Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня
Памер: 496с.
Пецярбург 2003
Эпоха Вялікай Рэтардацыі, альбо Беларуская паэзія заўтра разумовай планкі — пісьменьніцкая параза, бо гэта з пэўнасьцю зьнішчае ўсялякія шанцы твору трапіць у праграму. Чым прасьцей, тым лепш. Вы, мабыць, заўважылі, у нас нават сам панятак “простасьці” ўжо ўспрымаецца як каштоўнасьць: просты — значыць шчыры, маўляў, простыя словы, простыя рэчы, а ўсё, што болей, тое, зусім па-біблейску,— ад злога.
I ня варта зьдзіўляцца, адкуль у нашай літаратуры перанасычанасьць дыдактызмам і плоскім маралізатарствам. Найпрыдатнейшы для школы, проста ўзорна-паказальны ў навучальным працэсе жанр — гэта байка, якая не вымагае роздумаў і самастойнага рабленьня высноваў, бо неабходную мараль пісьменьнік выводзіць за цябе, ты толькі атрымліваеш канцавы прадукт. Ці не таму галоўным патрыярхам, Нестарам беларускай літаратуры быў Кандрат Кандратавіч Атраховіч-Крапіва? Ці не таму менавіта Крапіва займае ў нашым пісьменстве месца вышэйшае, чым іншаземныя байкапісцы ў сваіх нацыянальных літаратурах? А таму не пытайцеся, хто сьмяецца апошнім. Апошнім сьмяецца кульгавы раб Эзоп.
Адзіным сродкам выратаваньня ў гэтай сытуацыі я бачу прыняцьцё дзяржаўнага закону, які забараняў бы вывучаць у школе творы жывых пісьменьнікаў — прынамсі, да таго часу, покуль настаўнікі не навучацца аддзяляць у літаратурным творы ўласна мастацкія вартасьці ад таго, што літаратураю ня ёсьць і ў задачы пісьменьніка ўваходзіць ня мусіць.
Але ж, як той казаў, ня ўсё кату масьленіца, настае й Вялікі пост. Настаў вялікі Пост і ў нас. Надыход эпохі пост у беларускай літаратуры быў азначаны шэрагам красамоўных сымптомаў, не зважаць на якія ўжо немагчыма. Так, цяпер мы маем ня толькі звыклых інтэлігентаў, але й першых інтэлектуалаў, a адзін мысьляр нават ведае слова “інтэлегібельны”, хоць простаму чытачу й безь яго вядома, што інтэлект падчас бывае згубным. Уразнастайнілася карціна мастацкага жыцьця. Мы маем сваіх рэалістаў і мадэрністаў, патрыётаў і касмапалітаў, тэрарыстаў і пацыфістаў, дадаістаў і пафігістаў, філаматаў і нэкра-
філаў, манахаў і законьнікаў, дзэнбудыстаў і анемпадыстаў. Зьявіліся ў нас свае літаратурныя хуліганы й гаўрошы, бумбарашы й бумбамліты, зеленавокія гоі й ружавашчокія геі.
Наўрад ці варта аспрэчваць наяўнасьць у нас постмадэрновай сытуацыі. Аднак постмадэрнісцкай літаратуры, прынамсі, у тым сэнсе, як “постмадэрнізм” разумеецца ў сьвеце, у нас амаль ня склалася. Паступова спаў ажыятаж вакол першых бурлівых выступаў і пэрформансаў маладых літаратараў, і раптам высьветлілася, што ніякай рэвалюцыі ў літаратуры не адбылося. Маладая беларуская паэзія ня сталася зьяваю міжнароднага парадку, застаўшыся такой самай неканвэртабэльнаю, як і паэзія старэйшых, дый, бадай што, не павялічыла й колькасьці аматараў паэзіі ў нас.
Працытую верш Чэслава Мілаша “Структуралізм”, датаваны 1965 годам (пераклад мой).
“Я трапіў на выклад структураліста, ён казаў надзвычай інтэлектуальна, яго французскія лапкі надзвычай інтэлектуальна трымалі цыгарэту.
Мне хацелася ўстаць і сказаць: ты, на гэтай зямлі выцьця й ванітаў, на гэтай зямлі пакутаў усякай жывой істоты й маёй чалавечай роспачы, ты, вучоны кныр.
Хай сьведчыць вялікае племя памерлых — глядзі, праступаюць іх твары — як горка й салёна на вуснах, калі, ледзь кранутае языком, нараджаецца слова.
Адно-адзінае слова, што нешта значыць, што прагучэўшы ад неба да пекла, верне страчаны лад, слова, якога няма, а тое, што ёсьць — шум лясоў, рэха мора — гэта толькі лепет і плач.
