Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня
Памер: 496с.
Пецярбург 2003
Нацыянальна заклапочаныя радыкалы прыдумалі сабе манаполію на любоў да Айчыны, быццам руйнуючы пры гэтым яе ж шанцы на выжыванне. Яны не прыдумалі нічога свайго, не ступілі ані кроку далей за рамантыкаў часоў “Нашай Нівы” братоў Луцкевічаў, д-ра Іваноўскага і Янку Купалу. Хоць становішча пачатку і канца XX стагоддзя дыяметральна супрацьлеглае — тады не было ні літаратурнай мовы, ні граматыкі, цяпер ёсць міжнародна прызнаны суверэнітэт. Падзел грамадзян Рэспублікі Беларусь на “свядомых” і “несвядомых” капае яму менавіта пад тую незалежнасць, якая ўжо ёсць. Прыярытэт мае мець не “патрыятызм” і не “свядомасць”, а лаяльнасць да беларускай дзяржавы, вернасць яе суверэнітэту, у
псршую чаргу. Будзе ўсё, калі будзе Рэспубліка Беларусь — ясная справа, не адразу.
Вось вам і высновы:
1. На пачатку XX стагоддзя беларус — тое самае, што “тутэйшы”. He паляк і нс рускі. Першая фаза нацыянальнай ідэі — утварэнне і павелічэнне нацыянальна свядомай і беларускамоўнай папуляцыі.
2. У канцы XX стагоддзя беларус — тое самае, што грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Нацыянальнасць — гэта прыватная справа чалавека. Другая фаза нацыянальнай ідэі — суверэнітэт Беларусі, утварэнне і рост папуляцыі са свядомасцю грамадзянскай адказнасці за дзяржаву, з дзяржаўнай прыналежнасцю.
ПРАБЛЕМА ЦЫВІЛІЗАЦЫІ
Сягонняшнія беларусы, зразумела, нацыя еўрапейская. Але... не ўцывілізаваная. Еўрапейскасць наша кідаецца ў вочы — і не толькі выпстрыканай вопраткай, фрызурамі і золатам на вушах і пальцах (зрэшты, буднім днём гэтага ў Еўропе не ўбачыш, толькі тут). Еўрапейскасць наша пацверджана параўнальным (таго ж парадку, хоць і горшым) узроўнем тэхналогіі, нават элементамі будучага інфармацыйнага грамадства ў дасягнутым індустрыяльным. Што ж да цывілізаванасці...
Гэтаксама кідаецца ў вочы адсутнасць якога-кольвек грамадства, якіх-небудзь агульных рысаў, нацыянальных інтарэсаў. Хіба па-за штодзённым клопатам пра... уласны страўнік. Наш грунт — сямейства, сваяцтва і зямляцтва. Па-лацінску фамілія, па-арабску аль-махія, па-сіцылійску (гэта трасянка арабскай і італьянскай) мафія. Беларусь сёння гэта аграмадны клан кланаў, псіхалогія побыту мала адрозніваецца ад вяскова-сярэднявечнай. Ну, і якое тут можа быць грамадства, у такім нерушы?!
Гэтакі застыглы Край ў XXI стагоддзі чакае цывілізацыйны шок. Бо — што значыць цывілізацыя? Гэта дынамізм, рух, падсвядомая агрэсія (акурат так, не іначай) — і рана ці позна,
хоць бы з прычыны геапалітычнага знаходжання, a — рушаць стаячыя воды Беларусі. I чым пазней, тым страшнейшай паводкай.
Структура сваяцка-сямейнага клана незвычайна трывалая, бо трымаецца на сталым і перманентным змаганні з ворагам — каб суседні клан не адабраў “мойго” кавалка. Беларусы не любяць багатых (у гэтым мы падобныя да рускіх), але беларусы і люта ненавідзяць бяднейшых за сябе (у гэты мы абсалютныя антыподы рускім). Беларусы сёння — гэта нацыя дробных уласнікаў: ні багацця, ні галоты. Менавіта дробнасць — асноўная нацыянальная рыса: дробная ўласнасць, дробная палітыка, дробная культура, дробныя мары, дробныя парахункі і дробнае жыццё. Але — калі знікне з поля зроку хоць які вораг?! Тады клан... не ведае, што рабіць. Грызе сам сябе і нарэшце гіне ў адначассе, на працягу аднаго пакалення.
А еўрапейская цывілізацыя пры ўсім дынамізме і падсвядомай агрэсіі мае такую рысу, што нічога не дамагаецца гвалтам. Хочаш жыць, “як у Еўропе” — добра. He хочаш? Яшчэ раз добра... “Жыць у Еўропе”, аказваецца, гэта — думаць і рабіць, як у Еўропе, а не — мець такія ж “тавары і паслугі”. Нікога не цікавяць там “асаблівасці нацыянальнага менталітэту”, “цяжкая гістарычная доля’’ ці “несвядомая свядомасць”. Дарэчы, да “беларусізацыі” Еўропа адносіцца з такой самай насцярожанай агідай, як да “русіфікацыі'’ ці “саветызацыі”. Бо гэта калектывізм, гэта прыярытэт клана над чалавекам. Еўрапейская ж цывілізацыя ад часоў Марціна Лютэра і пазнейшых каталіцкіх пазітывістаў накшталт Джаванні Боска збудавана на прыярытэце чалавека над кланам, на шанаванні права меншасці. Пад гэтае права трапляюць і прыватная ўласнасць, і дэмакратычныя свабоды, і абмежаванне ўлады і дзяржавы канстытуцыйным правам, і нават... нацыянальна-моўныя клопаты... Але нашай кланавай “свядомасці” гэта на сённяшні дзень — цёмны лес, мы так і перасыпаем з пустога ў парожняе “супольнасць”, “адказнасць”, “патрыятычны абавязак”, “грамаду”, “талаку”, “калектыў”, “народ” і г.д.
ПРАБЛЕМА КУЛЬТУРЫ
Найпрасцейшая дэфініцыя культуры — гэта неабавязковая чалавечая дзейнасць. Ад недахопу культуры ніхто яшчэ не памёр — як ад недахопу хлеба. Толькі — ці такое жыццё можа зрабіцца больш якасным? Мы ніяк не можам зразумець, што не для таго літаратура і мастацтва, каб павялічваліся надоі і ўраджаі. Культура — гэта інвестыцыя не ў тавар, а ў чалавека. Гэта трохі падобна на тое, як расце лес...
Абыякавыя да нас Злучаныя Штаты і куды бліжэйшая Германія хоць і багацейшыя краіны свету, але неяк не знайшлі сродкаў, каб мець міністэрства культуры — і тым не менш сталі гігантамі і ў культурным накірунку. У бедных жа народаў, у тых жа беларусаў, абавязкова мае быць міністр культуры са сваім міністэрствам і яго перыферыйнымі прычындаламі — з такім разуменнем культуры, што правільней менаваць яго міністрам забаў і адпачынку, міністрам дажынак і славянскіх базараў.
Праблема знікнення нашай культуры не абмежавана праблемай знікнення адной літаратурнай мовы. Бяда ў тым, што наш духоўны ўзровень так і затрымаўся недзе там, перад вайной 1914 году. Скажам, на літаратурную творчасць мы па-ранейшаму глядзім як на абавязак служэння — клану ці Айчыне, апазіцыі ці ўладзе, ці хоць бы сваёй “незалежнай” літаратарскай “вольнай суполцы”. He захапляемся словам як такім, не шануем нават свайго подпісу і свайго слова — і нехта дасць веры, што шануем чужое?! Прымітывізм і хамства растуць на адным полі. Духоўны жабрак заўжды патэнцыйны агрэсар. “Служэнне народу (Айчыне, ідэі і г.д.)” непазбежна вядзе да жабрацтва, а жабрацтва — да агрэсіі супраць цэлага свету. I гэта пад “талерантным” лозунгам “Нам і так добра!”...
ПРАБЛЕМА ЧАЛАВЕКА
Калі шчыра, то чалавек можа мець толькі адну сапраўдную свабоду — свабоду выбару. Як толькі зроблены які-кольвек
выбар, далей на галаву высыпаюцца адны абавязкі. Таму лепш не быць беларусам — занадта шмат гэта цягне абавязкаў і не дае ніякага прасвету, не гаворачы пра карысць.
Адпачнём хвіліну і... пагаворым пра “полякув гродзеньскіх” —для ілюстрацыі праблемы. Гадоў дзесяць спрабуюць яны збудаваць сваю кадравую моц шляхам высылання “млодзежы польскей” на вышэйшыя вучэльні ў Польшчы. I што? Дзяўчаты хутка ідуць замуж у багацейшай Рэчы Паспалітай — і толькі іх потым на Крэсах і бачылі! Хлопцы, праўда, часам вяртаюцца, не ўсе валяць проста на Захад і ажно за Вялікую Салёну Ваду з занядбанай Беларусі. Восенню 1997 году прафесар NN з Варшавы ўсё дапытваўся, як гэта так, што з шасцідзесяці сямі абсальвэнтаў вярнулася працаваць у “звёнзку” і “будаваць Польшчу на Беларусі” толькі... два? Ніяк прафесар не даваў веры, што польская інтэлігенцыя была выбіта ў 1939—1945 гадах, рэшткі выехалі ў наступныя дзесяць гадоў, а засталіся... такія, як усе. А здавалася, як гэта проста — Польшча дапаможа. Натуральна, дапамагае. Але — што атрымаецца з тае дапамогі, залежыць выключна ад тутэйшага чалавечага матэрыялу.
