Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня
Памер: 496с.
Пецярбург 2003
Але галоўны вынік запанавалае рэлігіі бачыцца мне ў тым, што паміж чалавекам і ягоным маральным выбарам зноў з’яўляецца пасярэднік — той, які бярэ на сябе ўсю адказнасць, бо можа адпусціць любыя грахі.
А нам цяпер так бракуе веры ў сябе, у СВАЮ сілу. I таму рэлігія на Беларусі, думаецца, мусіць стаць дапаможніцай нашага нацыянальна-культурнага Адраджэння, а не прадметам старога-новага культу для нацыі. Прадметам культу можа і павінна стаць мова, нацыянальная свядомасць. Прычым, адлегласць паміж культам нацыянальнага і шавінізмам у нас — бясконцая. Трэба кволаму набрацца сілы, а тады ўжо будзе гутарка пра тое, каб гэтая сіла не была агрэсіўнай. У нас жа “прафілактыка” беларускага экстрэмізму прывяла да таго, што ў кватэры не толькі ўсе тараканы здохлі, але й людзі атруціліся да клінічнае смерці.
Нацыя — вялікі чалавек. I ў ёй трэба выхоўваць здаровы дух у здаровым целе, годнасць, сумленне і веру ў сваю сілу.
Вера ў сваю сілу і непадзельная адказнасць як другі бок свабоды — вось што трэба для вялікай мадэрнізацыі беларушчыны, без якой мы проста не застанёмся. А першая мадэрнізацыя — гэта ўдасканаленне мовы.
Ведаеце, каб людзі звярнулі ўвагу на мову, з ёй — з мовай — павінна нешта адбывацца. I калі сёння да мовы патрабуецца максімальная ўвага людзей Беларусі, значыць — мова павінна максімальна (парадаксальна) праяўляць сябе ў жыцці. Нашымі высілкамі, вядома.
(Адзін мой знаёмец, разважаючы, прыйшоў да наступнага абсурду:
— Дзеля ацалення мовы сродак мусіць быць моцным і хуткадзейным. Задача — стварыць мове “ахоўную зону” і навучыць ёй народ. Што рабіць? Перавесці на лацінку? Гэта падзейнічала б. Але беларуская мова лацінкай набліжаецца да другога асімілятара — пальшчызны. Зрэшты, і кірылка, і лацінка — кожная ўлічвае (“пакрывае”) толькі палову беларушчыны, калі
глядзець на традыцыі. Але зноў уводзіць сёння дзве графікі — значыць, стварыць сабе вялікія цяжкасці, прычым, на ўсю перспектыву нашага існавання. Таму згадаем, што беларуская мова ў гісторыі ведала не два, а тры напісанні: кірылічнае, лацінскае і арабскае (вядомыя Кітабы). I адначасова беларуская мова ніколі не была маткай-захавальніцай ніводнае з гэтых графікаў, каб без шкадавання адкінуць любую з іх. Менавіта з арабскага напісання мы цяпер даведваемся пра жывое беларускае маўленне сярэднявечча. He дарэмна й тая ўвага, якую надавалі Кітабам Іван і Антон Луцкевічы, Янка Станкевіч ды шмат хто іншы. На ўсе недахопы кірылкі і лацінкі ў арабскае графікі ёсць толькі адзін — засваенне. Але ж і тут я бачу станоўчы бок. Беларушчына будзе засвойвацца не з расейшчыны ці пальшчызны, а сама з сябе. Тыя людзі, якія сёння свядома пішуць па-беларуску, маглі б досыць хутка перайсці на арабскую графіку. А пры тым, што беларушчына толькі пачынае ўводзіцца ў школах, усеагульны пераход мог бы адбыцца ў межах аднаго пакалення. Якраз столькі часу спатрэбілася б, каб вывесці народ з рабства. Але гэта была б ужо гарантыя для мовы і нацыі — навечна. Сёння ўсё адно мы будзем перавучваць дзесяткі тысяч на нейкі новы правапіс і ад пачатку вучыць мільёны...
Калі я хацеў быў пачаць пярэчыць, мой знаёмец спыніў мяне:
— Пачакай. He трэба пустых і непатрэбных спрэчак. Такія меры — не дыскусійныя, яны альбо прымаюцца, альбо не прымаюцца. Як адкрыты масаж сэрца...
Абсурдная думка. Толькі я не ведаю прычыны яе абсурднасці. Альбо гэта мая рацыянальная свядомасць вызначае яе ірацыяналізм, альбо адносна маёй абсурдызаванай свядомасці яна, рацыянальная, здаецца абсурднай...)
Але ж пры нашай нерашучасці... Мне здаецца, што ў такіх варунках, як нашы, летувісы, напрыклад, вярнулі б дарэформенны правапіс ужо на другі дзень перабудовы. Проста явачным парадкам газеты і часопісы сталі б выходзіць паводле Тарашкевіча, а не паводле Галадзеда і Кандыбовіча.
Вялікая справа таксама — удасканаленне лексікі. 3 аднаго боку, мова зусім не урбанізаваная, з другога — спрэс пашкоджаная той самай падменай паняццяў. I ўсё таго ж не стае — адпаведнасці.
ПАДМЕНА ПАНЯЦЦЯЎ выявілася і ў шэрагу тых “стандартных рэчаў” — апорных пунктаў нацыянальнай свядомасці, з якіх уласна і пачынаецца нацыя. (Памятаеце — “С чего начннается роднна? С картннкн в твоём букваре”, альбо — “Кім ты естэсь?”). Гэта беларуская сімволіка і беларускія грошы. Гэта і сталіца — цэнтр нацыі і яе рэліквія.
У нас (у кулуарах) неяк стыхійна сфарміраваўся стэрэатып чатырох беларускіх сталіц — Полацак, Наваградак, Вільня, Менск. Гэта справядліва, бо толькі ў такой суме мы і атрымліваем поўны вобраз беларускае сталіцы. Але ў справе фармавання нацыянальнай свядомасці найбольшая вага тут была, ёсць і яшчэ доўга будзе ў Вільні.
Скажаш каму пра Скарыну, Каліноўскага, нашаніўцаў, заходнебеларускіх адраджэнцаў, а ў адказ пытанне: “А что онн там, в Внльнюсе, делалн?”
Сапраўды, што? I пры чым тут мы з нашым Адраджэннем?
Шлях любога дзеяча, любога мастацкага, літаратурнага кірунку, навукі, ды ўсяго беларускага ўвогуле спрадвеку і да пачатку XX ст. пралягаў праз Вільню. Мяжа БССР тут сталася нажом гільяціны, які апусціўся на шыю нацыі. I адчужэнне Вільні сёння — гэта адчужэнне і амаль усяе беларушчыны. Без усведамлення беларусамі гэтага гораду як свайго наша нацыянальнае Адраджэнне вельмі праблематычнае. Маральна мы тады — на пустым месцы. Мы можам так і застацца прэтэндэнтамі на эфемерную Старую Беларусь, а не праваднікамі магутнай нацыянальнай традыцыі.
Наш рацыянальны ўрад высунуў прэтэнзіі на Вільнюс. Між тым, нашаму рацыянальнаму ўраду яшчэ ўчора трэба было падбаць пра рэальную дапамогу віленскім беларускім асяродкам, пра беларускія школы для тысяч віленскіх беларусаў, якія
апынуліся цяпер у недарэчным становішчы часткі няіснага савецкага народу і натоўпамі ходзяць у “інтэрах” ці “паляках”, a галоўнае — падбаць пра даступнасць Вільні для Беларусі пры ўсіх магчымых межах і мытнях на іх.
Беларусі не пашанцавала і яшчэ з адным апорным пунктам — з саманазвай. Гэтая рэч мае болып глыбокія карані, чым нават мова. I хоць у свеце не адрозніваюць Беларусь ад Расеі, мяняць назву (а такія прапановы ёсць) не рацыянальна. Гэта амаль тое, што змяніць насельніцтва, якому належыць стаць нацыяй.
Але ў такім разе нам ніколі не разабрацца ва ўласнай гісторыі без прысваення словаў Літва (літоўскі, літовец) і Русь (рускі). Гэта ж мы, беларусы, фігуруем у гісторыі як Літва і Русь, тады як нашыя суседзі спрэс называюцца маскавітамі і жмудзінамі. Падмена паняццяў. А паколькі назвы Літва і Русь супадаюць з сучаснымі назвамі суседніх краін і народаў, дык адзінае, што мы можам зрабіць,— гэта змяніць іх сучасныя назвы ў нашай мове. Літва — гэта гістарычная Літва на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і больш нічога. Літоўцы — нашыя з вамі продкі, пра што вам скажуць усе летапісы. Яны ж, летапісы, назавуць старабеларускую мову літоўскай. Сучасных нашых суседзяў мы мусім называць іхняю сучаснаю саманазвай, так, як гэта робіць беларуская эміграцыя: Летува — летувіс — летувіскі. Другіх нашых суседзяў трэба называць у старой (і яшчэ жывой) беларускай традыцыі — расейцамі, а краіну іх — Расеяй.
Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. А ў нас дакладнасці няма амаль у кожным слове, якім мы карыстаемся. Нацыяналізм прызнаны за шавінізм, нацыянальныя нігілізм — за інтэрнацыяналізм, касмапалітызм — за нацыянальны нігілізм. Як растлумачыць, што трэба класці падмурак, а не страху, калі і тое і тое называецца адным словам — будаўніцтва?
ЧАСАМ МНЕ ЗДАЕЦЦА, што пераацэнка, натуральнае развіццё беларушчыны гатова прарвацца ў наш побыт, у свядо-
масць мільёнаў людзей, і што гэта мы, “людзі культуры”, найбольш гэты прарыў і стрымліваем. Мы — не прафесійныя беларускія нацыяналісты, а мы — аматары роднага слова, ручнікоў і задушэўнай песні. Гэта, між іншым, увесь набор нацыянальнага, рэгламентаваны сталіншчынай: псеўдаэтнаграфізм, псеўдафальклор, псеўдароднае слова (Саветы, напрыклад), ручнікі вакол партрэта Ільіча, зычна-зыкінская народная песня, балалайкі з домрамі ў аркестры беларускіх народных інструментаў. Глыбінная сутнасць падмены, якая адбылася у гэтай справе, зноў жа вяртае нас да суадносінаў аб’ект — суб’ект. Перш трэба берагчы і развіваць суб’ект Беларусі — сябе і з сябе,— а не разглядаць Беларусь як аб’ект сваіх слёзных эмоцый, заклікаючы любымі сродкамі (напрыклад, пастановамі КПБ) гэты аб’ект ратаваць. Трэба зразумець, што без Беларусі не мы застанёмся абдзеленымі, а папросту нас не будзе.
Трэба адмовіцца ад шаманства. I найперш — ад такіх аб’ектаў нашых эмоцыяў, як савецкі камунізм і У.Ленін. Пасля — адмовіцца ад “велічных постацяў” ва ўласнай гісторыі і культуры. Усялякі манументалізм тут — гэта прыкмета контррэфармацыі. Адраджэнне ж — гэта адраджэнне жывога.
500-годдзе Скарыны атрымалася канстатанцкае. Ніводнае арыгінальнае інтэрпрэтацыі! Між тым, толькі ін’екцыі новых ідэй падтрымліваюць сапраўднае жыццё ў такіх постацях. A што будзе з М.Багдановічам, пра якога ўжо ўсё сказана і дваццаць разоў паўторана? Зноў — урачыстае дунды-дунды?
Ці ж гэтак глядзіць наш адраджэнцкі працаўнік, скажам, на ўласнае жытло, якое: трэба было б змяніць на большае і бліжэй да цэнтру і рапарацыю зрабіць, новую газавую пліту паставіць, новае кола на “унімісу” (гарадская лексіка) прыдбаць і г.д. Тут ён — чысты рацыяналіст, прагматык. Але чаму дзве сферы жыцця сталіся для яго ўзаемавыключнымі? Духоўнае і фізічнае...
Індыкацыя паводле рацыянальнага-эмацыйнага і суб’ектыўнага-аб’ектыўнага дазваляе вызначыць, якія высілкі сён128
няшняга Адраджэння канструктыўныя, якія дэструктыўныя (а таму непатрэбныя). Напрыклад, вядомая спрэчка Н.Гілевіча з С.Букчыным. Гэта праява Беларусі-аб’екту, аддаленая спроба на беларускай глебе змадэляваць расейскую спрэчку “славянафілаў” з “касмапалітамі”. У кожным разе, сутнасць спрэчкі зводзіцца да процістаяння ўсялякіх філій усялякім фобіям, г.зн. — да эмоцый. Гэта з таго раздзела дэструктыўных высілкаў нашага Адраджэння, які можна назваць — чужымі праблемамі, што адбіраюць у нас шмат часу і энергіі.
Ужо ёсць прыклады поўнай інтэграцыі ў чужыя праблемы прадстаўнікоў тутэйшай творчай публікі. Напрыклад, А.Адамовіч і Э.Скобелеў, тэматыка і пафас выступленняў якіх усё больш неактуальныя для беларускага Адраджэння.