• Газеты, часопісы і г.д.
  • Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня

    Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


    Памер: 496с.
    Пецярбург 2003
    131.78 МБ
    Ратаваньне топасам. Сучаснай беларускай паэзіі (як і нашай літаратуры наагул) не пашкодзіла б нарэшце быць упісанаю ў сыстэму ўсясьветных літаратурных топасаў, тэм, вечных вобразаў. Вандроўныя сюжэты чалавечай культуры мусяць нарэшце дабрысьці й да Беларусі, а дабраўшыся сюды,— распазнацца чытачамі як такія.
    Вялікая гульня ў постмадэрнізм у беларускай літаратуры пачалася. Патэнцыйныя гульцы нават збольшага ведаюць, як бавіцца з новымі цацкамі. Вось толькі саміх гэтых цацак no-
    куль што катастрафічна бракуе. Ёсьць шмат аўтараў, гатовых да пародыяў, цытацыяў, стылізацый, перайманьняў ды іншых спосабаў карыстаньня чужымі тэкстамі. He стае саміх гэтых тэкстаў, вартых постмадэрнісцкай дэканструкцыі. Колькі можна зьдзеквацца зь беларускай савецкай літаратуры? Яна не такая ўжо й разнастайная. Ну, можна ўхваліць мілую сэрцам нямецкую мову (былі ж і ў немцаў свае Танкі!), можна аздобіць “Хлопчыка й лётчыка” мацернай лаянкай. Што яшчэ? Кпіць з таго, як і чым пахне чабор, ствараць эратычную эпапэю “На простынях”? А далей? Трэба выйсьці ў іншую плоскасьць, засвоіць здабыткі іншых літаратураў, зрабіўшы іх сваімі, сутыкнуць Кракаў і Ракаў, “Атэла” й Янку Маўра, Рабле й Рублеўскую, Акутагаву й Акудовіча, Асорына й Баярына, Дантэ й Данчыка. Вось, “Міколка-Паравоз”, стылізаваны пад Джойса, гэта ўжо крута! Глядзіш, сучасны чытач і да “Хаўтур па Фінэгану” пацягнецца, а можа — чаго ў сьвеце ні бывае! — і Міхася Лынькова прачытае. I ня так ужо й істотна, ці зрабіла покуль беларуская літаратура нейкія там адмысловыя постмадэрнісцкія адкрыцьці, ці проста які ўжо раз вынайшла ровар. Важна, што гэты ровар яна атрымала і самы час навучыцца на ім езьдзіць.
    Першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены. Згадайма кнігу “Шалёны вертаградар” і асабліва пазьнейшыя паэмы Міхася Баярына. Паэт выгодна атабарыўся й утульна пачуваецца ў прасторы ўсясьветнай культуры — зусім не пакідаючы пры гэтым беларускай. Абмяжуемся адным прыкладам зь “Лістоў да беларускага сябра”:
    Бачыць цябе, мой Аргус, неяк няма жаданьня.
    Там у вас восень, канешне, вечная сьмерць лісьця. Восень у вас заўсёды. Гэта мяне й лякае.
    Ты ашалеў, мой Аргус, і хаты не ўвартаваў. Зараз жывуць у палацы якіясь людзі чужыя. Дый калі б я й вярнуўся, ты б мяне не пазнаў. Згрыз бы сваймі зубамі. I людзі б цябе хвалілі. Далі б кавалак мяса, і ты бы спакойна спаў.
    Жэк лістоў не чытае зь вельмі простай прычыны.
    Я іх не адпраўляю, тут гэта зрабіць няма як.
    У непадрыхтаванага чытача пачынаецца лёгкая запамарока ад розных літаратурных сабачых вобразаў. Згадваецца сабака Адысэя, што першым пазнаў гаспадара, калі той вярнуўся на родную Ітаку. Недзе лунае водгульле разьвітальнай песьні Чайльд-Гарольда: “...Iпёс, павьіўшылявуглоў,/Чужьімслужыць пачне./Калі ж вярнуўся б я дамоў—/Парве ў шматкі мянё' (пераклад У.Дубоўкі2). Але тут, скажа нехта, ні з пушчы ні з поля, мяняецца мянушка адрасата: замест Аргуса зьяўляецца Жэк. Чаму ні з пушчы? Менавіта з Пушчы, зь Язэпа Пушчы, бо тут алюзія на ягоны верш “Ліст да сабакі”. Менавіта ў ім зьяўляецца параўнаньне сабакі Жэка з адысэеўскім Аргусам і гучыць рэфрэн-заклінаньне, просьба вартаваць родную хату3. Просьба, якой баярынскі Жэк-Аргус ня выканаў.
    Галоўнае, што сёньня перашкаджае ў засваеньні ўсясьветнай топікі,— адсутнасьць пераважнай бальшыні літаратурных першаўзораў у беларускім перакладзе й відавочная слабасьць многіх наяўных перакладаў. Наша сучасная літаратура бадай што ня дасьць сабе рады без зьяўленьня, так бы мовіць, “сынтэтычных” постацяў паэтаў-перакладчыкаў, здольных да кангеніяльнага перастварэньня шэдэўраў па-беларуску. Сярод паэтаў старэйшага пакаленьня такая постаць ёсьць — гэта Алег Мінкін. Сярод маладзейшых, на маю думку, шмат абяцаюць як паэты-перакладчыкі Серж Мінскевіч і Максім Шчур. Далучайцеся! Вытанчаныя літаратурныя гульні ў Шэксьпіра стануцца магчымымі адно на падставе прысутнасьці ўсяго Шэксьпіра па-беларуску. Бяз гэтага, што б ні казаў, скажам, пост-
    2 Байран Дж. Г Лірыка. —Мн.: Маст. літ., 1989. —С. 117.
    3 "Вартуй, вартуй лепш хату да расьсвету”, // Вартуй, мой дружа, родны ганак”, // Чужыя людзі ходзяць каля склепа.// ПільнуйГПушча Я. Збор твораўу двух тамах. Т. 1. —Мн.: Маст. літ., 1993. —С. 113, 117.
    мадэрністы мэтр Том Стопард пра сьмерць Разэнкранца з хаўрусьнікам, беларускаму чытачу гэта застанецца глыбока па Гільдэнстэрну.
    Ратаваньне формаю. Сёньняшняму літаратару катастрафічна не стае дысцыпліны формы. Абсалютызацыя свабоды творчасьці вядзе да таго, што прамоўленае паэтам слова стаецца ўсё больш выпадковым, і вершы літаральна распаўзаюцца па швох. Наіўнаму аўтару няўцям, што абсалютнай свабоды ў творчасьці няма й быць ня можа. Бо любая творчасьць — гэта заўсёды пераадоленьне цяжкасьцяў, немаведама чаму штучна створаных сабе самім аўтарам. Кожны творца, выпрабаваны гулец у літаратуру, стварае сабе неймаверна складаныя правілы гульні, заганяе сябе ў глухі кут, глыбокі цэйтнот і г.д., каб потым кожнага разу з бляскам выкарасквацца з гэтай амаль безвыходнай сытуацыі. Тым жа, хто кажа пра скампрамэтаванасьць традыцыйнай формы ў сёньняшніх умовах, можна запярэчыць так: рымуйце сьмела, вашую прадукцыю не пераблытаюць з рэклямнымі слёганамі: яны ў гэтай краіне ствараюцца на іншай мове.
    Зыходзячы з гэтага, мяне ня можа ня цешыць тэндэнцыя да фармальна “складаных” паэтычных жанраў, якая пачынае накрэсьлівацца сёньня. Тут можна згадаць і “танкістаў” ды “хакеістаў” (ад словаў “танка” й “хоку”) беларускай літаратуры (А.Глёбус ды інш.), і практыкі стварэньня каліграмаў (“Помнік з гукавым афармленьнем” Сержа Мінскевіча, экспэрымэнты Арцёма Кавалеўскага), і зварот да такога фармальна “жорсткага” жанру, як лімэрык (аўтар гэтых словаў, С.Балахонаў, Максім Шчур, які зрабіў першы пераклад “Бязглузьдзіц” Эдварда Ліра з ангельскай). Гэта й — вяршыня пераадоленьня складанасьцяў — паліндромныя паэмы Віктара Жыбуля. Гэта й санэты. Шмат санэтаў. Праўдзівае ўварваньне санэтаў у беларускую літаратуру. Можна згадаць адразу некалькі санэтных цыкляў, апублікаваных за апошнія год— два,— “Юрлівыя санэты” Юрася Пацюпы, што проста віруюць экспэрымэнтатарствам і стракацяць удалымі знаходкамі, "Мінс-
    кія санэты” Сержа Мінскевіча, якія ёсьць таленавітаю парафразай да міцкевічавых “Крымскіх”, "мудрагелістыя санэты” аўтара гэтых словаў.
    Ратаваньне рэальнасьцю. Карыстаючыся новымі літаратурнымі сродкамі, заўтрашняя паэзія — зусім як учорашняя — мусіць навучыцца рэагаваць на падзеі навакольнага (у тым ліку, беларускага) сьвету. Паэту давядзецца згарманізаваць свой суб’ектыўны мастацкі досьвед з тою рэальнасыдю, якая вядома й яго патэнцыйным чытачом. Кажуць, нібыта постмадэрнізм адрынае якія-колечы ўнівэрсальныя вартасьці, якіяколечы сыстэмы каардынат, падвяргаючы ўсё татальнаму сумневу й іроніі. Разам з тым, чуткі пра сьмерць усяго здаюцца мне перабольшанымі. Надыход кожнай новай эпохі ў гісторыі культуры суправаджаўся глыбокім сьветапоглядным крызысам, скепсысам што да звыклых “напрацаваных” мадэляў засваеньня сьвету й радыкальнымі зьменамі ў мастацкай камунікацыі. I сёньняшняя Вялікая Рэтардацыя — нічым не трагічнейшая, скажам, ад эпохі Шэксьпіра, калі паміралі ідэалы Рэнэсансу, альбо эпохі “fin de sificle” зь ейным дэкадэнцкім сьветаадчуваньнем.
    Постмадэрнізм як мастацкая мова не адрынае ўнівэрсальных каштоўнасьцяў, а проста з скепсысам глядзіць на ўчорашнія й адно пачынае намацваць заўтрашнія. Больш за тое, беларускі постмадэрнізм дэманструе прагу, кончую патрэбу гэтых каштоўнасьцяў. “Сонца нам дапаможа” — сьпявае сёньняшні беларус, не знайшоўшы пад рукою іншай дапамогі. Альбом “NRM” “Тры чарапахі” — гэта ні што іншае, як наіўнае й прыгожае ў сваёй наіўнасьці жаданьне знайсьці гэтыя стопрацэнтныя вартасьці, гэтыя надзейныя арыентыры; жаданьне, дадамо, выказанае дасканалаю постмадэрнісцкаю мовай:
    Не было Галілея і Боба Марлея, He было Сальвадора Далі, Hi Леніна, ні Ленана, ні Карла Лінэя, А кіты й чарапахі былі.
    А калі вельмі прагнеш выпрацаваць нейкую ўнівэрсальную ідэю, якая вытлумачыла б усё іншае, яна абавязкова зьявіцца. Покуль жа, з браку такой супэрідэі, можна абвесьціць найвышэйшаю вартасьцю новай літаратуры ейнага чытача. Што можа быць істотней у нашай літаратурнай сытуацыі за чытача альбо слухача — ужо хаця праз іхную нешматлікасьць? Чытач літаратуры як рэдкі ў прыродзе від стаецца каштоўнасьцю, за якую трэба змагацца, таму хоцькі-няхоцькі давядзецца адпавядаць чытацкім чаканьням і запатрабаваньням, узьнімаць і вырашаць пытаньні, якія яго хвалююць. He баючыся выказваць яму ў твар непрыемныя ісьціны пра яго самога, паступова пазбаўляючы “ружовых сопляў” старой рыторыкі, прывучаючы да новай, покуль не да канца яму звыклай паэтычнай мовы й вучачы яго глядзець і бачыць жыцьцёва важныя рэчы там, дзе, здавалася б на першы пагляд, шаленец-постмадэрніст проста бавіцца дзіўнаватаю гульнёй.
    Вось жа, нечаканым наступствам Вялікай Рэтардацыі сталася тое, што ўсе мы атрымалі час, каб зьдзейсьніць пералічанас вышэй; сучасная беларуская літаратура атрымала час на тое, каб нарэшце адбыцца. Неяк так павялося, што адзнакаю добрага тону сярод постмадэрністых лічыцца спасыланьне на Хорхэ Луіса Борхэса. He адстаючы ад моды, мы таксама згадаем ягоную навэлу “Тайнае дзіва”. Герой твору, праскі пісьменьнік Ярамір Хладык, засуджаны фашыстамі на сьмяротнае пакараньне, зьвяртаецца да Г оспада з просьбаю, каб Усемагутны адцягнуў выкананьне прысуду на адзін год: літаратар яшчэ ня скончыў галоўнай, а магчыма, і адзінай справы свайго жыцьця — не дапісаў сваёй вершаванай драмы. I здарыўся цуд: сярод расстрэлу час раптоўна спыніўся. “Рулі былі скіраваны на Хладыка, аднак людзі, што мусілі забіць яго, ня рухаліся. Рука сэржанта скамянела ў незавершаным жэсьце. На каменнай пліце спыніў свой палёт цень пчалы. Вецер таксама застыў, нібы на карціне..Пісьменьнік атрымаў у падарунак цэлы год часу ў сваім суб'ектыўным вымярэньні. Кулі не паляцяць у яго, аж покуль ён ня скончыць свайго шэдэўру. I ён апантана ўзяў-
    ся за працу. “Ён працаваў не для нашчадкаў — піша Борхэс — нават не для Бога, чые літаратурныя густы былі яму невядомыя”. Ён працаваў для сябе, бо толькі завершаная драма рабіла б яго жыцьцё недарэмным. Вось ён амаль што скончыў, заставалася знайсьці апошні эпітэт, вось ён адшукаў яго. I чатыры кулі звалілі яго на зямлю.