• Газеты, часопісы і г.д.
  • Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня

    Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


    Памер: 496с.
    Пецярбург 2003
    131.78 МБ
    Чалавека заўсёды цікавіла, што такое мы носім пад скурай. Вялікія мастакі Рэнэсансу — Дзюрэр, Мікелянджэла ды іншыя — здымалі скуру зь нябожчыкаў, каб потым больш праўдзіва маляваць жывых. Антычныя навукоўцы Герафіл і Эразыстрат дасьледавалі мэханіку цела больш радыкальным чынам: разьбіралі на часткі яшчэ жывых злачынцаў, прыгавораных да сьмерці. Традыцыі кунсткамэраў і анатамічных тэатраў сёньня разьвівае нямецкі мастак-паталягаанатам Гюнтэр фон Гагенс, які вынайшаў новы спосаб муміфікацыі, “больш надзейны й эфэктыўны, чым нават старажытнаэгіпэцкі”. Зь нябожчыка здымаюць скуру й зьмяшчаюць яго ў ванну з ацэтонам пры мінус 25°С, каб растварыць тлушч і натуральныя вадкасьці цела (Дантэ меў рацыю, што “пекла халоднае”; тое самае маглі
    б пацьвердзіць і вязьні ГУЛАГу). Потым цела прапітваюць сыліконам і, нарэшце, ацьвярджаюць у газавай камэры ў той ці іншай скульптурнай паставе — напрыклад, гульца ў шахматы. Выстава “Сьвет цела” ў Музэі тэхналёгіяў і рамёстваў Мангайму мела ашаламляльны посьпех: яе наведалі 700 тыс. чалавек. Нічога амаральнага ў сваім мастацтве доктар фон Гагенс ня бачыць: усе экспанаты ён скарыстоўвае зь пісьмовага дазволу былых уладальнікаў. Свае целы для пасьмяротнай муміфікацыі яму дораць па некалькі чалавек штодня. Большасьць муміяў доктар прадае (цэлая каштуе да 30 тысяч даляраў) навучальным установам, лябараторыям і калекцыянэрам. Напэўна, ахвяравальнікаў вабіць менавіта магчымасьць пасьмяротнага захаваньня таварнага выгляду свайго любага цела.
    Апошнім часам асобныя складнікі цела ўсё шырэй скарыстоўваюць для перасадкі альбо для вытворчасьці лекаў і парфумы. Многія людзі ахвотна даюць дазвол на разбор свайго нованароджанага трупа. Напэўна, прыемна ўсьведамляць, што твае органы выратуюць каму-небудзь жыцьцё, але можна ўбачыць тут і надзею перажыць, хай сабе й часткова, уласную сьмерць.
    Сучаснаму чалавеку замала ня толькі аднаго цела, але й адной асобы. Для актораў, вар’ятаў, шпіёнаў пераезды ўласнага цела ў іншую душу — звычайная практыка, але ўсё ж яна патрабуе доўгай трэніроўкі й надта вялікіх для бальшыні людзей інтэлектуальных высілкаў. Даволі эфэктыўным спосабам разьвязаньня гэтае праблемы можа стацца тэхналёгія трансплянтацыі галавы. Найбольш лёгкія галовы будуць скарыстоўвацца ў якасьці дзяржаўнае рэгаліі (замест кароны) у дынастыях дыктатараў і тэлекамэнтатараў. Можа нарадзіцца мода па-сяброўску абменьвацца на пэўны час галовамі, каб спазнаць смак жыцьця з іншага цела. Напэўна, цела будзе цішком карэктаваць думкі новага мозгу, фільтраваць іх праз свае рэфлексы й звычкі. Са свайго боку, галава паспрабуе перавыхаваць новае цела на звыклы ёй лад. Усё гэта дапаможа людзям пасьля
    зваротнага абмену лепш разумець ня толькі адзін аднаго, але й саміх сябе. “Адна галава добра, а дзьве лепей” — кажа старое выслоўе.
    Напэўна, мэта гісторыі — зрабіць несьмяротным не чалавека, а ўсё жывое, альбо вылушчыць з усіх арганізмаў жыцьцё як такое, без асаблівых прыкмет сучасных біялягічных відаў —усеплянэтнае “цела бяз органаў” (якое можа стацца зародкам нечага звышзямнога). Верагодна, усе біялягічныя віды ўтвораць агульны генафонд, зь якога будуць браць сабе тыя ці іншыя патрэбныя якасьці. Лебедзь, рак і шчупак пакінуць старую варажнечу й будуць цягнуць агульны воз жыцьця па чарзе ва ўсіх патрэбных накірунках.
    Генная інжынэрыя дапаможа нэўтралізаваць імунную рэакцыю цела на імплянтанцыю электронных прыбораў і мэталёвых інструмэнтаў, органаў іншага чалавека, расьліны (чаму паэтам нс вырошчваць замест валасоў ляўравы вянок?) альбо нейкай жывёліны. Са свайго боку, многія жывёлы й расьліны неўзабаве стануцца ў большай ці меншай ступені чалавекападобнымі. Некаторыя амэрыканскія сьвіньні ўжо даюць падобнае да чалавечага малако (яго можна скарыстоўваць на вытворчасьць патрэбных людзям лекаў). Гадуюцца сьвіньні з чалавечымі вантробамі (для трансплянтацыі). Крыху чалавекападобнымі робяцца нават бактэрыі: напрыклад, ім уводзяць чалавечы ген, які адказвае за сынтэз інсуліну. Бактэрыі ўспрымаюць яго, як свой — і пачынаюць прадукаваць гармон, вельмі патрэбны хворым на дыябэт. Менавіта паводле такога прынцыпу сёньня адбываецца вытворчасьць чалавечых гармонаў росту ды іншых біялягічна актыўных рэчываў.
    Уплыў чалавека на іншыя формы жыцьця пачаўся, вядома, нашмат раней за экспэрымэнты геннай інжынэрыі: дастаткова згадаць падобныя да чалавечых мыліцы пад галінамі яблыняў альбо мутацыі вірусаў, ад якіх абараняюцца людзі. Тысячагодзьдзі доўжыцца сэлекцыя хатніх рэчаў, свойскіх жывёл і
    расьлін — многія зь іх ужо здатныя існаваць толькі разам з намі.
    Навошта мы шукаем новы лад жыцьця суседзям па плянэце? 3 хрысьціянскага гледзішча, мэтаю сэлекцыі й геннае інжынэрыі зьяўляецца стварэньне ня новых пародаў і біялягічных відаў, а новых абліччаў Творцы. Мы павінны не ганарыцца перад іншымі істотамі сваім розумам, а паступова абудзіць іх усіх да ўласнага духовага жыцьця. Чалавек — абраны Богам біялягічны від, як гэбраі (паводле Бібліі) — абраны народ, аднак гэта толькі апірышча для прасьвятленьня ўсіх.
    Усё гэта ня значыць, што паўсюль — у заапарках, шпакоўнях, хлявох — можна будзе ўбачыць толькі людзей. Бальшыня прадстаўнікоў сучасных відаў птушак і жывёл захаваюць свой першародны выгляд і лад жыцьця, а побач з каменнымі джунглямі будуць і далей расьці драўнёвыя лясы. Генэтыкі створаць безьліч новых біялягічных відаў і больш-менш дакладна ўваскрэсяць усе тыя, што загінулі мільёны й мільярды гадоў таму ў жорнах эвалюцыі альбо ў выніку бамбаваньняў з космасу.
    Добра вядома, што чалавек падсьвядома хоча быць богам, а жывёліна — прынамсі, хатняя — хоча быць чалавекам. I таму, відаць, давядзецца ўвесьці пэўныя квоты на колькасьць людзей ды іншых арганізмаў, гарантаваць прапарцыйнасьць прадстаўніцтва ўсіх відаў у жыцьці, каб агульны экалягічны балянс заставаўся аднолькавым. Арганізмы будуць мяняцца ролямі: каму сёньня быць аленем, а каму — паляўнічым, і трэба будзе стаяць у чарзе на ператварэньне ў чалавека альбо іншую прэстыжную істоту.
    Тэхнагенная цывілізацыя Захаду мае, па сутнасьці, тую ж мэту, што й філязофскія сыстэмы вялікіх містыкаў Усходу — дасягненьне несьмяротнасьці ў нейкім надчалавечым абліччы. Машынны спосаб ратаваньня вабіць людзей непараўнальна больш, чым шлях індывідуальнага ўдасканаленьня,— сваім дэмакратызмам, арыентацыяй на масавыя вытворчасьць і спа-
    жываньне здароўя, прыгажосьці й розуму. Хімічныя лекі дапамагаюць амаль усім хворым, а малітвы — толькі абраным. Эвалюцыя тэхнікі, што доўжыцца на працягу ўсёй гісторыі (лад нашага жыцьця зьмяняюць не палітыкі, а вынаходнікі), мае забясьпечыць чалавека калі ня сэнсам, дык новымі спосабамі жыцьця.
    Зьнікне патрэба вучыцца новым прафэсіям, мовам ці танцам — дастаткова будзе замяніць пад фрызурай адну мікрасхему іншай. Першыя электронныя стымулятары пачалі закладаць у чалавечы мозг яшчэ ў 1986 г. (яны перашкаджаюць некантраляваным рухам цела пры хваробе Паркінсона). 3 дапамогай стымуляцыі электродамі зрокавых ды іншых нэрваў можна бачыць і адчуваць тое, што адчуваў раней (у запісе) альбо адчувае цяпер (у жывой трансьляцыі) іншы чалавек. Такім чынам, нябожчыкі змогуць час ад часу ажываць у чужой сьвядомасьці — запазычваць чужое цела цалкам альбо дзяліць яго ў нейкай прапорцыі з гаспадаром.
    Імплянтацыю новых органаў і прыладаў для мысьленьня можна зьдзейсьніць, вядома, ня толькі на чалавечым целе. Уяўленьне малюе канцылярскага пацука, які займаецца справаводзтвам замест чалавека. Па сутнасьці, усялякую жывёліну можна ператварыць у сапіенса—інтэлектуальна амаль роўную нам істоту, і зрабіць гэта нават лягчэй, чым адшукаць невядомых братоў па розуме ў космасе. Зьнявераныя ў зямных уладах рамантыкі чакаюць, калі ж нарэшце прыляцяць іншаплянэтнікі й растлумачаць нам, як трэба жыць. Але больш верагодна, што самі людзі разам з жывёламі ператворацца ў прыхадняў, прычым, будзе здавацца, што ўсе мы сабраліся тут з розных плянэт.
    Мэтаю эвалюцыі жыцьця на Зямлі, магчыма, сапраўды зьяўляецца стварэньне з жывёл альбо зь людзей-добраахвотнікаў новых разумных рас для расьсяленьня па іншых плянэтах зь непрыдатнымі для нас умовамі існаваньня (з мэтанавай атмасфэрай, напрыклад). Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што ніякіх прыхадняў, анёлаў, адзінарогаў і г.д. ніколі не існавала. Калі гэта так — мы павінны стварыць іх самі.
    Што можа быць больш натуральным за сьмерць? Але чалавек — надта недасканалая жывёліна, каб ува ўсіх справах кіравацца інстынктамі й жыць у згодзе з прыродай. Менавіта нежаданьне паміраць ператварыла калісьці малпу ў чалавека й потым выгнала нашых продкаў зь лесу ў горад, прымусіла будаваць шпіталі й музэі. Чалавек не схацеў “чакаць міласьціны ад прыроды”: ён сам спрабуе даць прыродзе новыя, больш літасьцівыя законы, і ў тым ліку — скасаваць пакараньне сьмсрцю, да якога прыгаворана ўсё жывое.
    Новыя тэхналёгіі вызваляць чалавека ад страху сьмерці. Напрыклад, ён можа загадаць машынам разабраць сваё цела на асобныя малекулы (а свой розум — на асобныя электрычныя імпульсы) і сабраць патрэбную колькасьць сваіх копій-двайнікоў таго ж самага памеру, крыху вышэйшых альбо нябачных без мікраскопу. Некаторыя людзі, напэўна, увогуле зьнікнуць з твару зямлі й будуць далей існаваць у выглядзе аблокаў кібэрнэтычнага пылу, расьцярушанага паміж зоркамі, альбо тых нябёсных целаў, якія можна з гэтага пылу зьляпіць. “Ты — пыл, і вернесься ў пыл” — сказаў Творца на разьвітаньне Адаму.
    Будзе пераможаны й жах перад несьмяротнасьцю — бясконцым існаваньнем у адным узросьце й абліччы. Перамена полу ўжо сталася звычайнай зьявай, а ў пэрспэктыве, калі хірургічныя апэрацыі, гармоны й г.д. стануцца больш таннымі, а ўсялякія забабоны канчаткова зьнікнуць, чалавеку давядзецца самому, нібы вопратку ў краме, выбіраць сабе расу, пол, узрост, вагу цела й, адпаведна, лад жыцьця. Па сутнасьці, целу можна будзе надаць якую заўгодна форму, а праз праграмнае забесьпячэньне мозгу — перапісаць пры патрэбе нанова памяць, характар, палітычную арыентацыю й усю асобу наагул.
    Для перасяленьня душы ў іншае цела ня трэба будзе чакаць сьмерці. Чалавек возьме ва ўласныя рукі частковы кантроль над мэханізмам рэінкарнацыі: будзе выбіраць сам, ад якіх бацькоў альбо зь якой машыны лепш зьявіцца на сьвет наступны раз. I тады найбольш істотнай філязофскай праблемай станец-