• Часопісы
  • Чарадзейны калейдаскоп  Галіна Пшонік

    Чарадзейны калейдаскоп

    Галіна Пшонік

    Выдавец: Звязда
    Памер: 104с.
    Мінск 2014
    28.97 МБ
    — Гэта ў вас вокны ніколі не адчыняюцца і заўсёды завешаныя цёмнымі шторамі? — у сваю чаргу спытала Крысціна.
    — У мяне, вядома. He хапала яшчэ, каб чужыя людзі зазіралі ў маю кватэру, — як пра штосьці само сабой зразумелае сказала Варвара Хведараўна і без паўзы прадоўжыла: — Янка так і не пусціў учора вас з Юлькай пакатацца на арэлях?
    — He пусціў, — прыгадала Крысціна.
    — Эгаіст і агрэсар, — прыпячатала Варвара Хведараўна. — Іншым разам і ўвогуле паб'е. Зрэшты, Юлька таксама добрая цаца. Памятаеш, як у яе
    марожанае ўпала на тваю новую блакітную сукенку? Ты думала, выпадкова?
    — Ага, думала, выпадкова, — уздыхнула Крысціна.
    — Запэўніваю цябе, яна зрабіла гэта спецыялына! Ад зайздрасці і злосці. Пачакай, яна і яшчэ нашкодзіць табе. Як, дарэчы, і Андрэйка, якому ты па прастадушнасці паабяцала даць прачытаць свае любімыя «Казкі». Ты што, не бачыла, як ён заўчора зламаў свой самакат?
    — Бачыла, вядома.
    — Ну вось, і твае «Казкі» гэтаксама разарве, не сумнявайся, — пераканана абвясціла Варвара Хведараўна і з нейкай змрочнай урачыстасцю падсумавала: — Увогуле, самае вялікае глупства на свеце — гэта давяраць людзям!
    Захінуўшы яшчэ шчыльней цёмна-шэры плашч, цвёрдай хадой яна пакрочыла да пад'езда.
    Крысціна засталася ў поўнай разгубленасці. Усе выпадкі, што прыгадала Варвара Хведараўна, здарыліся насамрэч. Можа, яна, Крысціна, сапраўды, не ведала сваіх сяброў... Сяброў? Раптам дзяўчынцы неяк расхацелася чакаць іх, і яна вырашыла вярнуцца дамоў.
    — Ужо нагулялася? — здзівілася мама.
    — Надакучыла гуляць, — ціха адказала Крысціна.
    — Э, даражэнькая, давай памераем тэмпературу, — устрывожылася мама. Але пераканаўшыся,
    што тэмпература ў дачкі нармальная, прапанавала: — Хочаш са мной у магазін?
    — He, я лепш дома пасяджу, — адмовілася Крысціна.
    — Ну, пасядзі, — сказала мама і зачыніла за сабой дзверы.
    Дзяўчынка падышла да акна. Двор ужо быў поўны дзятвы, але гульні, якія заўсёды падаваліся ёй такімі захапляльнымі, зараз падаліся сумнымі і непатрэбнымі. Крысціна адышла ад акна і ўключыла тэлевізар.
    — Ой, што гэта з ім?! — гучна спытала яна немаведама ў каго, бо акрамя самой Крысціны ў кватэры нікога не было.
    Выява на іх нядаўна купленым вялізным каляровым тэлевізары была абсалютна шэрай, ну, дакладней, чорна-белай. Дзяўчынка хутка пераключыла праграму: і зноў гэты нудлівы шэры колер. Тое ж самае паўтарылася на шматлікіх іншых праграмах. «Вось тата раззлуецца!» — сумна падумала Крысціна. Сумнення не заставалася: яна сапсавала іх новы тэлевізар, якому так радаваўся і якім так ганарыўся тата.
    Зусім без настрою Крысціна перайшла ў свой пакой і разгарнула любімыя «Казкі», якія, на шчасце, не паспела даць гэтаму хітруну Андрэйку і — дзякуй Варвары Хведараўне — ужо, вядома, не дасць.
    — А «Казкі» хто ж сапсаваў? — зноў уголас усклікнула Крысціна.
    Усе яркія, прыгожыя ілюстрацыі сталі чамусьці спрэс шэрымі, ну, дакладней, чорна-белымі. Аднак падрабязна абдумаць гэтую навіну дзяўчынка не паспела — з магазіна вярнулася мама, і трэба было паведаміць ёй пра больш важнае здарэнне.
    — Мамачка, я, здаецца, сапсавала наш новы тэлевізар! — выбегла ў вітальню ўсхваляваная Крысціна.
    — Вось тата засмуціцца, — з сумам вымавіла мама і, хутка распрануўшыся, нават не аднёсшы сумкі на кухню, прайшла ў залу і націснула кнопку на пульце.
    На экране з'явілася рыжавалосая спявачка ў зялёнай сукенцы з жоўтай ружай. Мама пераключыла на іншую праграму. На фоне бездакорна сіняга афрыканскага неба аранжавы леў драпежна гнаўся за карычневай антылопай.
    — I што тут сапсавана? — недаўменна спытала мама.
    Крысціна разгублена пазірала на экран, але настрой яе адразу палепшыўся.
    — Напэўна, мне падалося, — радасна сказала яна.
    -Я ж кажу — ты надта шмат глядзіш тэлевізар, так і вочы нядоўга сапсаваць. Хадзем лепш пячы піражкі з парэчкавым варэннем, што бабуля зварыла.
    Цеста мама замясіла шмат, і піражкі яны ляпілі даволі доўга. Так што за стол абедзве селі з вялікім апетытам.
    — Дзіўна, чаму гэта адны піражкі так добра падрумяніліся, а другія сталі нейкімі шэрымі? — pan-
    там заўважыла мама, перакладаючы плён іх працы з эмаліраванага тазіка на фарфоравае блюда.
    Зрэшты, з'еўшы па некалькі штук, абедзве прыйшлі да высновы, што пачастунак атрымаўся ў іх на славу. Восьтолькі... ізнутры ўадных піражкоў начынка была ярка-чырвоная, а ў другіх — цёмнашэрая.
    — Штоў нассапсавалася, дык, пэўна, духоўка — зусім няроўна стала пячы. Трэба выклікаць майстра, — заключыла мама.
    Разамлелыя ад смачнай вячэры, яны вырашылі нічога больш сёння не рабіць і разышліся па сваіх пакоях.
    Наступленне шэрага
    У панядзелак мама з Крысцінай, як звычайна, разам выйшлі з кватэры — мама на працу, Крысціна ў школу. Спусціўшыся на ліфце, яны сустрэлі суседа з верхняга паверха, і ён, адчыніўшы дзверы, ветліва прапусціў дам наперад. Але не паспела мама сказаць: «Дзякуй», як Крысціна пахмурна працадзіла скрозь зубы:
    — Мы вас не прасілі.
    I пагразіла ўслед збянтэжанаму суседу кулаком.
    — Навошта ты так, Крысціна?! — абурылася мама.
    — Я хацела сама адчыніць дзверы. I ўвогуле, давяраць людзям — самае вялікае глупства на свеце.
    — Якая лухта! — здзіўлена выгукнула мама, але, не паспеўшы растлумачыць, чаму, пабегла да аўтобуса.
    А Крысціну дагнаў Пятрок:
    — Давай рукзак паднясу.
    Пятрок вучыўся ў паралельным класе і жыў з Крысцінай у адным двары. Калі яны раніцай сустракаліся па дарозе ў школу, хлопчык ахвотна перавешваў на сваё плячо цяжкаваты для дзяўчынкі рукзак.
    — He трэба мне ніякіх памагатых! — рэзка адмяла на гэты раз прапанову Крысціна. «Будзе яшчэ лічыць мяне слабасільнай і выхваляцца сваімі мускуламі», — падазрона падумала яна.
    — Ну, якхочаш... — сумеўся ад нечаканасці Пятрок.
    У клас Крысціна ўвайшла за паўхвіліны да пачатку ўрока. Таму нават не паспела перамовіцца з суседкай па парце Аленкай, якая прахварэла ўвесь папярэдні тыдзень.
    — А да нас бабуля з вёскі прыехала, — паведаміла на перапынку сваю галоўную навіну Аленка і працягнула Крысціне вялікі румяны яблык.
    — Я не хачу, — адмовілася Крысціна.
    — Чаму? — здзівілася Аленка.
    — He хачу і ўсё, — буркнула Крысціна, а пра сябе падумала: «Дасць яблык, а потым абавязкова папросіць што-небудзь больш каштоўнае».
    Аленка пакрыўджана адправілася на калідор, а Крысціна засталася сядзець за партай. Толькі на вялікім перапынку яна выйшла з класа — папрасіла настаўніца, растлумачыўшы, што трэба праветрыць памяшканне.
    Апошнім урокам было Крысцініна любімае маляванне.
    — Тэма сённяшніх заняткаў — «Фарбы восені», — абвясціла настаўніца.
    Фарбы восені! Якраз нядаўна Крысціна разам з бацькамі хадзіла ў Батанічны сад і выдатна памятала чырвоныя клёны, жоўтыя ліпы, зялёныя хвоі, аранжавыя гронкі рабін, барвовыя ягады баярышніку. Яна з натхненнем адчыніла скрынку з гуашшу. Але... і чырвоная, і жоўтая, і зялёная, і аранжавая фарбы, якімі яны былі ў пластмасавых бляшанках, на паперы, куды пераносіла іх пэндзлікам Крысціна, рабіліся маркотна-шэрымі.
    — Крысціна! Ды няўжо ты бачыш восень толькі ў шэрым колеры?! — пачула дзяўчынка над сабой голас настаўніцы малявання.
    Замест адказу Крысціна расплакалася.
    — Ну добра, добра, будзем лічыць, што ты намалявала вельмі дажджлівы дзень, — паспрабавала супакоіць дзяўчынку настаўніца.
    Дома Крысціна ледзь дачакалася маму — так няўтульна і сумна было ёй сёння адной у кватэры.
    — Крысціначка, што гэта ты такая невясёлая? — адразу адчула настрой дачкі мама. — Паглядзі вось, якую прыгожую маечку я табе купіла. Ідзі памерай.
    Маечка, сапраўды, была вельмі прыгожая: ярка-сіняя, з трыма вышытымі забаўнымі катамі — белым, жоўтым і чырвоным. Крысціна накіравалася да люстэрка. Мама — за ёй.
    — Ой, што гэта з майкай? Пэўна, нейкая нядобрая трапілася, з няўстойлівай афарбоўкай, — мама праз Крысцініна плячо таксама глядзела ў люстэрка і бачыла там дачку ў сумнай цёмна-шэрай майцы. — Здымай хуценька, пайду мяняць, добра яшчэ, што недалёка — у наш універсам.
    Менш чым праз паўгадзіны мама вярнулася з новай майкай. I таксама вельмі прыгожай, але чырвонай — з белым, жоўтым і сінім катамі. Крысціна апранула новую майку — і зноў гэты непрыемны, незразумелы шэры колер.
    — Відаць, бракаваная ўся партыя, — абурана падсумавала мама. — Але сёння ўжо мяняць не пайду. Заўтра ўвогуле здам гэтую майку. Хадзем вячэраць.
    Перад сном мама зайшла пацалаваць Крысціну.
    — Крысціна-а-а! — літаральна ўскрыкнула яна. — Ты бачыла, што зрабілася з тваёй пасцельнай бялізнай?!
    Навалачка, падкоўдранік, прасціна, яшчэ нядаўна пяшчотна-ружовыя, з фіялетавымі матыль-камі, цяпер былі абсалютна шэрымі.
    — Хутчэй уставай! — усхвалявана загадала мама. — Піражкі, майкі, пасцельная бялізна, а яшчэ, ты ўчора казала, і тэлевізар... Пэўна, у нашу кватэру трапіла нешта небяспечнае, магчыма, нейкія таямнічыя шкодныя промні. Як я раней не здагадалася?! Шкада, што тата ў камандзіроўцы. Трэба тэрмінова тэлефанаваць у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях!
    Супрацоўнікі міністэрства з'явіліся вельмі аператыўна і з мноствам розных разумных прыбораў. Некалькі гадзін запар з дапамогай гэтых прыбораў яны рабілі замеры і бралі пробы ва ўсіх памяшканнях, прасвечвалі ўсе закуткі. У рэшце рэшт адрапартавалі гаспадыні кватэры:
    — Ніякіх шкодных промняў, рэчываў, хваляў і ўвогуле ўплываў не выяўлена. Можаце жыць спакойна.
    — Як — спакойна?! — не зразумела мама. — А шэры колер?
    — А шэры колер не па нашай частцы, — паведамілі супрацоўнікі і ветліва развіталіся.
    I тут Крысціна вырашыла расказаць маме пра «Фарбы восені».
    — Значыць, ты бачыла, як рэчы становяцца шэрымі не толькі ў нашай кватэры? I менавіта тады, калі да іх дакранаешся ты? Крысціначка!
    Гэта ж, пэўна, нейкае захворванне. Заўтра ж ідзём да Знакамітага Прафесара!
    Яшчэ адно знаёмства
    Знакаміты Прафесар паслухаў Крысціну трубкай, пастукаўмалаточкам, памацаўжывот, памераў ціск, а потым накіраваў на рэнтген, кардыяграму і аналіз крыві. Ніякіхадхіленняўад нормы выяўлена не было.
    — Дзяўчынка практычна здаровая, — азадачана паведаміў Знакаміты Прафесар Крысцінінай маме.
    — А шэры колер? — не супакоіўшыся, спытала яна.
    — Выпадак, невядомы навуцы, — прызнаўся Знакаміты Прафесар. — Будзем назіраць. А пакуль няхай дзяўчынка пап'е вітаміны.