• Газеты, часопісы і г.д.
  • Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня

    Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


    Памер: 496с.
    Пецярбург 2003
    131.78 МБ
    Рэалістычная ўстаноўка можа быць рэпрэзэнтавана тут у форме першай інтэнцыі (intentia prima), сэнс якой у пакладаньні аб’ектаў у прастору сапраўднага існаваньня, альбо ў зьмяшчэньні й напаўненьні ядраў зьместу ў зададзеных рамках. Наміналістычная ўстаноўка, адпаведна, прадстаўляецца як другая інтэнцыя (intentia seconda), ейным сэнсам зьяўляецца пакладаньне новай рэчаіснасьці (або рэальнасьці — у канкрэтна гістарычнай вэрсіі гэтага зьмяшчэньня), або пакладаньне (вынаходніцтва) рамак і рамкавых канструкцыяў, у якіх могуць зьяўляцца ядры зьместу пры звароце да першай інтэнцыі й да рэалістычнай устаноўкі. Такім чынам, праблема існаваньня ўнівэрсаліяў і экзэмпліфікатаў пераводзіцца ў арганізацыйнадзейнасны плян і можа быць сфармулявана як задача камплексаваньня й замыканьня адна на другую першай і другой інтэнцыяў, рэалістычнай і наміналістычнай установак. Адпаведна, мэтапрастора, у якой магчымае гэткае камплексаваньне й канфігураваньне інтэнцый і ўстановак, разглядаецца як утрымальніца трох падпрастораў: 1) парадыгматыкі — прасторы зьмяшчэньня зьмястоўных ядраў — аб’ектаў рэчаіснасьці й рэальнасьці; 2) сынтагматыкі — прасторы рамкавых і фармальных, а таксама зьмястоўных або аб’ектавых лёгікаў і моваў і 3) прагматыкі — прасторы зьмяшчэньня саміх рамак, установак і інтэнцыяў, мэт, каштоўнасьцяў і задач. Пра тое, як гэта ўсё
    можа быць зарганізавана, у якім космасе й у якім таксысе рэалізавана, будзе весьціся ніжэй, калі гаворка пойдзе пра тое, ці усьведамляецца Беларусь як рэальнасьць і рэчаіснасьць.
    3.	МЭТАДАЛЯГІЧНАЯ ПРАБЛЕМА
    Ці можна лічыць вынікам дзейнасьці тое, чаго не было ў ёй у якасьці мэты? Бо мэта — гэта вынік, вынесены на пачатак працэсу дзейнасьці, а вынік — гэта рэалізаваная мэта з дапушчальнымі адхіленьнямі. Калі тое, што атрымалася ў пэўным працэсе, не супадае з выточнай задумай, з мэтай, дык яно, хутчэй, вынік выпадковых працэсаў, што працякаюць адначасова зь дзейнасьцю, але не зьяўляюцца ёю.
    Гарбачоў, ладзячы Перабудову, ня ставіў сабе за мэту сувэрэнную Беларусь. Бразаўскас, Ельцын ды іншыя, хто паспрыяў хутчэйшаму аб’яўленьню незалежнасьці сваіх краін, менш за ўсё думалі пра Беларусь. Пазьняк, БНФ, ЦРУ, сыёнскія мудрацы й іншыя нагэтулькі ж мала вінаватыя ў незалежнасьці Беларусі, як і Кебіч, што падпісаў “за кампанію” пагадненьне ў Віскулях (у адрозьненьне ад Шушкевіча, які зрабіў гэта сьвядома). Як жа разабрацца, што прывяло да незалежнасьці краіны, існаваньне якой не было мэтай людзей, чые дзеяньні можна аналізаваць? Бо калі гэтага не зрабіць, застаюцца толькі тры варыянты:
    1.	кожны летуценьнік можа прыпісаць сябе сувэрэнітэт Беларусі як вынік уласных намаганьняў;
    2.	гэта чыстая выпадковасьць (гэткі сувэрэнітэт “з ружовай паласой на белым палатне”);
    3.	была на гэта Боская воля.
    Камусьці можа быць дастаткова любога з гэтых трох вытлумачэньняў, але мысьленьне ня можа быць імі задаволена. Хаця трэці варыянт аўтару цалкам сымпатычны, бо спазнаньне задумы Божай заўсёды было задачай, вартай разумовага напружаньня.
    Калі шахматысты пачынаюць партыю, мэтай кожнага зь іх зьяўляецца выйгрыш. Аднак гульня можа скончыцца патам.
    Пат не зьяўляецца мэтай на пачатку гульні, але можа быць ейным вынікам, можа быць найменшым злом для слабога шахматыста, і тым самым прынесыді яму радасьць. Гульня — ня дзейнасьць, яна адрозьніваецца ад дзейнасьці тым, што немагчыма прадказаць ейны вынік. (Тут я ня маю на ўвазе гульні, пра якія дамаўляюцца, а разглядаю гульню як такую.) Калі адрозьненьне гульні, дзейнасьці абазначыць больш выразна, дык можна сказаць, што ў якасці дзейнасьці мысьленьне разглядае тое, што мае толькі два фіналы: дасягненьне мэты альбо супадзеньне мэты, выніку, і недасягненьне, то бок памылка; а як гульню мысьленьне разглядае ўсе тыя праявы чалавечай актыўнасьці, якія маюць больш за два магчымыя вынікі.
    Пададзенае адрозьненьне гульні й дзейнасьці прымушае зьмясьціць гульню й дзейнасьць у розных сэгмэнтах мысьленьня. Дзейнаснае й гульнёвае апісаньне аднаго й таго ж фэномэну, аднак, не замяняюць і не адмняюць адно аднаго, але ў сьвеце чалавечага быцьця й антрапалягічных адносінаў яны заўсёды няпоўныя й недастатковыя адно без другога.
    Рэспубліка Беларусь аб’ектна й прадметна апісваецца ў тых жа самых схемах і панятках, што й Рэспубліка Польшча ці Літоўская Рэспубліка, але мы анічога не зразумеем пра рэальнае быцьцё Беларусі, калі ня будзем улічваць той факт, што Літоўская Рэспубліка — гэта посьпех, перамога, дасягненьне, выйгрыш летувісаў, а Рэспубліка Беларусь — няшчасьце, непажаданы вынік, пройгрыш у сьвядомасьці шмат якіх беларусаў. 3 тым, што пажадана, і з тым, што ёсьць цяжарам, людзі абыходзяцца зусім па-рознаму.
    ***
    Апісаньне аб’ектаў у антрапалягічнай або гульнёвай рэчаіснасьці мяняе сэнс і значэньне шмат якіх аспэктаў ды пытаньняў, якія могуць быць зададзены стасоўна аб’екту. Прыкладам, пытаньне “хто вінаваты” губляе сэнс адносна гульні, паколькі адказнасьць за гульню разьмеркавана паміж усімі ўдзельні-
    камі. Дзіўна было б, каб праціўнік не скарыстоўваў памылкі, пралікі партнэра й недастатковае веданьне ім правілаў. Суб’ектыўны фактар — веды, умельствы, тэхніка, здольнасьці — стаецца вызначальным у апісаньні фактаў, падзеяў і працэсу гульні.
    Аб’екты дзейнасьці й гульні адрозьніваюцца ад прыродных аб’ектаў інтэнцыяльнасьцю або папросту — намерамі. Бог і прырода вычварныя, але не зламысныя. Прыродныя аб’екты задаюцца й апісваюцца ў прыродазнаўчых навуках як незалежныя ад назіраньня й уласьцівасьцяў назіральніка. Аб’ектыўнасьць у гуманітарнай сфэры, аднак, патрабуе ўлучэньня суб’ектыўных адносінаў у карціну або схему аб’екту. Месца чалавека ў дзейнасьці задаецца пазыцыяй і нормамі дзейнасьці, якія фіксуюцца у аб’ектываваных формах як сапраўдныя для любога індывідуальнага дзеяча. Сама індывідуальнасьць як экзэмпліфікат выносіцца за дужкі, яна не апісваецца й не схематызуецца. Пра яе пытаюцца ў рамках самавызначэньня, але пры гэтым ня маецца на ўвазе, што адказ на пытаньне пра самавызначэньне можа й павінен быць дадзены ў аб’ектываванай форме. Кожная дзейнасная пазыцыя, вядомая ў культуры, характарызуецца пэўным наборам мэт, ведаў, якія належаць суб’ектывацыі сродкаў дзейнасьці. Разам з тым, пры навуковым стаўленьні да дзейнасьці даводзіцца рэгулярна сутыкацца з пазыцыямі, замацаванымі ў культуры, але не дасьледаванымі. Гэткае рэфлексійнае стаўленьне да дзейнасьці грунтуецца на тым, што рэфлексія аддзелена ад дзейнасьці, супрацьстаіць ёй і зьяўляецца той прасторай, у якой дзейнасьць аб’ектывуецца, стаецца тым, што можа трансьлявацца культурай. У пэўным сэнсе, такая аб’ектывацыя дзейнасьці атаесамляецца з дэсуб'ектывацыяй, што праяўляецца ў адчужэньні суб’ектнага ад суб’екту, з далейшай прадметызацыяй яго ў культурных эпістэмічных формах і нармаваньнем.
    Гульня патрабуе іншага стаўленьня. Рэфлексія ўплецена ў гульнёвы працэс як абавязковы элемэнт. Праз рэфлексію ў гульні адбываюцца ня толькі аб’ектывацыя й апрадмечваньне
    дзейнасьці, ейнае нармаваньне, але й камплексаваньне індывідуальных характарыстык дзейнасьці й дзеяча. Суб’ектыўнасьць у гульні задзейнічана напоўніцу, больш за тое, яна зьяўляецца ейнай умовай.
    Рэальнасьць гульні разгортваецца ў прасторы, якая мае як найменш тры вымярэньні:
    1.	Агульнае для ўдзельнікаў гульні поле або пляцдарм умоваў, дзеяньняў, хадоў і магчымасьцяў рэалізацыі мэт, установак,задач;
    2.	Карціна поля гульні або пляцдарму, апрычоная ў кожнага ўдзельніка;
    3.	Рэканструяваная кожным удзельнікам гульні карціна поля гульні або пляцдарму, якая ўяўна ці сапраўды ёсьць у наяўнасьці ў супраціўніка ці парнтэра.
    ***
    У свой час на “полі Эўропы” Сталін і Гітлер (Масква й Бэрлін) разыгралі складаную гульню паміж сабою. Іхная гульня скончылася падпісаньнем пратаколу — пакту Молатава-Рыбэнтропа. Каб іманэнтнае жыцьцё Эўропы не перашкаджала падвядзеньню вынікаў гульні, былі прадпрыняты адпаведныя хады (натуралізацыя мысьленчых рэдукцыяў): — у Літве, Латвіі й Эстоніі былі ўсталяваныя марыянэткавыя ўрады (марыянэткавыя — значыць пазбаўленыя суб’ектыўнасьці, магчымасьці выяўляць сваю індывідуальнасьць). Дваццаць год гэтыя тры народы напружана разважалі, і раптам, з інтэрвалам адзін дзень, улетку 1940 году добраахвотна ўвайшлі ў склад СССР; а наўзбоч “добраахвотнікаў” была зарганізавана свая гульня — у Польшчы, Заходняй Беларусі й на Заходняй Украіне забаранілі кампартыі, каб не было лішніх сьведак з анікому не патрэбнай суб’ектыўнай рэфлексіяй. Ну, а калі Армія Краёва ў Варшаве стала “псаваць гульню”, пачаўшы незаплянаванае ў Маскве й Бэрліне паўстаньне,— Савецкая Армія спыніла свой наступ, даўшы другому гульцу час, каб прывесьці ўсё ў адпаведнасьць са сцэнарам. Няма чаго “шахматным фігурам” умешвацца ў справы шахматыстаў!
    Аналягічныя дзеяньні былі прадпрыняты ў Мюнхене адносна Чэхаславаччыны й г.д. Але натуралізацыя мысьленчых рэдукцыяў магчымая толькі пры адной “маленькай” умове — пры адсутнасьці мысьленьня й саміх людзей зь іхнай суб’ектыўнай “зламыснасьцю”. Людзі могуць не пагадзіцца з правіламі гульні й, маючы “галаву на плячох”, могуць “сапсаваць усю гульню”. Менавіта таму ўлюбёным дэвізам павадыроў таталітарызму зьяўляецца максыма: “Няма чалавека, няма праблемы”. Няма чалавека — няма меры рэчаў, існых і няісных. Мара таталітарных гульцоў — краіна, населеная не людзьмі, а шрубкамі дзяржаўнай мэгамашыны. Тады вялікі гулец можа сказаць: “Я ведаю патрэбы й спадзяваньні свайго народу”.
    ***
    Дзеля апісаньня рэальнасці гульні й пабудовы новых гульнёвых стратэгіяў патрэбна онталёгія гульні. Патрабаваньні да такой онталёгіі, пры першым ужо набліжэньні, маюць на ўвазе, што яна павінна здымаць у сабе онталёгіі “незламысных” аб’ектаў прыроды й “наўмысных” культурна-дзейнасных аб’ектаў. У такой онталёгіі аб’екты прыроды, інтэнцыяльныя аб’екты рэальнасьці, знакі й сродкі дзейнасьці павінны быць ахоплены рэфлексіяй, дзе й адбываецца камплексаваньне розных інтэнцыяльнасьцяў. Апісваючы ўжо выкарыстаныя намі, як прыклад, шахматы, Карлаў і Гік зьвяртаюцца да ўзаемадапаўняльнага апісаньня — шахматы як навука, як мастацтва й як спорт. Стасоўна да нашай праблемы экзэмпліфікатаў мысьленьня й рэальнасьці, а таксама й сапраўднасьці іхнага існаваньня, нельга абысьціся толькі выдзяленьнем тыпаў і аб’ектаў мысьленьня (навука, мастацтва, спорт або гульня); неабходна яшчэ й канструяваньне рэальнасьцяў дзеля камплексаваньня й прапісваньня стасункаў паміж імі. Абмяжуемся тут толькі намінацыяй такой онталёгіі, як “Культурная палітыка”, якая мусіць задавацца з улікам вышэйпералічаных патрабаваньняў і абставінаў. У самым грубым набліжэньні панятак “культурнай палітыкі” павінен улучаць у сябе: