• Газеты, часопісы і г.д.
  • Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня

    Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


    Памер: 496с.
    Пецярбург 2003
    131.78 МБ
    насьці) прыроду. Робіцца відавочным, што ён утрымлівае ў сабе сэнсы й значэньні, прыўнесеныя ў яго кантэкстам ягонага стварэньня, якія былі “патопленыя” й неадрэфлексаваныя ў ім, але якія адразу ж выяўляюцца, як толькі тэкст патрапляе ў дэцэнтравальны да яго кантэкст іншай культуры. Апошні імкнецца замяніць непрымальныя для яго сэнсы й значэньні сваімі ўласнымі, што вядзе да значных трансфармацыяў першапачатковага тэксту. Напэўна, можна казаць нават пра тое, што мы пачынаем мець справу з істотна іншым у выніку ягоных зьменаў тэкстам (добрай ілюстрацыяй у гэтым сэньсе зьяўляецца паэтычны пераклад). Крэольства якраз і дазваляе заняць гэтую шуканую пазыцыю ўмоўна пэрыфэрыйнага чытача, зануранага ў іншасьць (не адразу рэфлексаванай як такая нават ім самім), што дазваляе выявіць іншае ў тэксьце “цэнтру”, выправіць ці замяніць яго сваім іншым-інакшым, утрымліваючы пры гэтым асноўны інварыянтны зьмест тэксту.
    4
    Зыходзячы з праробленага аналізу, паўстае два ўзаемазьвязаных пытаньні — чаму эўрапейскае мысьленьне доўгі час не выяўляла “свайго іншага/інакшага” й чаму апошняе апынулася даволі празрыстым для “староньняга вока”. Пошукі адказаў на іх, у сваю чаргу: 1) выяўляюць непарыўную сувязь паміж праблематыкамі кантэксту (кантэкстнасыді й кантэкстуальнасьці) і нацыянальнымі самаідэнтыфікацыямі мысьлярных і дзейсных суб’ектаў; 2) даюць магчымасьць зразумець крэольства як першасную (іншую/інакшую ў плашчыні зададзенай тоеснасьці “эўрапейскага цэнтру”), але недастатковую нацыянальна-культурную самаідэнтыфікацыю.
    Датычна першага пытаньня можна канстатаваць, што дыскурс новаэўрапейскага мысьленьня ад пачатку ствараўся як унівэрсальны ў сваёй “эўрапейскасьці”, саматоесны й непразрысты для Іншага (інакшага, непадобнага). Ён канстытуяваўся як адзіна магчымы ў сваёй самадастатковасьці. Усялякі іншы спосаб мысьленьня й рэфлексіі пазначаўся ад пачатку як “не-
    Крэольства і праблема нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі паўнавартасны”, як пэрыфэрыйны, ці маргінальны, “барбарызаваны”, у лепшым выпадку — як той, што рухаецца ў кірунку да эўрапейскага.
    Разглядаючы толькі антычную культуру й філязофію ў якасьці сваіх вытокаў і перадумоваў, Новы час успрымаў усе астатнія спосабы філязафаваньня як “пустыя”. Толькі за эўрапейскім чалавекам прызнавалася права на валоданьне нейкай усясьветна-ўнівэрсальнай місіяй, якую ён пакліканы зрэалізаваць. Апатэозам завершанасьці й рэпрэзэнтатыўнасьці гэтага кола ідэяў выступалі гегелевы філязофія гісторыі й гісторыя філязофіі. Ад пачатку й у большасьці выпадкаў Новаэўрапейскі дыскурс разгортваўся, зыходзячы з уяўленьня пра трансцэндэнтальна-ўнівэрсальны суб’ект, якому супрацьпастаўлены ня менш трансцэндэнтальна-ўнівэрсальлны аб’ект, здольны быць схопленым па правілах адзіна магчымай у сваёй унівэрсальнасьці працэдуры (пры ўсёй рознасьці разуменьня стратэгіяў яе рэалізацыі). “Чыстаму мысьленьню” й “чыстаму досьведу” (у іхнай рацыянальнасьці як умове “правільнасьці”) супрацьстаўляліся “прырода як такая” й “соцыюм як такі”.
    Пытаньне пра кантэкстуальнасьць як досьведу, так і мысьленьня, ужо ня кажучы пра “неўнівэрсальнасьць” рацыянальнасьці, не паўставала, ці яно ігнаравалася як няіснае. Калі ж гаворка пра кантэксты ўсё ж вялася, то яны асэнсоўваліся ў тэрмінах “абуральнага ўзьдзеяньня асяродзьдзя”, для мінімалізацыі якога неабходна ўводзіць своеасаблівыя “каэфіцыэнты папраўкі” ва ўмовах сфармуляванай у ідэальным выглядзе “задачы”.
