Брэменскія музыкі
Браты Грым
Выдавец: Юнацтва
Памер: 302с.
Мінск 1999
— Вазьмі гэты бот — у ім падэшва дзіравая, занясі яго на гарышча і павесь на вялікі цвік, і налі ў бот вады. Калі вада з яго не прасочыцца, дык прыйдзецца мне другі раз жаніцца, а працячэ — дык не буду жаніцца.
Дзяўчына зрабіла тое, што сказалі ёй; але ад вады дзірка ў боце зацягнулася, і бот утрымаў па самы верх ваду. Расказала дачка пра гэта свайму бацьку. Вось ён падаўся на гарышча і ўбачыў, што тая гаворыць праўду; пайшоў да ўдавы і жаніўся з ёю, — тут яны і вяселле згулялі.
Назаўтра падняліся абедзве дзяўчаты, бачаць: стаіць перад бацькавай дачкою малако для мыцця і віно для піцця, а перад жончынай дачкою — вада, каб памыцца, ды вада, каб папіць. Новай раніцай бачаць: стаіць вада мыцца і піць і перад гаспадаровай дачкою, і перад гаспадынінай. А яшчэ праз дзень і ноч убачылі: стаіць вада спаласнуцца ды вада прамачыць у роце перад бацькавай дачкою, а малако для мыцця ды віно для піцця перад жончынай дачкою; гэтак пайшло-павялося яно і далей.
Неўзлюбіла мачыха падчарку і не ведала, што б такое прыдумаць, каб было ёй з дня ў дзень усё горш і горш. А была яна да ўсяго вельмі зайздросная: падчарка была і мілая, і прыгожая, а яе родная дачка пачварная і прыкрая.
Аднойчы зімою, калі надышлі лютыя маразы і ўсё навокал замерзла, горы і даліны засыпала снегам, пашыла мачыха папяровую сукенку, паклікала дзяўчыну і кажа:
— Начапі гэтую сукенку, ідзі ў лес ды прынясі мне поўную лубку суніц: мне хочацца ягадамі пачаставацца.
— Божа, ды зімою суніцы не растуць, — усклікнула дзяўчына, — зямля ж глыбока замерзлая і снегам накрытая. I як пайду ў папяровай сукенцы? На дварэ так холадна, што дых займае, вецер прадзьме мяне наскрозь, а калючы цярноўнік парве мне адзенне.
— Ты што гэта? Ідзеш мне насуперак? — запытала мачыха. — Ідзі борздзенька і не думай нават мне на вочы паказвацца, пакуль не назбіраеш поўную лубку суніц.
Яна дала ёй кавалак сухога хлеба і дадала:
— Гэта табе хопіць на цэлы дзень, — а сама падумала: «На дварэ ты змерзнеш і з голаду загібееш, і ніколі дадому не вернешся ».
Дзяўчына паслухала, ускінула на сябе папяровую сукенку і выйшла з дому з лубкай. А навокал снег ды снег, белыя прасторы і далечыні, і нідзе ніякага зялёнага сцябла не бачна.
Прыйшла яна ў лес, заўважае: стаіць маленькая хатка; і пазіраюць з яе тры невялікія лесавікі. Павіталася яна з імі і нясмела ў дзверы пастукала. Яны крыкнулі: «Заходзь!» — і яна ўвайшла ў пакой і села на лаўку каля печы, — ёй захацелася пагрэцца і з’есці свой кавалак хлеба. А маленькія чалавечкі і гавораць:
— Дай і нам крыху.
— Добра, — адказала яна і разламала свой кавалак хлеба напалам і адну палавіну аддала ім. А потым яны пытаюць:
— Чаму ты ў такой тоненькай сукеначцы зімою ў лесе?
— Ax, — уздыхнула дзяўчына, — я павінна набраць поўную лубку суніц, а без іх мне дадому вяртацца няможна.
Калі яна з’ела свой кавалачак хлеба, яны далі ёй памяло і сказалі:
— Цяпер змяці снег за хатнімі чорнымі дзвярыма.
Яна выйшла, а маленькія чалавечкі пачалі паміж сабою раіцца: «Што нам ёй такое даць за яе дабрыню і стараннасць ды за тое, што з намі хлебам сваім падзялілася».
I сказаў першы з іх:
— Я ўзнагароджу яе тым, што будзе яна з кожным днём усё прыгажэць і прыгажэць.
Другі прамовіў:
— А я ўзнагароджу яе тым, што будуць з яе рота, толькі скажа яна слова, выпадаць чырвонцы.
Дадаў трэці:
— А я ўзнагароджу яе тым, што заявіцца кароль і возьме яе замуж.
