• Газеты, часопісы і г.д.
  • Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня

    Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


    Памер: 496с.
    Пецярбург 2003
    131.78 МБ
    Абдзіраловіч выснаваў рацыянальны погляд на жыццё, калі на Беларусі яшчэ рана было казаць пра урбанізацыю ў сферы духу і маралі. Сёння ж сутнасць гэтага погляду бачыцца так.
    Усё адноснае ў свеце: і палітыка, і рэлігія, і філасофія, і нават мараль (калі гэта не ўся палітыка, не ўся рэлігія, філасофія і мараль). Безадноснае толькі існаванне чалавека.
    Калі асноватворнымі ў грамадстве прызнаюцца палітычная дактрына, рэлігійны канон, філасофская тэорыя і пэўны маральны кодэкс,— тады ўжо існаванне аўтаматычна робіцца адносным — адносна дактрыны, канона, тэорыі, кодэксу. Тады дырэктуюцца ўмовы для чалавечага існавання, пры якіх яно можа быць лепшым ці горшым і ўвогуле — быць. Гэтак распараджаліся запанавалыя палітычныя дактрыны (калі, скажам, у імя захавання сацыялістычнага мацерыка можна было аддаць пад акупацыю цэлы народ), рэлігійны канон (гарэлі ерэтыкі), філасофская тэорыя (той жа камунізм), маральны кодэкс (калі секлі галовы за тое, што маеш бараду, ці разглядалі на працоўным калектыве за тое, што скасаваў шлюб)...
    Калі першасным ёсць існаванне чалавека, дык у яго няма іншага кірунку, акрамя як да паляпшэння. Існаванне кожнага — абсалютная вартасць, вытворная ад яе — існаванне ўсіх. He наадварот.
    Вытокі гэткага светапогляду знаходзім і ў практыцы сярэднявечнае Беларусі. Рацыянальная логіка, выбар аптымальнага, здаровы сэнс... Ці не гэта, між іншага,— прычына нашага заняпаду? Магчыма, у свеце, які жыў тады адно эмоцыямі, лепш было і нам стаць шаманамі, каб вырваць свой і большы кавалак. Але... He было ў нас сваіх Хамейні, Гітлераў ці іншых аб’ектаў масавага нацыянальна-рэлігійнага псіхозу. Чаму? Бо не было “наседжанага месца” — нацыянальна-рэлігійнага фундаменту, эмацыйнага падмурку жыцця. Мы і набылі нешта падобнае толькі пры сацыялізме, калі па нацыянальнасці сталі савецкім народам, а па рэлігіі — марксістамі-ленінцамі, калі пачалі страчваць сваё ratio, а разам з ім — і галоўныя характарыстыкі нацыі — адзінства мовы, паходжання...
    Сёння сустракаецца думка, што беларусам трэба ад савецкага фундаменталізму перайсці да нацыянальна-рэлігійнага. Гэтая думка падказаная тым, як ідзе адраджэнне ў суседзяў — у расейцаў, палякаў, літоўцаў, украінцаў. Але гэтак мы рызыкуем і зусім страціць УЛАСНУЮ традыцыю нацыянальнага рацыяналізму. У рацыянальным ужо свеце...
    Вядома, у чыстым выглядзе не існуе ні рацыянальнага, ні эмацыйнага свету. Гэта вызначаецца выбарам падмурку, галоўнага стрыжня існавання грамадства. Месца ratio ў эмацыйным свеце — эмацыйнае, а месца эмоцый у рацыянальным свеце — рацыянальнае. У рацыянальным свеце немагчымая сітуацыя Сотнікава і Рыбака, калі рацыянальнае дзеянне прыводзіць да абсурднага выніку (Рыбак), а ірацыянальнае — да станоўчага (Сотнікаў), калі чалавечае жыццё робіцца менавай манетай у ідэалагічным гандлі.
    У цяперашнім усё больш рацыянальным свеце ўсё больш рацыянальна ўспрымаюцца такія рэчы, як маральнасць, права на моцнае пачуццё і падобнае. Глядзіце, як эвалюцыянуе погляд грамадства на вобраз сярэднявечнага дзівака Дон-Кіхота, учынкі якога здаюцца нам усё больш аптымальнымі ў дзікім, ірацыянальным ягоным атачэнні.
    Трэба цягнуць Беларускі Шлях па рацыянальным грунце. Гэтак мы пазбегнем многіх традыцыйных для нас небяспек.
    Першая такая небяспека — суседскія шавінізмы, якія ўсё больш рашуча ідуць з намі “братацца”. Напрыклад, расейскае славянафільства, чыста эмацыйная з’ява, заснаваная на алагізме ўсходнеславянскага адзінства. Наш рацыянальны нацыяналізм — з іншай “разьбой”, каб на яго можна было накруціць гэтую гайку. На кожны факт “адзінства” на нашым шляху — дзесяткі фактаў чужбы. I гэта не для чужбы гаворыцца, а дзеля праўды.
    Адзінства гісторыі. Якая розніца, хто “па нацыянальнасці” кіеўскі князь Уладзімір? У маскоўскай школе яго могуць назваць рускім, у кіеўскай — украінцам. I ніхто тут ні ў кога не адбірае. Іншая справа, калі патрабаваць называць яго толькі рускім ці толькі ўкраінцам, улічваючы сучасны сэнс паняцця “рускі”... Што да нас, дык мы ніяк не можам лічыць Уладзіміра сваім, беларускім, а тым больш станоўчым гістарычным персанажам. Гэта цалкам знешні персанаж беларускай гісторыі і цалкам адмоўны, агрэсар. Тое самае засведчыць беларуская гісторыя і пра Івана Жахлівага, пра Аляксея Міхайлавіча (“тн-
    шайшего н добрейшего”), пра Пятра Першага, Суворава і г.д. Урэшце, ці не пра ўсіх маскоўскіх уладароў за ўсе часы. Дык ці можам мы казаць пра адзінства гісторыі?
    Тое самае — з адзінствам рэлігіі (улічваючы нашыя каталіцтва і ўніяцтва), з адзінствам крыві, псіхікі і мовы. (Адносна крыві згадаем мурына Янку з Караткевічавых “Каласоў”. Наконт псіхікі раю пачытаць “Заметкн о русском” Д.Ліхачова і знайсці там хоць каліва чаго беларускага. Мова “адзінілася” праз рэформу 1933 году — праз смерці і высылкі мовазнаўцаў, праз “спрашчэнне” азбукі, праз саветызацыю лексікі.)
    Заўсёды даводзячы нам адзінства з сабою, расейскія славянафілы разглядалі Беларусь толькі як аб’ект гэтага адзінства і дбалі толькі пра ўласныя месіянскія інтарэсы. Урэшце (яшчэ адна падмена паняццяў), чаму мы то ўсходнія славяне разам з расейцамі, то заходнія разам з палякамі? Дзе ж тады ўласна славяне, цэнтральныя?
    Беларускі ды расейскі нацыяналізмы ў сваёй “блізкасці” сёння бясконца далёкія, і аб’яднаць іх — маральнымі сродкамі на разумным грунце — немагчыма. (Тое ж, дарэчы, тычыцца і аб’яднання з польскім нацыяналізмам.) Каб прыняць такое адзінства, трэба ім ПРАСЯКНУЦЦА, неяк адстароніцца ад здаровага сэнсу, засляпіць вочы на ўсю сваю гісторыю. Што мы, дарэчы, і робім.
    Славянафільская ідэя ніколі не прадукавалася з Беларусі. Прыклад Апанаса Філіповіча выключны. Зрэшты, у нас нават папы справядліва лічылі яго шаманам.
    Паўтару: беларуская нацыянальная ідэя ў гісторыі выяўлялася рацыянальна. I, далібог, самазабойствам будзе, калі сёння, у сучасным лепшым рацыянальным свеце мы будзем адраджацца на грунце эмоцый, што, дарэчы, настойліва прапануюць нам расейскія славянафілы ад прыказчыкаў з “Памяці” (Как это так! Беларусь отдельно от Россші! Полякн н лнтовцы беларусам ТАКНЕ ЖЕ братья! Да как же это так!) да А.Салжаніцына ўключна. (Яму лёгка сказаць — няхай 12 рэспублік аддзяляюцца, а тры будуць разам. “Росснйскнй союз”. Але чаму гэта нам, беларусам, адкрыты кантакт з Расеяй даражэй за
    адкрыты кантакт з Летувай, Латвіяй, Польшчай — з Заходняй Еўропай? Гэта наша прыроднае, гістарычнае, культурнае асяроддзе, і абстаўляць новымі заслонамі свой кругагляд, перспектывы стасункаў і развіцця для нас сапраўды згубна як для нацыі.)
    Праўда, адкінуць небяспеку звонку — гэта яшчэ не ўсё, і, можа быць, не галоўнае. Галоўнае ў сабе. За апошнія 10 гадоў мы, грунтуючыся на эмоцыях, мала чаго практычнага паклалі ў падмурак новае Беларусі. Дзесяткі гадоў беларускага друку, радыё, тэлебачання, канцэртаў, святаў, з’ездаў і сходаў,— a плён? Усіх, каго ведаю, хто за гэты час прыйшоў да нацыянальнае свядомасці, прывабіла не гэта. Што? Асабістыя стасункі і — дух пярэчання афіцыйнай “контррэфарматарскай” беларушчыне. Беларушчыне скамунізаванай і саветызаванай, у якой і не пахла рэнесансам, г.зн. Адраджэннем. Ліпець — вось яе прызначэнне. Як бы нам з такой беларушчынай не ператварыцца з часам у адзін з клубаў па інтарэсах...
    НА ЖАЛЬ, многія й цяпер глядзяць на нацыянальнае, як на “вал”. Беларуская справа нагадвае працу нашых археолагаў, якія награбаюць цэлыя сховы чарапкоў, але рэдка ўздымаюцца да самастойнай парадаксальнай высновы. Усё гэта мае дагэтуль пераважна канстатацыйны, рэгістратарскі характар.
    Плодзяцца таварыствы, выданні, мерапрыемствы, але ўсё — да кучы. Абы болей было тае беларушчыны. Можа, колькасць перарасце ў якасць?.. Куча ўсё расце, але ніяк не назавеш яе Домам, які мы прадумана і скаардынавана, з дапамогай складаных прыстасаванняў будуем сабе і сваёй нацыі. Мы і самі не жывём у гэтай кучы, кожны дзень вяртаючыся з “будаўніцтва” ў іншае асяроддзе, і часта — іншымі людзьмі.
    Каб пачаць будоўлю прафесійна, трэба зрабіць замеры, дакладна вызначыць, дзе і чым капаць, чым і з чаго будаваць. Мы ж пакуль “будуем увогуле”.
    Ratio патрабуе для пачатку прызнаць, што ёсць тое, што ёсць, а чаго няма... Няма такой развітай культурнай нацыі — беларускай. Няма аніякіх падставаў супакоіцца на “пачэсным
    пасадзе між народамі”. Гэта ілюзія — мысліць беларусаў у адным шэрагу з немцамі, рускімі, нават з летувісамі — у адным кантэксце культурных і навуковых задач. Нас толькі тысяча. Гэта толькі зародак нацыі, але ўжо не нішто. Пра “гіне мова” можна было крычаць гадоў 10 таму, калі нас амаль не было ўвогуле. Сёння мы даўно паўтараемся ў сваім эмацыйным галёканні. Мы падсведама ўсё яшчэ спадзяёмся на нейкую метафізічную сілу, што існуе ў прыродзе беларушчыны незалежна ад волі кожнага з нас. Мы верым у вышэйшую справядлівасць. Мы верым, што трэба толькі памнажаць, а ўжо нейкія патаемныя законы развіцця самі спарадкуюць з кучаў нашага плёну прыгожы палац. Мы часам і разумеем мазгамі, што нічога не зробіцца само. Ды толькі даўгія гады бальшавіцкага пострамантызму навучылі нас менш давяраць уласным мазгам, a больш — рэчам, розуму недасягальным. Самое паняцце суб’ектыўны стала тоесным паняццю ірацыянальны (“У гэтым артыкуле аўтар занадта суб’ектыўны!”). Бо ўсё вялікае і малое, добрае і благое ў гэтай краіне рабілася само. Тыран змяніў манарха, які замяніў Бога. Зруйнавалі веру ў Бога — паверылі ў камунізм, цяпер руйнуецца вера ў камунізм — зноў пачынае культывавацца вера ў Бога. Ды калі ж нашыя душы перастануць залежаць ад вонкавых дактрын? Ці не тады, калі асабістай суб’ектыўнай дактрынай кожнага стане перад усім чалавечнасць у беларускім абліччы, наш нацыяналізм?
    Бог, рэлігія, канфесіі. Ужо праваслаўныя сварацца з уніятамі, каталіцызм наскрозь прасякнуты пальшчызнай, праваслаўе, паводле мітрапаліта Філарэта (у “Нашым слове”), яшчэ толькі экзаменуе беларускую мову на сталасць. РАСЕЙСКАЕ — падкрэслю — праваслаўе экзаменуе БЕЛАРУСКУЮ мову. Гэтаксама, як у школьных падручніках Іван Фёдараў дагэтуль “экзаменуе” Францішка Скарыну.
    I вось пачынае ўжо выяўляцца новы прыярытэт — канфесійны, які спакваля заступае нашыя нацыяльныя справы і ў сферы палітыкі, і ў сферы культуры. Існаванне нацыі зноў робіцца адносным — адносна рэлігіі.