Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі
Генадзь Сагановіч
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 62с.
Мінск 1992
Вершнікі Астрожскага мужна вытрымалі гэты націск, не ўцягваючыся ў бітву надта шырокім фронтам. Татары мусілі весці цяжкую барацьбу з іхнімі шчыльнымі шэрагамі. Тым часам польская конніца ўсё яшчэ не ўступала ў бой, і гетман Астрожскі звярнуўся да М. Камянецкага, каб і палякі атакавалі. Удар польскіх харугваў у фланг і франтальная атака войска Вялікага Княства, праведзеныя адначасова, скончыліся поўным разгромам 25тысячнай татарскай арды. У захопленым лагеры пераможцы ўбачылі 16 тысяч вязняў, 10 тысяч коняў, нарабаваныя багацці. А на полі бітвы і ў Гарыні, праз якую ўцякалі рэшткі разбітых загонаў, засталося каля 5 тысяч трупаў наезнікаў. Пасля гэтага тры гады крымскія татары не чапалі Вялікага Княства Літоўскага.
Прыкладна тады ж была перахоплена перапіска маскоўскага манарха Васіля III з нямецкім Ордэнам, з якой стала вядома, што тыя даўно рыхтуюцца да вайны з Княствам. Выкрыты Васіль III увосень 1512 года накіраваў да Жыгімонта свайго пасла з «разметнымн грамотамн», у якіх і абвяшчаў вайну. Мэтаю агрэсіі было авалодаць Смаленскам. Ужо 14 кастрычніка з усходу на Смаленск рушылі палкі I. РэпнінаАбаленскага ды I. Чэлядніна, а з Вялікіх Лукаў павялі войска В. Адоеўскі з С Курбскім. Яны мусілі толькі спаліць пасады Смаленска і, злучыўшыся, ісці на Оршу, Друцак. A 19 лістапада з Масквы на захад выйшлі галоўныя сілы на чале з Васілём III ды ваяводамі
37
Д. Шчэнем, А. Растоўскім, I. Варатынскім ды іншымі. Шэсць тыдняў яны аблягалі горад, абстрэльвалі яго з гарматаў, штурмавалі, а раць I. Рэпніна тым часам пустошыла землі ажно да Менска і Віцебска. Так і не ўварваўшыся ў Смаленск, але страціўшы нямала жывой сілы (толькі за адзін штурм у студзені 1513 года загінула блізу 2 тысяч маскоўскіх ратнікаў), Васіль 111 адвёў свае войскі назад.
Але налета пачалася новая кампанія. Хаўруснік Масквы Максімільян I прыслаў для паходу «аддзел пяхоты, гарматы і некалькі італьянцаў, дасведчаных у аблозе замкаў», a М. Глінскі наняў у Сілезіі і Чэхіі рэйтараў. Ужо ў чэрвені на Смаленск рушылі войскі з Вялікіх Лукаў і Дарагабужа. Хоць смаленскі намеснік і разбіў раць I. Рэпніна, ваяводы зноў моцна заціснулі горад аблогай. А ў верасні сюды падышоў з дадатковымі сіламі і сам Васіль III ды полк В. Шуйскага, які вярнуўся са спусташальнага рэйду па Полаччыне. Разам пад Смаленскам зграмадзілася каля 80 тысяч войска, якое мела да дзвюх тысяч пішчаляў. Абстрэл і штурмы шкодзілі фартэцыі, аднак абаронцы цёмначы аднаўлялі разбураныя ўмацаванні ды мужна адбіваліся. Пад Оршай жа Канстанцін Астрожскі з невялікай вайсковай сілай разбіў дапаможны корпус маскоўскіх ратнікаў, які рухаўся на Смаленск. I ў лістападзе Васіль III мусіў чарговы раз зняць безвыніковую аблогу, адклікаўшы таксама палкі М. Глінскага зпад Віцебска і Полацка, якія захапілі «палону безліч, а горада не ўзялі ніводнага». А ўжо ў лютым 1514 года ў Маскве было прынятае рашэнне аб трэцім смаленскім паходзе.