Зрабіла дзяўчына тое, што сказалі ёй маленькія лесавікі, змяла памялом снег каля хаткі. I як вы думаеце, што ж яна ўбачыла? Спелыя суніцы! Яны прабіліся цёмна-чырвонымі ягадкамі з-пад снегу. I набрала радасная дзяўчына поўную лубку; падзякавала маленькім лесавікам, развіталася з кожным з іх за руку і пабегла дахаты, жадаючы прынесці мачысе тое, што тая ёй загадала.
Вярнулася яна дадому і толькі прамовіла «добры вечар», як тут жа выпаў з яе рота чырвонец. Пасля яна расказала, што здарылася з ёй у лесе, і пры кожным слове падалі з яе рота чырвонцы, так што хутка ўвесь пакой быў завалены імі.
— Паглядзіце вы на гэтую фанабэрыю! — ускіпела яе зводная сястра, — проста пад ногі кідае грошы. — Але ўпотай яна ёй пазайздросціла, і зажадалася ёй таксама пайсці ў лес па суніцы.
70 A*
79
Маці пачала яе адгаворваць:
— He, мілая дачушка, на дварэ надта холадна, ты можаш змерзнуць. — Але тая ўсё яе прасіла-маліла, і маці нарэшце згадзілася, пашыла ёй шыкоўную скураную, з густой шэрсцю футрачку і дала ёй у дарогу хлеб з маслам і булачкі.
Накіравалася дзяўчына ў лес і пайшла напрасткі да той маленькай хацінкі. Тры маленькія чалавечкі, як і тады, вызірнулі з акенца, але яна з імі не павіталася і, не зважаючы на іх і не прамовіўшы ім ні слова, уварвалася ў пакой, села каля грубкі і пачала ўплятаць хлеб з маслам ды піражкі.
— Дай і нам крыху, — усклікнулі маленькія чалавечкі.
Але яна ад іх адмахнулася:
— Мне і самой не хопіць, дык чаму мне яшчэ з вамі дзяліцца?
Калі дзяўчына наелася, яны сказалі:
— Вось табе памяло, змяці чыста перад чорнымі дзвярыма.
— Э, ды мяціце вы самі! — адказала яна. — Я вам не пакаёўка. — А калі яна адчула, што яны даваць ёй нічога нават не думаюць, яна пайшла ад іх.
I пачалі раіцца паміж сабой тры маленькія лесавікі: «Што нам ёй такое даць за яе халоднае і злое сэрца, што не хоча нікому рабіць дабрыню?»
Першы сказаў:
— Я ўзнагароджу яе тым, што будзе яна з кожным днём усё больш пачварная.
Другі прамовіў:
— Я ўзнагароджу яе тым, што пры кожным слове, што яна вымавіць, будзе з яе рота выскокваць лягушка.
А трэці дадаў:
— А я ўзнагароджу яе тым, што яна памрэ цяжкою смерцю.
Пачала дзяўчына шукаць суніцы, але не знайшла ні адной ягадзінкі і вярнулася са злосці дахаты. Толькі яна паспрабавала расказаць маці, што здарылася з ёй у лесе, як пачало выскокваць з яе рота пры кожным слове па лягушцы, і ўсе адчулі да яе агіду.
Яшчэ больш неўзлюбіла мачыха сваю падчарыцу і пачала прыдумваць, як бы ёй дапячы, а падчарыца станавілася з кожным днём усё прыгажэйшая і прыгажэйшая.
Нарэшце прынесла мачыха кацёл, прыладкавала яго на агонь і пачала кіпяціць у вадзе пражу. Калі тая праварылася, узваліла яна пражу на плечы беднай дзяўчыне, дала ёй у рукі сякеру і загадала ісці на рэчку, каб высекчы там палонку і добра прапаласкаць пражу.
Дзяўчына паслухала, пайшла і высекла ў лёдзе палонку. Але калі яна секла лёд, пад’ехала шыкоўная карэта, і сядзеў у ёй кароль. Карэта запынілася, і кароль запытаў:
— Дзіця маё, ты хто такая і што ты тут робіш?
— Я бедная дзяўчына, мыю пражу.
Кароль яе пашкадаваў і, бачачы, што яна вельмі прыгожая, сказаў:
— Хочаш, паедзем разам са мной?
— Ах, з вялікай ахвотаю! — адказала яна, узрадаваўшыся, што ёй не трэба будзе вяртацца да мачыхі і яе дачкі.
I села яна ў карэту, і паехала разам з каралём. Прыехалі яны ў замак і адгулялі там пышнае вяселле, і была гэта ёй узнагарода ад маленькіх лясных чалавечкаў.
Праз год нарадзіла маладая каралева сына; і калі мачыха дачулася пра такое вялікае шчасце, дык прыйшла са сваёю дачкой у замак, быццам жадаючы пабачыцца з ёю. Але якраз у тую часіну кароль кудысьці адлучыўся і пры ёй не было нікога; тады схапі-
ла злая жанчына каралеву за валасы, а дачка ўзяла яе за ногі, яны паднялі яе з пасцелі і выкінулі праз акно ў раку, што цякла каля самага замка. Пасля мачыха паклала ў пасцель сваю брыдкую дачку і накрыла яе ўсю коўдрай.
Вярнуўся кароль, і захацелася яму пагаварыць з жонкай, але старая закрычала:
— Цішэй, цішэй, цяпер няможна, яна ляжыць вельмі стомленая, няхай адпачне.
Кароль, не прадчуваючы нічога благога, прыйшоў толькі назаўтра, і калі ён загаварыў з жонкаю, дык пры кожным слове з яе рота выскоквала лягушка, a раней, як усе ведалі, выпадаў чырвонец. Тады кароль запытаў, што гэта значыць, і старая патлумачыла, што гэта ў яе, маўляў, ад вялікага поту і што гэта хутка мінецца.
А ўночы ўбачыў маладзенькі кухар, як падплыла па вадасцёкавай канаўцы нейкая качка і запытала:
— Кароль, як ты жыў?
Гуляеш альбо спачыў?
Але калі ён ёй нічога не адказаў, качка зноў падала голас:
— А як мае госці, сядзяць?
Адказаў ёй маладзенькі кухар:
— He, яны моцна спяць.
Пачала яна тады дапытвацца:
— А як родненькі сыночак?
I адказаў ён:
— Ен спіць сабе ў зыбцы усю ночку.
I паўстала тады з качкі каралева, і пайшла ў замак, пакарміла дзіця, пакалыхала яго ў зыбцы,
накрыла і зноў паплыла па канаве. Так заяўлялася яна запар дзве ночы, а на трэцюю сказала маладзенькаму кухару:
— Ідзі і скажы каралю, каб ён узяў свой меч і тройчы ўзмахнуў ім нада мной на парозе.
Пабег той і расказаў пра гэта каралю. Прыйшоў кароль і тройчы ўзмахнуў мячом над зданню; і толькі ўзмахнуў трэці раз, раптам бачыць: стаіць перад ім ягоная жонка, жывая, здаровая і цэлая, як была раней.
I меў кароль вялікую радасць, але пратрымаў каралеву ў патайным пакоі да нядзелі, калі павінны былі хрысціць дзіця. А калі яго ахрысцілі, кароль запытаў у старой:
— Што трэба зрабіць з чалавекам, які сцягвае кагосьці з пасцелі і кідае яго ў ваду?
— Толькі так, — адказала тая, — пасадзіць такога нягодніка ў бочку, прабітую цвікамі, і піхнуць яе з гары ў раку.
I сказаў кароль:
— Ты сама сабе зрабіла прысуд.
I ён загадаў прынесці бочку з цвікамі, і ўвапхнуць у яе старую з дачкой. Зачынілі бочку наглуха векам і піхнулі з гары, і пакацілася яна проста ў раку.
ГАРШЧОК КАШЫ
Жыла-была адна дзяўчынка.
Пайшла яна ў лес па ягады і сустрэла там бабульку.
— Дзень добры, дзяўчынка, — сказала ёй бабулька, — дай мне ягад, калі ласка.
— На, бабулька, — гаворыць дзяўчынка.
Паела бабулька ягад і сказала:
— Ты мне ягад дала, а я табе таксама нештачка падару. Вось табе гаршчочак. Варта толькі сказаць:
— Раз, два, тры, Гаршчочак, вары! —
і ён пачне варыць смачную, салодкую кашу. А скажаш яму:
— Раз, два, тры, Больш не вары! —
і ён перастане варыць.
— Дзякуй, бабулька, — сказала дзяўчынка, узяла гаршчочак і пайшла дамоў да маці.
Абрадавалася маці гэтаму гаршчочку. Ды і як не радавацца? Без працы і клопату заўсёды на абед смачная, салодкая каша будзе.
Вось аднойчы пайшла дзяўчынка з дому, а маці паставіла гаршчочак перад сабой і гаворыць:
— Раз, два, тры, Гаршчочак, вары!
Ён і пачаў варыць. Шмат кашы наварыў. Маці паела ўволю. А гаршчочак усё варыць і варыць кашу. Як яго спыніць?