Брэменскія музыкі
Браты Грым
Выдавец: Юнацтва
Памер: 302с.
Мінск 1999
Раніцай сталяр заплаціў грошы за начлег, узяў столік, не адчуваючы зладзейства, і пайшоў сваім шляхам-дарогай. Апоўдні быў ужо дома. Бацька сустрэў яго з вялікай радасцю, спытаў:
— Ну, дарагі сынок, чаму ты навучыўся?
— Стаў я, бацечка, сталяром.
— Што ж, гэта добрае рамяство. А што ты зарабіў за гэты час, з якім багаццем вярнуўся дамоў?
— Бацечка, самае дарагое, што я займеў, то вось гэты столік.
Агледзеў яго кравец дый кажа:
— Што ж, зроблены ён няважна, стары столік.
— Але гэта «столік-накрыйся», — адказаў сын і растлумачыў пра яго чарадзействы.
Вось сабраліся ў бацькавай хаце госці. Узяў сын свой столік, паставіў пасярод пакоя і загадаў:
— Столік, накрыйся!
Але столік застаўся пустым. Зразумеў бедны сталяр, што столік яму падмянілі ў гасцініцы. Сорамна зрабілася перад родзічамі. Пасмяяліся яны над ілгуном і ні з чым вярнуліся дамоў.
Кравец зноў заняўся сваім шытвом. А сын дапамагаў яму. Так і зараблялі сабе на хлеб.
Сярэдні сын трапіў на вучобу да млынара. Пры развітанні з ім гаспадар сказаў:
— Ты добра працаваў, і за гэта дару табе асла. Ён, праўда, своеасаблівы, у запрэжку не прыгодны, мяхоў цягаць не будзе.
— Дык навошта ён мне такі?
— Гэты асёл золата выплёўвае, — растлумачыў млынар. — Трэба паставіць яго на хустку, сказаць: «Брыклябрыт!», жывёліна пачне выплёўваць залатоўкі і ззаду, і спераду.
— О, гэта справа добрая! — падзякаваў падмайстар млынару і пайшоў падарожнічаць па свеце.
Калі заканчваліся грошы, ён ставіў асла на хустку, даваў каманду: «Брыклябрыт!» і заставалася толькі падабраць дождж залатовак. Добра яму жылося. Куды не прыйдзе, падаюць яму ўсё самае лепшае і дарагое. Грошай жа меў поўны кашалёк!
Пабачыў свету, наездзіўся малады млынар і вырашыў праведаць бацьку. Падумаў, калі з’явіцца дадому з такім залатым аслом, то, напэўна, не прыгадае бацька даўнейшы гнеў на яго, сустрэне добра.
I здарылася так, што трапіў ён у тую самую гасцініцу, у якой яго старэйшаму брату падмянілі столікнакрыйся. Як звычайна, сустрэў падарожніка ветлівы гаспадар. Адразу хацеў вызваліць яго ад асла, узяць і прывязаць у стойле. Малады млынар запярэчыў:
— He, не, свайго шэрага я сам адвяду ў стойла і сам прывяжу. Я павінен ведаць, дзе ён будзе знаходзіцца.
71 ф*
Гаспадару гэта падалося дзіўным. Ён падумаў, што яго новы кліент вельмі бедны, бо сам хоча даглядаць свайго асла. Але той дастаў з кішэні дзве залатоўкі і загадаў добра накарміць асла. Гаспадар аж вочы вылупіў: адкуль у гэтага млынара такія грошы?
Паабедаў госць, просіць рахунак. Тут ужо гаспадар мелу не пашкадаваў: налічыў за абед у два разы болей, чым трэба, ды яшчэ запатрабаваў дзве залатоўкі наверх. Сунуў хлопец руку ў кішэню, а золата ў ёй няма.
— Гаспадар, пачакайце крыху, — сказаў ён. — Я зараз прынясу вам грошы.
Госць узяў абрус і накіраваўся ў стойла да свайго асла. Цікаўны гаспадар следам за ім. Дый падгледзеў, як з асла сыпалася золата.
— От якая чартаўшчына! — здзівіўся гаспадар. — Новенькія грошы сыплюцца з асла!
У тую ноч яму не спалася. Калі госць улёгся адпачываць, ён вывеў са стойла залатога асла, а на яго месца прывязаў іншага.
Раніцай малады млынар пакрочыў дадому. Побач з ім ішоў асёл, але то была ўжо не чароўная жывёліна, а звычайная. Толькі хлопец не ведаў пра гэта.
Бацька сустрэў і сярэдняга сына ласкава, вельмі ўзрадаваўся яго вяртанню.
— Ну, скажы, сынок, чаму навучыўся?
— Стаў я млынаром, мілы бацечка!
— А што прынёс у хату з далёкіх падарожжаў?
— Ды вось аднаго толькі асла.
— Аслоў і тут удоваль, — заўважыў бацька. — Лепш бы ты прывёў добрую казу.
— Так-то яно так, — адказаў сын. — Але ж гэты асёл не просты, а залаты. Клічце родзічаў, я ўсіх зраблю багатымі.
— Талкова! — узрадаваўся кравец. — Можа, і мне цяпер не трэба будзе з іголкай мучыцца.
Пабег ён склікаць усіх родзічаў у госці. Яны хутка сабраліся, і малады млынар пачаў сваё чарадзейства.
Раскінуў хустку пасярод пакоя, прывёў асла, паставіў на яе. Крыкнуў:
— Брыклябрыт!
У беднага млынара аж твар выцягнуўся, калі ён убачыў, што з асла ўпала зусім не золата. Зразумеў: яму ў дарозе падмянілі асла. Пачаў ён прабачэння прасіць у гасцей. А ў бацькі тым больш, бо давялося старому краўцу зноў брацца за сваю іголку.
Малодшы брат трапіў на вучобу да аднаго токара. Рамяство гэта тонкае, вось і давялося яму вучыцца даўжэй за ўсіх. За стараннасць і добрыя паводзіны майстар падарыў яму мяшок, сказаў:
— Ведай, ляжыць у гэтым мяшку дубінка.
— Навошта яна? Ад яе толькі цяжар.
— Слухай, — растлумачыў майстар, — калі цябе хто пакрыўдзіць, то варта табе сказаць: «Дубінка, з мяшка!» — і яна імгненна выскачыць і кінецца дубасіць таго, хто цябе зняважыў. Ды так стане весела танцаваць па яго спіне, што той тыдзень не пашавеліцца. Запомні яшчэ: яна не прыпыніцца да таго часу, калі ты не скажаш: «Дубінка, у мяшок!»
Падзякаваў малады токар свайму гаспадару, закінуў мяшок за плечы і пайшоў падарожнічаць ды грошы зарабляць. Даводзілася яму карыстацца і дубінкай з мяшка. Пераканаўся: яна старанна выконвала яго загады, аднолькава спрытна ўпраўлялася ці то з кафтанам, ці то з курткай, не вельмі чакала пакуль іх хто здыме.
Вось аднойчы пад вечар завітаў малады токар у тую самую гасцініцу, у якой яго братоў ашукалі. А браты яму паспелі напісаць, якая з імі бяда здарылася тут.
Паклаў хлопец свой мяшок на стол, пачаў баяць пра розныя дзівы, якія яму давялося пабачыць.
3* Зак. 737
— Бываюць гэткія столікі-самаборы, — сказаў ён, ёсць яшчэ аслы залатыя і ўсякая ўсячына. Рэчы добрыя, што й казаць, але яны нічога нявартыя перад багаццем, якое я здабыў. Ляжыць яно вось у гэтым мяшку.
Тут сквапны гаспадар і натапырыў вушы: што ля• жыць у мяшку, можа, самацветы?
Надышоў час класціся спаць. Госць улёгся на лаву і паклаў пад галаву замест падушкі свой мяшок. Гаспадар пачакаў крыху і давай зладзейнічаць. Ухапіўся за таямнічы мяшок, паціху цягне на сябе. Хацеў падмяніць яго іншым.
А токар гэтага моманту і чакаў. Раптам як крыкне: «Дубінка, з мяшка!» Як жа выскачыла дубінка, як надавала гаспадару пад бакі, той аж пачаў прасіць літасці. Але чым гучней ён крычаў, тым мацней дубінка трэсла яго.
I сказаў тады токар:
— Калі ты не вернеш «столік-накрыйся» і залатога асла, то дубінка не перастане танцаваць па табе.
— Вой, — застагнаў гаспадар, — я ўсё ахвотна вярну, толькі скажы свайму дамавіку, каб ён вярнуўся ў мяшок.
— Добра, памілую цябе, але глядзі, беражыся!
Крыкнуў токар:
— Дубінка, у мяшок!
I дубінка ў тое ж імгненне пакінула гаспадара гасцініцы, ускочыла ў мяшок.
Раніцай адправіўся токар са «столікам-накрыйся» і залатым аслом дамоў. Узрадаваўся бацька, убачыўшы малодшага сына, спытаў у яго, чму ён навучыўся ў чужых краях.
— Дарагі бацечка, я токарам стаў.
— Гэта тонкае рамяство, — пахваліў бацька і сказаў: — Ну, а што прынёс з падарожжаў?
— Дарагую штучку, мілы бацечка, — дубінку ў мяшку.
— Што? — закрычаў кравец. — Дубінку? Ці варта было несці яе здалёку. Яе можна вычасаць з любога дрэва.
— Так, але, мілы бацечка, мая дубінка чароўная, — супакоіў сын бацьку, расказаў яму яе тайну. — От бачыш, дзякуючы гэтай дубінцы я вярнуў назад столік-накрыйся і залатога асла, якія адняў ад братоў зладзеяваты гаспадар гасцініцы. Клічце іх сюды ды запрашайце ўсю радню!
Стары кравец не зусім паверыў малодшаму сыну, але што зробіш, склікаў у сваю хату ўсю радню. Вось раскінуў токар на ўвесь пакой хустку, прывёў залатога асла і сказаў свайму брату:
— Ну, мілы братка, пагавары з ім.
I сказаў млынар:
— Брыклябрыт!
I сталі дажджом падаць на хустку залатыя чырвонцы. Асёл рабіў гэта да таго часу, пакуль усе госці не набралі столькі золата, як панесці. (А па табе, мой дружа, відаць, што і ты не супраць бы пабываць там. Што ж, даруй, гэта казка).
Пасля токар прынёс столік і сказаў:
— Ну, братка, пагавары з ім.
I толькі сталяр прамовіў: «Столік, накрыйсяі», a ён ужо накрыты абрусам, і ўвесь устаўлены смачнымі стравамі. Пачалося такое баляванне, якога не было у хаце краўца за ўсё яго доўгае жыццё. Вясёлая і задаволеная вярталася радня дамоў.
I схаваў кравец у шафе іголку і ніткі, метр і прас ды стаў жыць-пажываць разам з сынамі ў радасці і ў багацці.
Ну, а куды ж падзелася каза, з-за якой кравец прагнаў з дому сваіх сыноў?
Сорамна ёй зрабілася, што паголеная ў яе галава, вось і забегла яна ў лісіную нару, схавалася там. Вярнулася ліса з палявання, бачыць у цемры нары блішчаць два вялікія вокі, напалохалася яна і збегла.
Сустрэў лісу мядзведзь, бачыць, што яна перапалоханая, цікавіцца:
— Што з табой, лісічка-сястрычка?
— Ох, — адказвае рыжая, — страшны звер засеў у маёй нары, з вогненнымі вачамі.
— Ды мы яго ўраз выганім! — кажа мядзведзь.
Пайшлі яны да нары. Мядзведзь зазірнуў туды, спалохаўся вогненных вачэй і даў лататы ад нары. Бяжыць па лесе, зямля пад ім трасецца. Тут сустракаецца яму пчала, пытае:
— Мядзведзь, чаго выгляд у цябе такі маркотны, дзе згубіў сваю весялосць?
— Табе добра разважаць, — адказвае мядзведзь — а вось у лісіным доміку засеў страшны звер, вочы вылупіў, і выгнаць яго мы не можам.
I сказала пчала:
— Шкада мне цябе, мядзведзь. Хаця я, пчала, слабая і бедная, вы на мяне і глядзець не хочаце, але я ўсё-такі магу вам дапамагчы.
Пчала ўляцела ў лісіную нару, села казе на паголеную галаву і так моцна яе ўджаліла, што каза ажно падскочыла. Закрычала:
— Ме-ме!
Як ашалелая выскачыла каза з лісінай нары. I ніхто да цяперашняга часу так і не ведае, куды яна збегла.
ТРЫ МАЛЕНЬКІЯ ЛЕСАВІКІ
Жыў-быў адзін чалавек, і памерла ў яго жонка;
і жыла жанчына, і памёр у яе муж; была ў чалавека дачка, і ў жанчыны таксама была дачка. Дзяўчаты ведалі адна адну і хадзілі разам гуляць, і зазіралі часта да гэтай жанчыны ў дом. Вось жанчына аднойчы і гаворыць дачцэ таго чалавека:
— Паслухай, скажы свайму бацьку, што я жадаю выйсці за яго замуж, што ты будзеш за мной кожны дзень у сырадоі купацца ды віно смакаваць, а дачка мая няхай у вадзе плюхаецца і п’е толькі ваду.
Вярнулася дзяўчына дахаты і расказала бацьку пра тое, што яе прасіла перадаць жанчына. Кажа бацька:
— Што мне рабіць? Ажэнішся раз, а наракаеш увесь свой век, — усё гэта і радасць, і гора.
I вось, не ведаючы, што яму выбраць, сцягнуў ён з нагі бот і гаворыць: