявіўшы тым самым парыў цэлага народа да вяршынь агульначалавечай культуры» 61. Тычынам жа выказана справядлівая думка, што мы толькі па інерцыі («...прывычка спрацоўвае пакуль што, ды й імёны не прыгледзеліся...») працягваем лічыць паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» ананімнымі62. Супраць сілы інерцыі ў гэтым пытанні засцерагае і У. Казбярук, гаворачы, «што мы з самых першых крокаў надзейна засвоілі, што гэта паэмы ананімныя» 63. Адбываецца актыўны працэс асэнсавання атрыманых вынікаў 64.
Як бачым, у атрыбуцыі знакамітых паэм ёсць важныя зрухі. Праца, распачатая некалі Я. Карскім і іншымі заснавальнікамі нашага літаратуразнаўства, паспяхова працягваецца. Выкарыстоўваюцца разнастайныя вядомыя навуцы метады атрыбуцыі, як дакументальныя, так і чыста філалагічныя, заснаваныя на аналізе ідэйнай пазіцыі аўтараў, мовы і стылю твораў. У апошнім выпадку даследчыкамі прымяняліся нават сучасныя лінгваматэматычныя
59 Казбярук У. Першыя крокі новай беларускай літаратуры // Вытокі: Творы беларускіх пісьменнікаў XIX ст. Мн., 1988. С. 6.
60 Кунавіч А. Урок-прэс-канферэнцыя па паэме «Тарас на Парнасе» // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989. №8; Івашын В. У., Лазарук М. А. Беларуская літаратура: Падручнік для 9 класа сярэдняй школы. 8-е выд. Мн., 1990. С. 54.
61 Тычына М. «Н.а вяршынях духу нікому не цесна»//Літ. і мастацтва. 1989. 1 студз.
62 Тычнна М. Наследяе н наследннкн//Лнт. газ. 1988. 21 дек.
63 Казбярук У. Заняпад і адраджэнне // Полымя. 1990. № 6. С. 216.
64 Букчнн С. Возвраіценне класснков: О разгадке авторства поэм «Эненда навыворот» н «Тарас на Парнасе» // Нёман. 1990. № 12.
(статыстычныя) метады. Прыцягваюцца звесткі з самых розных галін ведаў: гісторыі культуры, краязнаўства, этнаграфіі і г. д.
У сувязі з асаблівасцямі беларускай літаратуры гэтага часу (адносна невялікая колькасць саміх мастацкіх тэкстаў наогул, іх пэўная стылістычная аднастайнасць, што абмяжоўвае магчымасці для эфектыўнага параўнальнага аналізу) важнае значэнне набываюць дакументальныя метады: скрупулёзныя пошукі, вывучэнне, супастаўленне архіўных і іншых матэрыялаў пра верагодных аўтараў, пашыральнікаў, папулярызатараў, рэдактараў нашых паэм, пра бытаванне гэтых твораў у народзе. Спалучэнне дакументальных і філалагічных метадаў стварае грунтоўную аснову для магчыма поўнага ўзнаўлення літаратурнай гісторыі выдатных твораў, для канчатковага вырашэння праблемы іх аўтарства.