• Газеты, часопісы і г.д.
  • Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня

    Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


    Памер: 496с.
    Пецярбург 2003
    131.78 МБ
    Аднак у агульным выпадку гэта — хутчэй вынятак, чым правіла. Справядліва адзначае В.Акудовіч: “Мілажальнасьць культуры — гэта казка для дарослых. Культуры больш агрэсіўныя, чым іхныя носьбіты — народы (гэта аднолькава пасуе да беларускае культуры). Калі ў войнах між народамі хоць зрэдзьчас здараюцца перапынкі, дык у войнах культур перапынкаў не бывае. I таму ў войнах культур — культур загінула болей, чым загінула народу ў збройных войнах народаў” (Акудовіч В. Мяне няма: Роздумы на руінах чалавека. Мн., 1998. С. 197).
    Прыхільнікі гэтак званых дыялягічных канцэпцыяў культуры, вядома ж, запярэчаць, што, маўляў, заявы, падобныя да зробленае вышэй, проста сьвядома скажаюць сапраўдную прыроду дыялёгу, што насамрэч дыялёг — гэта ня проста камунікацыя, а, хутчэй, сумоўе зацікаўленых адно ў адным удзельнікаў, без памкненьняў аднога з бакоў да дамінаваньня, накідваньня свайго гледзішча іншаму боку і г.д., і да г.п.
    Але рэальны досьвед сьведчыць, што кожная сытуацыя дыялёгу культур— гэта заўсёды пэўная інтэрпрэтацыя'йшіас культуры й пэўная яе рэканструкцыя. Гэта сытуацыя актуалізацыі пэўных “магчымых сьветаў” альбо, кажучы больш дасьціпна й навукова, пэўнага мноства мадэляў, рэалізаванага на нейкім мностве аб’ектных элемэнтаў з дапамогаю таго ці іншага сэлектыўнага мноства. Гэта (узгадайма вышэйсказанае) спроба прайсьціся па канцэптуальнай прасторы іншай культуры са сваім канцэптуальным браднём. Структура апошняга перадвызначаецца гэтак званымі структурамі прад-разуменьня і ступеньню блізкасьці іх да структуры прад-разуменьня інтэр-
    прэтаванае культуры: чым бліжэйшыя адна да аднае гэтыя структуры абедзьвюх культур, тым часьцейшая сетка брадня, тым бліжэйшая структура сэлектыўнага мноства да структураў мадэляванага мноства. Генэтычная роднаснасьць культур — дастатковая ўмова блізкасьці іхных структур прад-разуменьня. Тыпалягічнага ж падабенства можа быць зусім не дастаткова, бо высновы пра тыпалягічную блізкасць — гэта заўсёды ўжо вынік інтэрпрэтацыі, якая з прычын, абмеркаваных вышэй, можа быць, хутчэй, рэінтэрпрэтацыяй аднае або шэрагу культур, што падлеглі тыпалягічнаму параўнаньню. Адзін з прыкладаў гэткай спантаннай тыпалягізацыі — рэінтэрпрэтацыя антычнасьці хрысьціянствам як прыступкі на шляху да сапраўднае духоўнасьці апошняга й праз гэта “замірэньне” з эўрапейскай антычнасьцю, ейнае прыручэньне, асыміляцыя й канчатковае зьнішчэньне таго, што рабіла антычнасьць антычнасьцю,— ейнага адмысловага апрычонага й ні з чым не параўнальнага духу. Антычнасьць перастала быць рэальнасьцю эўрапейскай культурнай гісторыі, затое сталася яе віртуальнай рэальнасьцю, прывідам на руінах, нейкай навязьлівай ідэяй...
    Інтэрпрэтацыя — гэта рэалізацыя онталягічных магчымасьцяў уласнае культуры інтэрпрэтатара. Тут не ўзнаўляецца вобраз, напрыклад, рэальнай Элады, якою яна калісьці была, а толькі актуалізуецца тое ва ўласнай культуры, што ў ёй яшчэ можа заставацца тоесным культуры Элады, г.зн. — уласная антычнасьць. Усё астатняе будзе рэінтэрпрэтацыяй — мадэрнізацыяй і пост-мадэрнізацыяй іншай (чужой) культуры. Пад “добрапрыстойнай” шыльдай “дыялёгу культур” блізу заўсёды хаваецца онталягічная канкурэнцыякульту^-
    Тут нібы рэалізуецца своеасаблівае “гермэнэўтычнае кола”, але яно, як мне падаецца, аказваецца непазьбежным толькі ў выніку бесканфліктнага ўзаемадзеяньня розных культур. I гэтае “кола” разрываецца ў выпадку аганальнага ўзаемадзеяньня, якое можа прыводзіць або да поўнага падпарадкаваньня аднае культуры іншай, чужароднай, з наступнай маргіналізацыяй рэштак пераможанае культуры, або да ўтварэньня гэтак
    званых “псэўдамарфоз” (паводле Шпэнглера) і “хімэр” (у тэрміналёгіі Гумілёва), калі элемэнты розных культур злучаюцца ў ненатуральным спалучэньні.
    Падзеі гэткага роду й маштабу адбываліся нагэтулькі часта ў розных куткох зямнога клубу на працягу ўсяе гісторыі чалавецтва, што самая гісторыя ў ладнай меры аказваецца гісторыяй міжэтнічных (і, адпаведна, міжкультурных) канфліктаў. Таму ў значнай ступені ідэалізацыямі гісторыі будуць любыя адмены і міграцыянісцкіх, і аўтахтанісцкіх мадэляў этнай культурагенэзы. Для культуралёгіі гэта азначае, што рэальныя культурныя працэсы, якія ахапляюць цэлыя гістарычныя эпохі, ня могуць быць адэкватна зразуметыя ні ў асадах прагрэсысцкіх, аўтэнтычна-эвалюцыйных ані ў асадах “марфалягічных” тэорыяў.
    Пры ўзаемадзеяньні рознакампанэнтных і рознаструктурных сэміятычных сыстэм узьнікае зьява, якая паводле падабенства ейных праяваў з адпаведнай зьявай у оптыцы ды квантавай фізыцы, атрымала назву інтэрфэрэнцыі(ад лацінскіх inter “міжсобку, узаемна, абапольна” ды /е/7о“датыкаюся, удараю”; у сучаснай ангельскай мове interference азначае “ўмяшальніцтва, памеху, перашкоду”). Гэтая зьява можа ахопліваць усе падсыстэмы культуры, але найбольш відавочныя праявы яе ў стыхіі мовы, дзе на сёньняшні дзень яна й застаецца найлепей вывучанаю. Але й у існых падыходах лінгвістычная інтэрфэрэнцыя найчасьцей разглядаецца неяк аднабакова — найперш як вынік узьдзеяньня з боку сыстэмы роднае мовы на тыя або іншыя падсыстэмы мовы, зь якой кантактуе носьбіт першай (Внноградов В.А. йнтерференцня//Лннгвнстнческнй энцнклопеднческнй словарь. М., 1990. С. 197). Аднак, відавочна, гэткага разуменьня далёка не дастаткова. Найперш таму, што ўзаемадзеяньне, проста паводле азначэньня, павінна мець узаемны, абапольны, двухбаковы характар. А гэта значыць, што вывучэньню павінны падлягаць і асаблівасьці ўзьдзеяньня чужой мовы на родную. Тым больш, што моўная інтэрфэрэнцыя ў чыстым выглядзе рэалізуецца далёка не заўсёды, і на
    характар яе працяканьня істотна ўплываюць шматлікія моцныя экстралінгвістычныя чыньнікі: культурныя, рэлігійныя, палітычныя, эканамічныя й да іх падобныя. Беларусь у гэтым стасунку адмысловы аб’ект для вывучэньня розных праяваў інтэрфэрэнцыі.
    Працэсы культурнае інтэрфэрэнцыі могуць ахопліваць вялізныя геаграфічныя абшары й расьцягвацца на цэлыя тысячагодзьдзі. Найяскравейшы й набліжэйшы прыклад гэтага — хрысьціянізацыя Эўропы, якая — што праўда, mutatis mutandis — працягваецца й па сёньня. Але рана ці позна надыходзіць час “падбіваць рахункі”. Першай зазвычай робіць гэта культурапераможца, у гэтым разе — хрысьціянская. Стан двухвер’я й рэлігійнага сынкрэтызму, уласьцівы ўсяму Сярэднявеччу, напрыканцы Сярэдніх вякоў і напярэдадні Новага часу касуецца самым рашучым чынам. Праяўляецца гэта ў дзьвюх, зрэшты, вельмі шчыльна адзін з адным павязаных працэсах, што ў той ці іншай меры ахапілі ўсе краіны тагачаснае Эўропы, у тым ліку й Вялікае Княства Літоўскае. Першы — гэта сумна вядомыя “працэсы над ведзьмамі”, пачатак і кульмінацыя якіх прыпалі на эпоху Адраджэньня, якую ў культуры мадэрнізму прынята было лічыць — і гэтак застаецца дагэтуль — эпохаю гістарычнага аптымізму й самасьцьвярджаньня чалавечага духу. Па вялікім рахунку, гэта была самая рашучая барацьба з рэшткамі народнага (бо інстытуцыялізаванага на той час у Эўропе ўжо быць папросту не магло) паганства, а значыць — і з дзьвюхвер’ем, зь якім царкве гэтак доўга давялося мірыцца, суіснаваць і нават падладжвацца пад яго. Новая культура й новая ідэалёгія, нарэшце, маглі паказаць усю сваю моц, і яны яе паказалі. Пазьней, ужо ў эпоху Асьветніцтва, гэтая барацьба набывае аблічча “змаганьня з забабонамі” традыцыі, на абарону якіх ня надта шчыльнымі шэрагамі, але ня менш рашуча выступілі эўрапейскія кансэрватары. He абмінула “паляваньне на ведзьмаў” і Вялікага Княства Літоўскага. Апісаньні іх трапілі ў пісьмовыя помнікі й дазваляюць да пэўнай ступені адчуць агульнакультурную атмасфэру тых часоў. Напрыклад, адзін з
    гэткіх судовых працэсаў адбыўся ў Горадні ў 1691 г. над чараўніком Максімам Знакам. Чытаючы матэрыялы на гэтую тэму, наагул цяжка пазбыцца ўражаньня, што ўсялякая рэвалюцыя — а паўстаньне культуры Новага часу мае ўсе азнакі рэвалюцыі — абавязкова рана ці позна ўвасабляецца ў сваёй інквізыцыі або НКВД, альбо ў чым-колечы яшчэ й пад якой заўгодна назвай, галоўная мэта чаго — фізычнае вынішчэньне, прынамсі, найбольш актыўных альбо патэнцыйна актыўных носьбітаў пераможанага сьветагляду. Бо культуры, а пагатоў традыцыйныя, ніколі не зьмяняюцца раптоўна самахоць, у выніку дзеяньня нейкіх іманэнтных законаў “адзінства й барацьбы процілегласьцяў” або “адмаўленьня адмаўленьня”, пра што нам цьвердзіла школьная дыялектыка. Хутчэй, наадварот — самая гэткая дыялектыка (у гегелеўскай, марксавай ці нейкай іншай адмене) была нічым іншым, як прыпозьненай рэфлексіяй “вайны культур”, якая адным з бакоў па сутнасьці ўжо выйграна. I гэтаму боку належыць ініцыятыва “зьняцьця” (Aufhebung) супярэчнасьцяў (у сваёй) падставе.
    Аднак трэба яшчэ зацеміць, што ідэалягічны прэсынг на традыцыйную сьвядомасьць быў нагэтулькі ў тыя часы моцны, што адбываецца дзіўны працэс аўтэнтызацыі ідэалягічных установак кіраўнічай эліты. “Паляваньне на ведзьмаў” стае элемэнтам трансфармаванае традыцыйнае культуры, больш за тое, яно рытуалізуецца, набываючы яшчэ й неўласьцівыя яму самому і, па вялікім рахунку, самой традыцыйнай культуры сымбалічныя вымярэньні. Тут гаворка ідзе пра рытуальнае — а значыць спанявольнае й абавязковае для ўсіх — “паляваньне на ведзьмаў” на пэўныя буйныя каляндарныя сьвяты. У нас — пераважна на Купальле, у іншых краінах маглі быць і іншыя каляндарныя прымеркаваньні. “Паліць ведзьму” — на новым псэўдатрадыцыйным “жаргоне” стала азначаць: рытуальна спальваць любую жывую істоту (жабку, сабаку, ката й інш.), якім не пашэнціла наблізіцца да купальскага вогнішча. Перакананы, што паводле шэрагу істотных прыкмет “культурны ўзрост” гэтае традыцыі наўрад ці перавышае якіх два ці тры, ад
    сілы чатыры, стагодзьдзі. I тым ня менш, большасьцю сучасных этнографаў ён кваліфікуецца як безумоўна аўтэнтычны, старажытны й, натуральна, дахрысьціянскі.
    Заўважу таксама, што падобныя ж рэпрэсіўныя тэхнікі аўтэнтызацыі тых або іншых ідэалягемаў пасьпяхова выкарыстоўваюцца й сёньня, а на абшарах былога СССР, дзе няшчырая, “езуіцкая”, эксплюатацыя традыцыяналісцкіх установак электарату была рэзумавана слёганам ‘Таласуй, a то прайграеш”,— і наагул бліскуча. 3 гэтага ж арсэналу мэтадаў і сёньняшняе падаграваньне настальгіі па страчанай “вялікай і магутнай Радзіме”... Гісторыя шматкроцьпаказвала, што тыя, хто такім чынам заўзята клянуцца ў “любові да народу”, гатовы высмактаць з гэтага народу ягоныя апошнія клёкі. Ды толькі гісторыя, як ведама, вучыць ня тых, каму ня грэх бы й падвучыцца...