Біялогія
Выдавец: Народная асвета
Памер: 261с.
Мінск 2016
1. Ахарактарызуйце асноўныя прыстасавальныя асаблівасці прадстаўнікоў розных рас. Які фактар эвалюцыі садзейнічаў іх з’яўленню? 2. Прывядзіце доказы адзінства і раўнацэннасці чалавечых рас. 3. Чаму, на ваш погляд, расізм недапушчальны ў сучасным грамадстве? 4. Ахарактарызуйце асаблівасці эвалюцыі чалавека на сучасным этапе. Якая роля ў гэтым працэсе належыць біялагічным фактарам эвалюцыі? 5. Прывядзіце прыклады дрэйфу генаў у чалавечых папуляцыях на сучасным этапе. Якую ролю і ў якіх выпадках дадзены працэс адыгрывае ў эвалюцыі чалавека на сучасным этапе? Адказ абгрунтуйце.
Раздзел 6
У гэтым раздзеле вы пазнаёміцеся з асноўнымі напрамкамі эталогіі — навукі аб біялагічных асновах паводзін жывёл. Вы даведаецеся, як адбываецца станаўленне любога паводзінскага акта. Выявіце значэнне розных формаў паводзін для выжывання жывых арганізмаў і даведаецеся, як адбывалася эвалюцыя паводзін.
§ 42. Паводзіны як форма адаптацыі арганізмаў
Асаблівасці паводзін жывых арганізмаў. Выжыванне арганізмаў шмат у чым вызначаецца іх здольнасцю ўзаемадзейнічаць з навакольным асяроддзем. Гэта ў найбольшай ступені дасягаецца праз рэалізацыю цэлага шэрага паводзінскіх рэакцый.
Паводзіны — сукупнасць усіх дзеянняў арганізма.
Паводзінскія рэакцыі тым больш відавочныя, чым прыкметней змяненне сілы дзеяння экалагічных фактараў. Пры гэтым у паводзінскай рэакцыі можа быць задзейнічана альбо толькі нейкая функцыя або орган, альбо ўвесь арганізм. Напрыклад, пры сустрэчы драпежніка і ахвяры ахвяра пужаецца і часта вымушана ратавацца бегствам. Пры гэтым у адказнай рэакцыі ахвяры прымае ўдзел большасць сістэм органаў: нервовая, дыхальная, апорнарухальная, крывяносная, стрававальная. Гэта, па сутнасці, і ёсць той сумарны адказ на знешняе ўздзеянне, які і прынята называць паводзінамі.
Вядома, што пэўныя паводзінскія рэакцыі выклікаюцца не толькі знешнім, але і ўнутраным уздзеяннем. Так, пры працяглай адсутнасці ежы ў крыві драпежніка зніжаецца колькасць пажыўных рэчываў (глюкозы, амінакіслот). Гэты недахоп успрымаецца хемарэцэптарамі і далей пры дапамозе нервовых імпульсаў ідзе ў цэнтр голаду галаўнога мозга. Такім чынам, у драпежніка фарміруецца адчуванне голаду, якое штурхае яго на пошук здабычы.
У залежнасці ад эвалюцыйнага становішча арганізма паводзінскія рэакцыі і сродкі дасягнення пэўных патрэб розныя. У той жа час адзіным для ўсіх арганізмаў з’яўляецца тое, што патрэба, якая ўзнікла, падштурхоўвае да дзеяння, накіраванага на яе задавальненне. Такое пабуджэнне да дзеяння называецца матывацыяй. Напрыклад, пры зніжэнні колькасці корму ў асяроддзі пражывання і аднаклетачныя пратысты, і драпежныя млекакормячыя здольны праяўляць падобныя дзеянні. Яны змяняюць тэрыторыю пошуку, пераходзяць на новыя ўчаст
I 184 Раздзел 6
I кі. Такім чынам, ажыццяўляюцца падобныя паводзінскія акты, хоць іх механізмы розныя.
Паводзіны адыгрываюць вельмі важную ролю ў выжыванні жывых арганізмаў. Безумоўна, паводзінскія рэакцыі самыя хуткія і характарызуюць фізіялагічны стан арганізма. Напрыклад, ад прамых сонечных прамянёў чалавеку прасцей схавацца ў цень, чым чакаць, пакуль скура загарыць і стане менш адчувальнай.
Узроўні паводзін і эвалюцыя. Вылучаюць пяць узроўняў (формаў) паводзін, характэрных для жывёл. Іх можна аб’яднаць у дзве групы: прыроджаныя і набытыя. Да прыроджаных адносяцца пастаянныя (стэрэатыпныя) формы паводзін — таксісы, рэфлексы і інстынкты. Яны практычна не мяняюцца на працягу жыцця і часцей за ўсё носяць спадчынны характар. Набытымі формамі паводзін з’яўляюцца тыя, якія развіваюцца на працягу жыцця індывіда, — навучанне і разумовая дзейнасць. Па меры ўскладнення арганізацыі прыроджаныя формы паводзін паступова саступаюць месца для набытых. Напрыклад, таксісы часцей праяўляюцца ў пратыстаў, у меншай ступені — у чарвей і знікаюць у прымітыўных млекакормячых. У пчол пераважаюць інстынктыўныя паводзіны, а ў сабак яны змяняюцца здольнасцямі да навучання. Вышэйшы ўзровень — разумовая дзейнасць пачынае фарміравацца ў ніжэйшых млекакормячых, узмацняецца ў вышэйшых прыматаў і максімальная ў чалавека.
Прыроджаныя формы паводзін (таксісы, рэфлексы, інстынкты) з’яўляюцца карыснымі для жыццядзейнасці рэакцыямі арганізма. Яны сфарміраваліся і замацаваліся ў генатыпе ў выніку дзеяння натуральнага адбору. Дадзеныя формы паводзін вельмі разнастайныя і пастаянныя для відаў, а таксама для больш
Мал. 85. Хематаксіс у насякомых: матылі зляцеліся на саладкаватую вадкасць, якую выдзелілі расліны
буйных таксанамічных адзінак (родаў, сямействаў, атрадаў). Таму прыроджаныя формы паводзін можна выкарыстаць у якасці сістэматычнай прыкметы пры класіфікацыі жывёл. Напрыклад, прадстаўнікі сямейства воўчых на паляванні выкарыстоўваюць працяглую пагоню, заснаваную на вынослівасці і знясіленні ахвяры. Прадстаўнікі ж каціных аддаюць перавагу чакальнаму спосабу палявання. Яны накідваюцца на ахвяру, падсцерагаючы яе ў сховішчы.
Прасцейшай прыроджанай формай паводзін з’яўляюцца таксісы (мал. 85).
Паводзіны як форма адаптацыі арганізмаў
185
Таксіс — форма прасторавай арыентацыі арганізмаў у адносінах да крыніцы раздражнення. Калі рух ажыццяўляецца да крыніцы раздражнення — гэта станоўчыя таксісы, калі ў процілеглы бок — адмоўныя. У залежнасці ад прыроды раздражняльніка выдзяляюць фота, тэрма, хематаксісы і інш. Прыкладам станоўчага тэрматаксісу служыць вялікая колькасць водных беспазваночных у верхніх, найбольш прагрэтых участках вадаёма. Станоўчым хематаксісам з’яўляецца распазнаванне насякомымі палавых партнёраў, а таксама месцаў свайго пражывання нават на значным аддаленні ад іх. Адмоўным таксісам будзе, напрыклад, рух анаэробных бактэрый убок ад павышанай канцэнтрацыі кіслароду.
Рэфлексы ўяўляюць сабой стэрэатыпныя рэакцыі арганізма на пэўныя ўздзеянні, якія адбываюцца пры ўдзеле нервовай сістэмы. Яны могуць быць накіраваны на задавальненне патрэб арганізма ў ежы, вадзе, бяспецы і інш. Безумоўныя рэфлексы аднолькавыя ва ўсіх жывёл аднаго віду, і менавіта на іх заснаваны ўсе формы прыроджаных паводзін. Умоўныя рэфлексы, адкрытыя I. П. Паўлавым, ляжаць у аснове навучання — набытай формы паводзін. Іх фарміраванне можна разглядаць як звяно паміж прыроджанымі і набытымі формамі паводзін. Прыкладам рэфлекторнай формы паводзін можа быць пасіўнаабараняльны рэфлекс у жывёл. У дадзеным выпадку жывёла замірае пры з’яўленні драпежніка або незнаёмым гуку.
Цікавай формай стэрэатыпных паводзін з’яўляюцца інстынкты — ланйугі складаных безумоўных рэфлексаў. Інстынкты ўзніклі ў працэсе эвалюцыі ў якасці прыстасаванняў да тыповых умоў існавання віду. Дзякуючы спадчыннай замацаванасці інстынкты праяўляюцца ў любы момант жыццядзейнасці арганізма і не патрабуюць спецыяльнага навучання. Інстынктыўныя паводзіны накіраваны на павышэнне выжывальнасці арганізмаў. Прыкладам інстынктаў з’яўляецца дзейнасць насякомых, птушак і іншых жывёл па здабыванні ежы, будаўніцтве гнёздаў, вывядзенні патомства. Пры будаўніцтве гнязда пеўчы дрозд, напрыклад, змазвае латочак глінай, а дрозд белабровік гэтага не робіць. Сініца рэмез будуе з расліннага пуху складанае гняздо ў выглядзе мяшочка, падвешанага да галін дрэва. У млекакормячых толькі што народжаныя дзіцяняты адразу пачынаюць смактаць мацярынскае малако. Птушаняты лебедзяў і качак, толькі вылупіўшыся, ужо ўмеюць плаваць.
Індывідуальна набытыя формы паводзін (навучанне, разумовая дзейнасць). Пералічаныя прыроджаныя формы паводзін забяспечваюць прыстасаванасць арганізма для задавальнення асноўных жыццёвых патрэб пры нязменных умовах знешняга асяроддзя. Для выжывання ў дынамічна зменлівых умовах арганізмам неабходна змяняць свае паводзінскія рэакцыі. Гэтай здольнасцю ў форме набытых умоўных рэфлексаў у найбольшай ступені валодаюць птушкі і мле
186
Раздзел 6
Мал. 86. Набытыя формы паводзін: 1 — імпрынтынг (захаванне ў памяці), 2 — прывыканне, 3 — імітаванне
какормячыя. У дадзеным выпадку жывёла вучыцца рэагаваць на новы, абыякавы ў старых умовах стымул.
Навучанне — прыстасавальнае змяненне паводзін у выніку папярэдняга вопыту, за кошт якога дасягаецца індывідуальнае прыстасаванне жывых арганізмаў да асяроддзя пражывання.
Прасцейшым спосабам індывідуальнага навучання ў прыродзе з’яўляецца метад спроб і памылак. Напрыклад, маладое птушаня, якое зляцела з гнязда, будзе спрабаваць злавіць асу, пакуль не пераканаецца, што гэта ярка афарбаванае насякомае неядомае. Гэтак жа жабы адмаўляюцца ад з’ядання насякомых з перасцерагальнай афарбоўкай, калі раней з імі ўжо сустракаліся.
Для цеплакроўных жывёл характэрна цікавая форма навучання — імпрынтынг (захаванне ў памяці) (мал. 86, I). Захаваннем у памяці з’яўляецца рух дзіцянят за аб’ектам іх пастаяннай увагі, напрыклад за маці. Аднак калі качаняці, якое толькі што вылупілася, прадставіць іншы аб’ект, які рухаецца, качаня пойдзе за ім. Калі ў далейшым птушаняці будзе прадстаўлена ўласная маці, яно ўсё роўна пойдзе за першапачатковым аб’ектам, захаваным у памяці. Захаванне ў памяці фарміруецца выключна ў раннім узросце. Калі яно не ўзнікае адразу, гэты від навучання можа ўвогуле не развівацца.
Простай формай навучання з’яўляецца прывыканне (мал. 86, 2). Яно развіваецца пры працяглым паўтарэнні непадмацаваных стымулаў. Напрыклад, птушкі, якія збіраюць на полі корм, з цягам часу перастаюць рэагаваць на сельскагаспадарчую тэхніку, якая прануе. Гэты від навучання дазваляе жывёлам з ранняга ўзросту адрозніваць нейтральныя фактары навакольнага асяроддзя і не рэагаваць на іх.
У птушак і млекакормячых развіта імітаванне (мал. 86, 3), якое таксама з’яўляецца прыстасавальнай паводзінскай рэакцыяй. Напрыклад, маладыя тыгры, палюючы, імітуюць дарослых пры высочванні і падкрадванні да ахвяры. Імітаванне адыгрывае важную ролю ў паводзінах чалавека. Так, маленькія дзе
Паводзіны як форма адаптацыі арганізмаў
187
ці несвядома імітуюць старшых братоў і сясцёр, падлеткі — настаўнікаў або куміраў.
Вышэйшай прыстасавальнай формай паводзін, найбольш развітай у чалавека, з’яўляецца разумовая дзейнасць.
Разумовая дзейнасць — здольнасць да выканання адаптыўнага паводзінскага акта ў сітуацыі, якая склалася.
У аснове разумовай дзейнасці ляжыць мысленне. Мысленне — від разумовай дзейнасці, якая заключаецца ў пазнанні сутнасці прадметаў і з’яў і вызначэнні заканамерных сувязей і адносін паміж імі. Акрамя чалавека, толькі вышэйшыя прыматы выявілі здольнасць рашаць мысліцельныя задачы з мінімальнай колькасцю паўтораў.