• Газеты, часопісы і г.д.
  • Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня

    Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


    Памер: 496с.
    Пецярбург 2003
    131.78 МБ
    формы зьяўляецца прынцып кантраснасьці “мы—яны”, “свае—чужыя”. Для нацыянальнай самасьвядомасьці галоўным фармавальным прынцыпам зьяўляецца прынцып тоеснасьці, аўтэнтычнасьці асобы ці папросту чалавека як прадстаўніка менавіта дадзенага этнасу-народу-нацыі. Праз гэтую аўтэнтычнасьць ён пачуваецца суб’ектам і спадкаемцам нацыянальнай гісторыі й культуры. Праз гэтую аўтэнтычнасьць ён набывае магчымасьць пісаць ці нават перапісваць Нацыянальны тэкст, робіцца сутворцам нацыянальнай культуры й жыцьця.
    Галоўная праблема нацыянальнай сьвядомасьці й самасьвядомасьці — гэта праблема творчасьці, г.зн. працягу нацыянальнага жыцьця, якая й вырашаецца на ўзроўні нацыянальна сьвядомых асобаў ці, больш дакладна, на ўзроўні нацыянальных элітаў, альбо не вырашаецца, калі гэтыя асобы й эліты слабыя ці адсутнічаюць увогуле.
    1994г.
    Сяргей САНЬКА — нарадзіўся ў 1962 г. у Воршы. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (фізыка-матэматычны факультэт), а затым асьпірантуру Інстытуту філязофіі. Галоўны рэдактар часопіса "Крыўе". Аўтар кнігі “Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі”. Жыве ў Менску, працуе ў Інстытуце філязофіі НАН Беларусі.
    ТРАДЫЦЫЯНАЛІСЦКІ ПАГЛЯД НА ТРАДЫЦЫЮ: “ПРЭЗУМПЦЫЯ АЎТАХТОННАСЬЦІ” Й “ДЭКАНСТРУКЦЫЯ ТРАДЫЦЫІ”
    Культуру, як і традыцыю (калі надаваць увагу зьмястоўным адрозьненьням гэтых споцемаў), нельга зрабіць аб’ектам у сэнсе аб’екту клясычнае гнасэалёгіі. А тое, што існуе адмысловая навука аб культуры — культуралёгія (пераважна ў Цэнтральнай Усходнеэўрапейскім рэгіёне), Kulturwissenschafl ці Cultural Studies, магло б выглядаць як тэарытычны кур’ёз.
    На культуру нельга кінуць абсалютна збочаны, “аб’ектыўны” позірк, бо інтэндаванасьць гэткага позірку неўнікнёна стае ўгрунтаванаю ў інтэндаваным, г.зн. усё роўна ў культуры. Сытуацыя цалкам адпаведная той, што ўпершыню была ўсьведамлена ў асадах фэнамэналёгіі: сьвядомасьць мае справу ня з фактамі нейкае “аб'ектыўнае рэчаіснасьці”, а заўсёды толькі з фактамі самое сьвядомасьці. /7е-культурны погляд на культуру — гэта погляд бостваў, якія адныя й маглі б уважацца за культуролягаўparexcellance, калі ім, вядома, рупяць нашыя чалавечыя клопаты.
    Культурны Космас даступны толькі пагляду знутры — заангажаванаму пагляду. Тое, што ў культуралягічных штудыях неўнікнёна набывае выгляд квазы-аб’екту, насамрэч павінна разумецца як свайго роду рэфлексіўная дэскрыпцыя гэтага Космасу. У найбольшай ступені гэта датычыць таго, што звычайна падводзіцца пад ня надта ўдалую рубрыку “традыцыйная культура” (нібыта можна памысьліць сабе культуру без
    традыцыі). Калі вядзецца пра традыцыйную культуру, то найперш тут маецца на ўвеце такая культура, мэханізмы трываньня якой у часе зарганізаваны адмысловым чынам, выразна адрозным ад функцыянаваньня адпаведных мэханізмаў, перадусім, мадэрнае ўрбаністычнае культуры. Такая культура ўяўляе асобны культурны тып з толькі яму ўласьцівым наборам характарыстычных азнакаў (таксонаў). Сьвядомая ўстаноўка на эксплікацыю менавіта гэтых азнакаў і пільнаваньне ў дасьледніцкай практыцы пэўных асацыяваных зь імі правілаў складаюць падваліну традыцыяналізму. А заангажаваны (у акрэсьленым вышэй сэнсе) пагляд на традыцыю будзе паглядам традыцыяналісцкім. Я лічу, што гэта адзіна магчымы дасьціпны й шчыры падыход. Разам з тым, падыход даволі рызыкоўны.
    3 працэдурнага гледзішча традыцыяналісцкі падыход да традыцыі палягае ў своеасаблівым перакульваньні мэтаду дасьледаваньня. Я маю на ўвеце, што тое, што здабываецца на шляху кампаратыўнага і кантрастыўнага мэтаду вывучэньня характарыстычных азнакаў традыцыі, што сьвядома кладзецца ў падваліну дасьледаваньня самой гэтай традыцыі ў якасьці галоўных мэтадалягічных прынцыпаў. Так, касмалягізм традыцыйнае культуры арыентуе на надаваньне найпільнейшае ўвагі касмалягічным і каляндарна-астранамічным аспэктам рэканструкцыі традыцыйнага сьветагляду.
    Разам з тым, традыцыйная культура вылучаецца відавочнаю ўстаноўкаю на аўтахтанізацыю свайго наяўнага зьместу. Узгадайма хоць бы старагрэцкі міт пра Эрыхтонія, мітычнага першанасельніка старажытнай Элады, або пра легендарнага першанасельніка нашай зямлі — князя Бая. Гэтая адметнасьць традыцыі мае свае як моцныя, гэтак і вельмі слабыя бакі. Далей я буду весьці іх абмеркаваньне амаль выняткава датычна беларускае культурнае традыцыі наагул, і беларускае традыцыйнае культуры, у прыватнасьці.
    Трансьляваньне гэтай тыпалягічнай азнакі традыцыйнай культуры ў плашчыню мэтадалягічных прынцыпаў прыводзіць да тэарытычнае ўстаноўкі, якую я назваў “прэзумпцыяй аўтах-
    тоннасьці”. Гэты прынцып вымагае, каб усялякая зьява культуры перадусім разглядалася як мясцовая з паходжаньня, як паўсталая ў выніку паступовага эвалюцыйнага развою самое мясцовае культуры, калі адваротнае не даведзена або ня можа быць даведзена. Гэты прынцып стварае процівагу як папулярным у дасьледніцкім асяродзьдзі міграцыянісцкім канцэпцыям беларускай этнагенэзы, гэтак і тэорыі “культурных хваляў”, таксама некалі папулярнай.
    Паслядоўнае пільнаваньне ў дасьледніцкай практыцы гэтага прынцыпу нібы вяртае права голасу тае званае “нямотнае большасьці”, паводле выразу А.Гурэвіча, якая, як правіла, заставалася па-за фокусам увагі складальнікаў летапісаў і кронікаў і якая, тым ня менш, часта з ладнага вызначала духоўнае й этнічнае аблічча сярэднявечнага грамадзтва. Тое, што старыя падыходы практычна не дапускалі пастаноўкі пытаньня ў гэткай плашчыні (і гэта датычыць нават рэпрэсаванае ў сваім часе тэорыі паходжаньня беларусаў у выніку асыміляцыі прыходнікамі-славянамі мясцовага балцкага насельніцтва, паводле формулы аднога зь ейных стваральнікаў В.Сядова, “маці — балтка, бацька — славянін”) канстатуе, у прыватнасьці, менскі дасьледнік А.Мядзьведзеў:
    “...Трэба мець на ўвазе асаблівасьці зьяўленьня беларусаў як народу ў выніку асыміляцыі мясцовага балцкага насельніцтва прышэльцамі-славянамі. Пры сучасным стане дасьледаваньняў гэта адзіная тэорыя, прынятая амаль усімі археолягамі й вучонымі сумежных навук. Але з гэтага пастуляту зрабілі дрэнныя высновы. Галоўную ўвагу пачалі надаваць вывучэнню працэсу прыходу славян на тэрыторыю сучаснае Беларусі. Без падрабязнага вывучэньня культуры балцкага насельніцтва, якое раней займала гэтую тэрыторыю, усё дасьледаваньне этнічных працэсаў зьяўленьня беларусаў зьвялося да спробаў рознага датаваньня прыходу славян і пошуку культур магчымых славян. Урэшце рэшт гэтыя пошукі прывялі да рэтраспэктыўнай распрацоўкі культурнага разьвіцьця дзьвюх ліній: банцараўская культура як балта-славянская й кіеўская культура як
    славянская з магчымай яе сувязьзю з больш старажытнымі зарубінецкай ці нават мілаградзкай культурамі, або культурай доўгіх курганоў (крывічы). Але абедзьве лініі не вырашаюць усіх пытаньняў...
    Гэткая ўстаноўка (пошукі культур славянскай прыналежнасьці) спрыяе спрошчанаму падыходу да вывучэньня працэсу паходжаньня беларусаў і не дазваляе вырашыць пытаньне аб лінгвістычных і этнаграфічных асаблівасьцях (дыялекты мовы й этнаграфічныя вобласьці) беларускага народу. Для высьвятленьня апошняга трэба ведаць падзел балцкіх плямёнаў, якія займалі сучасную тэрыторыю Беларусі”. (Мядзведзеў А. Насельніцтва Беларусі ў жалезным веку (VIII ст. да н.э.—VIII ст. н.э.//Беларускі гістарычны агляд. 1994. Т. I. Сшыт.1. С. 15—37).
    Прыемна адзначыць, што разгляданы тут прынцып “прэзумпцыі аўтахтоннасьці”, у наш час сьведама выкарыстоўваецца некаторымі дасьледнікамі, пераважна археолягамі, што ня дзіўна, бо археалягічныя знаходкі часта маюць выразныя этнаграфічныя рысы й дапускаюць амаль надзейную этнічную атрыбуцыю. Тут можна прыгадаць таго ж А.Мядзьведзева, a таксама А.Квяткоўскую, Л.Дучыц, Э.Зайкоўскага й некаторых іншых. На жаль, этнографы, фальклярысты й нават лінгвісты часьцей пакуль застаюцца прыхільнікамі стандартных падыходаў. Хоць у лінгвістыцы ўжо даўно была пастаўлена праблема дыялектнага падзелу субстратных балцкіх плямёнаў (А.Трубачоў і Ул.Тапароў, В.Мартынаў, В.Вячорка й інш.).
    Іншая праблема, якая па сутнасьці яшчэ чакае свае паважнае й мэтадалягічна фундаванае пастаноўкі,— гэта праблема накірунку асыміляцыйных працэсаў у кожным канкрэтным выпадку, г.зн. накірунку ад балтаў да славян ці наадварот. Бо, зразумела, ёсьць вялікая розьніца: 1) разглядаць пранікненьне элемэнтаў славянскай культуры ў мясцовыя балцкія й паступовае аславяньваньне апошніх, падтрыманае й чыста эвалюцыйнымі зрухамі ў саміх балцкіх культурах, ініцыяванымі і актывізаванымі ейнымі кантактамі й узаемадзеяньнем з культурай славянскай, або 2) ува ўсіх без вынятку выпадках бачыць толькі
    пранікненьне паасобных элемэнтаў балцкай культуры ў запанавалую культуру славян-прыходнікаў. Прыманьне тае альбо іншае пэрспэктывы карэнным чынам зьмяняе як этна-, гэтак і глётаі культурагенэтычныя дыскурсы. У прыватнасьці, паўсталая ў моваўзнаўстве яшчэ напрыканцы мінулага стагодзьдзя праблема лексычных балтызмаў у беларускай мове была асэнсавана менавіта як праблема славянскага мовазнаўства, тым часам як вучоныя-балтысты выкарыстоўвалі — і часта працягваюць гэта рабіць і цяпер — беларускія балтызмы толькі як дадатковую крыніцу для штудыяў з гістарычнай лексыкаграфіі. Гэта значыць разглядаецца вылучна працэс пранікненьня нешматлікіх балцкіх моўных элемэнтаў у славянскія гаворкі. Але зразумела, што мусіў мець месца — а калі даваць веры дадзеным фізычнай антрапалёгіі пра вылучную блізкасыдь антрапалягічнага тыпу беларусаў да антрапалягічнага тыпу сучасных балтаў, то й быць дамінавальным,— і адваротны працэс: асыміляцыя балцкімі гаворкамі славянскіх элемэнтаў з адпаведнымі трансфармацыямі апошніх. Менавіта ў гэтым рэчышчы яшчэ ў 1934 г. пастанавіў пытаньне пра субстратнае паходжаньне беларускага й расейскага аканьня ды яканьня вядомы французскі індаэўрапеіст А.Мэйе (Лекомцева М.й. Проблема балтнйского субстрата аканья//Балто-славянскне этноязыковые контакты. М., 1980. С. 157—168).
    Вельмі плённым і пэрспэктыўным мне падаецца вывучэньне С.Прохаравай (Прохорова С.М. Сннтакснс переходной русско-белорусской зоны: ареально-тнпологнческое нсследованне. Мн., 1991) сынтаксычных балтызмаў, калі субстратныя сынтаксычныя канструкцыі ўвасабляюцца ў славянскім ужо лексычным матэрыяле, да прыкладу: ісці вады, ісціўгрыбы, ехаць з канём, пісаць з асадкаю, вучыцца за дохтаркуіл да іх падобныя. А, як вядома, пры міжмоўным узаемадзеяньні першымі запазычаюцца менавіта лексычныя элемэнты, паколькі яны найперш зьвязаны з плянам зьместу мовы (з сэмантыкай) і забясьпечваюць нейкі прыймальны ўзровень узаемнага паразуменьня носьбітаў розных моваў. Сынтаксычныя ж элемэнты