    Разбурэньне гэтай канструкцыі. якая імкнулася да падтрыманьня сваёй цэльнасьці й самадастатковай тоеснасьці, было дасягнута новаэўрапейскай думкай зь вялікай цяжкасьцю й зацягнулася на доўгі час. Дэканструкцыя сталася адначасова й дэканструкцыяй (“сьмерцю”) самой клясычнай новаэўрапейскай філязофіі. Ня маючы магчымасьці разгледзець тут гэты працэс, адно толькі пазначым пункцірам ягоныя асноўныя вынікі.
    Радыкальны паварот “заходняга мысьленьня”, пазначаны фактам канстытуяваньня неклясычных тыпаў філязафаваньня, ажыцьцяўляўся за кошт апазыцыі да ўнівэрсалізму й засваеньня катэгорыяў “разрозьненьня” — “іншага”, “адрознага”, “інакшага”, “ідэнтычнага”, “аўтэнтычнага”, “сытуацыйнага”, “маргінальнага”, “прагматычнага” й да т.п. Фактычна ўвесь гэты катэгарыяльны шэраг так ці інакш зьвязаны з паняткам кантэксту, зразуметага, праўда, у розных тэрмінах — як “неўсьвядомленае”, “архетыпнае”, “паўсядзённае”, “чужое” й да т.п. Такім чынам, панятак кантэксту выявіўся “вірусным” для клясычных спосабаў мысьленьня й пабудовы дыскурсаў, зьнішчаючы іх знутры, хаця многія зь іх і спрабавалі захаваць сувязь з унівэрсальнасьцю “эўрапейскасьці” ейнымі атрыбутамі.
    Пасьлядоўна й па розных вэктарах дыскрэдытуючы “адзінамагчымасьць” і саматоеснасьць традыцыйных навуковых і філязафічных дыскурсаў, плюралізуючы сам панятак рацыянальнасьці й прывязваючы яго да культурнага грунту, эўрапейскае неклясычнае мысьленьне, тым ня менш, застаецца імпліцытна зьвязаным з унівэрсалісцкай устаноўкай. Яно намагаецца знаходзіць сваё “іншае” ўнутры самога сябе, узнаўляючы яго найперш з таго, што раней ім жа самім маргіналізавалася й што мела статус нязначнай кантэкстуальнасьці. Усё гэта азначае, што хаця кантэкст і пачынае заўважацца, ён усё ж застаецца схаваным за ўнівэрсальнасьцю, рэдка стаецца асноўным прадметам досьледаў і радыкалізуецца перш за ўсё як іншая цывілізацыйная ўнівэрсальнасьць.
    5
    Неактуалізаванасьць праблематыкі кантэкстуальнасьці зьвязана, на наш погляд, са станаўленьнем эўрапейскага ўнівэрсалізму найперш у рэгіёнах, якія сталіся наўпроставымі спадкаемцамі “пасьлядоўных” вэрсіяў рыма-антычнага, католіка-хрысьціянскага, рэнэсанснага, контррэфармацыйнага, асьветніцкага ўнівэрсалізмаў, што забясьпечыла, апрача ўсяго,
    Крэольства і праблема нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі і адносную “натуральнасьць” этнакультурных самаідэнтыфікацый, у якіх уласна нацыянальныя кантэксты наўпрост зьвязваліся з унівэрсальнымі, і з гэтай прычыны слаба рэфлексаваліся (брытанскае, напрыклад, лічылася ледзь не сынонімам унівэрсальнага й узорнага, і наадварот — унівэрсальнае наўрад ці магло быць “небрытанскім”). Пры гэтым вялася няспынная барацьба паміж дзяржавамі сьвету за права рэпрэзэнтаваць эўрапейскі“цэнтар”.
    Цалкам адметны выпадак уяўляюць зь сябе тыя інтэлектуальныя традыцыі, што былі “далучаны” да ўнівэрсальнасьці, але ніколі сутнасна не належалі да “ейнага абшару”, бо былі створаны ў зусім іншых (інакшых) соцыякультурных і гістарычных кантэкстах, хаця ўвесь час і знаходзіліся ў зоне ўплыву цэнтру. Гэта непазьбежна рабіла кантэкст (кантэкстнасьць і кантэкстуальнасьць) праблемай іхнай уласнай рэфлексіі. Патрапленьне праблематыкі кантэксту (менавіта як інакшага, а ня проста іншага) у цэнтар увагі й ператварэньне яго ў асноўнае “месца прыкладаньня намаганьняў” прынцыпова расколвае нацыянальную культурную традыцыю й прадукаваныя ёю нацыянальныя самаідэнтыфікацыі. У такой традыцыі зьяўляюцца ўмоўныя “заходнікі”, якія, усьведамляючы інакшасьць уласных кантэкстаў, бачаць у іх крыніцу пэрыядычнай “пэрыфэрыізацыі” й/ці “маргіналізацыі”. Адсюль паўстае стратэгія вынішчэньня адметнасьцяў, арыентацыя на па-за кантэкстныя ўзоры. Але ў той жа культурнай традыцыі зьяўляюцца й умоўныя “почвенннкн”, якія менавіта ў інакшасьці бачаць падставу для арыгінальнасьці прадукаваных рэфлексій, крэатыўнага патэнцыялу ўласнай культуры. На поўную моцу гэтая дылема выяўляе сябе ў выпадках узмацненьня “экспансіянізму” культуры, што прэтэндуе на якую-кольвечы ўсясьветную місію.
    У аспэкце іншага-інакшага кантэксту цікавай выглядае й праблематыка нацыянальнага самавызначэньня народаў, якія страцілі ці ня мелі сваёй дзяржаўнасьці. Працэс іхнай самаідэнтыфікацыі адбываўся ў межах шматэтнічных дзяржаваў ці імпэрыяў, і таму ў арэал “эўрапейскасьці” яны патраплялі
    толькі “прасторава”. У гэтым выпадку паўставаў свой (яшчэ адзін) “цэнтар”, які пачынаў манапалізаваць права на рэпрэзэнтацыю ўнівэрсальнага, навязваючы тым самым пэўную мадэль культурнай і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі “безьдзяржаўнаму” народу-насельніцтву. Стратэгіям уніфікацыі-атаясамленьня супрацьстаялі тут самавытворныя іншакантэкстуальнасьці, унутры якіх іх культуртрэгеры ўвесь час зьвярталіся да рэканструкцыі-адраджэньня й канструяваньнявынаходніцтва новых ідэнтыфікацый. У падобных абставінах у “цэнтру” заўсёды ўзьнікалі сумневы адносна філязофскай ці навуковай “сапраўднасьці” прадукаваных тут дыскурсаў і тэкстаў.
    Асобнага аналізу заслугоўваюць стратэгіі, з дапамогаю якіх “цэнтар” намагаецца “разабрацца” з праблематыкай кантэкстуальнасьці. Найперш гаворка мусіць ісьці пра розныя вэрсіі “падаўленьня”, якія спалучаюць у сабе як адкрытыя “рэпрэсіі”, так і правакаваньне “жаданьня”, у тым ліку й праз забесьпячэньне “магчымасьці” патрапіць у “сучаснасьць”. Аднымі з найбольш эфэктыўных былі стратэгіі рэалізацыі канцэпту “адзінага народу”, які канстытуецца на падставе ідэі свабоды грамадзянскасьці, а не па “крыві”. Найбольш яркі прыклад — стварэньне францускай нацыі. Іншы тып стратэгій — дэнацыяналізацыя нацыянальных меншасьцяў, прычым, зусім не абавязкова шляхам непасрэднага задушэньня. Больш дзейснымі былі разнастайныявэрсіі “...фікацыі”, у прыватнасьці, “русыфікацыя” ў Расейскай імпэрыі, якая, не цураючыся наўпроставага гвалту (задушэньне нацыянальна-вызвольных рухаў), адбывалася праз сыстэму школьнае адукацыі й стварэньне ляяльнай да “цэнтру” нацыянальнай адміністрацыі. Па сутнасьці, ейнай мэтай была “зваротная крэалізацыя” “ннородцев” (хаця тыя ж беларусы і украінцы разглядаліся хутчэй як крэолы, чым “ннородцы”).
    Паказальны прыклад і Францыі, дзе антыльскім мулатам і нэграм была прапанаваная ідэнтыфікацыя “французаў” ці “нэграў францускай нацыянальнасьці”, а іхныя краіны былі
    Крэольства і праблема нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі юрыдычна вызначаны як “заморскія дэпартамэнты”. Мясцовым культурным элітам (якія далей будуць разглядацца як “кантэкстныя эліты”) даволі рэдка ўдаецца дасягнуць кампрамісу з “захавальнікам унівэрсальнасьці”, а тым самым легалізаваць, легітымаваць і, па магчымасьці, так ці інакш упісаць свой кантэкст ува ўнівэрсальнасьць. Удалы тут прыклад вэнграў у імпэрыі Габзбургаў, якая нават стала называцца АўстраВэнгерскай імпэрыяй. Асаблівы выпадак — “саветызацыя”, якая, разам зь ейным лёзунгам аб “праве нацый на самавызначэньне”, яшчэ не прааналізавана належным чынам у разгляданым аспэкце. Прыведзеныя прыклады, разам з тым, указваюць і на “палавіннасьць”, а значыць і прынцыповую слабасьць гэтых стратэгій, што пазьней выяўлялася ў замене відавочнага дамінаваньня на латэнтнае, якое ўрэшце сталася прычынай распаду імпэрскіх утварэньняў.