• Газеты, часопісы і г.д.
  • Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня

    Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


    Памер: 496с.
    Пецярбург 2003
    131.78 МБ
    Зыходзячы з таго, што адбылося, мы і паспрабуем тут распавесці, як адбывалася і адбылося тое, аб чым сёння ўжо наважваемся казаць: “сучасная беларуская філасофія”. Але ад пачатку я хацеў бы падкрэсліць, што нашая гаворка будзе менавіта пра беларускую філасофію, а не пра філасафаванне ўвогуле, якое ў нас, акрамя як у беларускім, адбываецца і ў расейскім моўнаментальным модусе. Сваім аб’ёмам апошні відавочна пераважвае ўласнабеларускі, прынамсі, калі звяртаць увагу на фармальны вымер бальшыня беларускіх кандыдатаў і дактароў філасофскіх навукаў (як і інстытуцыяў, якія яны прадстаўляюць) працуюць у расейскай мове і ў полі праблематык, з’ары-
    ентаваных на прыярытэты расейскага інтэлектуалізму. Разам з тым, мы, бадай, не шмат перабольшым, калі скажам, што пры ўсёй сваёй колькаснай перавазе, іх праца, з прычыны яе глыбокай нутраной перыферыйнасці, застаецца, па вялікім рахунку, аднолькава незапатрабаванай як расейскім, так і беларускім мысленнем.
    I апошняе, на што, здаецца, не лішне звярнуць увагу перад тым, як перайсці непасрэдна да заяўленай тэмы. Карэл Чапэк неяк сказаў:”Кітаец, які зажадаў бы стварыць кітайскую філасофію, быў бы напэўна добрым кітайцам, але дрэнным філосафам”. Гэтая заўвага Чапэка нагадалася тут дзеля таго, каб падкрэсліць, што мы добра ўсведамляем усю ўмоўнасць такога словазлучэння, як “беларуская філасофія”, і калі кажам пра стварэнне нацыянальнага філасофскага дыскурсу, то акцэнтуем не яго нацыянальную адметнасць, а адметнасць факту яго з’яўлення ў шматвымернай прасторы нацыянальнай культуры.
    3 ГІСТОРЫІ ПРАБЛЕМЫ
    He станем сягаць у даўнія стагоддзі, калі мысленне на прасторы, цяпер пазначанай дзяржаўнымі межамі Рэспублікі Беларусь, разгортвалася адпаведна з агульнаеўрапейскімі тэндэнцыямі. Ужо хаця б таму, што метадалагічна яго, бадай, заўсёды будзе досыць няпроста залічваць да ўласна беларускага: ці то з прычыны іншамоўнасці, ці то з прычыны адслоненасці ад Беларусі як яшчэ не выяўленага суб’екту еўрапейскай гісторыі...
    Фармуючы традыцыю беларускага мыслення, мы, безумоўна, не пакідаем тыя ранейшыя здабыткі па-за нашай увагай, бо і ў Вялікім княстве Літоўскім, і ў Рэчы Паспалітай, гэтаксама, як і ў тадышняй Цэнтральнай Еўропе, філасофія дамінавала не толькі у сістэме адукацыі, але арганізоўвала і рэгламентавала ўсю мыслядзейнасць грамадства. Таму зусім натуральна, што ў рэканструкцыі гісторыі філасофіі мы не прамінаем увагай спадчыну Кірылы Тураўскага, Францішка Скарыны, Казіміра Лышчынскага, Андрэя Волана, наробак Полацкай езуіцкай
    Акадэміі і Віленскай філасофскай школы. Але рэальна пачатак ужо ўласна беларускага мыслення нам даводзіцца звязваць з “нашаніўскім” перыядам беларускай гісторыі, з тагачаснай літаратурай, публіцыстыкай, гістарыяграфіяй, светапогляднымі рэфлексіямі. Найвялікім дасягненнем айчыннага мыслярства той пары мы небеспадстаўна лічым эсэ Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага) “Адвечным шляхам” (1921 г.) і эсэ Уладзіміра Сулімы (Самойлы) ‘Тэтым пераможаш!..” (1924 г.).
    На вялікі жаль, неўзабаве аўтэнтычная хада беларускага мыслярства была на дзесяцігоддзі і дзесяцігоддзі перапынена бальшавіцкім гвалтам. Між іншым, нейкім дзіўным чынам гэты гвалт прычыніўся і да інтэлектуальнага заняпаду вольнай ад бальшавікоў Заходняй Беларусі. Прынамсі, нічога роўнавялікага тэкстам Абдзіраловіча ды Сулімы там, як пазней і на эміграцыі, не было створана.
    Ёсць досыць распаўсюджанае меркаванне, што чалавеку можна забараніць усё, нават дыхаць, але нельга забараніць мысліць... Магчыма, аднаму асобнаму чалавеку і нельга забараніць мысліць сам-насам, але грамадству — можна. Цяпер мы гэта добра ведаем. За камуністамі беларусам было дазволена пісаць апавяданні і раманы, маляваць карціны і ствараць скульптуры, ставіць спектаклі і спяваць песні, але нельга было мысліць...
    Беларусам было забаронена мысліць. Тут карціць дадаць — самастойна, толькі інакшага мыслення, акрамя самастойнага, не бывае.
    He станем шмат казаць пра дыялектычны матэрыялізм — адзіную дазволеную нам форму мыслення, бо рэч не ў тым, добрая ці благая была гэтая форма, а ў тым, што мысленне ў нейкай адной форме ўжо не ёсць ім. I адсюль яго кардынальная адрознасць ад мастацтва і літаратуры, якія могуць быць заціснуты звонку — ці самі сябе заціснуць у катух нейкага аднаго метаду (класіцызм, барока, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм, сацрэалізм..— і пры гэтым заставацца творнымі, бо эстэтычнаму, каб выявіцца, усё роўна патрэбен нейкі канон, не той дык іншы.
    Дзеля ўвідавочання тэзы пра “забарону” згадаю ўсяго адзін факт. За семдзесят год камуністычнага панавання на Беларусі па-беларуску, лічы, нічога не было выдадзена з класікі сусветнага і еўрапейскага мыслення. I гэта пры тым, што ва ўсю тую пару існавалі магутныя выдавецтвы, якія друкавалі даволі замежнай літаратуры самага рознага кшталту. Тое самае адбывалася і ў прасторы шматлікіх часопісаў, альманахаў, газет... — татальнае табу на хоць якія праявы мыслення — як айчыннага, гэтак і замежнага мыслярства.
    ЭПОХА “БУРЫ I НАЦІСКУ”
    Адным словам, у XX ст. нам было забаронена мысліць... ад пачатку дваццатых аж да канца васьмідзесятых, да “перабудовы”, калі ўсе забароны неўпрыкмет спарахнелі, а дазволу, каб нават па звычцы закарцела, не было ў каго запытацца.
    У гэтым бязладдзі і пачалося сучаснае беларускае мысленне — натуральна, бязладна, але інтэнсіўна. Невыразныя спробы неяк яго згарманізаваць, намацаць яму грунт пад пачатак стаяння і адтуль накрэсліць вектар руху наперад ніякага плёну не мелі. Адноўленыя для ўжытку тэксты Абдзіраловіча, Сулімы, Цвікевіча ды іншых пацешылі сэрцы адэптаў нацыянальнага адраджэння, але па сутнасці засталіся незапатрабаванымі інтэлектуальным рухам...
    Тут нам давядзецца зрабіць невялічкае адступленне. I вось з якой нагоды. Калі мы кажам, што традыцыя беларускага мыслення была перапынена бальшавікамі, што бальшавікі на дзесяцігоддзі і дзесяцігоддзі забаранілі беларусам мысліць, і гэтая забарона трымалася аж да канца васьмідзесятых, то трэба не забывацца і на выключэнні, на тых, хто спрабаваў хоць на крок-другі перарушыць мяжу забароны. Да такіх выключэнняў мы ўжо напэўна можам залічыць патрыярхаў беларускай філасофіі Уладзіміра Конана і Мікалая Крукоўскага... Дык вось, якраз яны, дактары філасофскіх навукаў Уладзімір Конан і Мікалай Крукоўскі, былі тымі, хто сваёй творчасцю рэальна
    звязваў між сабой беларускае мысленне першай і апошняй чвэрцяў XX стагоддзя. Але ці гэты звяз быў не вельмі трывалым, ці надта ўжо розніліся інтэлектуальныя сітуацыі пачатку і канца стагоддзя, толькі новае беларускае мысленне ў сваіх спробах намацаць самое сябе абапіралася не на “штрыхавую” традыцыю Абдзіраловіч — Суліма — Конан — Крукоўскі, а на ўсё што заўгодна іншае: на дзэн-будызм і Рэрыха, Барта і Данілеўскага, Фрэйда і Дэрыда, Ніцшэ і Бярдзяева, Хайдэгера і Бахціна, Дэкарта і ...
    Аднак досыць хутка ў гэтай мяшанцы-боўтанцы пачалі вырознівацца прыярытэты. Першым сцёк з сыроваткай расійскі месіянізм — ці не адзіная аўтэнтычная і жывая філасафема расейскага мыслення. 3 прычыны яго абсалютнай непрыдатнасці рацыянальнай беларускай ментальнасці. Разам з месіянізмам апынулася ў незапатрабаванасці і ўся астатняя расейская філасофія. He змаглі замацавацца на Беларусі (натуральна, я маю на ўвазе нацыянальны дыскурс) і шматлікія філасафемы Усходу, хаця іх уплыў выявіўся нават больш выразна, чым уплыў расейскай гістарыясофіі і расейскага містыцызму. Падобна, што асабліва не завабіў беларускіх інтэлектуалаў паўночнаамерыканскі прагматызм і брытанскі (астраўны) пазітывізм (праўда, уплыў апошняга выявіўся ў метадалагічных спрэчках нашых “новых” гісторыкаў)...
    Зрэшты, няма нічога дзіўнага, што ў значэнні прыярытэтаў для новага беларускага мыслення засталася еўрапейская кантынентальная філасофія, бо і прасторава, і ментальна мы ўлучаны ў еўрапейскую інтэлектуальную імперыю. Але паколькі гэтая імперыя надзвычай разнастайная і практычна неабсяжная, то нашы першыя інтэлектуальныя ініцыятывы, разбэрсаныя гэтай разнастайнасцю па неабсяжнасці, верагодна, на доўгі час згубіліся б не толькі ад іншых, але і ад нас саміх. Згубіліся б, каб... Каб у нас не было Беларусі як інтэлектуальнай праблемы, ад рэфлексіяў над якой не змаглі ўхіліцца ні “метафізікі, ні “экзістэнцыялісты”, ні “антраполагі”, ні “структуралісты”, ні “герменеўтыкі”, ні “фундаменталісты”... Незалежна ад сваіх
    прыхільнасцяў да тых ці іншых канцэптаў еўрапейскага мыслення, усе тагачасныя беларускія інтэлектуалы былі заангажаваны праблемай асэнсавання Беларусі як суб’екту гісторыі, геапалітыкі, метафізікі. I гэта зразумела, бо, не акрэсліўшы поля сваёй прысутнасці ў быцці, немагчыма выходзіць на асэнсаванне самога быцця.
    Беларусь як інтэлектуальная праблема не толькі аб’яднала ўсіх, хто меў схільнасць да крытычнай аналітыкі і адцягненага рэфлексавання ў іх сучасных параметрах, яна яшчэ і ўзяла на сябе ролю лабараторыі, эксперыментальнага цэху, палігону, дзе беларускае мысленне, у значэнні ўжо ўласна беларускага напрацоўвала прыдатныя для сваіх патрэб тэрміналагічныя сістэмы, выпрацоўвала лагічныя канструкты, намацвала актуальныя для сябе універсальныя ідэі,— адным словам, асэнсоўваючы Беларусь у якасці суб’екту еўрапейскай гісторыі і ўласнай метафізікі бытнага, беларускае мысленне гадавала і нарошчвала свае інтэлектуальныя цягліцы.
    Працэс асэнсавання Беларусі як інтэлектуальнай праблемы не перапыніўся да сёння. Але цяпер гэта ўжо не надта добра відно. Бо жыццядайны на пачатку, ён, з прычыны сваёй татальнасці, пакрысе пачаў ператварацца ў пастку для беларускага мыслення, якое пакуль не здольнае вырвацца з ягонай усё яшчэ актуальнасці ў іншыя рэфлексійна-інтэлектуальныя абсягі. На гэтым і палягае першы крызіс у сучаснай беларускай філасофіі, удзельнікамі ды сведкамі якога мы з вамі з’яўляемся...
    ПРАЕКТЫ ЭПОХІ
    Г эты раздзел мае назву “праекты эпохі”, аднак пры жаданні пагуляцца ў словы яго можна был б назваць і “эпахальныя праекты”, хаця на старонні погляд нічога не выдае на манументальнасць у тых інстытуцыях, суполках, часопісах, публікацыях, пра якія далей будзе весціся гаворка. Што і натуральна, бо на пачатку кожнай істотнай і перспектыўнай справы звычайна палягаюць не вельмі кідкія учынкі ды падзеі, але менавіта