• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларуская фалькларыстыка Пытанні збірання і вывучэння вусных народных твораў

    Беларуская фалькларыстыка

    Пытанні збірання і вывучэння вусных народных твораў

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 104с.
    Мінск 1980
    24.59 МБ
    Беларускія народныя песні выдадзены ўжо ў 12-ці кнігах. 3 іх каляндарна-абрадавай паэзіі прысвечаны тры тамы: «Зімовыя песні» (1975; укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступныя артыкулы і каментарыі A. I. Гурскага і 3. ЯМажэйкі), «Веснавыя песні» (1979; склад. Г. А. Барташэвіч, Л. М. Салавей, В. I. Ялатаў), «Валачобныя песні» (1980; складальнікі тыя ж) і «Жніўныя песні» (1974; склад. A. С. Ліс і В. I. Ялатаў). У кожным з гэтых тамоў упершыню навукова сістэматызуюцца песні пэўных відаў беларускага земляробчага календара з грунтоўным аналізам іх ідэйна-мастацкага зместу і характарыстыкай напеваў. Да значнай часткі тэкстаў даюцца нотныя прыклады.
    3 сямейна-абрадавай паэзіі апублікаваны ўжо два тамы: «Радзінная паэзія» (1972; укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступныя артыкулы і каментарыі М. ЯГрынблата і В. I. Ялатава)—першы навуковы збор твораў, прымеркаваных да нараджэння дзіцяці і ўрачыстасцей, звязаных з адзначанай падзеяй; «Вяселле. Абрад» (1978; укладанне, уступны артыкул і каментарыі К. А. Цвіркі, музычны дадатак 3. ЯМажэйкі) — том, у які ўвайшлі найбольш цікавыя апісанні вясельных абрадаў з тэкстамі песень. Змешчаныя ў зборніку матэрыялы даюць уяўленне пра характэрныя рысы і рэгіянальныя асаблівасці беларускага вяселля.
    Пазаабрадавыя песні апублікаваны ў 4-х тамах: «Песні савецкага часу» (1970; склад. Г. А. Барташэвіч і В. I. Ялатаў); «Жартоўныя песні» (1974; склад. I. КЦішчанка і С. Г. Нісневіч); «Песні пра каханне» (1978; складальнікі тыя ж) і «Дзіцячы фальклор» (1972; склад. Г. А. Барташэвіч і В. I. Ялатаў). У апошнім томе змешчаны калыханкі, забаўлянкі, лічылкі, гульні і іншыя
    жанры дзіцячага фальклору. Але песні зай.маюць у ім найбольшае месца.
    Ліра-эпічныя творы выдадзены ў дзвюх кнігах балад (1977— 1978; склад. Л. М. Салавей і Т. А. Дубкова). У гэтых кнігах упершыню найбольш поўна сабраны тэксты беларускіх балад, якія навукова сістэматызаваны, грунтоўна прааналізаваны і забяспечаны каментарыямі. Большая частка публікуецца з напевамі.
    Ужо просты пералік тамоў шматтомнага збору беларускай народнай творчасці дае ўяўленне аб фундаментальным характары навуковага выдання фальклору. Гэтыя кнігі атрымалі высокую ацэнку ў нашай краіне і за мяжой.
    Значных поспехаў у зборы, выданні і вывучэнні народнай творчасці дасягнулі фалькларысты Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У. I. Леніна.
    Чатырохтомнае выданне традыцыйнага песеннага фальклору ў сучасных запісах ажыццявіў вядомы беларускі паэт прафесар БДУ Н. С. Гілевіч. 3 добрым мастацкім густам адабраў ён з многіх тысяч тэкстаў, сабраных выкладчыкамі і студэнтамі, лепшыя ўзоры песень розных жанраў для рэгіянальнага зборніка «Песні сямі вёсак» (1973), а таксама для зборнікаў «Песні народных свят і абрадаў» (1974) і «Лірычныя песні» (1976). Асобную кнігу прысвяціў Н. С. Гілевіч вясельным песням «Лірыка беларускага вяселля» (1979). Матэрыялы зборнікаў вызначаюцца надзвычайным багаццем зместу і мастацкай дасканаласцю і даюць уяўленне аб характары вуснапаэтычнай песеннай творчасці беларусаў, мастацкім рэпертуары сучаснай вёскі, ступені захаванасці традыцыйнага фальклору ў памяці народа.
    Апублікаваны два зборнікі В. А. Захаравай «Беларускі фальклор у сучасных запісах» (1973) і «Беларуская народная творчасць савецкага часу» (1978). У першым зборніку змешчаны традыцыйныя песні, частушкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі, паданні, запісаныя ў Брэсцкай вобласці. Даецца грунтоўная характарыстыка народнай творчасці выбранага рэгіёна і асобных вёсак. У другі зборнік увайшлі савецкія творы розных жанраў з нотнай ілюстрацыяй некаторых песень і кароткай характарыстыкай матэрыялаў пэўных жанраў.
    Акрамя гэтых найбольш значных публікацый беларускага фальклору, друкаваліся таксама папулярныя
    зборнікі народных твораў жанравага або тэматычнага зместу, перавыдаваліся дарэвалюцыйныя публікацыі Е. Р. Раманава, П. В. Шэйна, A. КСержпутоўскага, Э. Дмахоўскай і іншых фалькларыстаў. Беларускія казкі вытрымалі некалькі выданняў у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы (склад. Л. Р. Бараг), выдаваліся ў Польскай Народнай Рэспубліцы (склад. А. Баршчэўскі) і іншых краінах. Значэнне гэтых публікацый нельга пераацаніць. Яны даюць уяўленне аб велізарным фальклорным багацці беларускага народа, яго надзвычайным мастацкім таленце, высокіх эстэтычных запатрабаваннях, вальналюбстве.
    Адметнай асаблівасцю сучаснай беларускай фалькларыстыкі з’яўляецца імкненне тэарэтычна асэнсаваць сабраны багаты матэрыял, стварыць даследаванні, у якіх ставіцца мэта грунтоўна прааналізаваць вуснапаэтычныя творы, асвятліць гісторыю развіцця фальклору і яго паасобных жанраў, вывучыць паэтычнае майстэрства народа-мастака.
    Адным з першых паспрабаваў даць гісторыю развіцця беларускага фальклору К. П. Кабашнікаў у «Нарысах па беларускаму фальклору» (1963).
    У калектыўным гісторыка-тэарэтычным даследаванні «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (рэдкал. П. Ф. Глебка, I. В. Гутараў, М. ЯГрынблат; 1967) больш глыбока прасочваецца працэс складвання асаблівасцей беларускага фальклору ў эпоху феадалізму, паказваецца яго развіццё ў эпоху капіталізму і стан у эпоху сацыялізма. Даследуюцца ідэйны змест, жанравыя і мастацкія асаблівасці вуснапаэтычнай творчасці беларускага народа.
    Ідэйна-мастацкі змест асноўных фальклорных жанраў, іх развіццё ў розныя гістарычныя эпохі асвятляюцца таксама ў вучэбным дапаможніку «Беларуская вуснапаэтычная творчасць» пад рэд. М. Р. Ларчанкі (1966). Каштоўнымі дапаможнікамі для студэнтаў філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў з’яўляюцца хрэстаматыі «Вуснапаэтычная творчасць беларускага народа» (склад. С. I. Васілёнак, I. В. Гутараў. Мн., 1959), «Беларускі фальклор. Хрэстаматыя» (склад. К. П. Кабашнікаў, A. С. Ліс, A. С. Фядосік, I. КЦішчанка. Мн., 1970; 2-е выд.— 1977).
    У канцы 60-х гадоў намячаецца тэндэнцыя праблем-
    нага вывучэння беларускай народнай творчасці. У гэты час выходзяць у свет манаграфічныя даследаванні, прысвечаныя распрацоўцы актуальных праблем навукі аб вуснай народнай творчасці. У манаграфіі К. П. Кабашнікава «Ад традыцыйнага фальклору да рэвалюцыйнай паэзіі» (1969) даследуюцца асноўныя заканамернасці і напрамкі развіцця беларускай народнай творчасці, паказваецца лёс традыцыйных жанраў, змены, якія адбыліся ў эпоху капіталізму ў ідэйным змесце і жанрах фальклору.
    Праблемы развіцця і функцыянальнасці беларускай народнай сатыры і гумару, іх спецыфіка даследуюцца ў манаграфіях A. С. Фядосіка «Антырэлігійныя матывы ў беларускім фальклоры» (1963), «Беларуская народная сатырычная проза» (1969), «Трапным народным словам. Сатыра і гумар у беларускай вуснай паэзіі і народнай драме» (1971), «Праблемы беларускай народнай сатыры» (1978).
    Пытанні паходжання і этнічнай гісторыі беларусаў вырашаюцца на багатым фактычным фальклорным матэь рыяле ў кнізе М. ЯГрынблата «Беларусы» (1968).
    Сучасны стан народнай творчасці, яе жанравы склад, ідэйна-тэматычны змест і мастацкая спецыфіка разглядаюцца ў зборніку артыкулаў «Праблемы сучаснага беларускага фальклору» пад рэд. П. Ф. Глебкі і М. ЯГрынблата (1969).
    Заканамернасці развіцця савецкай народнай творчасці, яе роля ў камуністычным выхаванні, разнастайнасць форм бытавання беларускага і рускага фальклору ў сучаснасці даследуюцца ў манаграфіі В. А. Захаравай і В. В. Рэвіцкага «3 жыватворных крыніц» (1970).
    Вялікае значэнне для развіцця беларускай савецкай фалькларыстыкі маюць тэарэтычныя працы Н. С. Гілевіча. Глыбокі аналіз ідэйна-мастацкага зместу твораў асноўных песенных жанраў дае вучоны ў кнізе «Наша родная песня» (1968). Ен раскрывае генезіс жанраў, іх эвалюцыю і лёс, паказвае іх выключнае пазнавальнае і патрыятычна-выхаваўчае значэнне.
    Гісторыя збірання і вывучэння беларускай народнай песні даецца Гілевічам у кнізе «3 клопатам пра песні народа» (1970), якая ахоплівае перыяд ад з’яўлення першых публікацый беларускіх песень у XVIII ст. да 60-х гадоў XX ст.
    Значным укладам у беларускую фалькларыстыку з’яўляецца манаграфія Н. С. Гілевіча «Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма» (1975). Валодаючы надзвычай тонкім адчуваннем мастацкіх якасцей песень, даследчык на шматлікіх трапных прыкладах паказвае майстэрства народа-паэта, народа-музыкі, якое праявілася ў выкарыстанні вобразна-выяўленчых і інтанацыйна-эўфанічных сродкаў. Праца Гілевіча раскрывае магутны талент народа, яго здольнасць ствараць паэтычныя шэдэўры надзвычайнай эмацыянальна-эстэтычнай выразнасці і мастацкай прыгажосці.
    Мастацкую спецыфіку загадак, спосабы і сродкі вобразатворчасці ў іх, рытмічную і гукавую арганізацыю даследуе Гілевіч у манаграфіі «Паэтыка беларускіх загадак» (1976). Аўтар раскрывае мудрасць, дасціпнасць і кемлівасць працоўных, іх мастацкі талент.
    Разгляду важных пытанняў фалькларыстыкі прысвечаны таксама многія артыкулы зборніка Гілевіча «У гэта веру» (1978).
    Значная ўвага ўдзяляецца ў сучаснай фалькларыстыцы даследаванню асобных жанраў. У манаграфіі «Паэтыка беларускіх прыказак» (1971) М. А. Янкоўскі даследуе асацыятыўнасць прыказак, мастацкае майстэрства народа, якое праяўляецца ў іх паэтыцы, паказвае неабмежаваныя магчымасці народа-паэта ў трапным выкарыстанні слова для стварэння вобразаў.
    Л. Р. Бараг у манаграфіі «Беларуская казка» (1969) даследуе адлюстраванне ў казках класавых супярэчнасцей, народнай маралі, раскрывае асаблівасці казачнай героікі і фантастыкі, аналізуе сюжэтны рэпертуар і казачны стыль, выяўляе нацыянальную спецыфіку вобразаў беларускай чарадзейнай казкі і інш.
    Манаграфічнае даследаванне I. К. Цішчанкі «Беларуская частушка» (1971) прысвечана вывучэнню паходжання і нацыянальнай спецыфікі жанру частушкі. Упершыню ў навуцы даследчык пераканальна даказаў, што частушкі такія ж старажытныя, як каляндарна-абрадавая паэзія і пазаабрадавая лірычная песня.
    Генезіс купальскіх песень, іх сувязь з рэчаіснасцю, асноўны ідэйна-мастацкі змест і некаторыя мастацкія асаблівасці разглядаюцца ў манаграфіі A. С. Ліса «Купальскія песні» (1974).
    Жанравая, ідэйна-тэматычная і эстэтычна-мастацкая разнастайнасць народнай творчасці даследуецца ў кнізе Г. А. Барташэвіч «Вершаваныя жанры дзіцячага фальклору» (1976).