Адчуваючы, што ўсё толькі пачынаецца, гетман Астрожскі напісаў у лісце за 8 красавіка 1514 года: «Зразумела, што няма на гэтым свеце анічога больш пэўнага, чымся смерць; калі са мною з дапушчэння Спадара Бога здарыцца якая прыгода на службах гаспадарскіх альбо давядзецца сысці з гэтага свету, запісваю жонцы маёй княгіні Таццяне Сымонаўне вена 1000 коп грошай літоўскай манеты, на замку маім Тураве, і на ўсіх дварах, і на ўсіх сёлах... Будзе жонка мая княгіня Таццяна
38
па маёй смерці на ўдовіным пасадзе сядзець, дзеці нашыя ня могуць яе з таго маёнтку Турава рушыць да ейнай смерці...»*
Узімку да вялікага князя маскоўскага прыехаў спецыяльны пасол ад Святой Рымскай імперыі**. Стараннямі імператара Максімільяна ды Васіля III была ўтвораная ваенная кааліцыя еўрапейскіх дзяржаў супраць Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Апрача Маскоўшчыны ды імперыі яе мелі скласці Данія, Брандэнбург, Саксонія, Валахія і Тэўтонскі ордэн. У Маскве хаўруснікі абмеркавалі нават праект падзелу Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага: пасля перамогі Максімільян прызнаваў права Масквы на беларускія ды ўкраінскія землі, а Васіль III — права імперыі на польскую тэрыторыю***.
Належна падрыхтаваныя войскі выйшлі на Смаленск пад лета. 3 Дарагабужа іх вялі вопытныя Д. Шчэня і М. Глінскі, а з Вялікіх Лукаў — I. Марозаў і В. Шуйскі. Апошніх Васіль III накіроўваў пасля пад Оршу, на Друцкія палі, каб блакаваць магчымую дапамогу Смаленску, а сам у ліпені 1514 года прывёў туды галоўныя сілы. 1зноў сабралася 80тысячнае войска. Пачаўся няспынны абстрэл горада з 300 гармат. «...Ад гарматнага і пішчальнага груку і людскога крычання і ляманту, таксама і ад гарадскіх людзей супраціўнага бою гармат і пішчаляў зямля дрыжэла, і адзін другога не бачыў, не чуў, і ўвесь горад у полымі і куродыме ледзь не ўздымаўся»,— адзначаў аўтар аднаго з маскоўскіх летапісаў.
Абаронцы папрасілі спыніць абстрэл і згадзіліся на перамовы. 3 маскоўскага боку іх вёў М. Глінскі, які хацеў любым коштам угаварыць смалян капітуляваць, бо Васіль III абяцаў аддаць гэты го
* Malinowski М., Przezdziecki A. Irodla do dziejdw polskich. Wilno, 1844. T. 2. S. 424—425.
** «Святая Рымская імперыя нямецкай нацыі»— буйная еурапейская дзяржава, у якую уваходзілі землі сучаснай Йямеччыны, Аўстрыі, часткі Італіі, Францыі, Польшчы. Кіравалі ёй з XV стагоддзя імператары з дынастыі Габсбургаў. Сталіцай была Вена.
*** 1100 Jahre dsterreichische und europdische Geschichte in Urkunden des Haus, Hof und Staatsarchiv. Wien, 1949. S. 53—56.
39
рад яму. I Глінскі зрабіў сваю справу. 31 ліпеня Смаленск на льготных умовах капітуляваў. Намеснік Юры Салагуб загадаў адчыніць галоўную браму... Яму і ягоным блізкім дазволілі выйсці з горада, а з залогі — каго паланілі і завезлі ў Маскву (камандныя чыны), каго за добрую плату ўзялі служыць сабе. Пэўна, іх меў на ўвазе імператарскі пасол, калі пісаў, што праз колькі гадоў бачыў у Маскве тысячы паўтары пяхоты з «ліцвінаў і ўсялякай набрыдзі»*. А ўсіх жыхароў горада прывялі да прысягі на вернасць маскоўскаму ўладару.
Пасля капітуляцыі Смаленска маскоўскія ваяводы імкліва рухаліся ўглыбкі Беларусі. Васіль III спяшаўся скарыстаць грандыёзны поспех і захапіць як мага болей тэрыторыі да таго часу, як супраціўнік апамятаецца ды арганізуе абарону. Сапраўды, за Смаленскам здаліся Мсціслаў, Крычаў, Дуброўна...
Войска Вялікага Княства было ўжо на маршы. Жыгімонт сабраў ці не ўсіх, каго мог: каля 15 тысяч конніцы паспалітага рушання, 14 тысяч найманых коннікаў з Польшчы ды 3 тысячы такой жа пяхоты. Да гэтага корпуса далучыліся таксама паасобныя ахвочыя паны з Вяліка і Малапольшчы. У Менску быў праведзены генеральны агляд сілаў, і войска шпарка рушыла на Барысаў. Далей можна было сутыкнуцца з ворагам, таму сенатары ўгаварылі Жыгімонта застацца ў Барысаве. Гаспадар пакінуў пры сабе толькі 4 тысячы вершнікаў, астатніх павёў наперад Астрожскі.
Ужо 28 жніўня яго перадавыя роты некалькі разоў сутыкаліся з маскоўскімі аддзеламі. На Бярэзіне і Бабры яны лёгка пабілі супраціўніка і набралі «языкоў». Ваявода Іван Чэляднін вырашыў не распыляцца і знішчыць усе войскі Княства ў генеральнай бітве. ён адышоў на ўсход у пошуках зручнага месца і сабраў свае палкі за Дняпром на беразе Крапіўны, што паміж Оршаю і Дуброўнаю. Тут зграмадзілася ўся сіла маскоўскага войска — каля 80 тысяч памеснай конніцы на чале з галоўнымі ваяводамі I. Чэлядніным і М. БулгакавымГоліцам. Пастаўленыя ў традыцыйным баявым па
* Герберштейн С. Запйскй о Московші. М„ 1988. С. 114.
40
радку, яны ўтваралі фронт шырынёю некалькі вёрстаў.
Гетман Астрожскі падышоў да Дняпра ўначы з 7 на 8 верасня і адразу пачаў перапраўляць войскі цераз раку. Для гэтага былі змайстраваныя пантонныя масты са звязаных, добра заканапачаных бочак. У іншых месцах скарысталі змацаваныя ланцугамі і вяроўкамі бёрны, накідалі гаці. Частка конніцы змагла перайсці Дняпро па бродзе ў вузкім месцы, недалёка ад Оршы.
Калі на левы бераг Дняпра пераправілася каля паловы войскаў К. Астрожскага, ваяводу I. Чэлядніну паведамілі пра гэта і прапанавалі скарыстайь момант: ударыць па гэтай частцы і знішчыць яе. Але той самаўпэўнена адказаў: «Калі мы разаб’ём гэтую частку войска, дык застанецца яшчэ другая, з якой, відаць, змогуць злучыцца іншыя войскі, так што нам будзе яшчэ пагражаць вялікая небяспека. Пачакаем, пакуль не пераправіцца ўсё войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што, несумненна, мы без асаблівых намаганняў зможам ці разбіць гэтае войска, ці атачыць яго ды гнаць, як быдла, да самай Масквы. Урэшце нам не застанецца анічога другога, як заняць усю Літву».
На досвітку 8 верасня ўся конніца, пяхота і артылерыя Астрожскага былі ўжо перад маскоўскімі палкамі. Гетман паспеў расставіць іх у патрэбным баявым парадку: на правым фланзе — харугвы конніцы з беларускіх і летувіскіх земляў пад камандаю князя Ю. Радзівіла, на левым — польская конніца на чале з В. Сампалінскім і Я. Свярчоўскім, а паміж імі — роты пяхотнікаў з ручніцамі. Уся конніца размеркавалася на дзве лініі. Пад прыкрыццё пяхоты была пастаўлена частка гарматаў, астатнія пакінуты ў засадзе, бліжэй да правага крыла.
Грымнулі бубны, затрубілі баявыя сурмы, і маскоўская конніца першай кінулася ў атаку, Войскі Астрожскага без цяжкасцяў адбілі яе. У бехцеры, без шышака, гетман гарцаваў наперадзе сваіх вершнікаў на даўганогім дрыкганце*, насіўся, ад
* Дрыкгант (у старой беларускай мове «кг» вымаўлялася як «g» лацінскае) — жарабец.
41
даючы кароткія загады, паміж харугвамі. Быццам выпрабоўваючы ворага, ён кінуў на маскоўскія палкі польскую кавалерыю з левага крыла. Чэляднін стрымаў іх націск ды зноў ударыў сваёй конніцай. Гэтак да самага поўдня супраціўнікі асцярожна абменьваліся франтальнымі атакамі, не ўводзячы ў бой галоўныя сілы. Затым маскоўскія ваяводы паспрабавалі паслаць полк у тыл Астрожскаму і адначасова націснуць на фланг, аднак Канстачцін Іванавіч разгадаў гэты небяспечны ход і абі;зве атакі ворага сышлі намарна. Тады бітва дасягнула апагею.
Ускінуўшы булаву, гетман рашуча павёў у атаку ўсю конніцу Вялікага Княства. Хвіліны — і яна злёту цяжка ўрэзалася ў густыя шыхты маскоўскіх ратнікаў. Пачалася лютая сеча. Астрожскі ізноў быў наперадзе, заклікаючы да мужнасці сваіх вершнікаў. Раптам — замяшанне ў яго харугвах, незразумелыя крыкі... Націск адразу аслабнуў, a яшчэ праз які момант сам гетман... вяртаў войска назад. Рэха панесла радасны, пераможны крык тысяч маскоўскіх коннікаў — «Літва ўцякае!» Вялізнымі сіламі памкнуліся яны за харугвамі Астрожскага.