Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі
Том 1. Кніга 2
Памер: 851с.
Мінск, Нью Йорк, Вільня, Прага 1998
7) Што да ініцыятывы, дык мне здаецца так, што калі яны вінны (а гэта-ж пеўна так) і шкодзяць крывіцкай справе (і гэта пеўня так сама так) і вы проці іх выступіце адкрыта, проста й будзеце вініць іх гэтулькі, на колькі яны вінны, дык усё будзе ў парадку і Вы гэтым споўніце сваю павіннасьць. Мне здаецца, што гэта было-б добра тым, што разьясьнілася-б усім справа і ачысьцілася-б паветра. Гэткае маўчаньне, якое было дагэтуль, балей дэмаралізуе грамадзянства, як усялякія галасьлівыя справы.
8) Радзіў-бы Вашэці, калі ня можаце супачыць тры месяцы, дык хоць месяц. Пераз сілу нічога ня зробіце.
9) «Крывіч» вельмі ўсім падабаецца.
10) Пры здарэньні калі ласка даведайцеся, якая ё літоўская драма, якую варта было перакласьці на крывіцкую мову. Важна каб яна ня была абмежана літоўскай, але мела значэньне агульналюдзкое а тым самым была-б карысна і ў нашай літэратуры. Тут ё дзяцюкі, што ўмеюць па-крывіцку й літоўску й маюць ахвоту перакласьці.
11) Калі-б у Вашэці пыталіся з Прагі, ці дастаю я гонорар за свае стацьці ў «Крывічы», дык не кажэце, што дастаю, бо мне гэтулькі не дадалі-б з Камітэту, пераз які дастаём падмогу.
12) Колькі мне належыца гонорару за стацьці ў №8 (апошнім) «Крывіча»?
13) Гэта мне ведаць ня так сьпешна, але вельмі сьпешна патрабую ведаць, колькі належыцца гонорару за надрукаваньня некалькі бачынаў транскрыпцыі з «Аль-Кітабу», каб я мог перадаць грошы транскрыбавацелцы, a то маё прыкрае палажэньне.
14) У Украінскім Пэдагогічным Інстытуце ў Празе мае ў скорым часе выкладацца крывіцкая мова. Як ведама ў нас гатовых прафэсароў на гэтае месца няма, дык прыдзецца здаволіца людзьмі бяз тытулаў і меней прыгатаванымі, проста кажучы студэнтамі, якія сёлета канчаюць. Канчаюць-жа сёлета толькі два: я і Дварчанін. Вы Дварчаніна знаеце. Быў-бы скандал, калі-б ён быў назначаны чытаць крывіцкую мову. А гэта можа стацца, бо украінцы у нашых справах не разьбіраюцца, а каб ня браць на сябе адказнасьці, гатовы будуць прыняць таго, каго запра[па]нуе «урад» ці інакш «Бел. рада ў Празе». Дык вось да Вашэці просьба, каб Ваша запрапанаваў мяне. Мне здаецца, што гэта найляпей было-б зрабіць гэтак: На імя рэктара Белецкага прыслаць Украінскаму Пэдагогічнаму Інстытуту імені Міхайла Драгоманова падзяку за тое, што яны стараюцца ўвесьці выкладаньне ў сябе крывіцкае мовы і адначасна запрапанаваць маю кандыдатуру, як чалавека, які яшчэ да паступленьня ў унівэрсытэт выкладаў крывіцкую мову ў гімназіі і на вучыцельскіх курсах і які цяпер таксама піша стацьці ў журналах аб крывіцкай мове. Шмат не хвалеце, бо студэнта шмат хваліць не выпадае. Помнеце, што я Вашэці казаў сёлета ўвосень у Празе, чаму Дварчанін пайшоў падзержаваць Крачэўскага. Я тады вычуў добра*.
Адрэс Інстытуту:
Praha, Smlchov, Malatova ul. c.19
Ukrajinsky Ustav Pedagogickў.
15) A «царкве» i «панэ» другім разам.
3 шчырым паважаньнем
ЯСт...
* Думаю, што ня шкодзіла-б, каб Ваша ў гэтай справе напісаў лісты да сваіх знаёмых украінцаў у Празе, асабліва Шапавала й Лазінскага.
582.1.48:264&г-267&г
1 Крывіч. №2(8). Красавік-сьнежань 1924.
3657. Ліст Паўліны Мядзёлкі (Дзьвінск) Вацлаву і Станіславе Ластоўскім (Коўна) за 2.02.1925
Даражэнькія Пане Вацлаве і Стаха!