Што я із сваёю дурнотаю супраць цябе, калекцыянэр замарожаных сьлёз, альбо супраць кампутараў лябараторыі Лоўрэнса?
Я такі самы сьмешны, якнекалі, удзяцінстве, калі спрабаваў бараніць сьвятыя гаі, выспу Патмас, гару Сынай, ня цямячы, што і чаму бараню.
Проста дзеці скакалі, рымуючы словы, інейкіхлапец запяяў: “матка-шматка ”, “матка-шматка ”, а я нечакана накінуўся на яго йпачаў штурхаць ікусаць
У 1965 годзе Мілаш адчуў набліжэньне постмадэрнізму інстынктыўна, адчуў і не прыняў. Мабыць, аналягічныя закіды сьветапогляднага характару могуць рабіць і робяць сёньня маладым аўтарам нашыя літаратурныя аксакалы. Закіды часьцяком несправядлівыя, але гаворка не пра гэта. Бо галоўная небясьпека, што тоіцца ў постмадэрнізме нашага разьліву, на маю думку, датычыць не каштоўнасьцяў і перакананьняў — зь імі ў сучасных літаратараў акурат усё ОК. Галоўная праблема мае суцэльна эстэтычны характар і зьвязана з тым, што нельга да бясконцасьці гуляць у “матка-шматка”, “матка-шматка”.
Так, красамоўным прыкладам паэтычных самарэфлексіяў сучаснага аўтара, дзе адлюстраваны і псыхалёгія творчасьці, і сам працэс публікацыі твору, ягонае вынясеньне на чытацкі суд, ёсьць верш Віктара Жыбуля “Я люблю здаваць аналіз калу...” з кнігі ‘’Прыкры крык”. He рызыкую падаваць увесь гэты прыкры прыклад, абмяжуюся фрагмэнтам:
I ўрачы ў ім будуць калупацца, пляснуўшы пад новы мікраскоп... Ды заўсёды цяжка развітацца з тым, што сам ты пальцамі адшкроб!
Тут табе й эксгібіцыянізм, добра знаёмы шмат каму з аўтараў, і самаіронія, якую можна толькі вітаць. А якая пераемнасьць зь беларускімі традыцыямі! Досыць згадаць незабыўнага Ведзьмака-Лысагорскага з дыскусіяй беларускіх пісьменьнікаў пра гной і паралельлю “мастацкая творчасьць — дэфікацыя”:
"Ну, не кажэце: гной няроўны.
Найлепшы той, што зробіш сам.
Бо ён жа твой, уласны, кроўны,
Як твор, які ты напісаў”1.
' Вядзьмак-Лысагорскі Ф. Сказ пра лысую гару. —Мн., 1991. —С. 17.
Усе мы ведаем, зь якога сьмецьця растуць вершы, так што нічога дзіўнага, калі творчая кухня паэта выяўляецца прыбіральняю. Вось толькі на чым грунтуецца сьвятая перакананасьць аўтара, што ягоная ўласная творчая прыбіральня цікавая ўсяму засталаму сьвету? Думаючы пра месца й ролю, бясспрэчна, таленавітага паэта Жыбуля ў беларускай літаратуры, я згадваю творчы калектыў, у якім, дарэчы, бярэ ўдзел і Віця,— музычны гурт з цнатлівым назовам “Засралі казарму”...
Альбо іншы прыклад, таксама з аўтаркі, якая пасьпела задаць тон у маладой літаратуры, з Вальжыны МартынавайМорт. Верш, што пачынаўся парай напраўду яркіх радкоў, заканчваецца так:
Жырабе немя, жырабе!
Гірабе ема на жымя.
Цьжука ешаін цьёсь цьцёжы...
Беражы мяне, беражы!
Калі першае ачмурэньне мінае, нават разумееш, што гэта ня поўная бязглузьдзіца, а перастаўленыя месцамі склады, і калі перасунуць іх назад, выйдуць тыя самыя яркія радкі: “Беражы мяне, беражы!/Берагі мае на мяжы!” Трэці радок, атрыманы такім чынам, гучыць так: “Кажуць, іншае ёсьць жыцьцё...” Кажуць — дадам ад сябе — ёсьць іншыя літаратурныя гульні, і сумна было б думаць, што гэта й ёсьць найвышэйшаю планкю, даступнаю гульнёвай паэтыцы маладых постмадэрністаў.
Вось жа, другая рэтардацыя ў сучаснай беларускай літаратуры зьвязана з тым, што беларускі постмадэрнізм, як кожны падлетак на пэўным этапе свайго сталеньня, перажывае складанасьці, характэрныя для пераходнага ўзросту. Глісты, мерцьвякі, кава са спэрмаю й кроў, кроў, кроў, якія зрабілі сваёй зброяй маладыя літаратары, прынесьлі пэўную вядомасьць іхным аўтарам, але наўрад ці дадалі папулярнасьці беларускаму слову. Бо тое, чым можна, у найлепшым выпадку, эпатаваць ці, выказваючыся па-сёньняшняму, “засьцябаць”, што можа
Эпоха Вялікай Рэтардацыі, альбо Беларуская паэзія заўтра выклікаць гістэрычны рогат, але ж не падмацавана вытанчаным густам аўтара, наўрад ці фармуе добры густ і ў тых, што яшчэ не страцілі прыемнасьці ад чытаньня ці слуханьня беларускай паэзіі дый, паэзіі наагул. Натуральна, у паэзіі няма й ня можа быць забароненых тэм, але ёсьць тэмы, што вымагаюць нашмат большага эстэтычнага чуцьця й павышаюць для маладога аўтара рызыку, перапрашаю, аблажацца.
Творчасьць нашых маладых літаратараў — безумоўна, варыянт постмадэрнізму, але ж, так бы мовіць, варыянт дзіцячы. Такая творчасьць — наскрозь гульнёвая, але ж дарослыя ад такіх гульняў (Валянцін Акудовіч ня лічыцца!), найхутчэй, устрымаюцца. Гады росквіту “Бумбамліту” былі гадамі прыгожага, шчасьлівага дзяцінства беларускага постмадэрну. Покуль нечым такім займаюцца дзеці й юнакі. яны здаюцца мілымі, таленавітымі й нават геніяльнымі, калі ж адбываецца сталеньне, а мастацкія практыкі ні ў чым якасна не зьмяняюцца, гэта пачынае выклікаць зьдзіўленьне й трывогу. Ці не таму “бумбамліт” фактычна спыніў сваё супольнае існаваньне, ператварыўшыся проста ў энную колькасьць пісьменьнікаў, таленавітых і ня вельмі? Прычым, найцікавейшыя зь іх перажываюць цяпер істотную творчую эвалюцыю. Аўтар-падлетак становіцца дарослым чалавекам.
Наколькі пісьменьнікам-традыцыяналістам варта пазбавіцца навязьлівай ідэі, быццам бы яны ствараюць выключна для школьнай праграмы, настолькі маладым літаратарам-постмадэрністам трэба звыкнуцца з думкаю, што, колькі б іх сёньня ні ігнаравалі афіцыйная літаратура й калялітаратурныя ўстановы, але ж раней ці пазьней іх прызнаюць, кананізуюць ды абавязкова ўключаць у тую самую школьную праграму. Нават калі самі яны будуць супраць, саромячыся напісанага раней. Хай гэтая думка вісіць над імі дамоклавым мячом. I, можа, гэта навучыць іх — нават гуляючы — з трохі большаю адказнасьцю ставіцца да слова.
Здаецца, Бадлер заўважыў, як любяць літаратурныя крытыкі паразытаваць на ваеннай тэрміналёгіі. Мы таксама скары-
стаемся з гэтай традыцыі на парадыйным (ад слова “парад”) узроўні.
Лічы, стагодзьдзе беларуская літаратура, як, зрэшты, і сама Беларусь, гналася за іншым сьветам. За лічаныя гады яна мусіла адольваць цэлыя эпохі культурнага разьвіцьця. Сёньня, калі верыць разбуральніку парыжаў Валянціну Акудовічу, гнацца больш няма за кім, бо перадавая заходняя культура — падзякуем постмадэрнізму — згубіла мэту свайго імклівага развою й таксама спынілася ў разгубленасьці. Дык, можа, дзьве акрэсьленыя вышэй “беларускія” рэтардацыі былі дарэчнымі й своечасовымі?
Закончылася гонка літаратурных узбраеньняў (як і літаратурная халодная вайна), калі мы даганялі Эўропу й сьвет ды эўрапейскі й усясьветны літаратурны працэс. Ёсьць час спыніцца для роздумаў, падумаць пра дасягнутае й крытычна ператравіць яго. Усе пляцдармы захоплены, настаў час для рэкагнасцыроўкі, бо, як сьцьвярджае вядомая показка, перш чым сказаць “гоп”, варта агледзецца, куды ты ўскочыў. Настаў час ня толькі павярхоўнага, але й глыбіннага засваеньня тых этапаў літаратурнага разьвіцьця, якія мы праскочылі сямімільнымі марш-кідкамі, не засвоіўшы як сьлед. Для беларускага літаратара пачынаецца курс маладога байца, засваеньне новых стратэгіяў, што забясьпечаць ня столькі перамогу над умоўным ворагам, колькі элемэнтарнае выжываньне паэзіі. Я, не прэтэндуючы на паўнату й аб’ектыўнасьць, паспрабую прапанаваць тры такія стратэгіі.