• Газеты, часопісы і г.д.
  • Брэменскія музыкі  Браты Грым

    Брэменскія музыкі

    Браты Грым

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 302с.
    Мінск 1999
    69.97 МБ
    — Вось яны і мае! Цяпер ужо ім адгэтуль не ўцячы!
    Рана-ранічкай, калі дзеці яшчэ спалі, яна паднялася, зірнула, як яны спяць спакойна ды якія ў іх пульхныя і ружовыя шчочкі, і ўсцешылася: «Будзебудзе для мяне смачны сняданак!»
    Яна схапіла Гензеля сваёй кастлявай рукою, занесла яго ў хлеў, а пасля замкнула за сабой дзверы з жалезнымі кратамі — няхай лемантуе колькі хоча, нішто яму не паможа. Затым пайшла яна да Грэтэль, раскатурхала яе, пабудзіла і кажа:
    — Падымайся, гультайка, ды прынясі мне вады, згатуй свайму брату што-небудзь смачнае, — вунь сядзіць ён у хляве, няхай сыцее і гладзее. А калі распаўнее, я яго з’ем.
    Залілася Грэтэль горкімі слязьмі, але — што рабіць? — прыйшлося ёй рабіць тое, што загадала злая ведзьма.
    I вось былі згатаваныя для Гензеля самыя смачныя стравы, а Грэтэль засталіся толькі адны недаедкі.
    Кожную раніцу падыходзіла старая да маленькага хлява і гаварыла:
    — Гензель, пакажы мне свае пальцы, я хачу ўбачыць, ці даволі ты папаўнеў.
    Але Гензель падымаў костачку, і старая, якая слаба бачыла, не магла разгледзець, што гэта такое, і думала, што гэта Гензелевы пальцы, і здзіўлялася, чаму гэта ён зусім не правіцца.
    Так мінула чатыры тыдні, але Гензель усё яшчэ быў худы, — тут старая страціла ўсякую цярпліваць і чакаць больш не захацела.
    — Эй, Грэтэль, — крыкнула яна дзяўчынцы, — варушыся жвавей, прынясі вады: усё роўна — ці тлусты Гензель, ці сухарэбры, а ўжо заўтра раніцай я яго закалю і згатую.
    Ой як бедавала няшчасная сястрычка, калі прыйшлося ёй цягаць ваду, як цяклі ў яе слёзы струменямі па шчоках!
    — Божа, ды памажы ж ты нам! — усклікнула яна. — Лепш бы нас разарвалі дзікія звяры ў лесе, тады хоць бы загінулі мы разам.
    — Ну, годзе ныць! — закрычала старая. — Цяпер табе ніхто не паможа.
    Ранічкай Грэтэль павінна была падняцца, выйсці на двор, пачапіць кацёл з вадою і раскласці агонь.
    — Спачатку мы спячом хлеб, — сказала старая, — я ўжо выпаліла печ і замясіла цеста. — Яна штурхнула бедную Грэтэль да самай печы, адкуль ледзь не апаліла яе пякельным полымем.
    — Ну, лезь у печ, — загадала ведзьма, — ды паглядзі, ці добра яна напаленая, ці не час булкі туды падаваць.
    Толькі паспрабавала Грэтэль лезці ў печ, як ужо старая тут жа наладзілася зачыніць яе там засланкай, каб Грэтэль засмажыць, а потым і з’есці. Ды Грэтэль здагадалася, што задумала старая, і кажа:
    — Ды я не ведаю, як гэта зрабіць, як мне туды залезці.
    — Вось дурная гуска, — незадаволена сказала старая, — глядзі, якія вялікія чалеснікі, я і то магу ф 12 ф
    туды залезці, — і яна ўзабралася на прыпек і засунула галаву ў печ.
    Тут Грэтэль як піхне ведзьму, ды так, што тая апынулася ў самым полымі. Хуценька Грэтэль прыкрыла печ жалезнай засланкаю і заперла на засаўку. У-ой як страшэнна завыла ведзьма! А Грэтэль пабегла; і згарэла ведзьма-душагубка ў страшэннай пакуце.
    Кінулася Грэтэль хутчэй да Гензеля, адчыніла хлеў і ўсклікнула:
    — Гензель, мы выратаваныя: старая ведзьма згінула!
    Выімчаў Гензель з хлява, быццам птушка з клеткі, калі адчыняць перад ёй дзверцы. Як узрадаваліся яны, як кінуліся адно да аднаго, як скакалі яны ад уцехі, як моцна яны цалаваліся! I паколькі ім не было чаго цяпер баяцца, дык яны ўвайшлі ў ведзьміну хаціну, а стаялі там усюды па кутах куфэркі з жэмчугам і каштоўнымі каменьчыкамі.
    — Гэтыя, бадай, будуць лепшыя за нашыя пясчанікі, — сказаў Гензель і напоўніў самацветамі поўныя кішэні.
    — Мне таксама хочацца што-небудзь прынесці дадому, — прамовіла Грэтэль і насыпала каменьчыкаў у фартух.
    — Ну, а цяпер бяжым хутчэй адсюль, — сказаў Гензель, — бо нам трэба яшчэ выбрацца з ведзьмінага лесу.
    Вось прайшлі яны подбегам гадзіны са дзве і натрапілі нарэшце на вялікае возера.
    — He перабрацца нам цераз яго, — засмуціўся Гензель, — нідзе не бачна ні кладачкі, ні мосціка.
    — Ды і лодачкі нідзе не відаць, — уздыхнула Грэтэль, — а вунь плыве белая качачка; калі я яе папрашу, яна паспрыяе нам перабрацца на той бераг.
    I папрасіла Грэтэль:
    ф 13 ф •
    — Кача, качачка, хутчэй Падплыві да нас яшчэ. Няма сцежкі, няма кладкі Перапраў нас неадкладна!
    Падплыла качачка, сеў на яе Гензель і паклікаў сястрычку, каб і яна села побач з ім.
    — He, — адказала Грэтэль, — качачцы будзе зацяжка; няхай перавязе яна спачатку цябе, а потым і мяне.
    Так добрая качачка і зрабіла, і калі яны шчасліва перабраліся на той бераг і пайшлі далей, дык лес пачаў ім усё больш знаёмець, і яны заўважылі нарэшце здалёку бацькоўскі дом. Тут з радасці яны кінуліся бегчы, ускочылі ў пакой і прыпалі да бацькі.
    3 таго часу як той звёў дзяцей у лес, не было ў яго ні хвіліны вясёлага настрою, а жонка ягоная памерла. Апусціла Грэтэль падол фартуха, і пасыпаліся на дол жэмчуг ды самацветы, а Гензель дастаў іх з кішэні жменяю.
    I скончылася іхняя нястача і гора, і пачалі жыць яны шчасліва ўсе разам.
    Тут і казка запыняецца,
    А вунь мышка наперад спяшаецца;
    Хто зловіць яе, той
    Пашые сабе шапку скураную, Ды вялікую, не малую.
    ШЭСЦЬ ЛЕБЕДЗЯЎ
    Паехаў аднойчы кароль на паляванне ў вялікі глухі лес; без стомы ганяўся ён за звярамі, і ніхто з яго людзей не мог за ім паспець. А тут ужо добра такі звечарэла; прытрымаў тады кароль свайго каня, азірнуўся і бачыць, што заблудзіўся. Давай ён шукаць дарогу, але знайсці ніяк не можа.
    I вось убачыў ён у лесе бабульку, галава ў яе аж траслася ад старасці; а ішла яна проста насустрач яму, і была то ведзьма.
    — Бабуля, — звярнуўся кароль да яе, — ці не маглі б вы паказаць мне дарогу з лесу?
    — О, так, ваша ягамосць кароль, — адказала яна, — я гэта магу, але пры адной умове, калі вы не выканаеце яе, то не выйсці вам з лесу ніколі і загінеце вы тут ад голаду.
    — А якая ж гэта ўмова? — пытаецца кароль.
    — Ёсць у мяне дачка, — гаворыць старая, — яна такая прыгажуня, якой вам у цэлым свеце не знайсці, і вартая яна таго, каб стаць вашай жонкай; калі вы згодны зрабіць яе каралевай, дык я пакажу вам дарогу з лесу.
    Кароль ад страху згадзіўся, і старая прывяла яго ў сваю хаціну, дзе ля печы сядзела яе дачка. Яна сустрэла караля так, нібыта толькі яго і чакала; і ўбачыў кароль, што яна вельмі прыгожая, аднак яна не спадабалася яму, і ён не мог пазіраць на яе без затоенага страху. Калі кароль пасадзіў дзяўчыну на каня, старая паказала яму дарогу і кароль зноў вярнуўся ў свой каралеўскі замак, дзе яны і справілі вяселле.
    А кароль ужо быў аднойчы жанаты, і ад першай жонкі было ў яго сямёра дзяцей — шэсць хлопчыкаў і адна дзяўчынка, і любіў ён іх болып за ўсё на свеце. Але ён баяўся, каб не пачала мачыха дрэнна з імі абыходзіцца, каб не зрабіла ім якога ліха, і вось адвёз ён іх у таемны замак, які знаходзіўся якраз пасярод лесу. Ён быў так схаваны ў лясным гушчары і так цяжка было адшукаць да яго дарогу, што і сам кароль не знайшоў бы яе, каб не падаравала яму адна чарадзейка клубок чароўных нітак; і быў той клубок такі, што варта кінуць яго перад сабою, як ён сам размотваўся і паказваў шлях-дарогу.
    Вельмі часта ездзіў кароль да сваіх любімых дзяцей у лес; і нарэшце каралева зацікавілася пастаян-
    нымі яго адлучкамі; захацелася ёй даведацца, што ён робіць у лесе адзін. Шмат грошай дала яна сваім слугам, і яны выдалі ёй таямніцу, а таксама расказалі пра клубок нітак, які адзіны можа паказаць туды дарогу. I не мела яна спакою да той пары, пакуль не выведала, дзе кароль хавае гэты клубок; затым пашыла яна з шоўку маленькія белыя сарочкі і зашыла ў іх свае чары, бо яшчэ ад маці ведала яна сакрэты чарадзейства.
    Вось аднойчы паехаў кароль на паляванне, а яна ўзяла тыя сарочкі і выправілася ў лес, і клубок паказаў ёй шлях-дарогу. Дзеці, калі ўбачылі здалёку, што нехта набліжаецца, падумалі, што гэта ідзе да іх дарагі бацька, і радасна выбеглі насустрач яму. I тады накінула яна на кожнага з іх сарочку; і як толькі дакрануліся тыя сарочкі да іхняга цела, ператварыліся браты ў лебедзяў, узняліся над лесам і паляцелі.
    Вярнулася каралева дамоў дужа задаволеная, думаючы, што яна пазбавілася ад сваіх пасынкаў; але дзяўчынка не выбегла разам з братамі насустрач ёй, a каралева гэтага не заўважыла. На наступны дзень кароль прыйшоў праведаць сваіх дзяцей, але знайшоў толькі дачку.
    — А дзе ж твае браты? — спытаўся ён.
    — Бяда, дарагі татка, — адказала дачка, — яны паляцелі і пакінулі мяне адну. — I расказала яму, што бачыла з акенца, як браты лебедзямі праляцелі над лесам, і паказала пер’е, якое скінулі яны на падворку і якое яна падняла. Замаркоціўся кароль, але не ведаў, што гэтую нядобрую справу зрабіла каралева; спалохаўся, што ў яго ўкрадуць і дачку, і вырашыў забраць яе з сабою. Але яна баялася мачыхі і ўпрасіла караля пакінуць яе яшчэ на адну ноч у лясным замку.
    Бедная дзяўчынка падумала: «Нядоўга мне заставацца тут, — пайду я на пошукі сваіх братоў».
    Вось ужо і ноч апусцілася на лес, і выбегла яна з замка і пайшла проста ў лясны гушчар. Праблукала ўсю ноч і ўвесь дзень, пакуль, нарэшце, ад стомы ісці ўжо не магла. I заўважыла яна паляўнічы домік, увайшла ў яго, бачыць — пакой, а ў ім шэсць маленькіх ложкаў, але яна не адважылася легчы, а залезла пад адзін з ложкаў і вырашыла там начаваць.
    Неўзабаве і сонца зайшло, і пачула яна шум і ўбачыла, што прыляцелі да акна шэсць лебедзяў. Яны ўселіся на акне і пачалі здзьмухваць сваё пер’е, і вось лебядзіны ўбор зваліўся з іх, як сарочка. Зірнула на іх дзяўчынка і пазнала сваіх братоў, узрадавалася і вылезла з-пад ложка. Браты ўбачылі сваю сястру і ўсцешыліся не менш за яе, але радасць іх была кароткай.
    — Табе нельга заставацца тут, — сказалі яны, — гэта прытон разбойнікаў. Калі разбойнікі вернуцца і знойдуць цябе тут, яны заб’юць цябе.
    — А хіба вы не можаце мяне абараніць? — спытала ў іх сястрычка.
    — He, — адказалі яны, — мы можам скідаць свой лебядзіны ўбор толькі на чвэрць гадзіны вечарам, тады мы становімся людзьмі, а затым зноў ператвараемся ў лебедзяў.	.
    Заплакала сястрычка і кажа:
    — А хіба нельга зняць з вас чары?
    — He, — уздыхнулі яны, — зрабіць гэта вельмі цяжка. На працягу шасці гадоў ты не павінна ні гаварыць, ні смяяцца, і мусіш пашыць нам за гэты час шэсць сарочак з кветказору. А калі ты вымавіш хоць адно слова, дык уся твая праца прападзе.
    Пакуль браты расказвалі ёй пра гэта, мінула чвэрць гадзіны, і яны зноўку сталі лебедзямі і вылецелі праз акно.