• Газеты, часопісы і г.д.
  • Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня

    Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


    Памер: 496с.
    Пецярбург 2003
    131.78 МБ
    7
    Беларускі авангард стаўся рэвалюцыяй у беларускім мастацкім дыскурсе, своеасаблівай “працай над памылкамі” беларускай савецкай літаратуры. Што ж, за стадыяй аналізу павінна была б лягічна надысьці фаза сынтэзу, дэканструкцыя павінна была б зьмяніцца рэканструкцыяй, з “навукова” адкрытых беларускімі мадэрністамі элемэнтарных часьцінак літаратурнага матэрыялу мусілі былі ўзьнікнуць новы, “штучны” сусьвет, новы дыскурс, новая моўная рэчаіснасьць, новае бачаньне сьвету, новы сьветапогляд... Калі гэтага не адбудзецца, нашто тады было руйнаваць стары сьвет, як думаюць некаторыя? Ці не зьяўляецца сёньня беларускі авангард ужо састарэ-
    лай плыняй, пераадоленай часткай літаратурнага досьведу мінуўшчыны? Магчыма, у сучасных літаратурных варунках дэструктывізм беларускага авангарду хутчэй стрымлівае, чымся прысьпешвае літаратурнае разьвіцьцё?
    Сёньня беларускі авангард стаіць перад пытаньнем: што далей? На гэтае адносна простае пытаньне ён пакуль не сьпяшаецца адказваць, імкнучыся вырашыць для сябе больш складаныя пытаньні, якія датычацца, бадай, чалавечага мысьленьня ўвогуле. Ці абавязкова пасьля стадыі аналізу павінна надысьці стадыя сынтэзу? Ці заўсёды яны зьмяняюць адна адну з аднолькавай рэгулярнасьцю? Ці магчымае іншае, недыялектычнае разьвіцьцё мастацтва? Што “было раней” — аналіз ці сынтэз, яйка ці курыца?
    Безумоўна, ільга быць пасьлядоўным авангардыстам і заняць у дачыненьні да літаратурнага разьвіцьця (як і да самой літаратуры наагул) сабатажніцкую пазыцыю—менавіта ў гэтым выпадку ў беларускага авангарду ёсьць рызыка ператварыцца ў тормаз літаратурнага жыцьця на Беларусі, магільшчыка ўласных дасягненьняў, перайсьці зь лягеру контркультурных рэвалюцыянэраў у культурныя контррэвалюцыянэры. Сапраўды, што задужа — тое нездарова. Аднак гэта не азначае, што беларускі авангард павінен раптам перад кімсьці “пакаяцца” ў сваім дэструктывізме: натхнёнае авангардам літаратурнае асяродзьдзе неўзабаве выхавае новую генэрацыю маладых аўтараў, перад якой паўстануць новыя, зусім іншыя творчыя мэты й якія яна, спадзяваймася, здолее вырашыць. Мова таксама калісьці ўзьнікла з аналізу, дэканструкцыі гукаў навакольнае цішыні — каб потым шляхам сынтэзу стварыўся новы, штучны сьвет словаў, сыстэму знакаў. Аднак калі б гэтага не адбылося, чалавек назаўжды застаўся б імітатарам гукаў навакольнай прыроды, прычым, магчыма, надзвычай добрым, бо з кожным разам гэта ў яго атрымлівалася б усё лепей. Аднак ці сапраўднае прызначэньне чалавека ў тым, каб быць імітатарам?
    2002 г.
    Андрэй ХАДАНОВІЧ — нарадзіўся ў 1973 г. у Менску. У 1995 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (філялягічны факультэт), вучыўся ў асьпірантуры. Паэт, перакладчык паэзіі, эсэіст. У 2002 г. выйшла кніга ягоных вершаў, перакладзеных на ўкраінскую мову, “Лнстм з-під ковдрн".
    ЭПОХА ВЯЛІКАЙ РЭТАРДАЦЫІ, АЛЬБО БЕЛАРУСКАЯ ПАЭЗІЯ ЗАЎТРА
    У асяродзьдзі беларускіх студэнтаў, і, мабыць, ня толькі іх, заўсёды мела папулярнасьць застольная песьня пра “Бедну басоту”. Група люмпэн-інтэлектуалаў прыемна бавіць час, дзень пры дні дэгустуючы напоі. Раптам зьяўляецца клясавы вораг, “дзядзька багаты”, і цяжка крыўдзіць грамаду. Тыя, як ні дзіўна, амаль не абражаюцца й ветла й рахмана прапаноўваюць госьцю далучыцца да бяседы. I толькі праз восем радкоў, канчаткова разьюшаныя крыўдзіцелем, героі ўрэшце рэшт зводзяць зь ім рахункі, і ўсё канчаецца “па справядлівасьці”. Зусім нядаўна я зрабіў для сябе адно адкрыцьцё. Выяўляецца, нашыя суседзі-ўкраінцы таксама маюць такую песьню (у іх фігуруе “бідна голота”), і, што цікава: украінскі варыянт на восем радкоў карацейшы. Там абражаная галота, нават не спрабуючы шукаць мірных шляхоў для вырашэньня канфлікту, адразу карае нахабу: адзін за ручку, другі за ножку — канец вам добра вядомы. Супастаўленьне варыянтаў наводзіць на пэўныя думкі. Маўляў, нашая прыродная рахманасьць і талерантнасьць ня ведаюць межаў, і там, дзе іншыя змагаюцца за свае правы, мы ўпарта чакаем, што ўсё неяк вырашыцца само па сабе. Ці не таму кожная падзея нашай гісторыі, нават у параўнаньні з найбліжэйшымі суседзямі, адбываецца, так бы мовіць, з васьмірадковым спазьненьнем? Такая ідэя прыходзіць да галавы лёгка й адразу, але ж мы не шукаем лёгкіх шляхоў. Навошта сьпяшацца й лезьці ў бойку: можа, і пакрыўдзіць багаты дзядзька, а можа, і мірную прапанову прыме ды шчэ
    гарэліцай напоіць задарма. Калі разглядаць Беларусь і ейную гісторыю як пэўны сюжэт, з сваёй завязкаю, кульмінацыяю й разьвязкаю, такія затрымкі трэба называць рэтардацыямі.
    Варта прыгледзецца да гэтага тэрміну бліжэй. Для літаратуразнаўцаў рэтардацыя (ад лац. retardatio—запавольваньне) — гэта стылістычны прыём запавольваньня, затрымкі сюжэтнага аповеду ў літаратурным творы. Рэтардацыя — люты вораг тых, хто чытае літаратурны твор выключна з мэтаю даведацца, што будзе далей і чым усё скончыцца, хто каго пакахае альбо заб’е. Уявеце сабе: імклівыя падзеі твору раптоўна прыпыняюцца, таму што аўтару заманулася даць нам апісаньне прыроды, мінулае героя альбо вялікі лірычны водступ. Рэтардацыя часьцяком нічога не дадае да сюжэту, яна пакліканая трымаць у напружаньні чытача, распаляць ягоную цікавасьць, і ў гэтым сэнсе можа нагадаць раптоўнае “працяг будзе” на найцікавейшым месцы сэрыялу. Рэтардацыя — не для наіўных спажыўцоў літаратуры, якія блытаюць расказаныя гісторыі з рэальным жыцьцём. Яна прызначана для рафінаванага аматара, які атрымлівае прыемнасьць не ад таго, што апавядае літаратура, а ад таго, жяна гэта робіць. Таму мудрая й далёкасяжная выснова з нашага прыкладу мусіць гучаць так: Беларусь — найцікавейшы, заблытаны й інтрыгоўны сюжэт, які шчэ пацешыць знаўцу сваімі пэрыпэтыямі. Што да простага чытача, дык і ён атрымае сваю гарантаваную радасьць, бо працяг будзе.
    Для сёньняшняй сытуацыі ў беларускай літаратуры характэрны адразу некалькі красамоўных рэтардацыяў. Першая датычыць пісьменьнікаў традыцыйнай літаратурнай арыентацыі — ад пазаўчорашніх песьняроў партыі да ўчорашніх апявальнікаў незалежнасьці. Усе яны аказаліся ў незайздросным становішчы, бо рыторыка, патас, характэрныя мастацкія сродкі такога роду літаратур, па-першае, выявілі люстранае падабенства міжсобку, а па-другое, аказаліся безнадзейна скампрамэтаванымі. Трагедыі “аксакалаў” не пазайздросьціш, бо
    самі яны не адчуваюць свайго анахранізму. Такім пісьменьнікам, як рухавік, патрэбна вялікая ідэалёгія, а такой цяпер няма нават у прэзыдэнцкіх сьпічрайтараў, што ж гаварыць пра простых сьмяротных!
    Радыкальная праблема для гэтай беларускай літаратуры — ейная неканвэртабэльнасьць. Так, яна сёньня ня можа быць зразуметаю й станоўча ацэненаю замежным чытачом. I тлумачэньне нават ня ў тым, што ў бальшыні заходніх літаратур няма прафэсійных перакладчыкаў зь беларускай мовы, гэты сумны факт — акурат вынік, а не прычына. А прычына ў тым, што такая літаратурная прадукцыя аказваецца для сучаснага чытача гранічна неактуальнаю. Беларуская палітычная сытуацыя можа быць, наадварот, колькі заўгодна цікаваю, але ж цікавасьць гэтая покуль не перарастае ў інтарэс да беларускага пісьменства. Каб ацаніць такі твор, чытачу-замежніку трэба было б мець ня толькі ягоны дакладны пераклад, але й “кавалак” нашага рэальнага жыцьцёвага досьведу, адчуць гэты досьвед на ўласнай скуры. Але такога часам не пажадаеш і найзьлейшаму ворагу! А пераплавіць, пераўтварыць наш досьвед у нейкія ўнівэрсальныя формы, якія былі б даступныя й людзям зь іншым досьведам, выхаваньнем, ладам жыцьця, нашая традыцыйная літаратура ня здолела.
    За савецкім часам камунікатыўныя праблемы адчуваліся меней. Беларускі пісьменьнік меў такую прастору, як шматнацыянальная савецкая літаратура. Хоцькі-няхоцькі народы Савецкага Саюзу мелі шмат агульнага ў сваім досьведзе. Як апалягеты савецкай улады, так і дысыдэнты розных саюзных рэспублік маглі паразумецца з дапамогаю перакладу альбо вядомай “мовы міжнацыянальных зносінаў”. А цяпер засталіся хіба адно ўспаміны пра былы “саўковы” кайф альбо, наадварот, героіку барацьбы з камунякамі. Часам думаеш, ці ня ёсьць нашая постсавецкасьць адзіным, што аб’ядноўвае нас, скажам, з нашымі ўкраінскімі калегамі?
    Чым тлумачыўся анахранізм такой літаратуры? Адкуль вынікала ейная правінцыйнасьць, ейная хваравітая зацыкле-
    насьць выключна на сваёй унутранай праблематыцы? Часам складваецца ўражаньне, што ўчорашняя беларуская літаратура — гэта тое, што было паклікана існаваць выключна ўмежах школьнай праграмы. Бо хто шчэ, як не шкаляры, у здаровым розуме й добраахвотна, будзе яе спажываць. Вось жа, перад пісьменьнікам паўставала звышзадача — трапіць у школьную праграму й такім чынам захавацца для шырокага кола чытачоў. Задача наступнага парадку, мэта не такая жаданая, але таксама прыемная — ня трапіўшы ў праграму агульнаадукацыйнай школы. трапіць ува ўнівэрсытэцкі курс і стацца прадметам вывучэньня для філёлягаў-беларусістаў. Гэта ўжо для аўтараў другога гатунку, бо кола чытачоў непараўнальна вузейшае. Парыі літаратуры — тыя, чыя творчасьць не ўкладаецца ні ў якія праграмы. Такія аўтары існуюць для асобных фанатыкаў, і можна толькі пашкадаваць, калі такімі фанатыкамі выявяцца тыя ж настаўнікі беларускай літаратуры ў школе: вось дылема, і твор падабаецца, і вучням пра яго не распавядзеш.
    Заканамерная выснова — найчасьцей пісьменьнік ужо на этапах абдумваньня будучага твору й працы над ім робіць сваё дзецішча такім, каб яно мела шанцы трапіць у гэтую запаветную праграму. Як вынік, нават ня можа ісьці гаворкі пра ўлучэньне ў твор чагосьці, што не рэкамэндуецца дзецям з пэдагагічных меркаваньняў. Але ж нашыя літаратары выхаваныя на арыстотэлеўска-рэалістычным пастулаце пра літаратуру як люстра рэчаіснасьці, пра мастацтва, якое павінна насьледаваць прыродзе. Тады як у нашых умовах пераважная бальшыня фрагмэнтаў рэальнасьці, якая нас атачае, само нашае жыцьцё не рэкамэндуецца для вывучэньня ў школе. У выніку пісьменьнік апынаецца ў глыбокім сьветапоглядным крызысе. Вось дзе нутраная цэнзура, якая ня сьнілася ніводнай таталітарнай дзяржаве!
    Ня можа быць гаворкі й пра перанасычэньне твору інтэлектуальным зьместам — нічога такога, што не было б зразумелым вучню сярэдняга школьнага веку. Залішняе падняцьцё