• Газеты, часопісы і г.д.
  • Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня

    Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


    Памер: 496с.
    Пецярбург 2003
    131.78 МБ
    Кажучы пра пачатак метафізікі, я не маю на ўвазе першых філосафаў і першыя філасофскія тэксты, зафіксаваныя гісторыяй. I зусім не таму, што Фалес ці Геракліт, відавочна, былі далёка не першымі, хто пачаў разважаць над існым і быццём як над актуальнай праблемай, а таму, што мне тут не ўяўляюцца істотнымі ні геаграфія, ні гісторыя, ні персаналіі. Істотным у пытанні пра пачатак метафізікі мне здаецца толькі адно: скуль, з чаго ў чалавека ўзнікла патрэба метафізічнага мыслення?
    Верагодна, некага можа здзівіць нават магчымасць падобнага пытання... Паколькі чалавек быў, то ён не мог не пытацца, чым ёсць тое, дзе ён ёсць, і кім ёсць той, хто ёсць у гэтым ёсць?
    He думаю, што ўсё гэтак проста, і на карысць майго сумневу тая ж самая сённяшняя сітуацыя, калі згадка пра “канец метафізікі” сталася агульным месцам. А гэта значыць, што пытанне пра існае і быццё як цэлае, пра ісціну і чалавека як суб’екту ісціны ўжо амаль пазбаўлены статусу карэктнасці, з чаго лагічна вынікае — прынамсі, цалкам гэтага нельга выключаць,— што неўзабаве ўсе метафізічныя пытанні могуць страціць для чалавека хоць якую ўцямную матывацыю.
    У 1996 г. у Мінску была выдадзена кніга Жаны Эрш, якая называлася “Філасофскае здумленне”. У аснову канструкцыі сваёй працы Жана Эрш паклала першапачатковае здумленне, якое падштурхнула таго ці іншага еўрапейскага філосафа да тых ці іншых разваг над метафізічнымі праблемамі быцця. Але на працягу ўсёй кнігі ні сама Жана Эрш і ніхто з суплёту выбітных еўрапейскіх мысляроў, якіх яна прэзентуе, не кранае пы-
    тання: а чаму, уласна, метафізічнае здумленне ўвогуле сталася магчымым? 3 якой такой чалавечай патрэбы чалавек стаў задумляцца над сэнсам быцця? Урэшце, што ён меў з гэтага ці хаця б што спадзяваўся займець?
    Я магу, прынамсі, самому сабе, дастаткова лагічна вытлумачыць наяўнасць тэхналагічнага мыслення; вытлумачыць як прычыну ягонага ўзнікнення, так і падставы ягонага разгортвання, бо праз тэхналагічнае мысленне, ягоны развой і ўдасканаленне чалавек вялічыў меру забяспечанасці сябе жыццём. Урэшце, механізм забеспячэння сябе мерай існавання закладзены ва ўсё, што з’яўляецца існаваць, інакш і само з’яўленне хоць чаго было б немагчымым. I з моцы самога факту наяўнасці нечага гэты механізм забеспячэння існаваннем не можа ў той ці іншай меры не удасканальвацца. Магчыма жартам, a магчыма і не да рэшты жартам, я часам думаю, што нават неарганічныя формы існавання не пазбягаюць эвалюцыі, скіраванай на павялічэнне забяспечанасці мерай і якасцю існавання, і, скажам, камяні сёння больш моцныя, дакладней, больш камянейшыя, чым яны былі мільён гадоў таму назад.
    Як гэта ні праблематычна ў сітуацыі татальнага скепсісу да ўсялякіх эвалюцыяністычных тэорый, але хаця б у якасці гіпотэзы мы можам нават дастаткова лагічна выснаваць пачаткі тэхналагічнага мыслення чалавека з эвалюцыі тэхналагічнай інтуіцыі жывёл. Уласна, уся розніца паміж тэхналагічнай інтуіцыяй жывёл і тэхналагічным мысленнем чалавека і палягае ў меры ды якасці забяспечанасці існаваннем. Бадай, нават можна сказаць, што менавіта з прычыны болыпай эфектыўнасці тэхналагічнага мыслення адносна тэхналагічнай інтуіцыі і стаўся магчымым для чалавека статус чалавека сярод іншых жывёл, да якіх ён належыць па ўсіх астатніх параметрах існавання.
    Канструкцыя жытла, каменная сякера, кола, іерархічная структура хаўрусу, жалеза, свойскія жывёлы і апрацаваныя палі, сістэма падліку і астраномія і г.д. і да т.п. аж да малекулярнай фізікі і кампутараў — адным словам, усё, што месціцца ў полі тэхналагічнага мыслення, досыць лагічна і ясна абгрунтоў-
    ваецца натуральным памкненнем чалавека да павелічэння меры і якасці забеспячэння сябе быццём.
    Але дзе, у чым падстава, прычына метафізічнага мыслення, якой такой патрэбай чалавека было справакавана пытанне пра ісціну?
    Відавочна, што метафізічная праблематыка не надыктавана прагматыкай адбывання быцця. Для таго, каб адбыць свой век, зусім не абавязкова задзіраць бараду дагары і невядома ў каго пытацца, навошта зорнае неба нада мной, альбо ўнурвацца ў сваё нутро з трывожным здумленнем, скуль гэта маральны закон ува мне? Нічога гэтыя пытанні да колькасці і якасці жыцця не дадавалі і, нягледзячы на мноства філасофскіх сістэм, якія паўсталі на подзе метафізічнага здумлення, нічога гэтыя шматлікія філасофіі не змянялі ў рэальным жыцці як асобнага чалавека, так і чалавечай супольнасці (хіба толькі ўскосна дапамагалі ўдасканальваць апарат тэхналагічнага мыслення).
    У свой час (эсэ “Хто “Я”, альбо Мяне не было, няма, не будзе”) я, падзяліўшы ўсю гісторыю бытавання чалавека на эру Татэму, Міфу і Тэксту, паспрабаваў прамаркіраваць эвалюцыю метафізічнага мыслення, вылучыўшы яго ў адмысловую, інтэлігібельную прастору, якую назваў прасторай а-рэальнасці. Але тады перада мной пытанне матывацыі ўзнікнення фсномену метафізічнага мыслення не паўставала, хаця не выключана, што я інтуітыўна ўхіляўся яго, наперад прадбачачы немагчымасць уцямнага адказу. Бо калі пра пераемнасць ад тэхналагічнай інтуіцыі да тэхналагічнага мыслення мы можам казаць хоць з якой мерай упэўненасці: і сёння ж на свае вочы бачым, як праз тэхналагічную інтуіцыю (тэхналагічныя інстынкты) жывёльны свет забяспечвае сябе мерай існавання, то казаць пра падобную пераемнасць у метафізіцы, пра пераемнасць паміж метафізічнай інтуіцыяй жывёл і метафізічным мысленнем чалавека ніяк не выпадае, прынамсі, у нас. здаецца, няма ніякіх падставаў сцвярджаць, што іншыя ад чалавека біялагічныя формы існавання (не кажучы ўжо пра неарганічныя формы існавання), валодаюць нечым (інтуіцыяй, інстынктам, чымсь-
    ці яшчэ), што дае ім магчымасць успрымаць і ацэньваць існае, як цэлае, гэта значыць — як быццё.
    Але калі ўсё існае існуе па-за метафізічным, то відавочна, што метафізічнае абумоўлена не самім існаваннем, а толькі пэўнай ягонай формай, і яно неабходна не для ўласна існавання, а толькі для існавання менавіта гэтай формы як такой. Аднак гэтая a priori відавочная выснова ўсё роўна нам яшчэ нічога не тлумачыць, бо як мы не бачым патрэбы метафізічнага мыслення ў справе забеспячэння чалавека мерай і якасцю існавання, так і не бачым месца абавязковай прысутнасці метафізічнага мыслення для забяспячэння чалавека формай і сутнасцю чалавека. Каб у свеце існавання арганічных форм займець форму і статус чалавека, чалавеку дастаткова было тэхналагічнага мыслення, якое адначасна забяспечвала яго як самім існаваннем, так і формай гэтага існавання.
    Таму мы зноў мусім запытацца, з якой гэта патрэбы чалавек пачаў мысліць метафізічна — гэта значыць злучаць мноства адзінкавых (сінгулярных) фактаў і падзеяў у нейкія абстрактныя паняткі, катэгорыі, універсаліі, каб потым (ці адначасна) пытацца (і пытацца не стамляючыся цягам тысячагоддзяў), які сэнс чалавека і сусвету выяўляецца праз гэтыя універсальныя паняткі і катэгорыі? Карацей, навошта чалавек навыдумляў безліч сімулякраў (словаў, якім нішто не адпавядае ў наўсцяж адзінкавай, у кожным сваім моманце канкрэтнай рэальнасці) і стаў вярэдзіць сябе бясконцымі пытаннямі пра Ісціну, замест таго, каб проста з’яўляцца ў быццё, адбываць яго і без лішніх метафізічных мітрэнгаў сыходзіць у невараць.
    Гэтак катэгарычна вымаўленае “навошта”, натуральна, мы пакінем без адказу. Пакуль мы з нашых папярэдніх разваг хіба можам выснаваць адно тое, што метафізічнае палягае не ў дыскурсе адбывання быцця, а ў дыскурсе функцыянавання мовы, што мова ёсць бацькаўшчынай метафізікі, што здумленне над быццём магчымае толькі пры наяўнасці абстрактных паняткаў — а адсюль, што праблема метафізікі — гэта найперш праблема мовы, бо гэтая мова пытае ў самое сябе, мова пытае ў мовы, чым ёсць быццё, Ісціна, Бог, чалавек?
    3 таго, што метафізіка разгортваецца ў дыскурсе мовы, a існаванне чалавека — у фізічным дыскурсе, атрымліваецца, што яны не папросту рассунуты паміж сабой, а рассунуты па розных вымярэннях. Адсюль мы і маем, што адносна сэнсу і сутнасці існавання ў фізічным свеце метафізічныя пытанні ні пра што не пытаюцца, а метафізічныя адказы ні на што не адказваюць. I калі гэта насамрэч так, то сама метафізіка, як праблема, павінна аналізавацца не метафізікай, а лінгвістыкай.
    Аднак вернемся трохі назад: падаецца найбольш верагодным, што мова з прычыны самой сябе ўжо латэнтна ўтрымлівала магчымасці метафізічнага мыслення — іншая рэч, ці ў самой сабе яна ўтрымлівала механізм ягонага разгортвання. Бадай, недзе тут, у запытанні: а менавіта што паклікала метафізічнае мысленне да разгортвання ў мове? — і палягае ўвесь цяжар праблемы. Метафізічнае мысленне амаль напэўна паўстала з нейкіх адцягненых лексічных форм, якія спакваля напрацоўваліся тэхналагічным мысленнем, увогуле па сваёй прыродзе не надта схільным да залішняй універсалізацыі сінгулярнага. Гэтая сітуацыя вельмі добра заўважна ў старажытнагрэцкай мове, дзе адны і тыя ж словы вельмі часта пазначалі як канкрэтныя рэчы і канкрэтныя тэхналагічныя дзеянні, так і адцягненыя эстэтычныя ды метафізічныя катэгорыі.
    Але калі гэта і так, калі метафізічнае мысленне ўзнікла і сфармавалася на подзе мыслення тэхналагічнага і было абумоўлена не запатрабаваннямі існавання, а ўнутранымі магчымасцямі мовы, то гэта ўсё роўна пакуль нам не тлумачыць, якой жыццёва неабходнай чалавеку патрэбай яно было паклікана выявіцца ў мове?
    Таму тут мы мусім збочыць ад анталогіі ў бок экзістэнцыі, бо відавочна, што дзе б і ў чым метафізічнае ні разгортвалася, узнікненне гэтага феномену было з’ініцыявана чымсьці, што знаходзіла сябе ў чалавеку, у нейкіх спратах ягонай экзістэнцыі.
    Спробы прадумвання пытання, што ў экзістэнцыі чалавека магло справакаваць падзею метафізікі, патрабуюць асобнага тэксту, тут я пазначу толькі адну з верагодных версій, якая акрэслівае месца магчымага ўзнікнення метафізічнага здумлен-
    ня, а менавіта: найбольш пэўна, што падзея метафізікі выявілася ў полі запатрабаванняў эмацыйна-пачуццёвага чалавека, з a priori дадзенай яму здольнасці не проста функцыянальна рэагаваць на праявы існага, а рэагаваць эмацыйна — гэта значыць суадносіць рэагаванне не толькі з колькасцю забеспячэння сябе існаваннем, але і з якасцю існавання, інакш — суадносіць сваё існаванне не адно з існым, але і з быццём. 1 хаця эмацыйнае напэўна правакуе актыўнасць эстэтычнага ці тэхналагічнага мыслення, як таго, што вырашае праблемы асалоды, голаду, болю, а не інтэлектуальнага, абстрактна-лагічнага, спекулятыўна-ўніверсальнага,— тым не менш, калі мы хочам хоць як пазначыць тое месца, дзе маглі запачаткавацца інтэнцыі метафізічнага мыслення, то гэтым месцам, падобна, мусім абраць эмацыйнае.