• Газеты, часопісы і г.д.
  • Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня

    Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


    Памер: 496с.
    Пецярбург 2003
    131.78 МБ
    Як ціха, амаль незаўважна пачыналася ў дамку па-над Свіслаччу ў 1898 годзе! Аж пакуль па ўсіх абшарах Расійскай імперыі і далей не разлілася “такая чырвоная паводка... такая, меджду протчым, паводка, аб якой не снілася ні Фараону, ні Саламону..." (Янка Купала, “Тутэйшыя”).
    Каб ізноў жа ціха суняцца дзе-небудзь у гушчарах Белавежскае пушчы.
    У чарцы цёмнай і глыбокай
    Плешча, пеніцца віно;
    Хмелем светлым і халодным
    Калыхаецца яно.
    (М.Багдановіч, “Возера ”)
    Якую новую неспадзяванку свету абяцае “цёмная”, “глыбокая”, “халодная”, “сіняя-сіняя”?
    ВОКА ТАЙФУНА
    На пачатку стагоддзя Ігнат Абдзіраловіч звяртаў увагу на нявызначанасць і няпэўнасць беларусаў паміж іншымі еўрапейскімі народамі. He стаўшы фармальна ні народам Усходу, ні народам Заходняе Еўропы, беларусы захавалі, тым не менш, незалежнасць свайго духу.
    Уласнай непраяўленасцю Беларусь нагадвае вока тайфуна: вакол усё бурапеніць, віруе, а ўсярэдзіне як быццам ціха. Суседзі актыўна “афармляюцца”: набываюць выразнае культурнае, рэлігійнае, палітычнае аблічча; яно кідкае. выразна акрэсленае ды ўражлівае. Мы іншыя, бо ў цэнтры крыжа, на скрыжаванні каардынат. На нашай зямлі адбываецца своеасаблівая дыфракцыя ўсяго, што ёсць на перыферыі, і разам з тым, нішто не дамінуе, не сінтэзуецца ў штось якасна новае. Цэнтр, zero, заўжды імкнецца да раўнавагі, а гэта — вонкавая недапраяўленасць, нявызначанасць.
    У гэтым трагедыя і абранасць. Як быццам Творца напачатку свету ўбіў некалькі “цвікоў” у энергетычнае поле Зямлі, каб стабілізаваць, зафіксаваць яго ў некалькіх кропках, не даць яму з’ехаць набакір. Тут адметны хранатоп, бо адзін з “цвікоў” — тут. Асноўная праява гэтай зямлі перанесена з вонкавага на ўнутраны, схаваны ад вачэй план.
    Грэючы душу ўспамінамі, вялікі ліцвін Адам Міцкевіч у лекцыях па славянскай філалогіі ў Пары дэ Франс так выславіўся пра сваіх суайчыннікаў: “Жыццё іх цалкам у духу. На зямлі іх гісторыя поўная смутку і жальбы”. На Беларусі шмат чаго алагічнага, невытлумачальнага, непадуладнага сілагізму.
    МЫ ЁСЦЬ
    Самае алагічнае — тое, што мы ўсё-ткі ёсць. На гэтай крыжаванай зямлі на працягу апошніх пяці стагоддзяў гіне то кож-
    ны другі, то кожны трэці, чацвёрты. Чарнобыль пасыпаў радыяцыйным попелам галовы тубыльцаў — Уладзімір Дубоўка задоўга перад падзеяй упэўніваў: “Чарнобылем не зарасцеш”. Неаднойчы ў нашае гісторыі здавалася, што колькасць людскіх стратаў пераваліла крытычную масу і пасля такога адрадзіцца немагчыма. Ніводзін з еўрапейскіх народаў на працягу такога доўгага часу не вынішчаўся гэтак сістэмна і бязлітасна, як мы.
    А мы сабе сеем і сеем
    Пшаніцу і радасць і кветкі;
    Ачышчаным сеем насеннем Шчаслівыя нашы палеткі...
    — пісаў Купала ў 1938 годзе.
    Мы існуем, як Караткевічаў заяц і куст калючага глогу, насуперак нармальнай логіцы, упартыя і нязменныя аўтахтоны на працягу Бог вем колькіх тысячагоддзяў.
    Нас не магло б быць як культурнага цэлага і пасля 300 год безупыннай амаль асіміляцыі, дэнацыяналізацыі. Безумоўна, яе вынікі балючыя, нават трагічныя, алё Беларусь духоўна неўміручая. Беларуская меншасць даравала і дарыць свае таленты літаратуры, выразніцы нацыянальнага духу. Хаця ў побыце пануе чужая мова, не хоча душа працаваць на ёй, выказваць запаветнае пазычанымі словамі. “Мова ж і ёсць адзежа душы” (Ф.Багушэвіч).
    Калі працягваць “раслінную” сімволіку нашае зямлі, дык можна ўзяць за адпаведнік трыпутнік, што расце абапал бітае дарогі. Ён някідкі, рэдка зважаюць на яго, без жалю топчуць ды скубуць, а ён усё адно расце там, дзе ўжо нішто расці не можа.
    БЕЛАЯ ПЛЯМА
    “Народ, Беларускі Народ!”— у роспачы выгукнуў класік, і гэта быў не адно рытарычны вокліч, а й рытарычнае пытанне. Паміж тым, пытанне варта адрасаваць і той зямлі, на якой мешкаюць тутэйшыя.
    Дык што ж гэта за зямля такая? Белая, недаследаваная тэрыторыя, Terra incognita, ды не дзе-небудзь у тропіках Афрыкі або ў амазонскай сельве, а ў самым геаграфічным цэнтры стаптанай уздоўж ды ўпоперак, стомленай Еўропы. Беларусь — белая пляма ў сярэдзіне кантыненту.
    Белае — таксама zero ў колеравай гаме, непраяўленасць, адсутнасць колеру, але разам з тым і спалучэнне ўсіх колераў разам. Беларусь — недасяжная субстанцыя для рацыянальнага мыслення, яна адступае ў нязведанае вымярэнне, да яе трэба дайсці, дапяць.
    Максім Багдановіч у “Санэце” фіксуе гэтую прыхаванасць, непраяўленасць, недасяжнасць у вобразе-сімвале зерня, пахаванага ў гліняным начынні. Дайсці да гэтага зерня не лягчэй, чым да смерці Кашча ў яйку: трэба адолець пяскі пустэльні, раскапаць грабніцу, знайсці гаршчок, у якім дрэмле зерне з ягонай нявыдаткаванай жыццёвай сілай.
    Беларусь не проста непраяўленая, белая краіна, гэта “зачараванае” царства; адно літаратары ды прарокі ад палітыкі калінікалі спрабавалі“расчароўваць” яго.
    БЛАГОЕ НАЧАЛЬСТВА
    Апокрыф ад Уладзіміра Караткевіча:
    “...Бог падумаў, крэкнуў, але назад адбіраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Лані бягуць — лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. Дрэвы — да сонца. “Добра, — кажа, — зямля будзе — рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся — дам я вам найгоршае ва ўсім свеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі-трохі вам саб’е. Гэта вам для раўнавагі”.
    Вартаўнікоў не любяць нідзе і надзяляюць іх зневажальнымі мянушкамі (“бобікі”, “лягавыя” й да г.п.). Згадаем таксама навелу “Сабачая служба” Ядвігіна Ш. Гістарычны фатум пастанавіў зверхнікам на Беларусі быць яшчэ й вартаўнікамі — пры запаветнай зоне, зоне zero, каля ўкрыжавання. To ж бо яны
    мусілі быць не адно гаспадарамі, але й цэрберамі, і нават памяркоўныя й дальнабачныя паміж імі не заўжды карысталіся любоўю народнай, як засведчыў класік:
    “Я паглядзеў туды, куды глядзеў ён. Над галерэяй, у акне на рагу палаца, я ўбачыў змяты страшны твар чалавека, які ўчапіўся пальцамі ва ўзорныя краты акна. У вузкіх вачах гэтага чалавека нават дурань заўважыў бы розум, іскру божую, жвавасць. Але я заўважыў у іх яшчэ нешта. Гэта была зайздрасць, страшная чалавечая зайздрасць да таго, хто ехаў на ганебным, падобным на труну возе.
    Гэта быў Сапега.
    I раптоўна па ўсім замкавым двары, па ўсіх пераходах раскаціўся дзікі, страшны па сіле голас, якога палохаліся ў бітвах ворагі.
    — Леў! Леў!— роў голас.
    I ў таго, хто роў, грыва, якую развейваў вецер, падала на лоб. А на падзёртых голых грудзях ляжала прыгожая сляпая галава.
    — Леў, ты стаў лісіцай! Калі будзеш ваўком — памрэш, як сабака.
    Кінуўся твар у акне. Яму засталося толькі кідацца і зайздросціць. Ён жа не мог так” (Ул.Караткевіч. “Сівая легенда”.).
    Яны, благія беларускія зверхнікі, таксама былі палоннікамі зоны zero, ведалі паралізавальную, фатальную сілу, уздзеяння якой вытлумачыць не маглі.
    Іншыя, недальнабачныя, цішыню ды зманлівы спакой на ўкрыжаванай зямлі лічылі сваёй асабістай заслугай і напраўду ператвараліся ў тое, пра што крычаў голас з “Сівой легенды”. Або ў штось горшае, пра што выказаўся Гервасій Выліваха:
    “Выліваха крэкнуў:
    — Колькі разоў сабе казаў: не звязвайся з начальствам, не чапай, Гервасій, дзярма.
    Ладдзя зарагатала”.
    Іншым разам халодную кропку спрабуюць разагрэць з дапамогай чужой ідэалогіі, споўненай нязвыклым для гэтага
    краю імпэтам, безразважлівасцю. Зона zero моўчкі і амаль абыякава пракаўтне новую ідэалагему. як каўтала і старыя, так, што і следу не застанецца на спакойнай паверхні.
    ТУТЭЙШЫ ЧАЛАВЕК
    Цягам доўгіх стагоддзяў чужынцы ўздымаюць пыл на нашых дарогах, і ў спешцы нічога ведаць не ведаюць і не хочуць ведаць ні пра нашую зямлю, ні пра нашых людзей. Для іх Беларусь, як для Усходняга ды Заходняга вучоных з “Тутэйшых”,— нешта празрыстае, “прыдуманае” ці то нацыяналістамі, ці то бальшавікамі, якаясьці фата-маргана. Ах, як жа яны дзіваваліся, калі аб гэтае празрыстае балюча набівалі гузы, як, прыкладам, пад Сіняй Вадой, Грунвальдам, у беларускіх лясах падчас войнаў апошняга стагоддзя. Літоўскае войска пад сценамі Масквы, змаганне з крыжакамі ды з крымчакамі, паўстанні дзеля незалежнасці — усё гэта было.
    Ды разам з тым, кінуўшы вокам на тутэйшых, часам можа падацца, што ў пару найвялікшых гістарычных узрушэнняў сядзеў мужык-беларус на ўзбочыне дарогі і меланхалічна глядзеў, хто там яшчэ сунецца.
    Рана або позна да фатальнай недапраяўленасці дадаўся інстынкт самазахавання тутэйшага. Урэшце рэшт, ці мала тут сноўдаецца набрыдзі ўсялякай, а кожнаму насустрач выскокваць ды пытацца: “Хто такі й чаго табе трэба?”— моцы не хопіць. Жыццё навучыла: усе яны гэтымі ж дарогамі й сыдуць, а ён, тутэйшы, заўсёды тут, каля свайго крыжа. Слова “тутэйшы”, па-за тым трагічна-саркастычным значэннем, якое надаў яму Купала ў сваёй апошняй п’есе, у першым значэнні ёсць дастатковай самаідэнтыфікацыяй чалавека, які жыве ў зоне zero. Гэта астатнім, хто блукае вакол, трэба дапасоўвацца да тутэйшай прасторы, выдумляць сабе найменні, а нам у гэтым ніякай патрэбы няма.
    Згадайма, як называе сябе тутэйшым Мацей Бурачок, калі яго спыняюць каля вёскі казакі і пытаюць: “Хто ты ёсць?” A той адказвае:
    “Тутэйшы” кажу я. свой чалавек,
    Сын бацькі свайго. а бацька дзяцей,
    Тут і радзіўся, тут жыву век, Юркам зваць бацьку, я дык Мацей. Вунь дзе і хата, і выган, і сад:
    Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат...
    fФранцішак Багушэвіч, “Хрзсьбіны Мацюка ”)
    Гэта ягоны свет, ягоны мікракосм, а тлумачыцца варта было б казакам. Поўнае значэнне слова “тутэйшы” (у сэнсе нацыянальнай прыналежнасці й веры — уніяцкай) вядома адно Мацею, але ён нічога не збіраецца тлумачыць. А казак, для якога “тутэйшасць” абсалютна недасяжная катэгорыя, ажно заходзіцца ад злосці.
    Хто ж ён — гэты тутэйшы, які жыве на гэтай белай зямлі?
    ягоны дом
    Ён асабліва нічога не будзе вам тлумачыць, пераконваць у нечым, а як будзеце больш настойліва дапытвацца, дык і ў хату сваю не пусціць. Дзіўная ў яго хата, парадаксальныя адносіны да яе.
    Бедна ж мая хата расселася з краю
    Між пяскоў, камення, ля самага гаю.
    Ля самага бору, на беражку лесу:
    Ніхто тут не трапе, хоць бы з інтарэсу.
    (Ф. Багушэвіч, “Мая хата’)
    “Кепска мая хата, падваліна згніла, і дымна, і зімна” — зацягне Мацей Бурачок далей. Суседзі, шкадуючы мужыка, будуць запрашаць яго ў новую багацейшую хату, навыперадкі прапаноўваць новы дом альбо “обшежнтне”. Але гаспадар зацята трымаецца гэтай уяўнай беднасці. Нават калі б гвалтам адарвалі ад гэтай хаты, усё адно вярнуўся б і зрабіў такую самую. Што было з Лявонам Зяблікам, калі змушалі яго “кінуць тую хату, скуль бацьку і матку на магілкі вывез”? Засіліўся на ўласным надворку.