Брэменскія музыкі
Браты Грым
Выдавец: Юнацтва
Памер: 302с.
Мінск 1999
Але дзяўчынка цвёрда вырашыла вызваліць сваіх братоў, нават калі б дзеля гэтага спатрэбілася яе жыццё. Яна пакінула паляўнічы домік і пайшла ў самы гу-
шчар, залезла на дрэва і там пераначавала. Ранкам яна спусцілася з дрэва, назбірала кветказору і пачала шыць. Размаўляць ёй не было з кім, а смяяцца і зусім не хацелася...
Так мінула шмат часу, і здарылася, што кароль той краіны паляваў у лесе, і яго егеры пад’ехалі да дрэва, на якім сядзела дзяўчынка. Яны паклікалі яе:
— Хто ты?
Яна нічога не адказала.
— Спусціся да нас, — папрасілі яны, — мы нічога дрэннага табе не зробім.
Але яна толькі галавой пакруціла.
Калі яны пачалі яе распытваць, яна скінула ім залатыя каралі і думала, што яны задаволяцца гэтым. Але яны ўсё задавалі і задавалі пытанні; тады яна скінула ім свой пояс; але калі і гэта не дапамагло, скінула ім свае падвязкі, такім чынам неўзабаве яна аддала ім усё, што на ёй было, і засталася ў адной сарочцы. Але егеры і тады не адчапіліся ад яе; яны залезлі на дрэва, знялі яе адтуль і прывялі да караля. Кароль спытаў:
— Хто ты? Што ты там робіш на дрэве? — Але яна нічога не адказала.
Ён распытваў яе на ўсіх мовах, якія толькі ведаў, але яна заставалася маўклівай як рыба. А была яна прыгожая, і вось кароль моцна ў яе закахаўся. Ён ухутаў яе ў свой плашч, пасадзіў перад сабой на каня і прывёз яе ў свой замак. I загадаў ён апрануць яе ў багатыя ўборы, і стала яна прыгажэйшая. Але нельга было дабіцца ад яе хоць слова. Ён сеў ля стала побач з ёю, і сціпласць яе і нясмеласць так спадабаліся яму, што ён сказаў:
— Вось з гэтай хачу я ажаніцца і ні з якой іншай на свеце. — I праз колькі дзён ён павянчаўся з ёю.
Але была ў караля злая маці — ёй не спадабалася яго жаніцьба і яна пачала зласлівіць пра маладую каралеву.
— Хто ведае, адкуль узялася гэтая дзеўка, — гаварыла яна, — ніводнага слова прамовіць не можа; яна не вартая быць жонкай караля.
Праз год, калі каралева нарадзіла першынца, старая забрала яго, а каралеве пад час сну вымазала рот крывёю. Затым яна пайшла да караля і абвінаваціла яе ў тым, што яна людаедка. Кароль не хацеў у гэта верыць і не дазволіў прычыніць каралеве зло. А яна ўвесь час шыла сарочкі і ні на што іншае не звяртала ўвагі.
Калі ж зноў нарадзіла яна прыгожага хлопчыка, ліхая свякруха зноўку ўтварыла такі ж самы падман, але кароль не хацеў верыць яе злосным словам. Ён сказаў:
— Яна вельмі сціплая і добрая, каб магла здзейсніць такое; калі б яна не была нямая, дык даказала б сваю невінаватасць.
Але старая і на трэці раз украла нованароджанае немаўлятка і абвінаваціла каралеву, якая не прамовіла ні слова ў сваю абарону. Каралю ж заставалася толькі адно — аддаць яе пад суд; і прысудзілі спаліць яе на кастры.
Надышоў дзень выканання прысуду, а быў гэта якраз апошні дзень з тых шасці гадоў, на працягу якіх яна не магла ні гаварыць, ні смяяцца.
Яна пашыла за гэты час шэсць сарочак, і толькі на апошняй сарочцы яшчэ не было левага рукава.
Калі павялі яе на касцёр, захапіла яна з сабой сарочкі, і калі завялі яе ўжо на памост і вось-вось павінны былі распаліць вогнішча, азірнулася яна і бачыць — ляцяць да яе шэсць лебедзяў. I зразумела яна, што блізка яе вызваленне, і затрапятала ў яе сэрца ад радасці.
Шумна падляцелі да яе лебедзі і апусціліся так нізка, што яна паспела кінуць ім сарочкі; і як толькі да іх дакрануліся тыя сарочкі, зваліліся з іх лебядзіныя ўборы, і стаялі перад ёй яе браты, жывыя,
здаровыя, і па-ранейшаму прыгожыя, — толькі ў малодшага не хапала левага рукава, і таму на спіне ў яго засталося лебядзінае крыло. Пачалі яны абдымацца ды цалавацца, і прыйшла каралева да караля, і ён быў моцна здзіўлены, але вось загаварыла яна і сказала:
— Мой любы кароль, з гэтай пары я магу размаўляць і скажу табе, што я ні ў чым не вінаватая, і яна расказала яму пра падман старой свекрыві, якая забрала і схавала траіх яе дзяцей. I прынеслі іх у замак на вялікую радасць караля, а злосную свякроў у пакаранне спалілі на кастры, і застаўся ад яе адзін толькі попел.
А кароль і каралева разам з шасцю сваімі братамі жылі мірна і шчасліва доўга-доўга.
ЧОРТ 3 ТРЫМА ЗАЛАТЫМІ ВАЛАСАМІ
Жыла аднойчы бедная жанчына, вось нарадзіла яна сыночка, нарадзіўся ён на свет у сарочцы, і было яму прадказана, што на чатырнаццатым годзе ён ажэніцца з каралеўскай дачкой. I здарылася, што неўзабаве пасля гэтага прыбыў у гэтую вёску кароль; але ніхто не ведаў, што гэта кароль, і калі ён пачаў распытваць у людзей, што ў іх новага, яму адказалі:
— Ды вось нарадзілася ў нас на гэтых днях дзіця ў сарочцы; што яно ні задумае, ва ўсім яму будзе ўдача. I прадказана яму яшчэ, што на чатырнаццатым годзе быццам ажэніцца ён з каралеўскай дачкой.
А было ў караля сэрца ліхое; разгневаўся ён, даведаўшыся аб такім прадказанні, і пайшоў да бацькоў хлопчыка, прыкінуўся такім ласкавым, такім добрым і кажа:
— Вы людзі бедныя, аддайце мне ваша дзіця, ужо я аб ім паклапачуся.
Спачатку яны адмаўляліся, але калі гэты чужы чалавек прапанаваў ім за гэта нямала золата, яны вырашылі: «Ужо як ён нарадзіўся шчасліўцам, то будзе гэта для яго да лепшага», і яны згадзіліся і аддалі хлопчыка.
Паклаў кароль дзіця ў паходны куфэрак і паскакаў з ім далей. Пад’ехаў ён да глыбокага віру, кінуў куфэрак у ваду і падумаў: «Вось я і выратаваў сваю дачку ад няпрошанага жаніха». Але куфэрак не патануў, а паплыў, нібы караблік, і ні адна кропля вады ў яго не прасачылася. I адплыў ён на дзве мілі ад каралеўскай сталіцы, прыплыў да млына і спыніўся каля плаціны. На шчасце, стаяў паблізу батрак з млына, ён заўважыў куфэрак і выцягнуў яго бусаком на бераг, думаючы знайсці ў ім немалыя скарбы; але калі ён яго адчыніў, то ўбачыў, што ляжыць у ім прыгожы хлопчык, здаровы і вясёлы. Ён прынёс яго да млынара і яго жонкі, і паколькі дзяцей у іх не было, то млынарыха зарадавалася і кажа:
— Гэта сам гасподзь бог паслаў нам дзіцятка.
Пачалі яны аб знайдышы клапаціцца, і ён вырас, выхаваны на многіх дабрадзейных справах.
Але вось здарылася аднойчы, што кароль, жадаючы схавацца ад навальніцы, зайшоў на млын і, заўважыўшы рослага хлопчыка, спытаў у млынара і яго жонкі, ці не іх гэта сын.
— He, — адказалі яны, — гэта знайдыш. Чатырнаццаць гадоў таму назад яго прынесла ў куфэрку да нашай плаціны, і батрак выцягнуў яго з вады.
Тады кароль зразумеў, што гэта ніхто іншы, як той самы шчаслівец, якога ён кінуў у ваду, і ён сказаў:
— А ці нельга будзе, людзі добрыя, паслаць яго з маім пісьмом да каралевы. Я дам яму за гэта ўзнагароду — два залатыя.
— Як пажадае кароль, — адказалі млынар і млынарыха і загадалі юнаку рыхтавацца ў шляхдарогу.
ф 21 ф
I напісаў кароль ліст каралеве, а было ў ім сказана: «Як толькі гэты хлопчык прыбудзе з маім пісьмом, я загадваю яго забіць і закапаць у зямлю; і зрабіць усё гэта трэба да майго вяртання».
Выправіўся хлопчык з гэтым лістом у дарогу, але на шляху заблудзіўся і трапіў пад вечар у дрымучы лес. У цемры ён заўважыў агеньчык: пайшоў насустрач яму і апынуўся каля хаткі. Зайшоў ён туды, бачыць — сядзіць каля печкі бабуля, а болей у хатцы нікога няма. Яна згледзела юнака, спалохалася і кажа:
— Ты адкуль і куды кіруешся?
— Я іду з млына, — адказаў ён, — кіруюся да каралевы, нясу ёй пісьмо; ды вось заблудзіўся ў лесе і хацеў бы ў цябе пераначаваць.
— Бедны ты хлопчык, — мовіла бабуля, — бо ты трапіў у разбойніцкі прытон; калі разбойнікі вечарам вернуцца дамоў, яны цябе заб’юць.
— Ну, што ж, няхай прыходзіць хто заўгодна, — сказаў юнак, — я нікога не баюся; я так стаміўся, што ісці далей не маю сілы. — I ён лёг на лаўку і заснуў.
Неўзабаве з’явіліся разбойнікі і гнеўна спыталі, чаму тут ляжыць нейкі чужы хлопчык.
— Ах, — сказала бабуля, — ды гэта ж зусім нявіннае дзіця. Хлопчык заблудзіўся ў лесе, і я з жалю яго прытуліла; ён павінен даставіць пісьмо каралеве.
Распячаталі разбойнікі ліст, прачыталі яго, а напісана ў ім было, што як толькі ён з’явіцца, яго трэба тут жа забіць. I вось адчулі жорсткія разбойнікі жаласлівасць, іх атаман разарваў ліст і напісаў замест яго новы, дзе сказана было, што як толькі ён з’явіцца, яго зараз жа трэба абвянчаць з каралеўскай дачкой. Яны пакінулі яго спакойна спаць на лаўцы да самай раніцы, а калі ён прачнуўся, далі яму ліст і паказалі дарогу.
Каралева, атрымаўшы ліст і прачытаўшы яго, зрабіла так, як было ў ім пазначана: яна загадала наладзіць пышнае вяселле, і каралеўна была павянчана са шчасліўцам. А паколькі юнак быў прыгожы і ласкавы, то жыла яна з ім радасная і задаволеная.
Праз некаторы час кароль вярнуўся ў свой замак і ўбачыў, што споўнілася прадказанне і шчаслівец павянчаны з яго дачкой.
— Як жа гэта здарылася? — спытаў ён. — Я ж у сваім пісьме даў зусім іншы ўказ.
Тады падала яму каралева ліст і сказала: няхай, маўляў, сам паглядзіць, што ў ім напісана. Прачытаў кароль ліст і адразу заўважыў, што яго падмянілі іншым. Ён спытаў у юнака, куды падзеўся даручаны яму ліст і чаму ён прынёс замест яго іншы.
— Я нічога аб гэтым не ведаю, — адказаў ён, — мабыць, яго ноччу падмянілі, калі я спаў у лесе.
I сказаў разгневаны кароль:
— Ну, гэта табе не надта лёгка пройдзе! Хто хоча атрымаць дачку маю за жонку, той павінен здабыць мне з пекла тры залатыя валасы з галавы чорта, — калі прынясеш, што я патрабую, то застанецца мая дачка тваёй жонкай.
Так думаў кароль адчапіцца ад яго раз і назаўсёды. Але шчаслівец адказаў:
— Што ж, залатыя валасы я вам здабуду, чорта я не баюся. — На тым ён развітаўся з каралём і пачаў сваю вандроўку.
I прывяла яго дарога ў адну сталіцу. Гарадскі брамнік пачаў яго выпытваць, якое ён рамяство ведае і што ўмее рабіць.
— Я ўсё ўмею рабіць, — адказаў шчаслівец.
— Тады акажы нам паслугу, — сказаў брамнік, — растлумач, чаму наш фантан на рыначным пляцы, з якога раней бруілася віно, цяпер перасох і нават вада з яго не цячэ.
— Гэта я вам растлумачу, — адказаў юнак, — пачакайце толькі, пакуль я назад вярнуся.
I ён рушыў далей і падышоў да другога горада; і зноў спытаў у яго брамнік, якое рамяство ён ведае і што ўмее рабіць.
— Я ўсё ўмею рабіць, — адказаў ён.
— Тады акажы нам паслугу і скажы, чаму дрэва ў нашым горадзе раней давала залатыя яблыкі, а цяпер на ім нават і лісцяў няма.