Дарэчы, тое ж датычыцца спадзяванняў на “помоіць Росснн” “паважаных ветэранаў усіх войнаў” і “сопляков” з РНЕ. А зрэшты — і спадзяванняў “адраджэнцаў” на дапамогу Еўропы... у справе беларусізацыі. У.Някляеў, як вынікае з яго нядаўняга інтэрв’ю “Czasopisu”, расчараваўся ў еўрапейскай дапамозе беларусізацыі на... другім месяцы знаходжання ўсяго толькі ў той самай Варшаве.
Каб дагнаць час, беларусы мусяць зрабіцца, прынамсі, роўнымі бліжэйшым суседзям. Якасцю асобы — а не шчыльнасцю клана. Напрыклад, земляроб не вытрымае канкурэнцыі з местачковым гандляром ці кваліфікаваным фабрычным работнікам. На зямлі жыць цяжэй — працуе земляроб рукамі, a не галавой. А медыцына сцвярджае, што любы малаўжываны чалавечы орган дэгенеруе, атрафуецца — а мозг у першую чаргу. Мы паміраем у нейкім бяспамяцтве, у летаргічным сне штодзённых клопатаў.
Часамі ўсплывае тое адвечнае пытанне: як доўга вытрымае Рэспубліка Беларусь у сітуацыі чорнай дзіркі Еўропы? Што ж, пару пакаленняў яшчэ будзе мець — пакуль не распаўсюдзяцца натуральным шляхам веды пра іншы чалавечы побыт, пра цэлы той навакольны свет, пра іншы спосаб жыцця, а не тыранію і рабства.
1 яшчэ дзве высновы:
1. Пачатак XXI стагоддзя. Беларус — носьбіт і абаронца беларускай часткі культуры ў агульнасусветнай цывілізацыі.
Трэцяя фаза нацыянальнай ідэі — пошук свайго месца на свеце і прырост папуляцыі з уласнай культурнай свядомасцю.
2. Канец XXI стагоддзя (калі нехта дажыве). Беларус — творца беларускай часткі культуры ў агульнаўсясветнай цывілізацыі.
Чацьвёртая фаза нацыянальнай ідэі — уваход ува ўсясветную культуру і пашырэнне творчаздольнай папуляцыі.
НОВЫЯ ПАКАЛЕННІ
Новыя пакаленні будуць мець тыя ж праблемы, што і мы. Толькі будзе іначай, ім будзе лягчэй — зрэшты, як і нам за пакаленнем нашых бацькоў. Але — ці значыць гэта, што мы свой час і сваё жыццё змарнавалі? He думаю. Канечне, у сэнсе бесклапотнага ціхага існавання змарнавалі шмат, бо гэтага проста не мелі, а самыя спрытныя, каторыя стараліся “нашым і вашым”, мелі нядоўга — цяпер невядома, каму выйшла горш — але ж гэта было такое “марнаванне”, дзякуючы якому менавіта наступныя пакаленні крочаць на цэлую дыстанцыю далей.
I будзе гэта ўжо не з абрыдлымі ахвярамі і бесталковым гераізмам, але з падвойнай карысцю — для сябе і для Айчыны.
Айчына тады мае будучыню, калі яе грамадзяне маюць будучыню. Хіба гэта коратка і выразна тлумачыць пададзеныя зломы, завароты і меандры беларускага Лёсу.
чэрвень, 1998-—кастрычнік, 1999 гг.
Ігар ВУГЛІК — нарадзіўся ў 1957 г. у Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (гістарычны факультэт), асьпірантуру ў Інстытуце мовазнаўства, этнаграфіі й фальклёру НАН Беларусі. Сааўтар шэрагу манаграфій па гісторыі беларускай культуры XVII—XVIII стст. Аўтар тэкстаў па культуры постмадэрнізму. Напісаў пяць кніжак вершаў I прозы ў постмадэрновай стылістыцы. Выкладае ў Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце.