• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў

    Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў


    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 295с.
    Мінск 2006
    132.23 МБ
    44
    Уся дзейнасць Еўфрасінні была падпарадкавана распаўсюджванню асветы, хрысціянскай мудрасці, дабрачыннасці, любові да Бога і людзей.
    Невядомы полацкі аўтар напісаў жыціе ў адпаведнасці з традыцыямі Сярэднявечча, узнавіў асноўныя этапы жыцця выдатнай асветніцы, засяродзіў увагу на яе духоўных подзвігах. У заключнай частцы твора, якая з’яўляецца пахвальным словам у гонар святой, аўтар называе яе «промнем сонечным, які прасвятліў зямлю Полацкую». Вобраз Еўфрасінні стаў нацыянальным сімвалам самаадданага служэння высакародным ідэалам.
    ЖЫЦІЕ ЕЎФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ
    Пахвалены Госпад Бог Ізраіля, Бог Аўраама, Бог Ісаака, Бог Іакава, не мёртвых Бог, але жывых. Праведныя бо і пасля смерці жывуць; як кажа Саламон у прыпавесцях: «Праведнікі ў вяках жывуць, і ад Госпада іх узнагарода, і клопат пра іх ад Усявышняга. Таму атрымаюць яны вянец з рукі Госпада». Так і ёсць. I яшчэ скажам пра іх: «Прыйдзіце ўсе, хто жыве ангельскім жыццём у пустэльнях і ў гарах: старыя — адкінуўшы немач, маладыя — скачучы, быццам алені,— сыдзіцеся ўсе». Хачу бо даць вам трапезу з такіх страваў, каб, паеўшы, узвесялілі вы свае душы. Бо гэтая трапеза ад страваў нятленных — не тая, што дае асалоду гартані і чэрава насычае, але тая, што душу весяліць і розум умацоўвае на добрыя дзеі. Калі будзе хто есці яе, дык, насыціўшыся, болей не ўжадае, як мовіць Пісанне: «Не заморыць голадам Госпад праведных душы». Але вернемся да таго, з чаго пачалі мы аповесць. Вы ж, дабрачынныя слухачы — князі і баяры, царкоўнікі і пачэсныя сонмы святых, што жывуць у манастырах, і простыя людзі,— прыйдзіце на гэтую казань, паслухайце ўважліва, адкрыўшы вушы свае, памякчыўшы нівы сэрцаў вашых, і прыміце ў іх насенне
    45
    ўратавальнага жыцця найпадобнейшай жанчыны той, яе подзвігі, й працу святую, і любоў да Бога. Скажам спярша пра тое, як яна нарадзілася і гадавалася, як узрасла і пайшла следам за сваім жаніхом Хрыстом.
    Быў у горадзе Полацку князь Усяслаў, і меў жа ён многа сыноў. I быў у яго меншы сын імем Георгій, ад якога і нарадзілася шчаснае тое дзяўчо. I ўзрадаваліся бацькі яе нараджэнню разам з усімі роднымі. А праз колькі дзён наказалі хрысціць яе, і хрысцілі яе ў імя Айца, Сына і Духа Святога. I гадавала яе карміцелька, і расло дзень за днём немаўля, жывячы малаком цела, a душу напаўняючы Духам Святым. I дзяўчына была вельмі здольная да кніжнай навукі, нават не дасягнуўшы яшчэ паўналецця, і было гэта плёнам малітвы. Так любіла вучэнне яна, што дзівіўся бацька яе з любові такой да навук. I па ўсіх гарадах разышлася слава пра яе мудрасць, і добрыя здольнасці да навук, і красу цялесную, бо была яна прыгожая надта абліччам. Хараство ж яе многіх слаўных князёў прыводзіла да бацькі яе: хацеў кожны з іх заручыць яе сыну свайму. I многія часта прасілі згоды на гэта ў бацькі яе, але адказваў той: «Няхай спраўдзіцца воля Госпада!»
    Адзін жа з князёў, найбольш слаўны княжэннем сваім і багаццем, паслаўшы да бацькі яе, папрасіў выдаць дачку за сына свайго. I калі споўнілася дзяўчыне дванаццаць гадоў, пачаў казаць бацька яе да княгіні: «Варта аддаць ужо за князя Прадславу» (так бо назвалі яе да хрышчэння). Яна ж адказала: «Хай спраўдзіцца воля Бога і твая, княжа!» Прадслава ж, пачуўшы ўсё тое, падумала — ці скажу болей: Святым Духам напоўніўся розум яе,— і сказала сабе: «Што будзе, калі бацька надумае аддаць мяне замуж? Калі здарыцца так, смутку гэтага свету нельга будзе пазбыцца!» I яшчэ казала сабе: «Што ж учынілі нашыя роды, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула іхняя слава, быццам прах, горай за павуцінне.
    46
    Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы мужчынскую моц, пайшлі следам за сваім Жаніхом, і целы свае аддалі на пакуты, і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мечам духоўным адсеклі плоцкія асалоды, аддаўшы целы пасту, чуйнаванню, і малітоўнаму кленчанню, і зямельнаму ляжанню,— тых памятаюць на зямлі, іх імёны напісаны на нябёсах, дзе яны з ангеламі Бога ўсхваляюць. А слава гэтая — пыл і попел, быццам дым разыходзіцца і нібы пара водная гіне!» Так яна думала ў сэрцы сваім, а розум яе больш узмацняўся на любоў Божую. I адзіная думка легла на сэрца яе, бо казала сабе: «Ці не было б лепей за гэтае жыццё пастрыгчыся ў манашкі, і быць пад ігуменняй, і слухацца сёстраў, і вучыцца, як Божы страх сцвердзіць у сэрцы сваім і як скончыць жыццё?» I гэтак вырашыўшы, пайшла ў манастыр пакрыёма ад бацькі і маці і ад усіх родных.
    У тыя гады ігуменняю была княгіня Раманава. Прыйшоўшы да яе, Еўфрасіння прасіла, каб дазволіла тая прыняць ёй ангельскі воблік і далучыцца да інакіняў, што жылі там, і быць пад Хрыстоваю ўладай. I ўгледзела шчасная тая жанчына яе маладосць і квітучы ўзрост, і сумелася, і стала пакутаваць целам, і сэрцам жахнулася, і схіліла твар да зямлі, і надоўга ўкленчыла, і схілілася, і ўбачыла маладосць яе, уздыхнула і, плачучы, гэтак сказала: «Дзіця! Як магу я такое ўчыніць? Твой бацька даведаецца і гнеў свой абрыне на маю галаву. Ды і маладая ты яшчэ векам, каб несці цяжар манаскага жыцця. I як здолееш ты пакінуць княжанне і славу гэтага свету?» I адказала ёй шчасная тая дзяўчына: «Панна і маці! Усё відочнае на гэтым свеце прыгожае і слаўнае, але хутка мінае, як сон, альбо вяне, бы квет; вечнае ж і невідочнае ў вяках жыве, як гаворыць Пісанне: Вока не бачыць і вуха не чуе, і на сэрца чалавеку не прыйдзе, што рыхтуе Бог тым, хто любіць Яго. Ці дзеля бацькі майго не хочаш пастрыгчы мяне? He яго бойся, панна мая, а Бога пабойся,
    47
    Які ўладарыць над усімі стварэннямі; не пазбаў мяне ангельскага чыну!»
    Шчасная ж тая княгіня здзівілася розуму дзяўчыны і яе любові да Бога і загадала выканаць волю яе. I абвясціў яе іерэй, і пастрыг яе, і даў ёй імя Еўфрасіння, і апрануў яе ў чорныя рызы. I багаславіла яе ігумення багаславеннем святых айцоў, гэтак мовячы: «Наследуй, дзіця, жанчынам, што жылі раней за цябе: Фяўронні і Еўпраксіі і многім іншым, якія цярпелі дзеля Хрыста, і дасць Госпад табе перамогу і сілу на супраціўніка нашага — д’ябла!» I так ёй сказаўшы, адпусціла яе ў сваю келлю.
    I калі ўведаў усё тое бацька яе, адразу ж пайшоў у манастыр, і ў роспачы рваў на сабе валасы, і цалаваў дачку замілавана, і казаў: «Гора мне, дзіця маё! Што ж учыніла ты мне, прынёсшы душы маёй смутак! Што ж раней не сказала ты мне намеру свайго? Дзіця маё салодкае, жаль агортвае сэрца маё! 0 гора мне, дзіця маё мілае! Як абміне тваё хараство спакусы варожыя? Ужо трэба мне плакаць душою маёю аструпянелай да Госпада Бога майго, каб увайшла ты ў Царства Яго!» I смуткаваў па ёй увесь дом яго. Найпадобнейшая ж Еўфрасіння не зважала на смутак бацькі свайго, але, як добры ваяр, узброілася супраць ворага свайго — д’ябла, і стала жыць у манастыры ў паслушэнстве ігуменні і ўсім сёстрам, і ўсіх пераўзыходзіла ў посце, малітвах, чуйнаванні начным. I з таго часу яшчэ руплівейшаю стала, збіраючы дабрачынныя думкі ў сэрцы сваім, як пчала — мёд у соты.
    Так жыла яна нейкі час у манастыры, а пасля папрасіла епіскапа Іллю, што кіраваў пасадам Святой Сафіі ў Полацку, каб той дазволіў ёй жыць у царкве Святой Сафіі ў мураванай келлі. I ён дазволіў ёй жыць там. I яна ўвайшла туды, і ўчыніла найпадзвіжнейшы подзвіг посту, і пачала пісаць кнігі сваімі рукамі, і прыбытак ад продажу іх аддавала тым, хто папросіць.
    Пажыўшы тут пэўны час, паслала яна да бацькі свайго з такімі словамі: «Пусці да мяне сястру маю Градзі
    48
    славу,— так назвалі яе бацькі,— каб навучылася грамаце». I пусціў яе бацька. I Еўфрасіння рупна вучыла яе ратаванню душы, а тая рупна прымала, нібы ўрадлівая ніва, памякчыўшы сэрца сваё і кажучы гэтак: «Госпад Бог хай наставіць мяне на ратунак душы тваімі святымі малітвамі, панна!» Так казала яна, найпадобнейшая ж Еўфрасіння, прывёўшы яе ў царкву, наказала іерэю, каб, абвясціўшы, апрануў яе ў рызы манаскія, і дала ёй імя Еўдакія. Праз колькі дзён прыслаў па яе бацька, кажучы: «Адпусці ўжо сястру да мяне». Тая ж так адказала: «Не навучылася яшчэ ўсёй грамаце».
    Бацька ж, даведаўшыся, што ад яго ўпотай пастрыгла сястру, раз’юшыўся на найпадобнейшую Еўфрасінню, і, палаючы сэрцам, прыехаў да манастыра, і казаў: «Дзіця маё, што ты ўчыніла! Дадала ты сэрцу майму жалю да жалю і смутку да смутку!» I так мовіў ён ад гаротнага сэрца свайго, і рэкі слёзаў ліліся з вачэй яго. I казаў ён, з любоўю абдымаючы Еўдакію: «Дзеці мае! Ці ж дзеля гэтага вас нарадзіў я, ці ж на тое ўзгадавала вас маці? Дзеля чаго шлюб вам рыхтаваў? I няўжо палац і шлюбныя шаты вашыя ператворацца ў гора маё? Дзеці мае любасныя, што вы мне ўчынілі? Заместа радасці сэрца маё вы напоўнілі горкім смуткам!» I ўсе баяры, чуўшы жаль князя свайго, горка плакалі аб яго марным смутку. Шчасная ж Еўфрасіння адказвала бацьку: «Што турбуешся ты пра нас? Маем бо мы заступніка і ўспаможніка адзінага — Бога!» Але мала суцешаны гэтымі словамі найпадобнейшае Еўфрасінні, паехаў бацька яе да свайго дому. А Еўдакія жыла ў манастыры сястры сваёй у паслушэнстве. Шчасная ж Еўфрасіння нястомна малілася Богу, каб зладзіў Ён тое месца.
    Была ж у месце Полацкім князёўна Звеніслава Барысаўна, якая прынесла аднойчы ўсе свае рэчы залатыя і шматкаштоўныя шаты да Еўфрасінні і сказала: «Панна і сястра! He патрэбная мне гожасць гэтага свету. Аддаю ўсё Святому Спасу, а сама хачу схіліць галаву сваю пад
    49
    Хрыстова ярмо!» Яна ж прыняла сястру з радасцю, і наказала іерэю пастрыгчы яе, і назвала яе Еўпраксіяй. I пачала тая жыць у манастыры ў малітвах, з адзінаю думкай пра Бога. I былі яны як адна душа ў двух целах. Пасля ж гэтага паставіла Еўфрасіння царкву каменную Святога Спаса, і збудавалі тую царкву за 30 тыдняў.
    Найпадобнейшая ж Еўфрасіння, угледзеўшы завершаную царкву, узрадавалася душою. I асвяцілі царкву, і была радасць вялікая ўсім хрысціянам. I сабраліся князі і ўладарныя мужы, і інакі з інакінямі, і просты люд, і адбылося вялікае свята, і святкавалі яго шмат дзён, а пасля разышліся. Сёстраў жа так павучала: «Вось, сабрала вас, нібы птушанятаў, пад крылы свае і на пашы, нібы авечак, каб вы пасвіліся ў Божых наказах. А я з лёгкім сэрцам стараюся вучыць вас, бачачы плён вашай працы, і такі дождж вучэння на вас праліваю! Але ж вашыя нівы стаяць, не ўзыходзячы і не ўзрастаючы ўгору, а год ужо завяршаецца, і лапата ляжыць на гумне. I баюся, што будзеце вы пустазеллем і аддадуць вас агню непагаснаму. Пастарайцеся ж, дзеці мае, пазбегнуць яго, і ўчыніце сябе вы пшаніцаю чыстай, і змяліцеся ў жорнах уміранасцю, малітвамі, постам, каб чыстым хлебам прынесціся на трапезу Хрыстову!» Так яна павучала нястомна, нібы дзеталюбная маці дзяцей.