«Jestem wolny!» — казаў той Заглоба. Вось і я цяпер «wolna jestem» і маю час пісаць усім сваім знаёмым і прыяцелям. Хацелася-б апісаць Вам увесь шлях нашай працы з узростам, расцьветам і упадкам, з яе радасьцямі і прыкрасьцямі, але — няма сіл... Душа так змучана перажываньнямі апошніх часаў, што адна думка аб школе, якую мы стварылі і паднялі на належную выжыню і якая цяпер руйнуецца подлымі рукамі, — можа зьвясьці з розуму. Хочацца аб усім забыцца, хоць на якісь час адпачыць. Шчыра заздрошчу цяпер Кастусю — ён ня бачыць, ня чуе усей тэй подласьці і ўсяго жаху, сярод якога мы цяпер жывем. Трудна усё перадаць у пісьме. Хацелася-б пабачыцца з Вамі і пагутарыць.
Пане Вацлаве! Прыяжджайце у Дзьвінск на наш працэс! Паслухаеце, пабачыце самі, паталкуем...
Дзякуючы зьмене палітыкі латышоў у адносінах да беларускай меншасьці, не чакаючы вынікаў суду, Краскоўскага і мяне звольнілі ад вучыцельства. Краскоўскага будзе замяняць Сахараў, а мяне — Красьневіч, — абодва ня ўмеюць добра гаварыць і пісаць пабеларуску, не гаворачы ўжо аб тым, што аб літэратуры і наагул аб беларусазнаўстве паняцьця ня маюць.
Ну, Бог з імі — ня буду іх лаяць.
Адным словам — мы цяпер «адпачываем» у хаце, а пасьля суду, магчыма, будзем адпачываць на казённым «курорце». Аднак я не хачу марна час траціць і бяруся за пёрка. Сваіх твораў я баюся людзям паказваць — хай адляжацца; прывадзіць у сыстэматычны парадак сваю стылістыку і хрыстаматыю да яе — цяпер абсалютна не магу — мазгаўніца адказваецца працаваць, — а дзеля гэтага выбрала сабе найбольш лёгкую для сучаснага стану духовага работу — пераклады. I вось у гэтым пытаньні хачу з Вамі параіцца — што найбольш пільна трэба перакладаць?
Пачала перакладаць Тальбот’а «Старшыні вільбайскай школы» — дужа добрая рэч для моладзі (пераклад гэтага твору ёсьць і на украінскай мове, хоць яго ня бачыла).
Калісь атрымала дар за прачытаную у Краслаўцы лекцыю — усе 4 томы Баршчэўскага «Szlachcic Zawalnia». Брат, Зыгмусь, азяўся рабіць поўны пераклад. Ужо I том пераложаны. Але ці патрэбна гэта? Ці нойдзецца выдавец на гэты рэчы? Пытаньне аб патрэбных у сучасны момант перакладах для мяне, да пэўнай меры, зьяўляецца пытаньнем куска хлеба. 3 таго, што мне належыць атрымаць з гімназіі — месяц перажывем удваіх, а што будзе далей — баюся і думаць. У бядзе-горы кожны з нас быў — да гэтага не прывыкаць, неяк-жа ды перажывем — мо’ і не замром з голаду, але вось горшая бяда тая, што цяпер ня зможам аплаціць абаронцаў. У свой час на нашу нацыянальную групу (Кастусь, Краскоўскі, Якубецкі, Пігулеўскі і я) азялі 4Х адвакатаў — што будзе каштаваць каля 300.000 лат. руб. За абарону аднаго Кастуся запрасіў Гольцман 50 тысяч. Гольцман — быўшы мініст юстыцыі. Нас бароняць Шаблоўскі (прыяцель Тадэуша Врублеўскага) Шмідт і Будоўскі. Апрача Будоўскага — усе Рыжскія — таму і дарагія. На сколькі нам перадавалі тутэйшыя судзьдзі загадзя вырашылі нас засудзіць — а ўжо у другой інстанцыі, у
Судовай Палаце, мы пэўны у нашым апраўданьні, але на ўсё гэта патрэбна энэргічная і добрая абарона. Пасядзець якісь час у вастрозе для мяне асабіста ня страх — больш гонару, адпачынак і можна у спакойнай цішы што і напісаць — хацябы свае успаміны, але правал наш на судзе — гэта правал беларускай справы у Латвіі. Тое, што карысна часам у Заходняй, ці Ўсходняй Беларусі — у Латвіі шкодна. Сяляне ужо напалоханы, а як нас не апраўдаюць — то і зусім перастануць пасылаць дзяцей у беларускія школы. I дзеля гэтага трэба ратаваць не нас, як такавых, а справу. Як мы мелі пасады — можна было пазычыць гдзе на абаронцаў — з часам выплацілі-б, а цяпер?.. Кастусь сядзіць, мы бяз службы... Якубецкі і Пігулеўскі і самі на службе ды і жонкі іх добра зарабляюць — яны змогуць сваю долю аплаціць, а мы?.. На добры лад павінен быў-бы Цьвік пастарацца для нас грошы, бо-ж праз яго уся каша у нас заварылася, але... на яго слабая надзея.
Пане Вацлаве! Памазгуйце крыху — дапамажэце нам абараніць нашу справу ад нягоднай напасьці, якая фабрыкуецца у варшаве. Чакаем Вашай дапамогі...
А цяпер перадаю просьбу Кастуся да Стахі: 1) просіць прыслаць слоўнік Власта (можо ўжо і мне ў гэтым не адмовіце). 2) У архіве Міністэрства Бел. Спраў найці і зьняць копію (яе неабходна пасьведчыць) паперы, пры якой Міністр Семашка і кіраўнік канцэлярыі Шэпф, у 1921 годзе, у студні, ці то ў лютым, выдалі Езавітаву са складу Міністэрства кнігі для прадажы. Напісаў-бы ён і сам, але можа адправіць толькі адно пісьмо у тыдзень. Была я на бачаньні адзін раз. Выглядае ня надта каб кепска, даволі бодры. Толькі схапіў рэўматызму, а цяпер забалелі вочы — ня можа чытаць. Перадавалі мне, што у прокуратуры знаходзіцца пісьмо да Кастуся з Прагі ад нейкай студэнткі вельмі інтымнага і пікантнага зьместу — здагадываюся, што гэта ад П.Б<адуновай>. Хоць-бы тут не сьмяшыла сябе і яго!
Пасьля суду Краскоўскі, калі апраўдаюць, паедзе мабыць у Прагу — яму прапануюць катэдру пры Укр. Пэд. Інст. а што мне рабіць? У Прагу мяне толькі нядоля загоне — ня хочу лезьці у гэта эмігранцкае балота, a пры тым... баюся быць там лішняй. Пачынаю думаць аб Івану Іван-чу1 — успамінаючы Бэрлінскую працу. Што Вы на гэта? Ці ў яго інтарэсе нойдзецца мне мейсца2?
Цісну руку пана Вацлава і сэрдэчна цалую Стаху Ваша Паўлінка
582.1.48:244&г-245&г
1 Іван Цьвікевіч. 2 Ад траўня 1923 году Іван Цьвікевіч працаваў у Белдзяржвыдавецтве ў Менску.
3658. Ліст Вацлава Ластоўскага (Коўна) Ігнасу Янінасу (Коўна) за 4.02.1925
Вельміпаважаны Пане Іонінас.
Згодна Вашаму зычэньню аб рукапісу «Гісторыі крыўскай (беларускай) кнігі» падаю ніжэйпісанае:
1. Рукапіс які абыймае 2.000 пісаных страніц паўстаў дзякуючы доўгалетняму зьбіраньню матэрьялаў і мазольнай працы.
2. Акром накладу працы я меў выдаткі грашовыя на літэратуру.
3. Калі я абыймаў выдавецтва пры Міністэрстве Беларускіх Спраў Вамі было зазначана, што: «хоць пэнсія невялікая, але папоўніцца гонорарамі за апрацаваныя кнігі».
4. Калі Вы выплачывалі гонорар за пераклады (Івану Цьвікевічу за кепскі пераклад 102 пісаных страніц «Анатоміі» заплочана 500 літаў), то арыгінальны твор тым больш заслужывае аплаты паложанай на яго працы.
Разумеецца калі Вы прыйшлі да пераконаньня, што: «беларуская справа цяпер не актуальная», ці мо, што «лепей перанясьці выдавецтва у Вільню», то зацісканьне магчымасьці працаваць зразумела: непатрэбных людзей ставяць у такія варункі каб яны чулі што іх трымаюць не за працу, а з ласкі. Гэткае маё ўражаньне з апошніх часаў пачынаючы ад ігры з ліквідаціяй банды Цьвікевіча, справай Беларуска-Літоўскага Таварыства, пытаньнем кватэры і падзеямі апошніх дзён, якімі я пастаўлен ў такія варункі, што павінен адмовіцца ад дарагой мне працы.
Прыміце запэўненьне ў праўдзівай пашане
В.Ластоўскі
4.II. 1925 г.
582.1.48: 168&г
3659. Ліст Вацлава Ластоўскага (Коўна) Ігнасу Янінасу (Коўна) за 4.02.1925
Вельміпаважаны Пане Іонінас.
Згодна учарашняй нашай размове даю ніжэйпісаныя аргуманты ў карысьць слушнасьці аплаты гонорару за «Гісторыю крыўскай (беларускай) кнігі».: