Брэменскія музыкі
Браты Грым
Выдавец: Юнацтва
Памер: 302с.
Мінск 1999
— Гэта я вам растлумачу, — адказаў ён, — толькі пачакайце, пакуль я назад вярнуся.
Пайшоў ён далей і прыйшоў да вялікай ракі, і трэба было яму цераз тую раку пераправіцца. Перавозчык спытаў у яго, якое рамяство ён ведае і што ўмее рабіць.
— Я ўсё ўмею рабіць, — адказаў ён.
— Тады акажы мне паслугу, — сказаў перавозчык, — растлумач мне, чаму я павінен увесь час займацца перавозам і ніхто мяне ніколі не зменіць?
— Я гэта табе растлумачу, — адказаў ён, — толькі пачакай, пакуль я назад вярнуся.
Пераправіўся ён цераз раку і адшукаў уваход у апраметную. А было там чорна-чорна і сажай усё пакрыта, а чорта на той час дома не аказалася, і толькі сядзела там яго бабуля ў шырокім, вялікім крэсле.
— Што табе патрэбна? — спытала яна ў яго, і падалася яна яму не такой ужо сярдзітай.
— Ды вось хацелася б мне здабыць тры залатыя валасы з галавы чорта, — адказаў ён, — а не — дык давядзецца мне са сваёй жонкай разлучыцца.
— Аднак жа ты багата патрабуеш, — сказала яна, — калі чорт вернецца дамоў і ўбачыць цябе тут, то давядзецца табе з жыццём сваім расквітацца. Але мне шкада цябе, я пагляджу — можа, чым і змагу табе дапамагчы. — I яна ператварыла яго ў мураша і сказала: — Залезь у складкі маёй спадніцы, там будзе табе бяспечна.
— Ды гэта ж добра, — адказаў юнак, — але я хацеў бы яшчэ атрымаць адказ на тры пытанні: чаму фантан, з якога раней струменілася віно, цяпер вычарпаўся і нават вада з яго не цячэ; чаму на дрэве, на якім раней раслі залатыя яблыкі, цяпер нават лісцяў няма; і чаму павінен перавозчык увесь час перавозіць з берага на бераг і ніхто яго ніколі не зменіць?
— Гэта пытанні цяжкія, — адказала бабка, — але ты сядзі ціха і слухай уважліва, што скажа чорт, калі я пачну вырываць у яго тры залатыя валасы.
Вось надышоў вечар, і вярнуўся чорт дамоў. Толькі зайшоў ён і, бачна, адразу ж прыкмеціў, што паветра чамусьці нячыстае.
— Чую, чую мяса чалавечае! — сказаў ён. — Тут штосьці нядобрае. — Ён зазірнуў ва ўсе куткі, пачаў шукаць і абшнарваць, але знайсці нічога не мог.
Тут пачала бабуля яго лаяць.
— Ды скрозь толькі што падмецена, — кажа, — і ўсё ў належны парадак прыведзена, а ты ўсё зноў раскідваеш, — вечна ты чуеш носам чалавечае мяса. Сядзь ты лепш ды павячэрай.
Паеў ён і папіў, — відаць, моцна стаміўся, — і схіліў галаву на калені бабулі і папрасіў вошай ў галаве ў яго пашукаць. Тут хутка ён задрамаў, засоп і захроп. Схапіла тады бабуля адзін залаты волас, вырвала яго і паклала яго каля сябе.
— Ой! — ускрыкнуў чорт. — Ты што робіш?
— Ды гэта мне дурны сон прысніўся, — адказала чортава бабуля, — вось я і схапіла цябе за валасы.
— Што ж табе такое прыснілася? — пытаецца чорт.
— Прысніўся мне фантан на рыначным пляцы, біла з яго раней віно, а цяпер перасох, і нават вада з яго не цячэ. Скажы, якая прычына таму?
— Эх, калі б ведалі яны! — адказаў чорт. — Там сядзіць жаба пад каменем, — калі яе забіць, то віно пацячэ зноўку.
Пачала чортава бабуля зноў у галаве ў чорта вошай шукаць, тут ён зноў заснуў і так захроп, што нават шыбы ў вокнах задрыжалі. I вырвала яна ў яго другі волас.
— Ух! Ды што гэта ты робіш? — ускрыкнуў разгневаны чорт.
— Ты не злуйся, — адказала яна, — гэта я спрасонку.
— А што ж табе зноў прыснілася? — пытаецца ён.
— Ды прыснілася мне, быццам расце ў адным каралеўстве яблыня, раней давала яна залатыя яблыкі, а цяпер нават лісцяў на ёй няма. Якая прычына таму?
— Эх, калі б яны ведалі! — адказаў чорт. — Яе карані мыш падтачвае; калі яе забіць, будзе зноў яна радзіць залатыя яблыкі, а будзе мыш і далей грызці карані, то і зусім яна засохне. Але пакінь ты мяне ў спакоі са сваімі снамі! Калі ты яшчэ раз перашкодзіш мне спаць, атрымаеш аплявуху.
Тут пачала бабуля ласкава яго суцяшаць і ўзялася зноў шукаць у яго ў галаве, пакуль ён не заснуў і не захроп. Тады яна схапіла трэці волас і вырвала ў яго з галавы. Тут чорт як падскочыць, як закрычыць, хацеў было ўжо з ёю расправіцца, але яна зноў яго супакоіла і сказала:
— Што з дурнымі снамі зробіш!
— Ды што ж табе прыснілася? — спытаў ён з цікаўнасцю.
— Сніўся мне перавозчык; скардзіўся ён, што павінен перавозіць з берага на бераг і ніхто ніколі яго не зменіць. Якая прычына таму?
— Эх, дурань жа ён! — адказаў чорт. — Калі хто падыдзе, каб цераз раку пераправіцца, няхай дасць ён яму ў рукі шост, — вось і павінен будзе другі стаць перавозчыкам, а ён вызваліцца.
Чортава бабуля, вырваўшы тры залатыя валасы і атрымаўшы адказ на ўсе тры пытанні, пакіну-
ла старога чорта ў спакоі, і ён праспаў да самай раніцы.
Вось чорт зноўку пайшоў, выняла тады бабуля са складак сваёй спадніцы мураша і вярнула шчасліўцу зноў яго чалавечы воблік.
— Вось табе тры залатыя валасы, — сказала яна, — а што адказаў чорт на твае тры пытанні, ты, бадай, і сам ужо чуў.
— Але, — адказаў шчаслівец, — я ўсё чуў і добра запомніў.
— Ну, вось я табе і дапамагла, — сказала яна, — a зараз ідзі сваёй дарогай.
Падзякаваў ён бабулю за дапамогу ў бядзе, выйшаў з пекла і быў задаволены, што ва ўсім яму так пашчасціла. Прыйшоў ён да перавозчыка і павінен быў даць яму абяцаны адказ.
— Спярша перавязі мяне на той бераг, — сказаў шчаслівец, — тады я табе скажу, як вызваліцца. — I калі яны пераправіліся на другі бераг, ён даў яму чортаву параду: — Калі хто падыдзе зноў да берага і папросіць яго перавезці, ты сунь яму шост у рукі.
Пайшоў ён далей і прыйшоў у горад, дзе расло бясплоднае дрэва і дзе гарадскі брамнік таксама чакаў адказу. I сказаў ён яму тое, што чуў ад чорта: «Забіце мыш, якая грызе карані дрэва, і яно зноў будзе радзіць залатыя яблыкі». Падзякаваў яму брамнік і даў як узнагароду за гэта двух наўючаных золатам аслоў, якія павінны былі ісці за ім.
Нарэшце прыйшоў ён у горад, дзе перастаў біць фантан. I ён перадаў брамніку тое, што параіў чорт: «Трэба знайсці жабу, — а яна сядзіць пад каменем у фантане, — і яе забіць, і зноў зацурчыць з фантана віно». Падзякаваў яму брамнік і даў таксама двух наўючаных золатам аслоў. .
Нарэшце шчаслівец вярнуўся дамоў да сваёй жонкі, і яна зарадавалася ад усяго сэрца, што зноў яго ўбачыла і даведалася аб тым, што ўсё добра яму ўдало-
ся. I ён прынёс каралю тое, што той ад яго патрабаваў, — тры залаты валасы з галавы чорта; і калі ўбачыў кароль чатырох аслоў, нагружаных золатам, дык быў і зусім задаволены і сказаў:
— Цяпер усе ўмовы выкананы, — няхай мая дачка застаецца тваёй жонкай. Але скажы мне, шаноўны зяцёк, адкуль у цябе столькі золата? Бо гэта ж багацце немалое!
— Ды перапраўляўся я цераз раку, — адказаў ён, — і ляжала яно, быццам пясок на беразе, я і забраў яго з сабой.
— А ці нельга мне яго здабыць? — спытаў кароль, і адолела яго вялікая сквапнасць.
— Ды колькі вам будзе заўгодна! — адказаў шчаслівец. — Ёсць на той рацэ перавозчык, вы папрасіце яго перавезці вас на другі бераг, а там ужо і наб’еце сабе поўныя мяшкі золатам.
I адправіўся прагны кароль спехам у шлях-дарогу, прыбыў да ракі і даў знак перавозчыку, каб той перавёз яго. Пад’ехаў перавозчык і прапанаваў яму сесці ў лодку, і калі пад’ехалі яны да другога берага, сунуў той яму ў рукі свой шост, а сам выскачыў з лодкі.
I з таго часу вымушаны быў кароль у пакаранне за свае грахі зрабіцца перавозчыкам.
— Што ж, перавозіць ён яшчэ і дагэтуль?
— А то як жа! Бо ніхто шаста з рук у яго не возьме.
ХРАБРЫ КРАВЕЦ
Аднойчы, летнім ранкам, сядзеў кравец ля акна, прымасціўшыся на стале, дзе звычайна шыў; было яму добра і весела, а таму шыў ён хутка. А ў гэты час якраз ішла вуліцай сялянка і гучна гукала: «Цудоўнае варэнне прадаю! Цудоўнае варэнне прадаю!» Краўцу спадабаліся такія словы і ён,
28
выцягнуўшы тонкую шыю, крыкнуў жанчыне з акна:
— Заходзь сюды, галубка, наверх, тут свой тавар хутка збудзеш!
Жанчына з цяжкім кошыкам узнялася да краўца на трэці паверх, а тады пачала выстаўляць перад ім ды развязваць слоікі. Кравец агледзеў іх, патрымаў у руках кожны, прыкінуў, панюхаў, пацмокаў, ды нарэшце кажа:
— Варэнне і сапраўды добрае. To адваж мне, галубка, чатыры лоты, a то, мабыць, і ўсе чатыры фунты забяру.
Жанчына, якая з самага пачатку спадзявалася збыць тут багата свайго тавару, прадала краўцу столькі, колькі ён папрасіў, і пайшла, незадаволена нешта мармычучы.
— Ну, дзякаваць Богу за такое варэнне, — сказаў кравец, — і няхай ён пашле мне бадзёрасці ды сілы! — 3 такімі словамі выняў ён з шафкі хлеб, адкроіў ладную лусту, густа намазаў яе варэннем.
— Вядома ж, будзе смачна, — сказаў кравец, — аднак, мабыць, перш дашыю куртку, а тады ўжо як след падмацуюся.
Ён паклаў лусту каля сябе ды зноў прыняўся за працу. Ад радасці пачаў шыць вялікімі шыўкамі. Пах духмянага варэння тым часам вітаў па ўсім пакоі, і процьма мух, якая дасюль драмала на сцяне, адразу ажыла, адчуўшы смачную слодыч ды гулкім роем завілася над хлебам.
— Гэй, вы, я вас не клікаў сюды! — абурыўся кравец і пачаў адганяць нязваных гасцей.
Але мухі не ведалі нямецкай мовы, таму не слухаліся, наадварот, іх яшчэ болып паналятала. Тут, як кажуць, у краўца цярпенне лопнула, ён моцна раззлаваўся, замітусіўся, схапіў суконку ды з крыкам: «Вось я зараз вам пакажу!» — з усяе сілы хлопнуў па мухах. Узняў ён суконку, глянуў на стол, палічыў —
перад ім ляжала, павыцягваўшы ногі, не менш сямі забітых насякомых. «Вось які я малайчына! — сказаў ён ды сам падзівіўся з уласнай храбрасці. — Трэба, каб пра гэта ўвесь горад даведаўся».
Тут кравец хуценька выкраіў пояс, абмятаў яго і вышыў на ім вялікімі літарамі: «Паклаў семярых адным махам». «Ды што горад, — памеркаваў ён далей, — увесь свет павінен пра тое даведацца!» — і сэрца краўцова, як той баранні хвосцік, затрапяталася ад непамернай радасці.
Падперазаўся кравец поясам і сабраўся выправіцца ў белы свет, палічыўшы, што кравецкая майстэрня занадта цесная для яго храбрасці. Але перш чым выправіцца ў шлях-пуцявіну, ён пачаў шукаць па ўсім доме, ці няма чаго такога, што можна было б з сабой прыхапіць, але нічога не знайшоў, акрамя кавалка старога сыру, і ўзяў яго з сабой. Ля брамкі ён прыкмеціў птушку, якая ніяк не магла выбавіцца з густога голля; ён злавіў яе і разам з сырам сунуў у кішэнь. А тады ўжо рушыў у дарогу. Быў ён хуткі і жвавы і стомы не адчуваў. Шлях неўзабаве прывёў яго да гары, і калі ён узабраўся на вяршыню, то ўбачыў там вялізнага велікана, які сядзеў ды спакойна пазіраў вакол сябе. Кравец рашуча наблізіўся да яго і гукнуў: