Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня
Памер: 496с.
Пецярбург 2003
яны стаюцца прычынай таго, што некалі потым зможа выразніцца ва ўсёй сваёй значнасці. I з гэтага іхнюю ролю будзе справядліва ацэньваць паўставаннем усёй з’явы як цэлага.
Адным з першых праектаў у нашым пераліку мусіць быць названы Скарынаўскі цэнтар, які вылучыў з амаль цалкам зрусіфікаванай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, каб сабраць і задзіночыць раскіданых паасобку нацыянальна заангажаваных інтэлектуалаў дзеля супольнай працы. Менавіта ў дзейнасці Скарынаўскага цэнтра на пачатку дзевяностых гадоў акрэсліўся “базавы корпус” персаналіяў (Уладзімір Конан, Алесь Анціпенка, Ігар Бабкоў, Алег Бембель, Мікола Матрунчык, Віталь Зайка, Захар Шыбека, Алесь Жлутка, іншыя), з якімі я схільны звязваць тое, што можна было б назваць першай хваляй новага беларускага інтэлектуалізму, што выявілася ў формах філасофіі і культуралогіі. Гэты знешне як быццам фармальны крок стаўся надзвычай істотным у сваёй сутнасці, бо сабраны пад адным дахам ладны хаўрус таленавітых асобаў увідавочніў і для іх саміх, і для ўсяго грамадства сапраўдны патэнцыял беларускага мыслярства.
Вызвалснае ад забароны быць, беларускае мысленне шукала сабе падставы абазнацца ўсюды, дзе для гэтага ўяўлялася хоць якая магчымасць. Зразумела, тут няма як спыняцца на ўсіх разнастайных і шматаблічных праявах гэтага працэсу. Таму далей вылучу адно тое, што на мой, падкрэслю, суб’ектыўны погляд, адыграла найбольш значную ролю ў паўставанні сучаснага інтэлектуальнага руху ці то з прычыны яго эўрыстычнай важкасці, ці то з прычыны яго інавацыйнай адметнасці.
Ужо ж напэўна будзе справядліва паперадзе ўсяго згадаць газету “Наша Ніва”.
Легендарны для беларускай культуры праект, які на самым пачатку прамінулага ўжо стагоддзя адыграў надзвычай істотную ролю ў фармаванні нацыі, быў адноўлены Сяргеем Дубаўцом у 1991 годзе. Трэба прызнаць, што адноўленая “Наша Ніва” не выяўляла асаблівай цікавасці да ўласна філасофіі, але культуралагічна яна цалкам ладзілася ў фармаце сучаснага
еўрапейскага мыслення, і таму яе роля ў яго разгортванні на беларускіх абсягах — выключная.
Для той першапачатковай пары вельмі карыснай і заўважнай была дзейнасць штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, асабліва з узгляду на яго колькігадовую рубрыку “Ідэальная Беларусь”. Шэраг артыкулаў і гутарак, якія ў межах гэтай рубрыкі арганізоўваў і ствараў Юрась Залоска, шмат чаго дадалі да асэнсавання Беларусі як культуралагічнай, так і філасофскай праблемы.
Адметнай падзеяй у працэсе разгортвання інтэлектуальнага дыскурсу сталася з’яўленне суполкі “Крыўе” і выпуск “крывамі” некалькіх альманахаў (“ Vieda”, “Крыўе”). Інтэлектуальным лідэрам “крываў” быў (і застаецца) Сяргей Санька, філосаф са строгім і дакладным ладам мыслення, што адбівалася і на падборы тэкстаў для альманахаў, і на выбары тэм канферэнцыяў, якія ладзіліся гэтай суполкай.
Бадай, будзе зусім не лішнім уключыць у заяўлены кантэкст цяпер ужо не існуючы часопіс “Унія”(галоўны рэдактар — Ірына Дубянецкая). Рэлігійны па змесце, гэты першы незалежны беларускі часопіс перадусім выяўляў прагу актуалізацыі сучаснага беларускага мыслення.
Важкую ролю у акрэсленай тут рэтраспектыве адыграў штотыднёвік “Культура” (год стварэння, як і ў “Нашай Нівы” — 1991), дзе сістэматычна друкаваліся тэксты замежных і айчынных мысляроў, як і пазней узніклы ў якасці дадатку да штотыднёвіка літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО” (адказны за выпуск — Валянцін Акудовіч). Звернем увагу і на тое, што “ЗНО” было першым перыядычным выданнем на Беларусі, якое публічна дэкларавала сябе як уласна філасофскае.
Значнае месца ў разгортванні мысліўнага дыскурсу належыць часопісу “Крыніца” (галоўны рэдактар Уладзімір Някляеў), які ў 1994 годзе быў перарэфармаваны з літаратурнага ў культуралагічны. Перастварэнне часопісу “Крыніца” засведчыла, што першапачатковы этап назапашвання культуралагічных ініцыятываў збольшага завяршыўся і нашае мысленне ўжо абапіраецца не на абы які інтэлектуальны грунт.
Вельмі важкай структурнай падзеяй, якая кардынальна перамяніла культуралагічны ландшафт Беларусі, было выданне кніг серыі “Адкрытае грамадства”. Каардынатар гэтага праекту філосаф Алесь Анціпенка змог за вельмі кароткі час наладзіць эфектыўную перакладчыцкую і выдавецкую дзейнасць, у выніку чаго мы досыць хутка займелі ладны стос капітальных выданняў на беларускай мове па філасофіі, культуралогіі, гісторыі, паліталогіі, сацыялогіі, псіхалогіі і да т.п.
Ніяк не выпадае абмінуць яшчэ адну персанальную ініцыятыву, завадатарам якой стаўся Юры Гарбіньскі. У яго атрымалася праз Польскую Акадэмію навук выдаць унікальную анталогію: “Беларуская думка XX стагоддзя” (Варшава, 1998 г.), у якой сабраны найболын адметныя беларускія тэксты гэтага перыяду з абсягаў філасофіі, рэлігіі ды культуры.
Ну і, бадай, пра найбольш істотны праект у гэтым залішне сціплым — як па значнасці ўсёй падзеі ў цэлым, — пераліку, a менавіта пра філасофскі часопіс “Фрагменты” (галоўны рэдактар Ігар Бабкоў). Гэтае выданне ўяўляе зь сябе сабой вяршыню той філасофска-культуралагічнай хай яшчэ не піраміды, a толькі “пірамідкі”, што ад пачатку дзевяностых спакваля складвалася цягам дзесяці з лішкам гадоў, і ўрэшце склалася у нешта першапачаткова завершанае, як бы цэлае.
А далей яшчэ колькі словаў пра ініцыятывы апошняга часу, дзе значную ролю адыгрывае ўжо наступная генерацыя беларускіх інтэлектуалаў, якая, у пэўным сэнсе, сама з сябе дэманструе плён стваральнай працы сваіх папярэднікаў. Найперш тут згадваюцца часопісы “Nihil”, “Архэ”, “Скарына”, “Партызан”, “Зямля Н”, “Паміж”... I хаця ніводзін з іх (акрамя апошняга) не з’яўляецца ўласна філасофскім, але кожны ў асобных тэкстах дэманструе сваё памкненне да тых ці іншых фрагментаў філасофскай веды. А вось часопіс “Паміж”, які робіцца студэнтамі і выкладчыкамі аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага Калегіума, натуральна ініцыюецца мысленнем як такім.
3 усяго папярэдне сказанага відавочніцца, што сучаснае беларускае мысленне паўставала і разгортвалася на старонках розных літаратурна-мастацкіх альбо культурніцкіх выданняў, у прасторы супольных хаўрусаў ці прыватных ініцыятываў дзе заўгодна, але толькі не на тэрыторыі легітымна вызначаных для гэткага роду дзейнасці прафесійных інстытуцыяў (пад апошнімі разумеюцца Інстытут філасофіі Акадэміі навук, філасофскі факультэт БДУ, кафедры і аддзяленні культуралогіі і гуманістыкі ўвогуле шматлікіх беларускіх ВНУ). Што і казаць, сітуацыя цалкам не натуральная. Таму напрыканцы гэтага раздзелу варта звярнуць ўвагу на падзею фармальна зусім не адметную, але якая, хацелася б верыць, сведчыць пра магчымасць пералому гэтай цалкам ненатуральнай сітуацыі. А менавіта пра семінар Уладзіміра Абушэнкі ды Ігара Бабкова (“Беларускае мысленне: генеалогія, кантэкст, перспектыва.”), які ўжо два гады ладзіцца ў Інстытуце філасофіі Акадэміі навук з удзелам прафесійных філосафаў з дзяржаўных інстытуцыяў...
У ПРАЕКЦЫІ ПЕРСПЕКТЫВЫ
Нават з самым вялікім жаданнем, мы ўсё яшчэ не можам казаць пра існаванне на Беларусі хоць нейкага падабенства да “уласнай філасофскай школы”. Больш за тое, пакуль паасобныя “героі” беларускай інтэлектуальнай прасторы не злучаны ні агульным філасофскім стылем ні, хаця б, нейкімі канвенцыйнымі пазіцыямі як у сітуацыі самастаяння, так і ў сітуацыі руху — з узгляду на арыенціры, легімітызаваныя Вялікім Еўрапейскім Наратывам. Да гэтай пары мы застаемся задзіночанымі выключна праз заангажаванасць супольным інтэлектуальным топасам, а менавіта — Беларуссю як філасофскай, метадалагічнай і культуралагічнай праблемай. Бадай, адзінае, як на мой погляд, выключэнне, звязанае з гэтак званай “метафізікай адсутнасці”, у іншым ракурсе — з “негатыўным мысленнем”, а яшчэ ў іншым — з дэканструкцыяй і разнастайнымі аналітыкамі “пустога знаку”. Гэтай шматвектарнай, але з
агульным полем, праблематыкай былі зваблены многія інтэлектуалы, літаратары, даследчыкі, пра што сведчаць ужо самі назвы кніг, артыкулаў і нават цэлых выданняў ды сайтаў. Дзеля аргументацыі хоць трохі пералічу: кнігі “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека”, “Разбурыць Парыж” (Валянцін Акудовіч), “Altar Nemo” (Юрась Барысевіч), “О” (Ілля Сін), “Падручны дапаможнік па бурэнню гарадоў” (Альгерд Бахарэвіч), эсэі пад агульнай назвай “Безназоўнае” (Міхась Баярын), даследаванне “Разбурыць Маскву” (Уладзімір Мацкевіч), часопісы “Nihil”, “Партызан”, “Паміж”, сайт “Terra nihil”...
Прастора “метафізікі адсутнасці” ўяўляецца мне вельмі перспектыўнай для беларускага мыслення з самых розных падставаў, але і тут мы назіраем, хутчэй, не нарастанне, а згортванне тэндэнцыі, прынамсі, зніжэнне яе метафізічнага складніка зноў жа да праблемы феномену Беларусі.
Выйсці за межы гэтай праблемы і тым самым пераадолець першы крызіс сучаснага беларускага мыслення — вось задача, ад развязання якой надалей залежыць лёс айчыннага мысляр-
ства.
Валянцін А КУДОВІЧ, Менск, 2003 г.
ЭЙДАС
OV'r/яе
Алесь РАЗАНАЎ — нарадзіўся ў 1947 г. у в.Сялец на Берасьцейшчыне. У 1970 г. скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут. Паэт, перакладчык, эсэіст. Аўтар шэрагу паэтычных зборнікаў. Творы перакладзены на шматлікія мовы сьвету.
СЛОВА ПРА СПАДЧЫНУ
Мы вяртаем спадчыну. Спадчына ёсць тое, што нам належыць спачатку. Аднак мы яе вяртаем. Яна не пераставала нам належаць і тады, калі была адлучана ад нас, бо мы заставаліся яе падставай, якою ахоўвалася і зберагалася яе спачатковасць. Разам з ёй мы вяртаем сябе, і можа, якраз у з’яве вяртання спадчына найбольш голасна нагадвае нам пра тое, што яна не толькі яна, але і мы, і што яна тады яна, калі мы — мы.
Мы вяртаем яе, аднак, усё яшчэ недастатковым вяртаннем, і ў вернутай спадчыне ўсё яшчэ недастаткова самой спадчыны. I нават калі б праграма, што мае за мэту адшукваць сляды страчанага і нанова набываць аддадзенае забыццю і нябыту, была выканана цалкам і ўсе каштоўнасці, упісаныя ў яе рэестры, апынуліся нанава дома, спадчына ўсё роўна мела б патрэбу ў вяртанні: яе — нам, нас — ёй.
Мы існуем у праяўленым і самі ёсць праява таго, што набывае ў ім імя і паставу, і пра тое, што нас абрала сваёю праявай, даведваемся, супастаўляючы сябе з праяўленым. Яно само, пастаянна і кожны раз нанова супастаўляе нас з ім.