Беларуская фалькларыстыка
Пытанні збірання і вывучэння вусных народных твораў
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 104с.
Мінск 1980
I аднойчы пісьмо на радзіму ён закончыў такімі словамі:
Бывайце здаровы, Жывіце багата, А я ўжо прыехаў Дадому, дахаты.
У вашым калгасе Шырокае поле, Няхай жа на шчасце Цвіце ваша доля.
Назаўтра ён адчуў, што не выказаўся да канца і сеў за пісьмовы стол. Радкі, даўно вынашаныя і абдуманыя, таропка клаліся на паперу:
Каб дружнай работаю
Вашай брыгады Усе ганарыліся, Усе былі рады.
Каб вы падрасталі Ад года да года, Каб вам і пашана Была ад народа.
Жадаем яшчэ вам Прыбытку у хаце, Hi мала, ні многа — Штогод па дзіцяці.
He будзе вам крыўды Яшчэ і за тое, Калі пашанцуе На год і па двое.
Першай песню сына заспявала маці Марыля Ігнатаўна (а яна была выдатнай спявачкай з добрым слыхам і прыгожым голасам) на вядомы вясельны матыў, потым суседзі, пасля ўся вёска, а там і ўсё наваколле.
Песня пайшла ў свет. Пра папулярнасць яе пісалася ў перыядычным друку.
На чарговых вакацыях у роднай вёсцы Адам Русак напаткаў свайго земляка і сябра маладога паэта Анатоля Астрэйку, які прапанаваў яму даць што-небудзь для газеты «Літаратура і мастацтва», дзе працаваў адказным сакратаром. Русак паказаў свой апошні верш «Бывайце здаровы».
Вопытнаму воку паэта і журналіста дастаткова было беглага знаёмства, каб ацаніць вартасць літаратурнага твора. Дачытаўшы тут жа апошні радок рукапісу, ён сказаў: «Я хачу цябе павіншаваць, Адам! Ты можаш пісаць вершы. Атрымалася неблагая рэч. Праўда, даўгаватая. Калі скараціць, тое-сёе паправіць, можна друкаваць. Дазваляеш — забяру з сабой у Мінск. Спадзяюся, што надрукаваннем яе ты зробіш сур’ёзную заяўку ў літаратуры».
Верш галоўнаму рэдактару газеты «Літаратура і мастацтва» I. Д. Гурскаму, як расказаў нам А. Астрэйка, спадабаўся, але форма і змест твора, фальклорна-песенны пачатак «Бывайце здаровы, жывіце багата» насцярожылі рэдактара:
— Ведаеш аўтара?
—Ведаю,— адказаў Астрэйка.
—А мне здаецца, ціто' гэта сучасны фальклор. I ён нагадвае вясельныя прыпеўкі. Я гатоў выкарыстаць
гэту песню ў сваёй новай п’есе ппа с.ённяшнюю rpckv. Між іншым, там спраўляюць вяселле. Хацелася б бліжэй пазнаёміцца з аўтарам. Адносна публікацыі падумаем.
He ведаў рэдактар, што Адам Русак свой хлеб пачаў зарабляць з васьмі гадоў ігрой на скрыпачцы. Бацька яго, Герасім Сямёнавіч, быў таленавіты музыка, без якога не праходзіла ніводнае ігрышча ў вёсцы і ьаколіцах. Калі падрос старэйшы сын Адась, бацька пачаў браць у памочнікі і яго. А там неўзабаве сур’ёзным музыкам стаў і другі сын —Кастусь. Ігралі хто на скрыпцы, хто на жалейцы, хто на дудзе, хто на бубне. Слава сямейнага музычнага трыо Русакоў грымела далёка за вёскай Пясочнае. Колькі вяселляў, хрысцін, а падчас і хаўтур сыгралі Русакі! Пра гэту сям’ю нават гаварылі, як прыгадваў А. Астрэйка, што яна больш іграла, чым працавала, бо ў той час музыка на вёсцы не лічылася за працу. Кажуць, што на Капыльшчыне хадзіла нават такая прымаўка: «Няма цыганкоў — няма і вяселля».
Русакоў у вёсцы называлі цыганкамі за вясёлы нораў, за тое, што яны больш за ўсё на свеце любілі музыку, песні і танцы, што па знешнасці дужа ж нагадвалі цыганоў — смуглявыя, чорнавалосыя, тэмпераментныя. I гэта не выпадкова: па гнасеалагічнай лініі ў русакоўскім родзе сапраўды цячэ цыганская кроў. Дзед А. Русака, Сямён, былы салдат царскай арміі, пасля доўгай службы вярнуўся дамоў. Аднойчы, калі ён, самотны, думаў над тым, з чаго пачынаць бедалажнае жыццё хлебароба, у хату заглянула маладая прыгожая цыганка. Яна папрасіла ў салдата паваражыць на руку і сказаць шчырую праўду, дзе яго чакае шчасце. Зачараваны прыгажосцю цыганкі, салдат не адпусціў яе рукі. Яна стала яго жонкай, нарадзіўшы беларускаму хлопцу чатырох сыноў, такіх жа смуглявых, прыгожых і вясёлых, як сама.
Звяртаючыся да часоў дзяцінства і маладосці, значна пазней у адным з аўтабіяграфічных вершаў Адам Русак не без гумару скажа:
Без мяне сумуюць госці, I ўсё гэта нездарма, Бо ў вяселлі весялосці Без мяне нідзе няма.
Для Адама Русака гэты хатні аркестр стаў школай, якая выявіла ў хлопчыку музычныя здольнасці і канчаткова вызначыла яго далейшы лёс. Бацькава скрыпка вывела Адама Русака на шлях прафесійнай музыкі, а матчыны песні навечна зраднілі з паэтычным словам. 3 часоў дзяцінства і па сённяшні дзень для Адама Герасімавіча самым любімым творам застаецца «Капыльская вясельная полька», якую і цяпер пры нагодзе ён выконвае са сваёй дачкой Наташай з тым жа трапяткім хваляваннем і замілаваннем, як і ў далёкім юнацтве. Самае галоўнае, што вынес вандроўны вясковы хлапчук-музыка са свайго рана пасталелага дзяцінства, якое праходзіла ў штодзённых клопатах і працы,— гэта глыбокае пазнанне народнага жыцця, звычаяў, абрадаў і песень, якія для яго паэтычнай музы сталі крыніцай натхнення, мудрасці і хараства.
Праз 40 гадоў А. Астрэйка ў артыкуле, прысвечаным 70-гадоваму юбілею паэта, скажа, што песня «Бывайце здаровы» «не магла б нарадзіцца, калі б аўтар яе не бываў на вясковых вяселлях, калі б не любіў фальклор, калі б не шанаваў яго, не запісваў, не збіраў у свае маладыя гады, будучы вандроўным вясковым музыкантам».
Аднак як жа здарылася, што аўтарскі твор стаў ананімным? Паводле версіі, расказанай нам А. Астрэйкам, адбылося гэта так. Летам 1937 г. у рэдакцыю газеты «Літаратура і мастацтва» зайшоў госць з Масквы вядомы вучоны-філолаг А. Лежнеў. Ен сказаў, што прыехаў у Беларусь з мэтай выяўлення сучаснага фальклору для зборніка «Творчасць народаў СССР». Прагледзеўшы падшыўку газеты, Лежнеў пажадаў пазнаёміцца з неапублікаванымі матэрыяламі. Сярод адабраных ім беларускіх народных песень аказалася і «Бывайце здаровы», якую ён назваў сапраўднай жамчужынай сучаснай песнятворчасці. Відаць, тут і адыграла рашаючую ролю думка галоўнага рэдактара газеты I. Д. Гурскага аб магчымым фальклорным паходжанні песні. «Што ж, высвятляйце аўтарства,— расстаючыся, сказаў прафесар.— Можа, у вас з’явіўся свой Джамбул Джабаеў ці Сулейман Стальскі? Але «Бывайце здаровы» мы надрукуем абавязкова. Дарэчы, мы падаём некаторыя песні савецкіх паэтаў, такія, як «Песня о Роднне», «Проводы», «Полюшко», «По долннам н по
взгорьям», «Каховка» і інш., якія сталі надзвычай папулярнымі ў народзе, фалькларызаваліся. Гэты ж твор, мне здаецца, ва ўсіх выпадках з годнасцю прадставіць беларускі народ».
Цяпер можна сабе ўявіць, з якім пачуццём сустрэўся А. Русак са сваім творам, неспадзявана для яго надрукаваным у 1937 г. у навагоднім нумары газеты «Правда» на першай старонцы. Пачуццё было, зразумела, радаснае і ў той жа час засмучанае: з каментарыяў вынікала, што А. Русак не з’яўляецца аўтарам напісанага ім тэксту.
Але іменна гэту дату трэба і лічыць другім днём нараджэння песні. Твор адразу ж заўважылі кампазітары. Мастацкі кіраўнік выдатнага хору імя Пятніцкага кампазітар У. Р. Захараў неўзабаве напісаў музыку на гэты тэкст. Песня ў харавым выкананні загучала ў канцэртных залах і па радыё, з’явілася ў запісах на грампласцінках. Аднак сапраўдную славу вершу А. Русака прынесла мелодыя кампазітара I. Любана, якая і зрабіла «Бывайце здаровы» беларускай музычнай класікай.
Выступаючы на юбілейным вечары, прысвечаным 70-годдзю з дня нараджэння А. Русака, народны артыст СССР Р. Р. Шырма сказаў, што ўдалай музыкай песні «Бывайце здаровы» кампазітар I. Любан абавязан паэту А. Русаку, бо русакоўскі верш сам па сабе глыбока музычны, напеўны і лірычны, і кампазітару за* стаецца адчуць, улавіць унутраную мелодыю твора. «Між яго вершаваных радкоў,—■ сцвярджае другі ваш выдатны знаўца беларускай песні народны артыст СССР Г. I. Цітовіч,— нябачна прысутнічаюць лініі нотнага стану, на якім уяўляецца ключ, лад, контуры напеву».
Пра напісанне музыкі на тэкст «Бывайце здаровы» ходзяць цэлыя легенды. Адна з такіх легенд змешчана ў кнізе А. Лес «Другая стыхія»: «Аднойчы ў Ленінградзе А. Русак сустрэўся са сваім сябрам, з якім некалі вучыўся разам у Мінскім музычным тэхнікуме, кампазітарам I. Любанам. Любан падзяліўся творчымі планамі і прызнаўся, што не можа знайсці патрэбнага тэксту для завяршэння лірычнай нізкі песень аб сённяшняй Беларусі. Хацелася б,— працягваў кампазітар,— каб песня была радаснай, светлай, вясёлай.
Верш «Бывайце здаровы» А. Русака і быў такім тэкстам, які так доўга і настойліва шукаў I. Любан.
Шчырасць, задушэўнасць і гумар твора захапілі кампазітара, і ён стаў працаваць над песняй з натхненнем і адказнасцю.
Настаўнік Любана па кансерваторыі, старэйшы кампазітар, азнаёміўшыся з новай песняй, не ўхваліў яе. Назваў няўдалай. Любан паверыў свайму настаўніку і рукапіс знішчыў.
Неяк у Мінску для дэлегатаў рэспубліканскага партыйнага з’езда давалі канцэрт. Вядучы аб’явіў;
— Песню Любана «Бывайце здаровы, жывіце багата» выконвае Ларыса Пампееўна Александроўская.
— Што гэта?..— здзівіўся Любан, які знаходзіўся сярод прысутных.— Ці не здалося?
А выдатная спявачка, якую сустрэлі бурнымі воплескамі, ужо стаяла на сцэне. Песня, як сведчаць сучаснікі, была ўспрынята залай з велізарным задавальненнем. У антракце кампазітара віншавалі, паціскалі рукі, а ён ніяк не мог уявіць, што здарылася з песняй, ноты якой ён знішчыў» 9.
Паводле слоў Леса, Л. Александроўская, тады салістка Беларускага дзяржаўнага опернага тэатра, неяк зайшла да I. Любана ў госці. Яна ведала пра няўдачы кампазітара з новай песняй. А трапіўшы ў яго рабочы кабінет і заўважыўшы на раялі чарнавік забракаванай песні, адважылася ўзяць яе без дазволу аўтара і развучыць. Ларыса Пампееўна, вопытная спявачка, глянуўшы на ноты, адчула, што песня будзе жыць.
Тая ж легенда, толькі ў больш пашыраным варыянце паўторана П. Шаўцовым у газеце «Літаратура і мастацтва» (1975, № 32).
Гэта гісторыя нам здалася нейкім займальным эпізодам з дэтэктыўнага твора, і мы вырашылі праверыць, наколькі легенда адпавядае сапраўднасці, і сустрэліся з Александроўскай.
3 болем і абурэннем гаварыла артыстка пра гэту публікацыю, назваўшы яе грубай выдумкай, разлічанай на давер прастакоў, падкіх да любой сенсацыі. Яна сказала, што I. Любан сапраўды быў яе добрым сябрам, але ў яго кватэры яна ніколі не была і ніко-
9 Лесс А. Вторая стнхня.— М., 1969, с. 96.
лі без дазволу, цішком, як гэта пішуць у друку, не брала ніякіх нот. Нотны чыставік песні «Бывайце здаровы» ёй перадаў асабіста кампазітар і папрасіў азнаёміцца з яго новым творам. Ларысе Пампееўне песня спадабалася, і яна хутка яе развучыла. Так, сапраўды ўпершыню песня прагучала 15 чэрвеня 1937 г. у выкананні Александроўскай на канцэрце, дадзеным дэлегатам з’езда Кампартыі Беларусі, які ўрачыста праходзіў у Мінску. Аднак для I. Любана песня «Бывайце здаровы» не магла зваліцца як снег на галаву: спявачцы на сцэне акампаніраваў сам аўтар музыкі. А перад пачаткам выступлення песню выканалі ў асобным пакоі адказнага за канцэрт, каб атрымаць дазвол на ўключэнне твора ў праграму.