Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня
Памер: 496с.
Пецярбург 2003
басна (“вось гэтым” чалавекам) як яго галоўная асабістая каштоўнасць. Такая трансцэндэнтная і адрасна-персанальная дапамога акрэсліваецца тэалагічным паняткам “любадаць”.
Анталагічна дзеянне любадаці датычыць самой істоты душы (душы як субстанцыі) і выяўляецца найперш у рэлігійнай дынамізацыі чалавечай волі (у актах веры, надзеі і любові, ахвяраваннях, скіраваных да Бога, і інш.). Узоры (формы) рэлігійнай актыўнасці звычайна запазычваюцца з існуючых у культуры рэлігій і культаў. 3 прычыны асабовых рацый і абмежаванай даступнасці рэлігійных крыніц (фактар часу і геаграфіі) людзі выбіраюць розныя рэлігійныя ўзоры, найбольш ім блізкія і адпаведныя — напрыклад, існуе яскравая дыферэнцыяцыя ў сферы хрысціянскіх узораў, прадстаўленых рознымі канфесійнымі традыцыямі дагматыкі, богаслужэння, малітвы і аскетыкі.
Такім чынам, чыннікі рэлігійнага выбару сведчаць аб персанальным, асабовым характары рэлігіі. Па-за асобай і ейным рэлігійным выбарам рэлігіі няма, як няма і поўнай рэалізацыі чалавека як асобы без інтэнцыяльнага стаўлення (скіраванасці) да Бога. Рэлігія як грамадска-культурная з’ява (інстытут) базуецца на ўнутраным, асабістым стасунку чалавека да Бога.
***
Спроба вытлумачэння рэлігіі, зробленая з перспектывы чалавека, зрэалізавана тут у фармаце, відавочна, сцісла-канцэптуальным. Пастаўленая на пачатку тэарытычная мэта — акрэсленне таго, чым (і чаму) ёсць рэлігія,— выглядае, тым не менш, дасягнутай.
Рэлігія ёсць свядомым аднясеннем, асабістым і актыўным стаўленнем чалавека да Бога (стасункам Бога і чалавека). Гэты стасунак “запраграмаваны” характарам чалавечага жыцця — крохкім, няпоўным і "незакончаным”. Праз сваё актыўнае стаўленне да Бога (веру) чалавек дамагаецца яго дапаўнення, спраўджання і сцверджання — ажно да гарантыі бессмярот-
насці. Факту такога жыцця-існавання дастаткова, каб узнікла пытанне пра ягонае (жыцця-існавання) выток і мэту.
Жаданне, памкненне, прага дапоўніць наша жыццё, пераадолець ягоную крохкасць выяўляюць неабходнасць жывой і бесперапыннай сувязі з Богам як ягонай крыніцай і ягоным (жыцця) захавальнікам (што тлумачыць спецыяльная метафізічная тэорыя партыцыпацыі — ад лацінскага participatio'. мець удзел у чымсьці быццёва больш першасным, быць далучаным да нейкай рэальнасці, быць у супольнасці з чымсьці ці кімсьці). Па-за Богам ці па-за адносінамі да Бога жыцця няма, бо межы жыцця — гэта межы існага, акрэсленыя экзістэнцыяльнай сувяззю ўсяго, што так ці інакш існуе, з Богам як крыніцай усялякага існавання.
Рэлігія ў святле такога разумення жыцця бачыцца як з’ява, абумоўленая самым глыбокім, бо быццёвым, вымярэннем чалавека: яго экзістэнцыяльнай залежнасцю ад Бога. He можа быць чалавека (не толькі як адзінкавай істоты, але і як віду, роду) без анталагічнай сувязі з Богам. Таму, у межах філасофскага спрашчэння, можна сказаць, што людзі ўсіх часоў і народаў твораць і практыкуюць адзіную чалавечую рэлігію, якая гістарычна набывае розныя формы. Што да ўдзелу ў рэлігіі любадаці Божай (Аб’яўлення), то яна не толькі не адмяняе гэтага фундаментальнага факту — сувязі чалавека з Богам,— але анталагічна на ім базуецца, яго ўнутрана ўдасканальвае і спаўняе.
Такім чынам, чалавек з’яўляецца рэлігійным таму, што ягонае жыццё-існаванне мае рэлігійны характар, г.зн. ад Бога паходзіць і да Бога вяртаецца. I, як казаў блажэнны Аўгустын, датуль не супакоіцца наша сэрца, пакуль не знойдзе с(у)пакою ў Табе, Госпадзе.
2001 г.
Алег БЕМБЕЛЬ — нарадзіўся ў 1939 г. у Менску. Вучыўся ў Беларускай тзхнічнай акадэміі. У 1963 г. скончыў Менскую музычную вучэльню імя Гпінкі. У 1963 г. — Беларускую акадэмію музыкі, у 1974 г. — асьпірантуру Інстытуту філязофіі й права АН Беларусі. Філёзаф, паэт. Аўтар вядомай кнігі “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”, шэрагу паэтычных зборнікаў. Праваслаўны манах.
ШЛЯХ БОЛЬШАСЬЦІ ШЛЯХ МЕНШАСЬЦІ ШЛЯХ САМОТЫ...
Сёньняшнім пакаленьням наканавана зрабіць першыя крокі Беларусі ў III тысячагодзьдзе Хрыстовае Эры. Праваслаўная Беларусь — толькі ступіла ў сваё Другое тысячагодзьдзе. У нацыянальную сымфонію — асабліва ў час палону апошніх 4-х стагодзьдзяў — адчувальна ўпляліся інш-канфэсійныя ды інша-нацыянальныя галасы...
Аблічча Беларусі — у цэласьці яе гістарычнае рэтра — і пэрспэктывы — праблема сапраўды лёсавая, фундамэнтальная. Бо мусім — на сёньняшніх ростанях — адначасна і ўспамінаць, і праўдзіць, і выбіраць шляхі свае. У часе, у сьвеце, у Вечнасьці.
Катастрафічнасыдь нашага часу, яўная блізкасьць завяршэньня ўсёй Музыкі гісторыі, блізкасьць фіналу сымфоніі тысячагодзьдзяў вымагаюць новага чуйнага ўслухоўваньня ў галоўныя й пабочныя тэмы і экспазыцыі, і распрацоўкі, і сёньняшняга пярэдадня рэпрызы, у якім і гучаць, і твораць Музыку душы нашы.
Тэмы болыпасьці й меншасьці (як галоўныя й пабочныя партыі санатна-сымфанічных цыкляў) — мажліва, якраз яны найглыбей набліжаюць да тайны гісторыі (індывідуальнайнацыянальнай-агульналюдзкай), якая так пакутна раскрываецца нават перад самым сваім завяршэньнем?..
Самі тэрміны “меншасьць” і “большасьць” ужываюцца ў розных кантэкстах, абставінах, ракурсах, часам парадаксаль104
ных. Напрыклад, у Біблеістыцы ёсьць панятак “Тэкст большасьці”: з розных Грэцкіх тэкстаў Новага Запавету ў Праваслаўнай традыцыі карыстаецца найперш той, які пададзены ў большасьці Грэцкіх Новазапаветных рукапісаў; разам з тым, лічыцца немэтазгодным адмаўляцца ад шырокага выкарыстаньня ў якасьці дапаможнага навуковага матэрыялу й іншых Грэцкіх тэкстаў Новага Запавету, шырока распаўсюджаных цяпер на Хрысьціянскім Захадзе. 3 такой шматплыннасьцю нават у дачыненьні да Сьвятога Пісаньня сэрцу — і асабліва розуму — верніка цалкам зьмірыцца нялёгка.
Вельмі тонкія й неадназначныя нюансы прэстыжнасьці гэтых паняткаў. Скажам, належаць да творчай меншасьці — альбо гераічнай ці ерэтычнай меншасьці — лічыцца надзвычай прэстыжным. Праўда, і сам панятак прэстыжнасьці даволі няпэўны й зьменлівы — залежна ад абставінаў, перакананьняў, асяродку й г.д.
Гістарычную тайну большасьці й меншасьці мы яшчэ толькі пачынаем па-сапраўднаму спасьцігаць, бо, сапраўды, у гісторыі былі й ёсьць толькі шляхі большасьці й шляхі меншасьці. Ёсьць, праўда, яшчэ шлях Самоты. Боскай Самоты. Але й ён — у Тройцы, непадзельнай і незьліяннай. У паўнаце сваёй — ён за межамі сьвецкай гісторыі.
Шлях большасьці й шлях меншасьці — ключавыя паняткі нашых далейшых развагаў, тлумачэньня фактаў. Шлях самоты... У чалавечым вымярэньні й гэты панятак у прынцыпе дапушчальны. I нават плённы. Але па сутнасьці ён нават яшчэ больш умоўны, чым шляхі меншасьці й большасьці. Бо ў таямніцы сваёй — у нечым нават большы за іх абаіх, разам узятых.
Выпрабаваньне на “болыпасьць” і “меншасьць” для чалавечага духу (асобы—народу—чалавецтва) — адно з надзвычай сур’ёзных. Ня кажучы ўжо пра тое, які чалавек (ці народ) меншым ці большым нарачэцца ў Царстве Божым, мы бачым, як кожная зь вялікіх ідэй, што сёньня поўняць скарбніцу агульначалавечых вартасьцяў, некалі была ідэяй абсалютнае меншасьці альбо самотнай істоты. Выпрабаваньне на большасьць
ці меншасьць вельмі сур’ёзнае й для чалавечай гардыні, для бунтоўнасьці й зьмірэннасьці душы, скіраванасьці яе ў сьвятасьць альбо гераізм, для сьветагляду ў цэлым, і кожная выяўленая чалавечая індывідуальнасьць заўсёды няўпынна існуе адначасова, так бы мовіць, у сілавым полі большасьці — меншасьці — у самых розных ракурсах гэтых паняткаў, і невядома нават ёй самой, чаго ў ёй болей — “большасьці”, альбо “меншасьці”. Культура ўзаемапераліваў меншасьцяў-большасьцяў (і самоты) — адна з таямніцаў духу (асобы—народу— чалавецтва).
Гісторыя ведае безьліч прыкладаў, калі “ідыятызм большасьці” сваёй сьвінцовай масай душыў найвышэйшыя праявы духу. I наадварот — калі бунтоўная гераічная меншасьць, апантаная страсьцю й свавольствам, прыносіла нечуваныя бедзтвы й кары абсалютнай большасьці ні чым не вінаватых людзей. XX стагодзьдзе найбольш плённае менавіта на апошняе, хаця й у першым не было нястачы (у гэтым — адна з “ахілесавых пят” дэмакратыі).
Кожны народ у акіяне чалавецтва — у меншасьці. Нават Кітайцы, якіх больш ад мільярду. I той жа Кітаец, калі ён, скажам, грамадзянін іншай краіны, ведае стан меншасьцяў (нацыянальных, этнічных, “каляровых”, словам,— сытуацыю асобы на мяжы культур).
Тое ж — са сьветапоглядамі. Аніводнага сьветапогляду не трымаецца большасьць чалавечага роду. У глябальным маштабе — усе йусёў меншасьці!.. I гэта, здавалася б,— неадольны камень спаткненьня на шляху сумоўя Зямлян.
Іншае — у нацыянальным ды рэгіянальным маштабах. Тут звычайна ёсьць гістарычна адшліфаваныя свае духоўныя дамінанты (мэнтальнасьці), якія кансалідуюць болынасьць, трымаюць стратэгічную стабільнасьць, меру зьменлівасьці й устойлівасьці — народаў, краінаў, рэгіёнаў.
Этнас — Мова — Вера. Калі адна большасьць працінае ўсю гэтую трыяду, не разбураючы меншасьцяў,— народ (асноўная вуземка чалавецтва) устойлівы й дынамічны адначасова.
Адраджэньне — панятак ўсеабдымны, шматплынны, шматфарбны. Часам нават з адценьнем дэманічнае страснасьці ці бунту — як гэта неаднаразова бывала ў гісторыі...
Сёньняшняе адраджэньне Беларусі — духоўнае, палітычнае, гаспадарчае, экалягічнае — гэта і віраваньне палітычных нэапаганскіх страсьцяў, і кароткае ап'яненьне нечаканай свабодай, і хуткае расчараваньне, што свабода далёка няпоўная й няпэўная, што яе ўсталяваньне — працэс пакутны й бязьмежны, і суперніцтва іншых дзяржаваў — за ўплыў у стратэгічна важным рэгіёне — у нечакана й рэзка зьмененай усясьветнай стратэгічнай сытуацыі, і паступовае ўсьведамленьне сваёй непарыўнае зьнітаванасьці з усім транскантынэнтальным Хрысьціянскім сьветам, агульнага зь ім лёсу абсалютнае меншасьці (Хрысьціян сёньня менш за мільярд, зь іх — каля 500 мільёнаў Католікаў, каля 300 мільёнаў Праваслаўных, каля 100 мільёнаў Пратэстантаў — у моцна пасіянарным 5-мільярдным нехрысьціянскім акіяне), і бясконцая штодзённая шэрая праца — у атручаным “жалезным зьверам” і зоркай-Палын навакольлі...
Здаровая, дынамічная культура — побач з артадаксальным сваім абліччам — не павінна баяцца выводзіць на сьвет Божы свае “цені”. I тое, што ў іх прыхавана. Ува ўсякім разе — творчыя й асабовыя разломы ў асяродку эліты, у прыватнасьці — у асяродку гуманітарыяў-прафэсіяналаў. Бо менавіта ў іх, гэтых разломах, у спрэчавых большасьцяў-меншасьцяў ды самоты, як сьведчыць гісторыя, нярэдка нараджаліся ейныя (гісторыі) і зорныя хвалі, і разбуральныя катастрофы.