Беларуская савецкая эліта (1966-1986): алгебра ўлады
Майкл Урбан
Памер: 196с.
Мінск 2010
Альянс Мазурава з Брэжневым тым не менш быў тактычны і меў у аснове агульныя, але кароткатэрміновыя задачы. Палітычныя здабыткі фракцыі беларускіх «партызан» былі дастатковыя, каб атрымаць прысутнасць на саюзным узроўні і спрабаваць павысіць дасягненні праз кааліцыйную палітыку ў Маскве. Такім чынам, група Мазурава хутка патрапіла ў адчужэнне да фракцыі Брэжнева (Knight, 1982; Willerton, 1987: 195; Bilinsky, 1983: 3), і апошні, як падаецца, стаў развіваць сувязі з асобнымі беларускімі палітыкамі, каб пранікнуць у асяроддзе «партызан», замацаваных у БССР. Ціхан Кісялёў, старшыня Савета Міністраў БССР з 1959 г., стаў паказальнай фігурай у гэтых адносінах. Як відавочны саюзнік Брэжнева¹, Кісялёў на працягу амаль 20 год служыў на дзвюх кіруючых пасадах у рэспубліцы. Пазней ён рушыў у Маскву, каб стаць намеснікам старшыні Савета Міністраў СССР. Адразу пасля таго, як пасаду першага намесніка і сваё месца ў Палітбюро ў 1978 г. згубіў Мазураў. Аляксандр Аксёнаў, яшчэ адзін кліент Брэжнева ў БССР, быў пераведзены з паста другога сакратара ЦК КПБ на месца Кісялёва, а кліент Аксёнава Уладзімір Бровікаў заняў пасаду другога сакратара ЦК КПБ.
Падзенне Мазурава пакінула лідэра партызанскай фракцыі БССР, першага сакратара КПБ Пятра Машэрава без надзейнага патрона ў Маскве. Для дакладнасці трэба ўзгадаць, што Зімянін застаўся сакратаром ЦК КПСС, але пасля таго, як «партызаны» былі пазбаўлены лідэра, ён, як падаецца, змяняе сваю лаяльнасць на карысць Юрыя Андропава (Meissner, 1983: 10) кіраўніка КДБ, які стаў змагацца за ўладу адразу пасля пагаршэння здароўя Брэжнева. Больш за тое, Машэраў быў ізаляваны дома. He толькі яго праціўнікі (Аксёнаў і Бровікаў) зараз занялі другую і трэцюю па значнасці пасады ў структурах улады БССР але і дзве з чатырох пазіцый у сакратарыяце ЦК КПБ былі занятыя кліентамі палітычнай «машыны» Брэжнева Леанідам Фірысанавым і Мікалаем Дземянцеем. Такім чынам, у сакратарыяце КПБ засталася толькі адна асоба, якую
¹ Шэраг аглядальнікаў ідэнтыфікуюць Кісялёва як кліента Брэжнева Гл • Voslensky, 1984: 375; Hazan, 1987: 58.
7. Палітычная
пераемнасць
можна ідэнтыфікаваць як кліента партызанскай фракцыі Машэрава, Юрый Колакалаў. У кастрычніку 1980 г. Машэраў загінуў у аўтамабільнай катастрофе пры дастаткова таямнічых абставінах. Гэта быў першы зафіксаваны ў савецкай гісторыі выпадак, калі член Палітбюро (які заўсёды падарожнічаў пад моцнай аховай, а шасэ пры гэтым ачышчалася ад транспарту) патрапіў у аўтамабільнае здарэнне са смяротным зыходам. Больш за тое, аўтамабільная катастрофа, якая пазбавіла Машэрава жыцця, стала першай у серыі падобных выпадкаў (у двукоссі ці без), што здарыліся з шэрагам высокапастаўленых савецкіх чыноўнікаў². Да гэтага, магчыма, выпадковага здарэння можна дадаць кадравыя змены, якія адбыліся адразу перад і пасля смерці Машэрава.
У жніўні 1980 г. пайшоў у адстаўку Якаў Нікулкін, старшыня беларускага КДБ. У важны момант барацьбы за перайманне ўлады на саюзным і рэспубліканскім узроўні ў Андропава з'явілася магчымасць паставіць на гэту стратэгічную пасаду свайго чалавека Веньяміна Балуева. Калі аўтамабільная катастрофа на самай справе была забойствам, падрыхтаваным КДБ, то да гэтага, відавочна, прыклаў руку Андропаў і яго стаўленік Балуеў. Але незалежна ад таго, ці была смерць Машэрава няшчасным выпадкам, і Андропаў і Брэжнеў выйгралі ад яго сыходу з арэны. Кісялёў, кліент Брэжнева, вярнуўся з Масквы і замяніў Машэрава на пасадзе першага сакратара КПБ. Аксёнаў, які да гэтага працаваў у беларускім КДБ і такім чынам мог наладзіць арганізацыйнае ўзаемадзеянне з Андропавым, быў, верагодна, звязаны з групай Брэжнева праз Генадзя Жабіцкага, які стаў міністрам унутраных спраў БССР за два гады да смерці Машэрава. У любым выпадку, Аксёнаў відавочна падзяляў зацікаўленасць груповак Брэжнева і Андропава ў адхіленні ад улады партызанскай фракцыі.
Змаганне за ўладу, якое адбылося ў БССР, можна разглядаць як мікракосм барацьбы, што адбывалася адначасова ў Маскве. На ранніх стадыях у абодвух выпадках можна назіраць супрацоўніцтва паміж групоўкамі Брэжнева і Андропава, a таксама іх прыхільнікамі ў БССР для змяшчэння іх агульнага суперніка беларускіх «партызан». Надалей працэс тым не менш стаў больш складаным. Калі ўплыў «партызан» быў фактычна ліквідаваны, супрацоўніцтва паміж фракцыямі на розных узроўнях пераўтварылася ў барацьбу паміж імі. У Маскве суперніцтва дасягнула кульмінацыі ў лістападзе 1982 г. пасля
² Сведчанні несумленнай палітычнай гульні і тлумачэнні смерці Машэрава як палітычнага забойства гл.: Voslensky, 1984: 374376; Knight, 1982; Bilinsky, 1983:19, note 105.
136
Майкл Урбан
смерці Брэжнева, у БССР вырашальны момант надышоў два месяцы пазней са смерцю Кісялёва.
Прамежак часу паміж смерцю Машэрава і Кісялёва быў адзначаны зацішшам у працэсе змены ўлады ў БССР і не выклікаў надзвычайных персанальных змен. Сутнасць адліваў і прыліваў актыўнасці палітычнага супрацьстаяння на працягу гэтага перыяду можна заўважыць праз параўнанні інтэнсіўнасці звароту чыноўнікаў на рэспубліканскіх пасадах чатырох вышэйшых страт (уключаючы пасады, якія мы аднеслі да сінекурных) і вышэйшых пасадаху кожным рэгіёне (па пяць сакратароўабкамаў, чатыры сакратары Мінскага гаркама, а таксама старшыні і першыя намеснікі старшыняў адпаведных выканаўчых камітэтаў). У 1980 г. год смерці Машэрава ратацыя адбылася на 13 з 108 (12%) рэспубліканскіх і 7 з 48 (14,6%) рэгіянальных пасадах. У 1981 г. толькі сем (6%) агульнарэспубліканскіх пасад зазналі кадравыя змены і адпаведна толькі чатыры (8,3%) змены адбыліся на рэгіянальным узроўні. Узровень перастановак для 1982 г. быў таксама нізкі: шэсць на рэспубліканскім (5,6%) і пяць на рэгіянальным узроўні (10,4%). Акрамя двух выпадкаў у 1980 г., як мы ўжо адзначылі смерць Машэрава і адстаўка Нікулкіна, толькі адна кадравая змена на працягу трох год падаецца незвычайнай: гэта паніжэнне (Н.В.) Гордзікава з сакратара Гродзенскага абкама партыі да кіраўніка абласнога пчалаводства (1980) і перавод старшыні Дзяржплана БССР Віктара Гвоздзева, кліента «партызан», на «іншую работу» ў 1981 г.³
Са смерцю Кісялёва ў студзені 1983 г. змены прымаюць ліхаманкавы характар. Сярод 108 рэспубліканскіх пасад 29 (26,9%) зазналі кадравыя перастаноўкі. У рэгіёнах перастаноўкі закранулі 21 з 48 пазіцый (43,8%). Больш за тое, характар змен паказвае, што група Аксёнава, якая была ў трывалых сувязях з фракцыямі Андропава і Брэжнева, мела дастаткова нязначны здабытак. Аксёнаў быў пасунуты з паста старшыні Савета Міністраў БССР і стаў амбасадарам у Польшчы. Месца Кісялёва заняў яго памочнік Уладзімір Бровікаў, але пры гэтым іншы кліент Аксёнава ў сакратарыяце ЦК КПБ /Іеанід Фірысанаў быў паніжаны да намесніка старшыні Савета Міністраў рэспублікі і згубіў сваё месца ў Бюро ЦК КПБ. Чыстым пераможцам на гэтым этапе барацьбы стала МГІГ. Лідэр фракцыі Мікалай Слюнькоў быў адкліканы ў БССР з пасады намесніка старшыні Дзяржплана СССР, каб стаць першым сакратаром ЦК КПБ.
Па ўсёй бачнасці, Урбан падае тут памылковую дату. Гвоздзеў займаў пасаду старшыні Дзяржплана да красавіка 1982 г. (Высшне.., Ч.З, 2000: 174). Заўвага нав. рэд.
7. Палітычная ^^^
пераемнасць
Прызначэнне Слюнькова стала першым значным кадравым рашэннем новаабранага генеральнага сакратара Андропава. Хуткасць, з якой гэта адбылося (адзін дзень пасля смерці Кісялёва), і тое, што Слюнькоў да гэтага восем год працаваў у Маскве, сігналізавала пра раптоўнае завяршэнне брэжнеўскай палітыкі «даверу да мясцовых кадраў» і прадвясціла больш глыбокія кадравыя змены ў СССР (Hazan, 1987: 6061). Вяртанне Слюнькова ў Беларусь прывяло да значнай чысткі, якая закранула яго ворагаў і спрыяла ўзвышэнню на ўтвораныя вакансіі членаў і кліентаў МГІГ. Пасля прызначэння Бровікава старшынёй Савета Міністраў вакансія другога сакратара КПБ была запоўнена Генадзем Барташэвічам адным з лідэраў МГІГ, да гэтага першага сакратара Мінскага гаркама. Сярод іншых прадстаўнікоў МГІГ, якія ў гэты час атрымалі павышэнні ў БССР, можна назваць Уладзіміра Ляпёшкіна, які вярнуўся з Масквы, каб заняць пасаду сакратара ЦК КПБ пасля змяшчэння Фірысанава; Вадзіма Крыцкага, які быў прызначаны намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР; Міхаіла Кавалёва, які ўзняўся з намесніка да першага намесніка старшыні Савета Міністраў, каб запоўніць вакансію, створаную смерцю кліента «партызан» Уладзіміра Міцкевіча. Яшчэ адзін прадстаўнік МГІГ, Анатолій Булгак, патрапіў у Маскву, дзе стаў загадчыкам сектара ў апараце ЦК.
Што тычыцца чысткі, то яна ў поўнай меры праявіла сябе ў снежні 1983 г. 3 афіцыйнай фармулёўкай дрэннай працы пры расследаванні дзейнасці крымінальнай групы (Советская Белоруссня, 13.12.1983) галовы паляцелі ў апараце праваахоўных органаў. Са сваіх пастоў быў звольнены Генадзь Жабіцкі (міністр унутраных спраў) разам з трыма намеснікамі: Паўлам Жуком, Іванам Цімашэнкам, Уладзімірам Майданюком⁴. Таксама пасаду згубіў пракурор БССР Адам Магільніцкі і яго першы намеснік Пётр Дудкоўскі. Чыстка ў праваахоўных органах была, натуральна, часткай антыкарупцыйнай кампаніі, якую распачаў Андропаў адразу пасля заняцця сваёй пасады (Brown, 1983: 1831; асабліва 27). У свеце фракцыйнай палітыкі Беларусі тым не менш гэта праявілася ў адстаўцы ключавых фігур, якія былі шчыльна звязаны з Аксёнавым і Кісялёвым, і ў вырашальнай перамозе МГІГ. Папершае, перастаноўкі былі, верагодна, падрыхтаваны Уладзімірам Ляпёшкіным да вяртання ў БССР напрыканцы красавіка 1983 г., калі ён яшчэ быў намеснікам загадчыка аддзела адміністратыўных органаў ЦК КПСС (аддзел, які наглядае за праваахоўнымі органамі). Падругое, час, вы
Майданюк займаў пасаду намесніка МУС да 1985 г. Заўвага нав. рэд.
138 । Майкл Урбан
браны для захадаў супраць групы Брэжнева ў праваахоўных органах пасля адстаўкі Фірысанава з Бюро ЦК КПБ і пераводу Аксёнава ў Польшчу, дае права меркаваць, што яна была атакаваная адразу, як стала дастаткова ўразлівай. I, нарэшце, прадстаўнікі мінскай групы занялі пасады, створаныя чысткай. Віктар Піскараў, былы начальнік упраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама, стаў адзіным намеснікам міністра, які перажыў перастаноўкі⁵. Ён быў пераведзены ў Маскву непасрэдна перад чысткай і неўзабаве вярнуўся ў БССР, каб стаць новым міністрам унутраных спраў. (Б.Н.) Матушэвіч, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама, быў павышаны, каб заняць пасаду аднаго з намеснікаў міністраў, і Леанід Дзядкоў, пракурор Мінска, стаў новым першым намеснікам пракурора БССР. За выключэннем Уладзіміра Ягорава, кліента «партызан», што быў прызначаны на пасаду першага намесніка міністра ўнутраных спраў, іншыя чыноўнікі, якія запоўнілі вакансіі пасля чысткі, не мелі дакладнай фракцыйнай і рэгіянальнай прыналежнасці альбо яна мянялася, ці адсутнічала ў кар'ернай гісторыі.