Біялогія
Выдавец: Народная асвета
Памер: 261с.
Мінск 2016
1. Каго вучоныя лічаць першым выкапнёвым продкам сучасных прыматаў? 2. Параўнайце асаблівасці будовы і жыцця Чалавека ўмелага і Чалавека прамахадзячага. На якой падставе іх адносяць да першых прадстаўнікоў роду Чалавек? 3. Ахарактарызуйце асаблівасці спосабу жыцця неандэртальцаў. 4. Якія, на ваш погляд, рысы краманьёнцаў дазваляюць аднесці іх да людзей сучаснага тыпу? 5. Дапусцім, што на тэрыторыі Грэцыі былі выяўлены чэрапы, вывучэнне якіх паказала, што аб’ём чарапной каробкі складаў 1300 см3, а ўзрост — 70 тыс. гадоў. Акрамя таго, там жа былі выяўлены шылы з касцей і разнастайныя каменныя скрабкі. Як вы думаеце, каму маглі належаць гэтыя астанкі і прылады працы? Адказ абгрунтуйце.
§ 40. Роля біялагічных і сацыяльных фактараў у эвалюцыі чалавека
Перадумовы антрапагенезу. Біялагічныя і сацыяльныя фактары. Як вы думаеце, ці прымянімы прынцыпы, якія тлумачаць паходжанне і эвалюцыю відаў жывёл, ддя тлумачэння паходжання і эвалюцыі чалавека? 3 пазіцыі сінтэтычнай тэорыі біялагічныя фактары эвалюцыі арганічнага свету — мутацыйны працэс, дрэйф генаў, барацьба за існаванне і натуральны адбор — прымянімы і да эвалюцыі чалавека. Пахаладанне клімату і выцясненне лясоў стэпамі абумовіла пераход продкаў чалавекападобных малпаў да наземнага спосабу жыцця. Гэты факт стаў першым крокам на іх шляху да прамахаджэння.
Роля біялагічных і сацыяльных фактараў у эвалюцыі чалавека 173
Недахопы ў скорасці перамяшчэння пры прамахаджэнні кампенсаваліся тым, што вызваліліся пярэднія канечнасці. У той жа час вертыкальнае становішча цела дазваляла атрымаць вялікі аб’ём інфармацыі. Напрыклад, продкі чалавека маглі больш своечасова рэагаваць на прыбліжэнне драпежнікаў. Рукі сталі выкарыстоўвацца для вырабу і прымянення розных прылад. Паколькі пералічаныя прыстасаванні былі накіраваны на павышэнне выжывальнасці, менавіта па гэтым шляху ажыццяўлялася далейшае дзеянне натуральнага адбору. Значыць, біялагічныя фактары анрапагенезу садзейнічалі фарміраванню морфафізіялагічных асаблівасцей чалавека (прамахаджэнне, павелічэнне аб’ёму галаўнога мозга, развітая кісць рукі).
Ролю сацыяльных фактарау у антрапагенезе раскрыў Ф. Энгельс у працы «Роля працы ў працэсе ператварэння малпы ў чалавека» (1896). 3 сацыяльных фактараў эвалюцыі лагічна пабудаваць наступную паслядоўнасць: сумесны спосаб жыцця > мысленне —> маўленне —> праца > грамадскі спосаб жыцця. Продкі чалавека сталі аб’ядноўвацца ў групы для сумеснага пражывання, асвоілі выраб прылад працы. Менавіта выраб прылад працы з’яўляецца дакладнай мяжой паміж малпападобнымі продкамі і чалавекам. У барацьбе за існаванне перавагу сталі атрымліваць групы асобін, якія разам маглі супрацьстаяць неспрыяльным умовам навакольнага асяроддзя. Такім чынам, сацыяльныя фактары антрапагенезу былі накіраваны на ўдасканаленне адносін паміж людзьмі ў межах групы.
Роля працы ў фарміраванні чалавека. Эвалюцыя рукі пасля вызвалення ад функцыі апоры ішла ў напрамку яе ўдасканалення ддя працоўнай дзейнасці. Дадзены факт знайшоў адлюстраванне ў вырабе розных прылад працы. Гэта адзначана пры вывучэнні выкапнёвых астанкаў Чалавека ўмелага (.Homo habilis).
Будова касцей кісці Homo habilis паказвае на добра развітую хапальную здольнасць верхняй канечнасці. Ногцевыя фалангі сталі кароткімі і плоскімі, што яшчэ раз падкрэслівае актыўнае выкарыстанне кісці. Расшыраныя фалангі пальцаў з’яўляюцца сведчаннем выканання цяжкай фізічнай работы. Акрамя таго, рука стала вядучым органам чалавека ў ажыццяўленні кантактаў на адлегласці пры дапамозе розных прадметаў.
Выкарыстанне зробленых прылад для палявання істотна павысіла эфектыўнасць гэтага працэсу. Чалавек нараўне з расліннай ежай стаў шырока ўключаць у рацыён і больш каларыйную ежу жывёльнага паходжання. Прыгатаванне ежы на агні паменшыла нагрузку на жавальны апарат і стрававальную сістэму. У выніку стаў лягчэйшым шкілет галавы, скараціўся кішэчнік.
3 развіццём працоўнай дзейнасці адбывалася далейшае аб’яднанне людзей для сумеснага жыцця. Гэта пашырала прадстаўленні чалавека аб навакольным
174
Раздзел 5
свеце. Новыя прадстаўленні абагульняліся ў выглядзе паняццяў, што садзейнічала развіццю мыслення і фарміраванню членараздзельнага маўлення. 3 удасканаленнем маўлення ішло развіццё галаўнога мозга. Менавіта ў пералічаных напрамках рэалізавалася дзеянне рухаючай формы натуральнага адбору. Як вынік, у старажытных людзей за вельмі кароткі тэрмін значна павялічыўся аб’ём галаўнога мозга.
Грамадскі спосаб жыцця як фактар эвалюцыі чалавека. Пры пераходзе да наземнага спосабу жыцця продкі чалавека сутыкнуліся з шэрагам цяжкасцей у барацьбе за існаванне. Гэта і асваенне новых месцаў пражывання, і пастаянная небяспека, звязаная з драпежнікамі ва ўмовах адкрытай прасторы. Для паспяховага выжывання продкі чалавека аб’ядноўваліся ў групы, а праца садзейнічала з’яднанню іх членаў. Старажытныя людзі калектыўна абараняліся ад драпежнікаў, палявалі і займаліся выхаваннем дзяцей. Старэйшыя члены навучалі малодшых знаходзіць прыродныя матэрыялы і вырабляць прылады працы, вучылі паляваць і падтрымліваць агонь. Выкарыстанне агню, акрамя прыгатавання ежы, дапамагала абараняцца ад непагоды і драпежнікаў.
Грамадскае жыццё давала неабмежаваныя магчымасці зносін з дапамогай гукаў і жэстаў. Паступова неразвітая гартань і ротавы апарат малпападобных продкаў ператварыліся ў органы членараздзельнага маўлення чалавека. Гэтаму садзейнічалі спадчынная зменлівасць і натуральны адбор.
Вядучая роля сацыяльных фактараў у гісторыі развіцця чалавека. На этапе эвалюцыі старажытнейшых людзей вядучая роля належала біялагічным фактарам — барацьбе за існаванне і натуральнаму адбору. Адбор быў накіраваны на выжыванне асобных папуляцый людзей. Выжывалі найбольш прыстасаваныя да неспрыяльных умоў і больш умелыя ў вырабе прыладаў працы. Па меры аб’яднання людзей у групы вядучую ролю ў антрапагенезе сталі адыгрываць сацыяльныя фактары. Перавагу ў барацьбе за існаванне неабавязкова атрымлівалі самыя моцныя. Паступова аб’ектам адбору сталі стаднасць і звязаныя з ёй формы зносін. Выжывалі тыя, хто максімальна захоўваў дзяцей — будучыню папуляцыі і старых — носьбітаў жыццёвага вопыту.
Праз працу і слова чалавек стаў паступова авалодваць культурай вытворчасці прылад працы, уладкавання жылля. Навучанне і выхаванне, а таксама перадача вопыту з’явіліся важнай перадумовай зараджэння элементаў чалавечай культуры. Спачатку яны праяўляліся ў выглядзе наскальных малюнкаў, статуэтак, пахавальных абрадаў. Удасканаленне калектыўнага спосабу жыцця, размеркаванне абавязкаў паміж членамі групы зніжалі ролю біялагічных фактараў у эвалюцыі чалавека.
Якасныя адрозненні чалавека. Гаворачы аб якасных адрозненнях, паспрабуем падсумаваць разгледжаныя раней перадумовы антрапагенезу. Чалавека ўме
Роля біялагічных і сацыяльных фактараў у эвалюцыі чалавека
175
лага, першага сапраўднага прадстаўніка роду Homo, адрознівае ад прадстаўнікоў ■ жывёльнага свету менавіта здольнасць вырабляць прылады працы.
Тут важны менавіта выраб, а не простае выкарыстанне палкі або каменя малпападобнымі продкамі ддя задавальнення патрэб у ахове або ежы. Жывёлы таксама могуць скарыстоўваць падручныя сродкі для здабывання корму. Малпы, напрыклад, палкамі і камянямі збіваюць бананы і какосы з пальмаў. Марскія выдры карыстаюцца камянямі для расколвання ракавін малюскаў. Некаторыя віды галапагоскіх уюркоў прымяняюць калючкі кактусаў, каб даставаць насякомых зпад кары дрэў.
Усе спосабы выкарыстання прадметаў у жыццядзейнасці жывёл носяць выпадковы характар або абумоўлены інстынктамі. Таму галоўным якасным адрозненнем чалавека з’яўляецца, безумоўна, свядомая праца. Менавіта праца ўяўляе сабой мяжу, якая раздзяліла чалавека і яго далёкіх продкаў.
Чалавек мае такі ж самы план будовы арганізма, як і ўсе млекакормячыя. У той жа час у будове цела чалавека ёсць шэраг адрозненняў, звязаных з прамахаджэннем, працоўнай дзейнасцю і развіццём мовы.
У сувязі з прамахаджэннем змянілася пастава цела і адбыўся перанос цэнтра цяжару на ніжнія канечнасці. Гэта абумовіла змяненне формы пазваночніка з дугападобнай на Sпадобную. Такая форма надала пазваночніку дадатковую гнуткасць пры перамяшчэнні. Укарачэнне пазваночнага слупа забяспечвае ўстойлівае становішча цела на ніжніх канечнасцях, якія ў чалавека, у адрозненне ад малпападобных продкаў, даўжэйшыя за верхнія.
Іншымі прагрэсіўнымі элементамі, звязанымі з хаджэннем на дзвюх нагах, сталі: скляпеністая, спружыністая ступня, пашыраны таз, а таксама больш кароткая і шырокая грудная клетка. Патылічная адтуліна ў чалавека перамяшчаецца да цэнтра асновы чэрапа, што дазваляе збалансаваць чэрап на шыйных пазванках.
У сувязі з працоўнай дзейнасцю рука чалавека мае невялікія памеры, адрозніваецца тонкасцю і рухомасцю. Гэта дае ёй магчымасць рабіць розныя рухі. Адвядзенне ўбок вялікага пальца і яго проціпастаўленне астатнім (мал. 79) дазваляе чалавеку не проста браць
Мал. 79. Рукі чалавека і чалавекападобнай малпы
прадмет, але і зручна абхопліваць яго.
176
Раздзел 5
Мал. 80. Чэрапы чалавека (1)
і шымпанзэ (2)
Мал. 81. Формы ніжняй сківіцы чалавека (1) і чалавекападобнай малпы (2)
Павелічэнне аб’ёму галаўнога мозга прывяло да павелічэння памераў мазгавога адцзела чэрапа ў сярэднім да 1500 см3. Па аб’ёме ён пераўзыходзіць тварны аддзел у 4 разы, хаця ў малпаў гэтыя суадносіны складаюць 1 : 1 (мал. 80).
3 развіццём маўлення ніжняя сківіца чалавека набыла выгляд падковы з падбародкам, які выступае (мал. 81). Яшчэ адной адрознай рысай стала наяўнасць другой сігнальнай сістэмы. Слова і звязанае з ім мысленне дазваляюць чалавеку разважаць лагічна і абагульняць назапашаныя факты. На гэтым заснавана перадача вопыту, культуры, традыцый, ведаў на працягу многіх пакаленняў. Веды і вопыт, назапашаныя чалавекам на працягу жыцця, становяцца дасягненнем усяго грамадства. Гэта стала магчымым дзякуючы развіццю маўлення, а пазней — пісьменнасці.
Такія якасці чалавека, як любоў да працы, пластычнасць мыслення, культура маўлення, развіваюцца на аснове адукацыі і выхавання ў грамадстве. Паза чалавечым грамадствам фарміраванне гарманічна развітой асобы немагчыма.